• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

    Каханы горад

    Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

    Выдавец: Беларускі кнігазбор
    Памер: 372с.
    Мінск 2006
    99.79 МБ
    — I я, гэр Арэмчык, дзякую вам ад усяго сэрца... У мяне, гаспадара, ёсьць іншыя клопаты: як уехаць майму возьніку Ахрэму на занадворак Самапомачы? Там ён будзе чакаць нас.
    — О, вы нават на файтоне?
    •— Але... — і палкоўнік падкусіў вусну над верхняй шарэнгай зубоў, падціснуў падбародач да горла.
    — Чакайце, я зараз надзену кашулю... Ключы ад брамы ў мяне. Сяньня пасьля пасяджэньня забраў іх у гэтага Зорыча. Каб на яго рэдзька — такі несымпатычны ахлапень зь ямкамі на барадзе й на шчоках... нацыянальна-ідэйным называе сябе. Проста дакука, а не ідэя! Хутчэй куль саломы з гнілой страхі, чымсьці ідэалягіст!.. Ах, майн гэран, ня шмат часу маем, атрэба было б пагутарыць з вамі — кепскія ўражаньні ў мяне ад
    менскіх пішчалікаў... А вось мае жанкі недзе запаўзьлі ў спальню й не вылазяць стуль. Прабачце, гэран!
    — А як, пане Арэмчыку, з ключамі? — парупіўся палкоўнік напамінам.
    — Я зараз — брама не за гарамі...
    Неўзабаве з наступнага пакою пачулася Арэмчыкава лаянка.
    — Спадзейся на вас, шэдых! Чаго прыціхлі, чумлівыя цыпачкі? Чаго? Заўтра адну й другую на вуліцу, дый хадзеце там!
    — Чуеш, палкоўнічак? Ты ж вайсковы чалавек, — падышла бліжэй і шапнула яму Алена.
    — А мне здаецца, ты шкадуеш мяне, калі дапікаеш.
    — Ганя, калі чула гэтакае слова, наш палкоўнічак — стратэг.
    — Адчапіся, сястра!..
    Ганя не даказала надуманага. Яна была гатовая таксама сварыцца з Аленай. 3 пакою вяртаўся Арэмчык.
    — Ведаеце, гэран, часам ваюю з дачкой і служанкай... Яшчэ не распакавалі дарожных клумкаў... Але будзе добра й гэтая кашуля,— улагодзіўся Арэмчык і спыніўся перад люстэркам. -— Каб на іх пранцы напалі — іржавае люстэрка паставілі й думаюць — добра зрабілі!.. Паганцы тут, а ня людзі.
    За хвілінаў пятнаццаць перад пачаткам баляваньня па Арэмчыка прыслалі легкавую машыну, забралі яго і, па ягонай просьбе, «сям’ю» палкоўніка Сконтаўта.
    — А мае дык адмовіліся ехаць... He апошні баль гуляем! Ключ ад брамы пакінуў дачцэ — адвязе вашага возьніка.
    Пры ўваходзе ў публічную бібліятэку ў гасьцей забіралі запрашальныя карткі, надрукаваныя машынапісяй на гільзавай паперы, і давалі нумарок пакою і стала. На стале для кожнага госьця стаяла прырыхтаваная закуска зь дзьвюх скібак хлеба з прамежкам люмбэрскага сыру, сярэдняе вялікасьці бульбіна і памазаная слуцкім журавінным мармэлядам раскроеная булачка. Стоцьма паміж двух нумароў-месцаў высілася «сотачка» гарэлкі з савецкай маркай, захопленая ў менскіх кладоўнях.
    У дзьвярох кожнага пакоя стаяла дзяўчына, забірала нумаркі й паказвала прызначанае месца. Усё было падрыхтавана ў нямецкі «рыхтык». У некаторых пакоях было гаворліва, але крыху ў куток, дзе знаходзіўся велікаваты пакой, было шумліва. Там жмудзіны, латышы й немцы, бадай усе маладыя і здаровыя, у нямецкай уніформе, выпівалі сваю долю; закусваў ня кожны, выходзілі й гурміліся на калідоры — чакалі сыгналу да танцаў.
    Палкоўнік із сваёй «сям’ёй» таксама заняў месца, і калі прапанавалі наліць чаркі й выпіць за здароўе Гітлера й за будучую апеку нямецкага народу над эўрапейскімі народамі, Алена дазволіла яму зрабіць падрыхтоўчае — наліць у чаркі й абмачыць вусны, але выпіць не дазволіла.
    — Паспрабуй выпіць — і я дадому ня еду з табой, чуеш?
    — Добра, Алюся... Толькі сама не забывайся на абяцанае.
    — Я не забылася... А дзе ж твой гэр Арэмчык? Уцёк?.. Ах ты, мой палкоўнічак.
    Госьці несуладліва, перамешліва адклікнуліся на здароўе. Алена ў той час нахілілася да палкоўніка, пацалавала яго ў шчаку. Палкоўнік даторкнуўся вуснамі скрайка чаркі — ня выпіў. Аленіна пяшчотнасьць, падараваная яму на вачах незнаёмых людзей, шарахнулася праніклівай чуткасьцяй, ён зіхатнуў валогім позіркам на супроцьных за сталом гасьцей, паставіў чарку, далікатна крутануўшы яе пальцамі. Палкоўнік ня выдаў сябе — выцягнуў з кішэні хусьцінку — адмачыў вусны.
    — Нешта, як з выцеклага вока, пацякло зь цябе?
    — Алюся, не рабі зь мяне стрэльні — людзі тут... пашкадуй, — ледзь чутна адказаў ён.
    — Нічога, палкоўнічак, можа, і я навучуся кахаць вас...
    — Чаму вас?.. Але цішэй, Алюся, — ня будзем пра гэта.
    — Яны ўсе заклапочаныя сваім — не пачуюць... А ты цяпер выпі. Давай разам, за нас, згодзен?.. А можа, за Арэмчыка, — крыкнем?
    «Не рабі дурня зь мяне, — падумаў палкоўнік. — Абаб’есься... выцерплю дрызготку». I ў голас: — Чаго замоўкла, Ганя? Вып’ем, дружа.
    — Безь мяне? Я ж першай прапанавала, а раптам вы да Гані... Давайце дзінькнем! Куды мне бяз вас? Прыярым дзяньніцу ў будынку.
    — I насапраўды: куды безь цябе, — падтрымаў шчыра палкоўнік.
    — Палкоўнічак, навошта скрыгацець, як камяні на млыне, іх можна падмачыць крыху — хай ціха будзе? Вып’ем за нас.
    I яны трое выпілі.
    Алена сваволіла.
    — Нешта Ганюся надзьмулася на нас, ня гутарыць, закахалася, напэўна, — абсушваючы вусны хусьцінкай, прагаманіла Алена. Але Ганя надалей маўчала й назірала за гасьцямі.
    Пасьля чаркі гарэлкі паміж некаторымі завязалася гутарка, знаёмства, паміж знаёмымі раней пачуліся тосты пажаданьняў.
    Панавала настройная шчырасьць. Сям’я Сконтаўта не барзьдзіла знаёміцца з суседзямі па стале.
    — Я вып’ю яшчэ, дазволь, Алюся. Ужо даўно, даўно было сьвята з гарэлкай.
    — Я, палкоўнічак, жартавала. Сябрыня мой, нагбом, па самым дне келіх лізьні!
    -— Алюся, ты гаворыш, як той Арэмчык на сваіх. He давай волю языку.
    — Нічога, палкоўнічак, шчэ сяньня я пабаю табе, паслухаеш яшчэ!
    «А можа, я і падобны на асьмешніка?» — падумалася зноў палкоўніку.
    Ганя ў надару Алене сядзела маўклівая і прыслухоўвалася да ейнай гутарлівасьці. 3 сардэчнай журбой назірала за гасьцямі. Яна шукала сярод невядомых людзей прытульны ўшчалопак сваім мроям — закаханасьць у палкоўніка.
    Неўзабаве ад некаторых гасьцей пачуліся гастраватыя й зусім дурнаватыя словы жартаў, што будрожылі сьмехам суседзяў і суседак. I аціхлі.
    — Ахтунг! — аддалася голасная каманда, і шумлівых жмудзінаў, латыіпоў і дзясятак немцаў, што належалі да вайсковых адзінак СД, афіцэры ўшарагавалі ўсьцяж даўгога калідору. Зь верхняга паверху ў суправодзе ад’ютанта й Арэмчыка зыходзіў Лібіц. Лібіц намалу саступаў з кожнай усходкі. Госьці зь невялікіх пакояў з асьцярогай да шуму павыходзілі на калідор.
    — Вось бы даверылі мне скамандаваць, ты б, Алюся, паглядзела, — шаптаў палкоўнік Алене й пазіраў на пашанотных гасьцей на ўсходках.
    — Хайль Гітлер! — павіншаваўся Лібіц з салдатамі.
    — Хайль! — адказалі яны аднолькавым вырывам скрыку.
    Гэты ўскрык блізу ўсіх, хто прысутнічаў там, сплёў у агульную захопленасьць настрою. У кожнага і ў кожнай адгукнулася рэха мінулага юнацтва — прылучвалася меркаваньне зьдзяйсьненьня асабістай навагі ў будучыні. У той момант ня трэба было хадзіць заходамі сьцежак і цянькоў — думкі прыводзілі да аднаго: або зь імі, або супраць іх, немцаў. А той, хто ведаў і паабяцаў свайму наканаваньню апынуцца супраць іх, адчуваўся мізэрным і ўсхваляваным, але захопным. Гэтакі найболын назіраў за тымі, хто знаходзіўся побач яго, а не на ваякаў. Гэтакі вывучаў позіркі й захаваньні гурмы, прыгатаванай на ўсё ў розныя часіны штодзённага жыцьця. Гэтакія чуліся непакорна справядлівымі, няўхільнымі, як надыход дня пасьля начы.
    Спатканьне Лібіца з салдатамі цягнулася не сьцягавата. Тады, калі ён і ягоны ад’ютант параўняліся з апошнім у шарэнзе, дзьверы вялікай залі бібліятэкі расчыніліся. Дзьве дзяўчыны, убраныя ў беларускую вопратку, шырока адвялі палоўкі дзьвярэй да сьцяны. У пралёце залі стаялі музыкі, і ўваход туды Лібіца яны сустрэлі фашысцкім гімнам. Ён і ад’ютант спыніліся перад музыкамі, як перад сьвятымі абразамі ў сьвятыні, суладна працягнулі ў пашане ўверх рукі.
    — Я ня шмат часу тут, але вашых гасьцей таксама прывітаю, — сказаў Лібіц Арэмчыку.
    —Усім будзе прыемна, гэр Лібіц, — пахвальна адказаў Арэмчык.
    На калідоры зноў зашумела ад гутарак і сьмеху легіянэраў. Жанкі зноў барзьдзілі да залі. Адны былі апранутыя сьціпла, a некаторыя нават адпаведна на прырачоную ўрачыстасьць. Яны знаходзіліся ў прыкладзе асабістае волі, якая залежала ад іх прыгажосьці й спрыту, а не ад улады складак каштоўнай сукенкі, курты ці спадніцы. Адны згурміліся сюды на паказ і для заспакою цела, другія зь сьвядомасьцяй уласнае дасяжнасьці іхных мужоў. Гэтакім не было патрэбна пераконваць кагосьці прыгаством, яны лёгка пазнавалі вартасьць суседкі.
    Алена, хоць і паабяцала палкоўніку хадзіць зь ім пад ручку, адмовілася ў апошнюю часіну. Пасьля пачастунку паміж імі адбылася заўсёдная, нягледзячы на абставіны й наветы, спрэчка.
    — Ты ж, палкоўнічак, у галёшах — як ісьці з табой? Сорамна.
    — Алюся, зіма маразамі пачалася, а ня летам... Ды яшчэ: падмётка адстае, ледзь ня хлюпае. Я не шавец — не падаб’ю...
    — Ты ж нават не паглянцаваў іх.
    — Я казаў Ахрэму, а ён не зрабіў...
    — Ахрэм маладзец — свабадалюбец... Палкоўнічак, ідзі адзадзя мяне, але не за мной — чуеш?
    — Ня трэба, Барыс... хадзем — я з табой! — наравіста прапанавала Ганя. Зьбялелая, з дрыготнымі вуснамі, уветлая й шчырая, як дачка бацьку, узяла палкоўніка за руку. — Хадзем, я не саромлюся!
    А тады, калі ўсе сабраліся ў залі, Лібіц прамовіў:
    — Прывітаньне беларусам!.. Я паважаю сказаць да тых, якія любяць мяне або ня робяць зло для нашае арміі... Мы — немцы, прыйшлі да вас, каб далучыць вашу Айчыну да будоўлі новай Эўропы пад кіраўніцтвам Адольфа Гітлера...
    Плёскаты перарвалі прамову. Яны ж хутка і сьціхлі.
    — Той, хто думае змагацца супраць нас, — сьмерць яму! Той, хто думае перашкаджаць нам, — таксама сьмерць!.. Вайна хутка скончыцца нашай перамогай і наш вялікі райх падумае над вашай будучыняй... Беларусы, падумайце пра новую Эўропу пад нашай апекай... Хайль Гітлер!
    Кароткія, а зь некаторых далоняў, асабліва паміж легіянэраў, даўгія плёскаты хлысталі ў прастор залі згоду Лібіцу. Зорыч і Арэмчык адразу па прамове падышлі да яго й запрапанавалі ўдзячнасьць. Лібіц усьміхнуўся, махнуў вясёла галавой і азірнуў усяго Зорыча, ён пазіраў за ім і тады, калі той адыходзіў.
    Сьвятло ў залі згасла, і на зьмену з-пад сьцяны на стаяках засьвяціліся лямпкі з жоўта-чырвоным сьвятлом. 3 гушчыні гасьцей дзынкнулі цымбалы, і ад боку, дзе сядзелі музыканты жандармскага аркестру ў Менску, адклікнулася піяніна. На прастор залі выбегла, бадай вырвалася з рук гасьцей, артыстка балету. Яна закруцілася ў клясычным вальсе. Ейная чароўна-мастацкая мітухня была размашыстая, пражорыстая і акрэсьленаабавязковая для захапленьняў і пахвалаў. Муза руху магла знайсьці хараство і сярод галечы, і сярод разбураў і пагараў! Мужчыны выцягвалі шыі, жанкі насупліваліся, калі артыстка блізка круцілася каля іх. Вельмі ўторна вусны вузкага роту артысткі ружавеліся вясёласьцяй усьмеху. Прыгожае аблічча мільгацела, прападала ў агульным рытме постаці. I кончылася. Пад віхравей плёскатаў яна зноў зьнікла сярод гурмы гасьцей. Усе праводзілі, шукалі яе позіркам.