Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
— Даруйце, што падчас гасьцяваньня я парупіўся гаварыць пра мае клопаты. Мы людзі і ў нас кароткі час для жыцьця і для ўсяго.
Яны абое замоўклі, бо Арэмчык ад неспадзеўнай дамовы, бы калека ад багатай убожыны, разьлічана заглузьдзеў — уветліва глянуў на палкоўніка, на Ганю і на сваіх жанок, пачаў занята пашукваць у кішанях, прамаўляючы:
— Дзе ж гэта я паклаў?
Але ў сапраўднасьці ён нічога не шукаў у іх — ён проста хацеў задаўніць палкоўнікаву згоду. Як выпусьціць каштоўнасьць парожніх скляпеньняў пад маёнткам? Яны апынуцца ў надзейных руках, яны пад сталёвымі замкамі будуць паступова ўціскваць пладзіню Арэмчыкавага дабрадзейства. А што там
гэткага? Звычайныя валяр’янкі ды бэлядонны! Навошта, каб яны перашкаджалі сталіцы і так ужо скамянёнай і ўсім засмуроджанай. Невялікія шкляначкі і ўсялякія парашкі зусім безынтарэсна падбяруцца, паставяцца ў скляпеньні, а потым перашлюцца, ды хоць бы ў Прагу, у Бярэсьце, там яны будуць карыснасьць. Часам мізэрная гарашыніна, а накорміць! Паглядзець: шкляначка! Зьбіраеш гэткія нікчэмнасьці выключна для асабістай прыемнасьці, а прыгледзісься — заўважыш: яны і ў багароднасьць цябе ўнураць, — пацярпі толькі. Шкляначка не парожняя! Шкляначкі з мэдыцынай! Арэмчык будзе ратаваць імі людзей у ліхалецьці вайны ды адначасна клапаціцца пра сваё жыцьцё на будучае. Мусіць жа кожны пра сябе падумаць і вырашыць, да чаго ісьці, да чаго прыперціся, дзе схіліцца, а перад чым устаяць і вытрываць! Ах, Бог, якіх пераменаў, заклікаў, адмоваў і захадаў ні напаткаеш у жыцьці!
— Але... але, — адклікнуўся палкоўнік, быццам здаўмелы моўкнасьцяй. Яго зусім агарнула ні то блуджэньне ў смутку, ні то дзівосныя ўрочыны пешчаў ад законнай, хоць і затаенай для сьвету, жонкі — ад Гані. Якая без хваляваньняў, шчасьлівая і вясёлая, закаханая і супакоеная ў ім, усё слухала Арэмчыкаву дамаведку: сьмяялася ад сьмешнага і падказвала ёй з прычаснасьцяй самастойнай, узапраўджанай жанчыны. Крытыкавала і захаплялася вечна-ўрачыстай зіхатлівасьцяй самакаляроў у залатых і плятынавых жуковінах на пальцах, на шыях гасьцей, але калі тыя спыталіся ў яе: навошта носіць шлюбны пярсьцень, схлусіла гасьцям:
— А нічога -— дзеля любасьці нашу...
— Ах, вось як! — кратанулі цікаўна вусьніны Арэмчыкавы жанкі. Ім было дастаткова адказу — яна з адзіным, бедная перад іхнымі.
— Можа і нам падсесьці? — нарэшце, але па-ранейшаму зь містэрыяй абмацваньня кішанёў, прапанаваў Арэмчык. Палкоўнік згадзіўся і адначасна зацікавіў іншай прапановай:
— Г аня, госьці адпачыць жадаюць, не загамоньвай іх — стаміліся аднак.
Ганя схамянулася.
— А дзе ж Ахрэм?.. Хаця што я кажу? Сама завяду вас да гасподаў. Там ужо парыхтавана і ацеплена. У нас ня ў вас: спакой ды міласьць.
Яна абабіла лёгкім абтрэсам рукі прыседжаную сукенку. Усьміхнулася да палкоўніка. Яна кеміла сваю і ягоную парыўнасьць. Цяпер ён належыць ёй. Адмовіўся і перамог каханьне
да Алены, а яна, Ганя, назвала гэта сваім шчасьцем, прылукай дзён, жыць ахвотай прыгоднасьці аднаго дзеля другога.
Ганя — маладая жанчына, але яна зажадала кволіць сябе ў прадчаснасьці каханьня да палкоўніка. I гэта была таксама спакусная спадоба ўмацавацца, пакуль будзеш жыць тут, на зямлі. Яна спаткала ўлагоду сваёй сапраўднасьці.
ГІалкоўнік забыўся на мінулыя супрацівы сваёй душы Аленінаму сумленьню. Часам сумленьне — непатрэбная рэч, якую не шкада выкінуць на знадворак.
— .. і вось мы з табой, — прагаманіла Ганя, быццам было яшчэ патрэбным расьцерушыць стары сумлеў. Яна стаяла недалёка ад уваходу ў палкоўнікаў пакой — азірала. А ён вінавата, нават зь нейкай саромнінкай падлётка, глядзеў на яе:
— Мне здаецца, у цябе няўтульна, вельмі няўтульна, — жартаўліва, ківаючы галавой, з шчасьлівым усьмехам па ўсім абліччы, падбегла на цыпачках да палкоўніка. Яны абняліся даўгім пацалункам. А тады неадлучна блізенька, каля самага вуха, Ганя нешта шэптам спыталася ў палкоўніка, ад чаго зь ягоных грудзей вельмі незалежна, маўляў, яно існавала ў ім аддзельна ад усяго цела, адклікнулася жарсьлівае слова:
— Любая!..
I яно было аднолькавай моцнасьці з Ганіным шэптам. Мілы неспакой агарнуў палкоўніка. Як сялянскі хлапчук-ягня, ён падняў Ганю на ўлоньне — панёс да ложка.
7
Ганя дамаглася таго, чаго жадала, да чаго імкнулася. Адразу, бязь нейкай аглядлівай маруды, пацягнулася да свайго прызначэньня ў жыцьці і апынулася ў ім прынятай. Назіраньні за дзіваватым захаваньнем Алены да палкоўніка паступова прывучалі яе да існасьці своеўласнай сувязі зь іхнымі абставінамі. Донь блізу кажнадзённых пафасных, нейкіх неспакойных спрэчак паміж імі адстойвалі ў ейным розуме і сэрцы пасяродную ўмову асяганьня сьвядомасьці цьвяльлівай станьвы. Найперша сьціпла, а зь цягам часу сласнотна, падыходзіла да яе часіна, бы спагада палкоўніку, што потым сквапліва ператварылася ў сяброўскую прыгляднасьць да яго, і жарсьць адчуць гэтага дарослага чалавека ў юнацкім пачуцьці, не памарудзіла зьявіцца самым сапраўдным неспакоем: ня ўтраціць яго.
Раўнавага, парушаная Аленай, нарэшце падаравалася Гані. Алена зрабілася рахманай... аднак зразумелай аднастайнасьцяй: яна ня вельмі пэўна спадзявалася на Міхася, таму шмат думала
пра гэта і не жадала, каб нехта перашкаджаў ёй кволіць мройны супакой каханьня. Гэта была вялікая квола няскрытнасьці сябе перад сабой. I ў тым Алена знаходзіла прыкметы няўпэўнасьці мінулага каханца і собскую не адоленую кайнасьць: яна ўсё-ткі намагалася пераканаць сябе ў неразумнасьці ўчынку перад Міхасём — пасьля смутнага, ізь зьвярынай незнаёмасьцяй сустрэчы ў сьвятыні каля забітага лётчыка ня трэ было клікаць яго на спатканьне ў маёнтку. I прадчуваньні Алены ня схлусілі ёй. Міхась не вярнуўся да яе. Ужо ў часе спатканьня, калі была хворай, ясьніста ўбачыла ягонае захаваньне. Ён тады знаёмы, некалісьці аблашчаны ў ейнай людзкай, інтымнай пяшчоце, нарэшце сказаў ёй: «Я ня памятаю вас!»
Яна мусіла ўкорліва, бяз кропелькі пагарды, прыпамінаць яму ўсё былое, зусім нядаўняе, у чалавечым адчуваньні і часе, які нават ня справіўся адысьціся прывідам успаміну.
Алена не забывалася на тыя дні. Яны прынукалі яе ўзьнікнуць разважлівасьцяй над сваім жыцьцём, патрабавалі асьцярожных крокаў да мінулых захопнасьцяў. I кадзе, калі ў доме ўсе спалі пасьля гасьцяваньня, яна нераспранутая прылегла на пасьцель, каб зганьбіць сябе, асудзіць ды прыклясьці. Была магчымасьць сумленьня, якое не вярталася да яе, а яшчэ болей разбуджвалася ў сьвядомасьці асабістай журботнай волі да чагосьці імкнуцца. Цяперака сучасныя для яе імкненьні некалісьці таксама хісталіся ў задуменьні смутным і палахным уяўленьнем; бо яе найбольш палохала здара быць прыгнанай з Ганяй да кагорты людзей, што пры ўсёй здольнасьці працавітага і дбайнага працаўніка мусілі апыноўвацца на іншым шляху шуканьня штодзённага спажытку для існаваньня. I яно спаткала яе. Піхнула адчыніцца сьвету праз грэх з палкоўнікам у полымях Варшавы... і ня здарылася. А барацьба клічу да грэху дзеля кавалка хлеба і вечна разбуджаная памяць аб дрэнным жыцьці ў маленстве напоўнілі сэрца Аленіна спрагай любасьці будучае маці сям’і. Ёй жадалася сваіх родных дзяцей ня гэтакімі, як яна была сама, а мерай іхных нетурботных спадзяваньняў шчасьця й радасьці. Але адначасна ў ёй расла асалода грамадзкасьці, якую намагалася задаволіць у клопатах памогі людзям.
Алена мацней і мацней завязвалася ва ўспаміны. Незаплюснутымі вачыма глядзела ў цемень столі, быццам там перад імі пралётвалі чародкі аджытога й адчутага. Яна ўспамінала Міхася ў той дзень, калі ён узяў яе да аўтамашыны, і яна на яго пытаньне: «А дзе ж вьі жывяце?» — адказала яму: «На хутары Лясанцы». Спахвацілася, бо ў сапраўднасьці ня ведала, дзе той
хутар, дзе да яго дарога. Але Міхась якраз ведаў і з ахвотай падвёз яе туды. Як яна палохалася выявіцца на выпадак зьдзіўленьня маці палкоўнікавай. Аднак Міхась падараваў ёй пушачку цукерак і на ўзгорку, недалёка ад хутару, прапанаваў пайсьці самой да дому. Яна ўзрадавалася гэтаму. Адчыніла хутка дзьверцы з аўтамашыны. «Ах жа спрытныя вы!» — усклікнуў расьсьмяяна Міхась. Алена спынілася паўзбоч ва ўдзячнасьці, а ён жартаўлівай вольнасьцяй паманіў яе пальцам.
— Прыеду заўтра да вас — павозімся. Добра?
-— О, калі ласка! Толькі вечарам, бо працы шмат, -— хлусьліва адказала Алена. Ён зноў засьмяяўся быццам даўно знаёмы.
— Я закахаўся ў вас, — не з прыкіднасьцяй сказаў ён ды старгануў тамавікі, шпарка пагнаў аўтамашыну з пагорку. Алена памахала рукой. А празь некалькі часінаў яна спаткалася з маці палкоўнікавай.
Сярод ніў, зарослых дзікай мядзянкай, побач з густымі кустамі лазы і ялінцу, стаяла хата замшэлая, як вялізны каменьвалун. Маці абыякава, вузенькімі вачыма, падсьлепавата азірнула Алену і папярэдзіла:
— Паненачка, цяпер на працу не наймаю.
— ...а я ад сына да вас.
— Ад майго Барыса? — пабуджаным голасам спыталася яна і не давераная, што пачула, угледзелася на Алену.
— Але, — запэўніла Алена. I тады сумніў маці прапаў у сьвятыннай прыгнёці радасьці. Ейны позірк вочаў зарасіўся сьлязінамі. Зіхрыста-наплыўныя, з старых пабялелых павекаў, стрымнулі па абліччы, віхліста пацяклі па ўрэзістых маршчынах.
— Ахрэм! — быццам каля яе не знаходзілася Алена, клікнула яна ў бок старых з высахлымі вершалінамі грушаў, па камлёх якіх віліся сьцяністыя навіткі хмелю. Стуль моўкна, няборздымі крокамі, з ахапкам сухога хварасьціньня выйшаў таксама стары сябёр сялібы Ахрэм.
— Што? — зусім не зварачаючы ўвагі на Алену, паважліва спытаўся ён і замоўк мэханічнай мерай заводу чаканьня на тое, што яму скажуць наступнае.
— Барысок, мой даражоны сыночак знайшоўся, — усхліпна паведаміла маці, і тады Ахрэм неазначальным позіркам глянуў на госьцю. Адвёў рукой, быццам гэтая навіна прыносіла яму вельмі благі спадзеў у будучыні, сказаў: — Ну што ж, ня жарт яно! Сын!
— Любанькая, хадзем у хату... — папрасіла маці Алену. — Ахрэм, запрашвай! — Ахрэм рыньва кінуў хварасьцё, дзе ста-
яў, падышоў да сваёй аслабелай гаспадыні і памог ёй ісьці. Алена таксама пабарзьдзіла памагчы. Маці даверна, асвойтана ўсьміхнулася і нэрвова-ўдзячная, пацешаная, пагладзіла касьцялявай далоняй Аленіну руку. Пад ахонам бясхмарнага неба, прыроднай утулы зарослай і закіненай сялібы здавалася, адна маладая, а двое старых з аднолькавай магчымасьцяй зачараваліся астанкамі сваёй свабоды.