Каханы горад  Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак

Каханы горад

Антон Адамовіч, Янка Юхнавец, Лявон Савёнак
Выдавец: Беларускі кнігазбор
Памер: 372с.
Мінск 2006
99.79 МБ
Ага, вунь там — якраз пад нагамі -— могілкі, той «адзіны ваенны аб’ект», як жартаваў сяньня Юрка. Вось тут і пахрысьцім, хоць сабе нябожчыкаў, пэўна ж, ёсьць сярод іх і няхрышчаныя...
Сьвечка, спушчаная Гадэнкам на Юркаў загад, якраз добра асьвятліла царкву сярод гайка. Да ўстановаў гэтага роду Юркава ўзгадаваньне прышчапіла яму звычайныя для гадунца савецкае школы і нялюбасьць, і кплівасьць. Дык вось жа ён яе зараз! Пэўна, цяпер паднавілі, падчысьцілі, папы разгарнулі сваю работу па-сапраўднаму, ня так, як на гэтым баку, на паказ — дый тое ж як не падабалася і Юрку, і іншым. Праўда, там, на другім баку, давядзецца мо’ й прывыкаць цярпець, але гэта — хай будзе апошняя даніна ягонай «старой веры» бязьвер’я й бязбожжа. Раз, і — блісь, гух! Яшчэ разок дзергануць — так яе! Цяпер —паверсе «пасаліць» запальнымі -— дзервяная ж, стане, як сьвечка! Вось «работа» й пачалася як слаўна!
Пасьля трэску й гулу ўнізе сьвечка згасла, і Юрка з апошняга кругу хацеў ужо «прагуляцца» па ўсім раёне, як у выбухлым рагттам зыркім полымі, мусіць, ад «солі» ягоных запальных бомбаў — згледзеў крыж царквы зусім збоку, ані не закранутым. Значыцца, улялёшыў гэтулькі матар’ялу і ў зусім іншае нешта...
Юрка ўскіпеў. Ён заўсёды разьюшваўся адразу ад найменшае няўдачы, а тут жа — дагэтуль быў лепшым цалком у эскадрыльлі і — раптам табе! Дый наважанае, а пачатае пагатоў, Юрка звык даводзіць да канца. I ён павярнуўся назад, на той «пракудны крыжык». Першыя стрэлы супрацьпаветранай абароны, спаткаўшы яго тут, ня выдаліся яму ніякім дзівам. Юрка й забыўся зусім, што, «паводле пэўных вестак», ніякай абароны тут не павінна было быць. Ён толькі адзначыў сабе, што крышку «пралыпалі», «праспалі», відаць, не чакаючы сяньня гасьцей, — толькі цяперака бяруцца... Дык жа — пільнасьць, і акуратней, каб ізноў ня схібіць!
Бязь сьвечкі, бо пажар разгарэўся шырака —гнаў яго, мусіць, вецер, і цяпер усё было дужа добра відаць, як ясным днём — Юрка асьцярожна й спакойна выцаляваў у царкву яшчэ парачку выбуховых і запальных. Ну, цяпер напэўна ўзяло! Ды, як уляглося ўсё зноў, падлятаючы, каб пераканацца яшчэ, Юрка пабачыў усё тое ж: у магутнейшым яшчэ водбліску полымя — крыж на царкве аж зіхацеў і мяняўся!
Зрабілася нек аж крышку нядобра. Няўжо запраўды — «нешта ёсьць» і ахоўвае сваю сьвятыню, ці дае нейкі знак, перасьцярогу... Дурніна! Зараз дасца!
Юрка зьнізіў, як толькі льга было, вышыню і хуткасьць ды стараўся прымерыцца як спакайней яшчэ раз...
— Дарма займаесься, таварыш начальнік, гэтым крыжыкам, — пачуўся раптам у слухальніках нейкі ці то падлізьніцкі, ці то кпліва-насьмешлівы голас штурмана Гадэнкі, цяпер удвая прыкры й праціўны. Юрку аж здрыганула. «Чакай, будзе зараз і табе крыжык», — падумаў толькі ён і ўголас рэзка кінуў у мікрафон: «Ня вучаць! Яйцы курыцу...». Тут жа, праўда, мільганула, што й «курыца» ад «яец» ня вельмі адышлася, — Юрку звычайна адразу ж накручваліся думкі, як ён называў, «супраць сябе» — і, можа, гадзіч мае рацыю. Але ж трэба канчаць і з гэтым, і зь ім. Толькі яшчэ — апошнюю «порцыю»...
Юрка скінуў яе, не разглядаючыся больш і не чакаючы на вынікі, ды ўзяў кірунак адтуль. Скончыць з Гадэнкам, асабліва пасьля ягонае рэплікі, здавалася яму цяпер асабліва безадкладнай патрэбаю. Дый наагул, досыць гуляць, пара рабіць справу...
Ён пачаў спушчаць рэштку бомбаў абы-як, «на маны», пільна сочачы ў люстэрка перад сабою захоўваньне свайго штурмана. А той — якраз добра! — прыгнуўшыся, сам сачыў кірунак бомбаў і выбухі. Юркава рука ўжо моцна сьціскала ў кішэні сьцюдзёную сталь рэвальвэру. Круткі паварот назад — і проста ў цемя, раз за разам... Раскірэчыўся ніцма, як бы адбіваючы земны паклон. Гатоў — гэта ня бомбай у крыжык...
Зьнізу, пад самым самалётам, які ўсё яшчэ йшоў вельмі нізка, кэрхнулі залпам гарматы. «Разьвітальны салют па бясцэнным таварышу Гадэнку. Паў, не — раскірэчыўся геройскай сьмерцяй. Дадзём і мы ад сябе», удаючы ўрачысты тон савецкіх мітынговых прамоўцаў, праказаў Юрка ўголас, хоць за гудам матору сам сябе й не расчуў, ды скінуў рэштку бомбаў, што яшчэ засталіся. Але раптам зрабілася зноў крыху нядобра, так, як там, над царквою... Як бы з гэтым Гадэнкам адарвалася ўсярэдзіне нешта, ды адарвалася ня так, каб аблегчыць, як гэтыя во бомбы, летучы далоў, а каб наадварот — прыціснуць, прыгнесьці да зямлі. Гадэнка — гад, а ўсё ж — чалавек. «У постаці чалавека». Гэта -— «постаць чалавека», гэтая — раскірэчана-распластаная? Усё ж — Юрка сяньня забіў чалавека. Ды ці аднаго ўжо забіў за сваю лятунскую службу, хоць бы сабе мо’ й сяіоньня? Але каб так проста — з рукі — у галаву...
Юрка глядзеў на сваю ахвяру, і было нек і цяжка, і гадка, і вусьцішна, і мо’ крыху нават — шкада... Самалёт хістанула на бок, і Юрка кінуўся да стырна. Але ж, за гэтай дурной псыхалёгіяй гатоў і кіраваньне згубіць, і галавой налажыць сам. Ды яму лёгка ўдалося выправіць машыну, і ён пачаў зноў набіраць вышыню. Азірнуўся яшчэ раз на Гадэнку. Скінуць хіба далоў? He, хай ляціць з самалётам — сваёй дамавінай. Скідацца пара самому. Парашут — у парадку. Курс самалёту — насьлепа, вышэй і — на захад, як далей ад «дому».
Юрка зарыентаваўся ў мясцовасьці. Ад свайго «раёну» ён адляцеўся ладна. На паўдня. Якраз добра — скочыць тут дзе ў лясок, і — бліжэй да Веры, баржджэй дойдзецца...
Паветра рванула ўв адчынены люк. Пераймай, зямля, бывай. паветра! Юрка Галушка апошняй сяньня «галушкай» вытрасаецца на зямлю.
Жывая яшчэ сэрцам матору машына зь нежывым пасажырам паляцела далей няведамаю дарогай да няведамага канца.
VIII
Прызямліўся, як казалі ў іх, «на зэкс» — акурат пры дарозе, у мокрай ад ночнае расы прыдорожнай траве. Паабапал цёмнымі сьценкамі бег, прысядаючы, негусты, здаецца, лясок. Дзе ж бы гэта? Усёдна, пакуль не разьвідняе — не зарыелтуесься. Пераседзець тым часам у ляску зь беражку.
Вызваліўшыся ад парашуту, Юрка адчуў як бы вызваленьне ад усяго, што засталося там. Мільганулі яшчэ ў памяці Віктар, Валік, Макрыца, раскірэчаны сьмерцяй зь ягонай руі і Гадэнка, ды цяпер ужо не кранала нічога, — хай прамільгаюць і застаюцца там, не вяртаючыся ніколі нават і ў думках. Думкі цяпер — наперад, да Веры, да блізкой сустрэчы. Як гэта будзе? Сказаць ёй адразу?
Ды і ў гэтым кірунку думкі штось ня йшлі, не хацелася й падганяць іх штучна, адчулася ў іх раптам нейкая ўтома, млявасьць. Дык няхай — будзе яшчэ час, а цяпер — адпачыць і ад думак, і ад усяго. Даволі было сягоньня «работы»...
Прабіраючыся ўскрайкам лесу, спаткнуўся на пяньчук. Тут і прысесьці, побач, да дрэва можна й прыхінуцца. Добра! Можна было б і прымгнуць, задрамаць хоць крыху, ня шкодзіла б дзеля адпачынку, дзеля сьвежасьці...
Але сон, як і думкі, ня йшоў. Няхай і так! Усё ж было добра, і гэтае «добра» абапіралася, можа, на адны.м адчуваньні: на зямлі, на «гэтым» баку, недалёка ад мэты. Так з гэтым ці на гэтым і праседзелася нейкі час, заўсёды ў такіх разох бязь меры — нядоўга й некаротка, як у тых казках. Толькі крыха-па-крысе пачынаў прабіраць начавы халадок. Гэтыя ночы, хоць ужо й перад саменькім летам, бываюць-ткі залкаватыя. I гэта ж у лесе, a што, каб на полі? Падацца хіба крышку яшчэ больш у лес, павінна быць зацішней.
Юрка ўстаў з свайго пеньчука і пачаў прабірацца далей у лес, пасьвечваючы сабе прадбачліва ўзятым з сабой кішэнным ліхтарыкам. Пад нагамі пачынала крыху мякчэць і макрэць — каб ня ўбіцца ў якое балота? Ён зьмяніў кірунак, узяўшы крыху ўбок наўскаса, як здавалася, на сушэйшае. I раптам, узьняўшы нек галаву і глянуўшы перад сабою, прыстояў. Наперадзе, праўда, далекавата яшчэ адсюль, па вершалінах дрэваў гулялі нейкія слабыя водбліскі. Хіба ад ягонага ліхтарыка? Згасіў, не — тое самае. Мусіць, вогнішча недзе. Дык лепш ня рыпацца далей — мала на што й на каго можна яшчэ напароцца. Сьвежы ж яшчэ тут зусім чалавек, хто іх ведае, што тут у іх і як, якія парадкі...
Аднак усё ж брала цікавасьць. Юрка стаяў, напружана ўслухваючыся і ўглядаючыся перад сабою. ІІакрысе расчулася — не, хіба ж не здавалася — трэск полымя і — ці не галасы?.. Эге, дык назад...
Ды цікавасьць брала ўсё ж сваё — падцікацца бліжэй, падгледзець хоць. «Можна, толькі асьцярожна», — часам любіў гаварыць сабе Юрка. I кіруючыся гэтым правілам, ён памалу пачаў прадзірацца далей, на тое трымценьне водбліскаў. Неўзабаве не было ўжо няпэўнасьці — вогнішча й галасы, здаецца, дзіцячыя. Дзеці ўначы ў лесе? Начлег? Але ж, здаецца, скрозь лес. Вось раптам адтуль проста на Юрку затупаў нехта, неяк медзьведзявата. Юрка застыг, прытуліўшыся да дрэва. Тупат спыніўся недалёка ад яго, і пачуўся трэск — нехта ламаў, мусіць, сухастоінку на цяпло. Ламаў доўга, відаць, што нейкі малы. Юрка мусіў чакаць, не варушачыся. Вось павалок па зямлі, барануючы галінамі. Юрка памалу пачаў пасоўвацца сьледам тых гукаў. Далей трэ было ўжо падыходзіць, хаваючыся за дрэвамі. I нарэшце ткі вачом адкрылася, як і меркаваў: невялічкая, мусіць, балацяная, палянка сярод лесу, вогнішча ды пры ім — чатыры хлапчукі. Адзін, зусім малы, — мусіць, той, што ламаў і валок сухастоіну, падкладае ў цяпло. Другі стаіць так, і двух яшчэ, расьцягнуўшыся на зямлі, узлокціўшыся, тварамі да цяпла. Падысьці хіба няма асаблівае небясьпекі, і цікава, дый зарыентавацца, пэўна, памогуць. Толькі — скінуць хіба гэты камбінэзон, здраджвае ж адразу? Але «кавалерчыкам» ці ня будзе больш падазрона? Дый прадрыжысься да раньня ад холаду, хіба што каля вогнішча... Ды што там — малых баяцца? Баржджэй якраз іх напалохаць можна.
I Юрка, не хаваючыся больш, запраставаў да вогнішча. Тыя пачулі ўжо, начыпурыліся, павярнулі галовы ў ягоным кірунку, углядаючыся ў це.мру, але больш ніяк не зьмянілі паставаў — нат два, што ляжалі, ня ўсталі зь зямлі. Сполаху, значыцца, ня выйшла.
— Здаровы, мужчыны! — вясёла прывітаўся Юрка, падышоўшы.
— Здрастуйця, — адказаў за ўсіх малы, і ўсе прыглядаліся далей, больш зь цікавасьцяй, чымся із спалохам, або можа ўмелі ўжо схаваць яго.
— Начлег? — спытаўся Юрка.
Усе маўчалі. Толькі пачакаўшы, адзін з тых, што ляжалі, працягнуў ціха, нек няўпэўнена:
— Начлег...
— А самі адкуль будзеце? — бітка пачаў допыт ізноў малы, адразу паставіўшы Юрку да шуканьня належнага адказу.