Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
— Хачу, каб жыццё расквітнела напоўніцу! — сказаў капітан Барада. — Вельмі спадзяюся, што заўтра я сяду ў самалёт і ён зваліцца ў мора. Я, вядома, не патану і апынуся на бязлюднай выспе, дзе абавязкова даведаюся пра сэнс жыцця.
— Няўжо ты верыш у гэтую лухту? — не паверыў нехта.
— Я веру, што можна падысці да вазона і з’есці кветку. Веру ў чалавека з ягонымі забабонамі і бомкамі. Лічу смешным гыркнуць мінаку ў вуха: “Пальма засохла!”
— А ці верыш ты, што я ўчора сустрэў манашку...
— Веру.
— ...якая саграшыла з дрывасекам. I цяпер прапагандуе сэкс на кожным рагу?
— Я люблю мясное рагу — таму не выключаю такой сітуацыі. Хтосьці любіць манастыр, хтосьці не можа жыць без сэксу — у кожнага свой шлях.
— I які шлях абярэш ты?
— Я, вядома, абяру свой шлях — я пайду да возера і буду лавіць рыбу. Я наогул хачу мець матрац, напханы рыбнай лускай, — мне падабаецца пах рыбы, бо тады я адчуваю мора.
— Рыбныя трупы, спаць на іх... Гэта ж брыдка. Ты б яшчэ напхаў у матрац рыбіных вачэй — сніў бы тады марскія буйкі. Падумай, цікавая ідэя.
— Чаму б і не? Можна абраць і трэці варыянт — плаўнікі.
37.
Капітан Барада выціснуў слязу:
смяецца дачка смяецца быццам вецер звініць смяецца як піянерскія горны смяецца як быццам расшпілілі партабак і рэха нясецца разам з гэтым смехам Смех і рэха скачуць па маім пакоі I мой настрой таксама заходзіцца ад рогату так добра смяецца дачка і немагчыма не падтрымаць яе цудоўны смех I вось ужо і сам сусвет нібы студзіна пачынае калыхацца ад рогату
Увага!
Падышоў да сейфа. Там за бранявымі заслонкамі мая галава. Ляжыць спакойна. Нібыта яна і не ў камеры сховаў. Нібыта яна на бранявым пляжы. Ляжыць сабе
і не ўсміхаецца. Выталупіла вочы, на шчоках — поўсць. Ляжыць дарагая. Слухае цішыню. Я адчыню сейф і пацалую гэтую сваю запасную галаву. Пацалую ў халодны мармуровы лоб. Падкіну ўверх, як футбольны мяч.
I крыкну, што ёсць моцы: "Яха-ха! Мая песенька яшчэ не спетая!"
38.
I вось я вырашыў, што настаў той важны дзень. Рашэнне з’явілася з ніадкуль. Яно выбліснула з неба, быццам маланка. Мяне працяла. Безумоўна, гэта быў той дзень. Учора ўвечары я атруціўся і не памёр. Выспаўся. Прачнуўся — жывы. Значыць, ёсць на свеце мілажаль. Выжыў.
* * *
Белы параход апускаўся на дно хутка. Равеў гудок. Грымелі хвалі. Я трымаў у руках чайку. Яна крычала. Біўся ў руках жывы камяк, махаў крыламі. А я глядзеў на сумны дым над вадой. Шкрабаў няголеную шчаку. Згадваў жыццё карабля. Перад вачыма вісеў выратавальны круг. Калі трубы схаваліся ў хвалях, высунулася сіняя рука з вады. Потым з’явілася аднавокая галава. 3 рота гэтай пачварыны загучала песня. Ціхая і нудная. Нейкія вар’яцкія спевы. А потым у бурунах сталі бачныя велізарныя плаўнікі. I вось ужо гучала мноства галасоў — хор. Песня была страшная — пра смерць марака. Я ўздыхнуў і запаліў люльку.
39.
Найперш варта зразумець, што капітан Барада — гэта не выдуманы персанаж. Капітан Барада прыляцеў з іншай планеты. Гэта здарылася ў аўторак, быў спякотны дзень. Ракета плаўна апусцілася на паляну, адкрыўся люк і на траву выскачыў шчаслівы капітан.
— А вы думалі, што я стаю ля штурвала толькі ў моры? — радасна прамовіў капітан. — He, я люблю і касмічныя прасторы.
я паглядзеў на капітана, і мне ён падаўся нейкім зусім не жывым. Хаця, здавалася б, такая легендарная асоба!.. Легенды трэба без спыну мацаваць. Калі ты, як барон Мюнхгаўзэн, лётаў на ядры, значыць, ты самы сапраўдны капітан. I ўсё яшчэ толькі пачынаецца. Прыгледзься, у тваіх вачах плаваюць не проста думкі — там караблі. Самыя розныя — і з трубамі, і з ветразямі, і без іх; фрэгаты, карветы, эсмінцы, лінкоры, браняносцы, авіяносцы, лайнеры, цеплаходы, ледаколы, баржы. Нават калі ты капітан рачнога гандлёвага карабля, дзесьці пад падушкай у цябе мусібыць прыхаваны корцік.
40.
Тут жыццё змяняецца ў іншы рытм. У бункеры — усё інакш. Песні тут не спяваюцца, як пад небам, але мяне гэта задавальняе. Я тут адчуваю сябе механічным конікам. Скачу па пакоях.
* * *
I тады раптам з’явіўся Ён. Я чамусьці адразу зразумеў, што гэта менавіта той, хто за мной сочыць апошнія месяцы. Пэўны час я падазраваў у гэтым крытыкесу, але потым зразумеў, што памыляюся. Дык вось, гэты Ён не хаваўся, як раней. Больш за тое, Ён нібыта выклікаў мяне на дыскусію. На ім быў чорны палітон, вялікі клятчасты капялюш, тоўстыя акуляры. Ён глядзеў на мяне і, здаецца, чагосьці чакаў.
а ў гэты самы час
кнігарня Марс 13:00 аўторак
Гэты чалавек не зайшоў у кнігарню — заплыў. Рухаўся ён так, нібыта ягоныя ногі проста слізгалі па падлозе. Здзіўляў колер твару — колер марынаванай марской капусты. Волма запыталася:
— Што вам падказаць?
Чалавек зняў капялюш. I Волма пабачыла дзве маленькія памаранчавыя антэны.
— Я толькі што прыляцеў з планеты Марс. Мне паведамілі, што тут мае супляменнікі. У мяне сапсаваўся гравітацыйны рухавік, і мне патрэбная тэрміновая дапамога. Тым больш мае іфтыханскія рыбінкі даўно не елі... А вы ведаеце, хто такія іфтыханскія рыбінкі? Калі іх не пакарміць тыдзень — яны могуць згрызці ўвесь касмічны карабель. Разумееце, дарагая? Згрызці!.. Я туды трапіў?
Волма не разгубілася:
— Маем "Марсіянскія хронікі" Станіслава Лема.
— Там ёсць патрэбная мне інфармацыя?
— Відавочна, ёсць — ён вядомы аўтар. Больш за тое, прызнаны ва ўсім свеце. Ён, пэўна, найлепшы знаўца ў галіне касмасферы.
41.
Калі рука капітана вымкне з-пад аблачынаў... калі сонца выплыве з хваляў рому. Калі фуражка падымецца дырыжаблем у неба, а вецер зноўку зайграе сваю музыку, менавіта тады ластаўкі скукожацца і пачнуць падаць, як пераспелыя дзічкі. Потым яны пачнуць ажываць і ператворацца ў маленькія ганарлівыя караблікі.
* * *
Я выцягнуў руку ў кірунку гор і адразу адчуў, як набліжаецца вялікая хваля. Твар абмачыла халоднымі пырскамі. Неба ўмомант пацямнела, і здавалася, што зараз распачнецца навальніца. Мне надакучыла стаяць на капітанскім мосціку, і я спусціўся ў кубрык.
Здавалася, што горад счарнеў.
а ў гэты самы час
кнігарня Марс
11:30 панядзелак
Гэты чытач — мужчына ў сінім паліто — паклаў свае зубы каля кнігі. Сківіца была залацістай і прыцягвала ўвагу
наведнікаў. Затым ён паклаў побач празрыста-сіняе штучнае вока. Яно прыемна дзінькнула, быццам было з металу доларавай манеты.
Потым мужчына адкруціў руку.
42.
Пасля выпітай пляшкі віна, пяці бутэлек моцнага піва і шклянкі малдаўскай самагонкі думкі разбегліся і ніяк не могуць сабрацца разам.
Разумею адно: чарговая сустрэча з Майклам Крывым не была дарэмнай.
— Майкл, вось ты ўсё крыўдуеш, маўляў, я з табой рэдка сустракаюся. Ды ўся марская пена зайздросціць нашым кубкам. Я гляджу на цябе і дзіўлюся. Ты чалавек ці робат? Калі добра прыгледзецца, здаецца, што чалавек. Тыя ж падфарбаваныя валасы, прыхаваныя залысіны... Нават нос і ўсмешка ад Спанч Боба — усё знаёмае. Але не магу зразумець, чаму на тваім лобе гарыць зорка, падобная да медузы? I жывой — бо варушыцца. А яшчэ — чаму ў цябе замест пальцаў шчупальцы? Такія маленькія і жоўценькія? Можа, гэта аптычны падман?
— Ты мяне паважаеш? — раптам пытаецца сябра.
— Так. Я цябе паважаю. Але скажы, адкуль зорка?
— Адкуль-адкуль. Ад куль, — злуецца сябра.
Раптам я заўважаю, як з яго галавы выскоквае вока. Скок! I давай скакаць, быццам на спружынках. Скок!
Скок — па асфальце, і нічога яму! Скача, блішчыць. Я, натуральна, у жаху. А сябра стаіць і п’яна ўсміхаецца. А я — у жаху! Можа, гэта зомбі?!! На лобе зорка блішчыць і варушыцца, адна вачніца — пустая! Мой сябра ці невядома хто гэтым вокам падміргвае і неяк нядобра ўсміхаецца!..
Трэба ўцякаць! Зараз схопіць, пачне горла грызці. Гэта ж не жарты! Дакладна — побач зомбі! А ногі нешта не слухаюцца! Штосьці са мной гіпнатычнае адбываецца. Я спрабую драўляным крокам рушыць.
А мой сябра (ці не мой):
— Куды ты сабраўся?
Адчуваю, што горла перахапіла, таму паказваю, маўляў, у прыбіральню вельмі хочацца. Ну, трэба — паміраю!
Невядомы сябра пачынае аплываць і ператварацца ў некага іншага. Прыглядваюся — стаіць плюгавы дзядок і цягне ў мой бок рукі, на якіх замест пальцаў шчупальцы. Я — у паніцы. Спрабую драўляным крокам рушыць. Дзядуля — за мной. Таксама ідзе марудна, але не адстае. Узяўшы, як кажуць, волю ў кулак, мармычу:
— Ды чаго вы прычапіліся? Мне трэба ў прыбіральню.
Праўда, чую, што голас не мой. Голас як быццам з кружэлкі, што запаволілася. Дзядуля-зомбі маўчыць, толькі моцна пыхціць і адным са шчупальцаў спрабуе ў пустую вачніцу вока запхаць, але нешта ў яго не атрымліваецца.
Насустрач без спеху ідзе дзяўчынка, такая лёгкая — проста дзьмухавец. Падзьмуць — валасы і разляцяцца. Ногі — у кедах, у руках — партфель. Ідзе — нейкую
песеньку напявае. А дзядуля не адчапляецца! Я пачынаю дзяўчынцы махаць рукамі, маўляў, ратуйце, людзі! Але яна пачынае з падазрэннем нас абыходзіць. Як кажуць, за палову кіламетра! Тады я што ёсць моцы выціскаю з кружэлкі:
— Дзя-я-яўчы-ы-ына, да-а-апа-а-ама-а-ажы-ы-ыц-е-е-е па-а-ажы-ы-ыло-о-ому-у-у ча-а-ала-а-аве-е-еку-у-у! Но-оогі-і-і не-е-е слу-у-уха-а-аю-ю-юцца-а-а!
Дзяўчыну як ветрам здзьмула. Быў дзьмухавец — і няма! Што рабіць? А дзень — ужо блізкі да вечара. Сонца схавалася — людзей вакол не бачна. Тут заўважаю, што рукі ў мяне пачынаюць сінець. Да таго ж вельмі хутка і луска з’яўляецца. Мацаю твар і адчуваю, што замест барады — луска! Усё, думаю, дапіўся!
Тут нехта моцна тузае за плячо. Абарочваюся — Майкл! Стаіць — увесь збялелы і перапалоханы. На лобе аніякіх зорак, толькі мокры нейкі. Узмок.
— Што з табой? — пытаецца сябра. — Нешта ты пасінеў увесь. Я цябе ўжо і па мор... прабач, і па шчоках лупцаваў. А ты не рэагуеш. Думаў ужо хуткую выклікаць. Можа, сэрца прыхапіла.
— Так нешта, — адказваю, — прыхапіла, дык прыхапіла.
I з палёгкай абціраю лоб... і скідваю залацістую луску. Рыба пад піва — гэта заўсёды добра і смачна. Асабліва калі гэта сухая таранька.
— Аб чым думаеш?
— Hi аб чым. Думкі разбягаюцца, нібыта мурашы.
— Паглядзі на сваю руку — яна нейкая зялёная.
— Сама такая — запрэсавала ты мяне зусім. Няма чым дыхаць. Паміраю. Увесь час чую крыкі старой каргі.
— Як такіх трымае свет?
— А што табе не падабаецца?
— He, проста канстатую факт.