Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
* * *
Пасля наведвання чарговага казіно ў раёне стадыёна “Дынама” я канчаткова згубіў надзею адшукаць куртку з дакументамі. “Усё, — пранеслася ў галаве, — усё марна!.. Куртка адляцела да продкаў!” I толькі я пра гэта падумаў, як адчуў моцны ўдар па галаве. У вачах пацямнела, і я страціў прытомнасць.
* * *
Скрозь шум у галаве пачуў:
— Дакапаўся, сцука. Мы ж яго папярэджвалі. А ён усё разнюхвае і разнюхвае. 3 мянтамі скарыфаніўся. Што цяпер з ім рабіць, га? Як ты лічыш, Бармалей?
— А што з ім цацкацца? — адказаў другі, відаць, Бармалей. — Нам жа адной галавы было мала. Паглядзі, якая ў яго ладная мазгаўня, свежанькая... Шнараў амаль няма. Толькі адзін... над левым вухам... — I рука Бармалея пачала мяне абмацваць. — А яшчэ тут адзін пад носам... А так — нішцяк. Тое, што трэба.
— Можа, пілой? У мяне там у багажніку ёсць, — прапанаваў першы.
— Ды ну яго! Яшчэ і пілу на яго псаваць!.. Сякерай самае тое. Раз — і гатова!.. — I задаволены сабой Бармалей загыгатаў.
Я адчуў на твары цяжкі подых з перагарам і расплюшчыў вочы.
— Глядзі, — узрадаваўся той, што, мабыць, быў Бармалеем, — ачухаўся, падла.
— Ну што, падла? — звярнуўся да мяне другі, з прыплюснутым носам. — Будзем рэзаць цябе на жгуты?
Той, каго звалі Бармалеем, заўсміхаўся гнілымі зубамі. Круглая паголеная галава пазірала на мяне, як на недарэчнасць.
— Хлопцы, — прамармытаў я, — можа, неяк палюбоўна вырашым?..
Мяне свідравала думка, што трэба збегчы. Збегчы!.. Як? Пакідаць мяне ў жывых, хутчэй за ўсё, не ўваходзіла ў планы бандзюганаў. I прыдумаць нешта трэба было ўмомант, бо ўключаны таймер майго жыцця.
НОВАЯ ЛОМКА ДРУГОЙ ЧАСТКІ, АЛЬВО Руйнаванне свядомасці
— Дайце выпіць, — раптам папрасіў я.
Бармалей здзівіўся:
— Слухай, Мозга, — так ён звярнуўся да першага. — А падла яшчэ варушыцца. Вады, сцука, захацеў?!!
— Гарэлкі, — прасіпеў я.
— Ну што, Мозга, дамо яму на развітанне сто грамаў? — запытаўся Бармалей.
Той, які быў Мозга, мабыць, сумняваўся, аднак не стаў пярэчыць:
— Ну, гэта як апошняя цыгарэта... Трэба наліць пацану...
Рэзкім рыўком бандзюганы паднялі мяне на ногі, падцягнулі да стала і кінулі на крэсла. Бармалей аднекуль выцягнуў пляшку “Сваяка” і разліў на траіх.
Мозга хмыкнуў і паведаміў з сарказмам:
— Ну што, братаны, за нябожчыка, як кажуць, не чокаючыся.
Бармалей зарагатаў. Бандзюганы кульнулі, і я таксама. Толькі цяпер я зразумеў, што вельмі баліць патыліца — усё ж прыклалі мяне ад душы. Але пасля выпітага ў галаве надзіва праяснілася і я быў гатовы дзейнічаць.
Бандзюганы расслабіліся і згубілі ўвагу — момант быў зручны. He доўга думаючы, я схапіў са стала паўпустую пляшку гарэлкі і з размаху раструшчыў яе аб галаву Бармалея. Мозга ад нечаканасці аслупянеў, і я абрынуў на яго крэсла. Абодва бандзюганы з хрыпам паваліліся. He чакаючы, пакуль злодзеі ачуняюць, я кінуўся прэч. Выскачыў за дзверы, збег па лесвіцы ўніз і апынуўся ў нейкім незнаёмым двары. Хутчэй-хутчэй на цэнтральную дарогу!.. Вунь, вунь яна!.. Пабачыў,
што едзе таксоўка, і замахаў рукамі. Служба 135. “На вуліцу Якуба Коласа падкінеце?” — запытаўся ў кіроўцы. Хлопец гадоў трыццаці, у майцы “БАТЭ”, добразычліва ўсміхнуўся: “Сядай!” I толькі ўжо ў машыне я з палёгкай уздыхнуў: “Жывы...”
ПРАЦЯГ
ДРУГОЙ ЧАСТКІ
Мабыць, мне давядзецца абвязваць сябе вяроўкамі, бо анічога не атрымліваецца. He магу спыніцца — і там і тут з мяне вытыркаецца атрутная поўсць. Я пазіраю на сябе і разумею, што чалавечага ў маім абліччы мала.
I для паляўнічага я — спакуслівы трафей. Гэтак
і ўяўляю загалоўкі ў газетах: “Паляўнічы Макс забіў пісьменніка-пярэваратня!’’ альбо "Сантэхнік Іваноў выратаваў грамадства ад небяспечнага вырадка-зверугана!"
49.
— Сярод іншага я часам адчуваю, што не заўсёды быў чалавекам. Мне здаецца, што я мог быць ягадай — малінай. Так і ўяўляю сябе пад пякучымі прамянямі сонца і раптам чую непрыемнае казытанне. Прыглядваюся: ба! Гэта ж таварыш чарвяк. Ды так падобны да майго знаёмага гэбэшніка. Такі ж ліслівы, такі ж увесь мяккі — хоць бяры яго і прыкладай да цела. Дык ён і сам прыкладаецца: адчуваю — пачынае смактаць
з мяне сок. Я трываю, а сам думаю: “Зараз як гыркну! Вася, пайшоў прэч! Сволач — я жыць хачу!” Вішу, значыцца, чырванею ад злосці, прыслухоўваюся да чарвяка-крывасмока. Тут — вохці мне! Птушка прылятае, дзюбкай — цмок! I скончылася маё малінавае жыццё.
Малінавы катафалк на свежым паветры ў сонечны летні дзень. Аркестр. Шыпіць вецер ці гэта душа выветрываецца праз шчылінкі труны? Ты ў новым чорным гарнітуры. Дзеецца пахаванне гісторыі. Учора было ўсё інакш. Чуліся вясельныя песні, а цяпер кранты — герой знік.
50.
— Даўно трэба, — сказаў худы. — Колькі можна трываць? Я б цябе стукнуў па галаве — ды шкада. Дасталі гэтыя бязвольныя іпахондрыкі.
— Я штодня бегаю, — апраўдваўся тоўсты, — бегаю пяць колаў. Далей ужо сілаў няма. Дакладней, сілы ёсць, а вось паветра не хапае — задыхаюся.
— Будзе табе навука. Трэба заўсёды займацца спортам. Цяпер навёрствай. Зразумела, лёгкія — гэта радыятары, таму варта трэніраваць дыхалку.
Тоўсты і тонкі спыніліся каля машыны — нейкі “Мэрсэдэс”.
Тонкі:
— Я адчуваю — ён недзе тут. Пахне капітанам.
Тоўсты:
— Ты не памыляешся?
— Сам панюхай, — тонкі паказаў на колы машыны.
Тоўсты прысеў да шыны і прынюхаўся:
— Сапраўды, моцна смярдзіць. Нагадзіў чувачок.
51.
— Гэй, вы, хвастатыя! Шашкі агалілі! Пісталеты ашчэрылі! Вочы выталупілі! Грудзі надзьмулі! Сцягам махнулі! Пляшкай булькнулі!
Гэй, вы, хвастатыя, варта выцягнуць той паласаты матрац, накрыць яго той зялёнай коўдрай, пакласці на іх той завэзганы тэлевізар і гучна крыкнуць: “Прыйшла восень!”
Восень грыміць заіржавелым лісцем. Восень быццам замыленая вайсковая фуражка, што прымушае шчоўкнуць далонню па казырку і адправіцца на фронт.
А дзе яна, тая вайна? Яна — тут і там. За тым узгоркам, у гэтых грудзях і ў гэтым сэрцы. Сум дзярэ на шматкі ад срэбных куляў. Разлятаецца імгненна і назаўжды.
Маленькі пінгвін піскнуў і скочыў у ваду з крэйсера "Аўрора". За ім бег марак Васіль Пятровіч Шпарага, які хацеў злавіць пінгвіна, але не паспеў. Сіні бушлат весяліў паветра. Марак раптам папярхнуўся, схапіўся за горла і вырачыў сінія вочы. 3 рота Васіля Пятровіча вылезла Чорная адаманская гадзюка, якая засыкала: "Кожнаму пінгвіну бушлат Васіля Пятровіча".
52.
Азіраешся вакол. Што я тут раблю? Я — мікроб. Брушка напяў — кроў пад скурай пабегла палоскамі. Бяру запалку. Пстрык. I ўсё. Імгненне. Выдуманае жыццё. Скок — з трампліна, скок — з даху. Пум — іду ўжо па вуліцы. Навыдумваў. Усё вакол гульня. Дзе мой футбольны мяч? Бум-бум! Мой любімы ў квадраціках сябра. Гульня ў стасунках, у мэтах, прыярытэтах, ідэях. Ну, намудрагеліў. Чалавек захацеў быць значным. Ча-ла-век! Ау! Ты дзе?! Чалавек зна-а-ачны!!! I што з таго атрымалася? Анічога. Капнеш глыбей — і пустэча. Бяру рыдлёўку — капаю. А раптам куфар з золатам знайду? Гы? Вежы і піраміды насамрэч штучныя і, ледзь што, рассыпаюцца ад лёгкага дакранання часу.
53.
Капітан прачытаў: “Аўтобус грымеў, нібыта звязка пустых бляшанак на вяроўцы. Выцягваў гэтым гукам з душы ўсялякае брыдоцце. Здавалася, што ўсё сышло. Усё! Перад вачыма чысты аркуш паперы, і ты можаш вывесці першае слова — «друхло». Гэтае першае слова натхняла і наталяла злосцю, атрутным кашлем і алкаголем. Зноўку хацелася жыць”. Капітан хмыкнуў, выцягнуў з кішэні біклажку з ромам і адпіў. Гаркавы смак асвяжыў горла, цеплыня пралілася на дно страўніка.
А ў гэты самы час
Кнігарня Марс 17:00
Чым адметная кнігарня Марс?
Завітаў электрык, нацягнуў дрот паўз усю кнігарню, і раптам на месцы дрота павіслі ліяны, на ліянах апынуліся калматыя малпы, з валасоў якіх пачалі вылузвацца маленькія вусені, што размаўлялі на дзіўнай мове, вельмі падобнай да суахілі. Хмаркі заплылі пад столь і ператварыліся ў антэны. Загучаў вальс. У гэтую музыку ўскочыў чытач, а вылез ці то бык, ці то морж, які апазнаўся праз паэтычныя гукі. На кнігах пачалі ўспыхваць вогненныя іерогліфы. Ітаемны шэпт застаўся рэхам.
54.
Калі чарадзей адпусціць вяроўку — самае галоўнае не ляснуцца аб асфальт, бо будзе балюча. Хаця калі табе пашанцуе, дык ты ператворышся ў блінец. Падаць трэба абачліва, на рукі і ногі, у паставе сабакі. А лепш за ўсё мець схаваны парашут, каб пацягнуць за кольца і — бах: над табой чароўная белая аблачына, падай сабе на здароўе. Гэты чарадзей мне не падабаецца — падазроны суб’ект. Таго і глядзі — адпусціць вяроўку.
* * *
Кнігі не ствараюць герояў. Яны захоўваюць муміі. Ты трапляеш у склеп нябожчыкаў, і ад гэтага бывае вельмі сумна. Чытаеш, а здаецца, што вядзеш бясконцую размову з трупамі.
* * *
Здараецца, што гэты дзень табе не падабаецца адразу. Прачынаешся зранку і разумееш — дурны дзень. Жонка ляжыць побач злосная, быццам ты яе ўкусіў ці, дакладней, не ўкусіў. I тады здагадваешся — усё дрэнь. Можа, сёння магнітныя буры? Хто яго ведае, магчыма. Надвор’е нейкае напраўду пахмурнае. Што рабіць? Пасылаем працу нафіг. Жонцы кажам — я на працу. А сам? У адзін бар, потым у наступны. I гэтак далей. Карагод. Ці кеглі? Піва супакойвае нервы. Вось колькі заракаўся не пісаць пра алкаголь — а не атрымоўваецца. Я люблю бухаць. I навошта я бухаю? Бо думаю, што нашае жыццё — імгненне. Хтосьці калупаецца ў носе, хтосьці песціць прышчы, а я — бухаю. Нічым не горшы за астатніх. Некаторыя захопленыя баблом. Потым будуць у труне валяцца ў банкнотах. Я ж бухаю!.. Гы-гы. Буду булькаць у труне.
55.
— Ты сёння выглядаеш значна лепей.
— Натуральна, бо ў завязцы. Галоўнае ўмець вязаць марскія вузлы. Здараецца, што настае такі момант, калі гэты навык робіцца вельмі патрэбным.
— Галоўнае стрымаць сябе на шляху да крамы.
— He, туды трэба ж заходзіць па прадукты, а вось не падысці да піва, віна і гарэлкі — справа значна цяжэйшая. Там так прывабна пузацяцца цьмяныя і светлыя супергероі.
— Выпіў і ўжо ляціш на крылах?
— Так. А ўвогуле, я выглядаю лепш таму, што забараніў сабе перад сном чытаць казкі. Гэта ж немажліва — потым сніцца розная брыдота, усялякія бабулькі, здыхлікі бессмяротныя, лясныя хаткі, каты з балалайкамі. Прачынаешся зранку з апухлым тварам і чырвонымі вачыма. Галава цяжкая, нібыта пасля пахмелля. Карацей, мне казкі не заходзяць, як і гарэлка.