Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
Карова рыкала, жабка крумкала, свіння рохкала, камар пішчаў, танк ракатаў, дрэвы гудзелі. Сонца кацілася. Электрык Каваль цягнуўдротда вежы. Раптам дрот ператварыўся ва ўдава і пачаў душыць электрыка. Вочы Каваля зачараванымі слівамі вылезлі са сваіх арбітаў і пырскнулі сокам. Раптам аднекуль з’явіўся Чарвяк Хітрун і пачаў скокі. Электрык, не доўга думаючы, расціснуў яго — "пш-ш-ш", але Чарвяк быў моцны, як цвік, і прапароў падэшву Каваля: "Я-ха!" У гэты момант з вежы скокнула прынцэса. Калі прынцэса падала, ейныя залатыя валасы развяваліся і адтуль выскоквалі зоркі. У рэшце рэшт электрык сцягнуў з шыі ўдава, зрабіў з яго аркан, раскруціў над галавой і злавіў прынцэсу. Тая з крыкам: “Хатха ёга!" — звалілася ў абдымкі Каваля.
А Чарвяк вызваліўся з падэшвы і пайшоў на наступны дзень у школу. 3 таго часу электрык Рыгор Каваль вырашыў пайсці ў кнігагандлёвую сферу.
— Зразумеў? У кнігагандлёвую сферу! Гэта табе не булкамі ды рагалікамі гандляваць — тут патрэбны талент! — сказала галава і заўсміхалася.
— Галава, а галава?
— Ну, чаго табе?
— Ці ёсць жыццё на Марсе?
— А хто ж яго ведае? Можа і ёсць.
— А Марс чырвоны?
— Чаму, можа і сіні — асабліва калі глядзець на яго праз сіняе шкло. Дакладна: Марс — сіні!
— А мне здавалася, што калі глядзець на чырвонае праз сіняе шкло ці зялёнае, дык будзе чорнае...
— Ну, у кожнага сваё шкло — можа, па новых тэхналогіях і з новымі нязвыклымі фільтрамі... будзе інакш?
— А хто табе гэты Рыгор Каваль? Навошта ты сочыш за ім?
— Пэўна, марсіянін ён. Сам маракуй, такая, як у яго, знешнасць можа быць толькі марсіянскай.
калі па слупах поўзаюць рабочыя, у гэтым ёсць нешта прыгожае. Яны шахцёраў нагадваюць, але самі бліжэй да птушак. Рамантуюць там нешта пад самым небам, дрот цягнуць. Ізаляцыяй займаюцца. Заўсёды з цікаўнасцю ўглядаюся ў гэтыя антэны нашага жыцця. Вунь папоўз чарговы ў касцы з вялікім ліхтаром. Толькі каб слуп не зваліўся. He, мусіць, не зваліцца. А той хто паўзе? Будзе ўсё добра. Вось зараз управіцца — і будзе светла ў нашым доме.
4. — Што на цябе паўплывала, Рыгор? Што здарылася з тваёй разумнай галавой? Няўжо гэтыя зморшчыны,
што спрэс парэзалі твой шырокі лоб, — гэта чарговае неспадзяванае спатканне з электрычнасцю? А можа, цябе зачапіў бампер джыпа або якая раўнівая каханка добра прыклалася вострым абцасам? Нашто ты звязаўся з кнігарняй? Нашто сябе не пашкадаваў і кінуўся пад колы гэтай вар’яцкай машыны, імя якой не кнігарня, а... А-а-а?!! — лямантавалі пытанні ў галаве Рыгора.
— Дык усё вельмі проста. Прачнуўся ўначы, сеў у таксоўку, выйшаў у лесе. Шпацыраваў у цемрачы сярод дрэваў, слухаў пугача і крыкі невядомых птушак. Потым на паляне назіраў за зоркамі, дзе замест поўні прымроілася шыльда з надпісам: “Кнігарня Марс”. I тады мяне нібыта токам працяла: я мушу стаць уладальнікам кнігарні!
Дрэвы выталуплівалі залацістыя вочы і размахвалі серабрыстымі капелюшамі. Пугач пашчоўкаў дзюбай і прамовіў: ''Першы палёт на Марс — зялёныя чалавечкі — пошук вады — і першы марсіянскі пацалунак". Раптам з дупла вызірнуў нехта смарагдавы ды склізкі, нібыта балотная ціна. Гэты Нехта быў мясцовым сантэхнікам, ён выпрастаў плаўнікі, пазяхнуў і прыняўся штосьці нашэптваць. Гэты Нехта, аказваецца, яшчэ быў і паэтам. У дупле хавалася друкарка ''Рамонак'', і калі сантэхнік шаптаў, яна выцягвала свой хабаток, услухоўвалася і ціха друкавала. А дрэвы мармыталі разам з сантэхнікам: "Як надакучыла гэтая адзінота. Як мы стаміліся".
— Клініка, — сказала галава.
— Ну дык. Ад самага пачатку было зразумела.
— Я б яму рэкамендавала запісацца на сеанс ёгі — магчыма, неяк трошкі і адпусціла б.
— Сумняюся, бо выпадак напраўду клінічны. Некаторыя ўяўляюць сябе гітлерамі і сталінымі, а гэты, бачыш, захацеў быць дырэктарам кнігарні. Дурань.
— У кожным выпадку кепска скончыць.
— У горы палезе.
Паэтычныя шпацыры вельмі карысныя для страўніка! Таму хутка скідваем хатнія тэпці і піжаму! Апранаем спартовы гарнітур! Нацягваем кеды! I наперад! He балбатаць! Вобразы любяць цішыню! Сонца на даляглядзе ўжо чакае! Яшчэ трохі — і мы наловім цэлы тузін тлустых вершаў!
машына і кенгуру рассякаюць паветра разам і не збочваюць анікуды. Неба — сінімі палосамі. Ты мне паверыў? Я сам сабе не веру, але бягу, яктой кенгуру. У маіх кішэнях — кенгураты і кураняты. Яны пішчаць, муркаюць і крумкаюць. Я сам ужо зусім гулі-гулі. Але скокі мае вялікія і неверагодныя. Ногі мае — моцныя, а рукі цягнуцца да неба. Уявіце кручкападобныя рудыя пальцы. I восьужо мае рукі чапляюць на сонца сіні кепур. Паветра аплятае мяне аксамітнай махрой. Я — задыхаюся. Я — адплёўваюся. Я ледзь не валюся на асфальт. Я блытаюся ў паветры, нібы ў прасціне, але скачу! Скачу! Можа, я — саранча?!!
5. Адыходзім ад тэмы. Шпацыр па горадзе: нешта ёсць нязвыклае ў вечаровых ліхтарах. Яны нагадваюць... Ды ні халеры яны не нагадваюць. Ідзеш і думаеш: што яны нагадваюць? Баян — бліскучы, з кнопкамі.
Гэта ж шыза. I голас з цемры: “Дай грошай!” Вось тут ужо не да баянаў. Альбо хуткія ногі, альбо моцныя кулакі. Можа, гэтыя, зашмальцаваныя ў вершах, ліхтары нагадваюць кулакі?
у вас, натуральна, паўстала ўжо шмат пытанняў. Што за галава? I хто з ёй размаўляе? Я не ведаю. Гэта падобна да гатавання шашлыку — толькі ў маім выпадку я выступаю ў ролі парсючка, якога збіраюцца засмажыць. Мы сядзім за круглым сталом, нас ужо некалькі чалавек. I ўсе мы маўчым ды з трывогай пазіраем адно на аднаго.
6. He — аднойчы я зразумеў. Трэба ўсё кідаць і ўцякаць. Інакш не ўратуюся. Бегчы! Бегчы! Гэтыя Кавалі ды Крывыя давядуць мяне да цугундара. Піраміды былі не толькі ў галаве — яны былі і фінансавыя і маглі абрынуцца ды пахаваць мяне пад сабой у кожны момант.
Я падышоў да лядоўні. Прыклаў да яе вуха. Там нешта шоргалася, нібыта ў ракавіне. Свісцеў вецер і плёскаліся марскія хвалі. Я расхінуў лядоўню — і... Адзінокая бутэлька піва, побач засохлы сырок, які нагадваў здохлае мышаня. Звычайная справа, калі жонка ў камандзіроўцы, а з галавой у чалавека, далікатна кажучы, не ўсё ў ладах. У кватэры мора лавіць? Ну, хіба што ў ваннай. Але не выключана, што хутка і белых чалавечкаў спаткаю. He выключана — не выключана. Ведаем мы такія выпадкі.
Лядоўня выцягнула свой доўгі барвовы язык і ўхапілася за прагную руку наведніка. Сырок плюнуў у твар нечым зялёным і ліпкім. Піва гідка захіхікала, скінула накрыўку і пачало плёхацца, нібыта шампанскае. "А-а-а-а-а! — дзіка зароў наведнік. — Есці хачу!" Ад гэтага ляманту язык лядоўні ўчапіўся яшчэ мацней. На наведніка зверху падалі кропелькі сліны. I раптам: "На-а-а!” Прама ў твар яму заляпілі тортам!.. Адкуль? Як? Што гэта? Потым яго нешта засмактала, аблізала. Язык злізнуў з твару кавалкі крэму і выплюнуў наведніка прэч.
— Галава, а галава, скажы, ад чаго залежыць надвор’е? — Ад людзей яно залежыць.
— Ты ўпэўненая? А мне здавалася інакш. Штодня чую па тэлевізары: ‘Тідраметцэнтр паведамляе”. I навіны надвор’я: дождж, вецер, паводка, тэмпература такая і г. д.
— Выкінь тэлевізар у вакно.
— Навошта?
— Надвор’е залежыць ад настрою. Сказала табе зранку жонка, якая ты свіння, дык і надвор’е ў цябе будзе свінячым. А сказала, які ты зайчык, і надвор’е будзе адпаведным — быццам халодны маркоўны сок пад сонцам.
* * *
чалавечкі чалавечкі адстуквалі абцасамі пахавальны марш Вецер пераменаў набіваў сваё пуза крышталёвымі палачкамі Імбрыкі свісталі не спыняючыся
Здавалася ад іх пранізлівых галасоў абваліцца сонца Птушкі замёрлі і баяліся зварухнуцца А чалавечкі чалавечкі білі па бетоне сваімі чорнымі хромавымі ботамі I думалася што вакол перакуліўся свет I думалася што настаўтой час калі са сваіх хованак вызіраюць злыя пацукі
7. Зрэдчас Рыгора апаноўвалі неверагодныя думкі. Ён думаў, што кнігі — гэта цагліны, з якіх будуюцца палацы для заможных людзей. Рыгор любіў чытаць п’яныя кнігі Чарльза Букоўскі, любіў і вершы Федэрыка Гарсія Лоркі. Таго, як кажуць у народзе, “каўбасіла не па-дзіцячаму”. Часам душа Рыгора была балалайкай, часам нагадвала Везувій з агнём і попелам. Можна сказаць, што Рыгор заставаўся электрыкам, толькі ягоная праца з электрычнасцю цяпер была іншай. Гэтая электрычнасць пырскала згусткамі літараў, выштурхоўвала магму словаў і радкоў. Аднак не будзем залішне рамантызаваць Рыгора — ён заставаўся выпівохам, аматарам бойкі і да таго ж быў не супраць ухапіць дзяўчыну за спадніцу. Здаралася, што Рыгор прачынаўся невядома дзе — на трамвайным або аўтобусным прыпынку. Ці на прыступках пад’езда. Было такое, было...
Кулак выплыў з трамвая нумар 5, гэта быў здаравенны і апухлы кулак, відавочна, у свой час яму пад скуру запампавалі вазелін. I цяпер гэты корх выглядаў фантастычна. Ён агледзеўся. Вакол было ціха, толькі нейкі чмыр сядзеў на прыпынку. Кулак адкашляўся і буркнуў:
"Дай запаліць". Чалавек схамянуўся, спалохана заміргаў вачыма: “He палю".
Чалавек не мог зразумець, што гэта за хрэнь плавае тут і адкуль той голас. Перад яго вачыма намалявалася нейкая распухлая груша. У наступны момант яна абрынулася і моцна ўдарыла ў сківіцу.
Галава зарагатала:
— Я зараз заплачу! Трымайце мяне! Ну не магу. Смех дый і годзе!
— Столькі пафасу ў гэтай гісторыі, што стрымацца напраўду цяжка. Такое ўражанне, быццам наш герой — недасмажаны амлет.
— Гы-гы-гы.
— Галава?
— Слухаю.
— А як скончыць жыццё гэты Каваль?
— Кепска.
— А больш канкрэтна? Хацелася б у дэталях...
— Ага, бачыш, зацікавіўся. А казаў навошта, навошта? Натошта. Слухай далей.
* * *
у вашым страўніку дысбаланс Бутафорыя замяніла мяса Гэта трагічная гісторыя Бясконцыя трафарэты выпэцканыя крухмалам Сны перамяжоўваюцца авацыямі гледачоў Падаюць з неба пернікі Каханая ўключае грамафон I толькі ты сядзіш каля тэлевізара і трэскаеш сваімі перасмажанымі макаронінамі Мора і ром Параход і адэкалон Змрочныя кадры эскадры
* * *
Калі п’янага Букоўскі ўпрыгожыць лістамі капусты — атрымаецца неблагі нацюрморт. Калі Рыгора трэснуць па галаве цаглінай, з ягонай галавой анічога кепскага не здарыцца — будзе добрая кладка. Нібыта цагліна да цагліны. Чырвонае да чырвонага. Я думаю пра адно. Навошта такія рыгоры нараджаюцца? Мабыць, дзеля таго, каб у грамадстве быў пэўны дысбаланс. Каб дабрыня не перамагала зло. Каб павучок з'еў мушку. Каб воўк праглынуў зайца. Каб альпініст зваліўся. Каб. Калі п'янага Букоўскі ўпрыгожыць куфлем пеннага...