Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
8. — Чаму ж ты не пайшоў у камбайнёры, Рыгор? Ці ты баяўся трынаццаць разоў трапіць пад камбайн? Ну, гэта перабольшванне. Адзін, максімум два разы пераехала б — і ўсё. Падумай. Поле, сонца, саспелыя каласы пшаніцы. Любімая жанчына ў спёку прыносіць збан з малаком. Што ж цябе спыніла? Змена прафесіі электрыка на камбайнёра была б больш зразумелай. Паглядзі, асноўныя навіны краіны пачынаюцца пра людзей, чые рукі з мазалямі трымаюць стырно камбайна! Чырвоныя аграмадзіны прыгожа паўзуць і перапыняюць шлях вайсковым калонам. Хлебаробы — самыя заслужаныя людзі нашай краіны!
— Ды мяне неяк да кніжак заўсёды цягнула. Камбайн — гэта, вядома, крута. Але ж я марыў працаваць з кнігамі.
— Чаму ж ты ў міліцыянты не пайшоў? Бясплатная вопратка, рэгулярны заробак, магчыма, казённы транс-
парт. Уяві: на баку кабура з пісталетам, пагоны блішчаць, фуражка танчыць ад ветру. Лепшыя людзі краіны сёння ходзяць у пагонах! Лепшыя пісьменнікі ідуць служыць і потым рапартуюць аб сваіх дасягненнях. Ты б мог спалучаць службу і літаратуру. Даслужыўся б ужо да падпалкоўніка. Ты відавочна зрабіў не зусім правільны выбар. Ты не панюхаў пораху!
— Я марыў пра іншае. Хацелася нюхаць не канцылярыю, не порах... Хацелася забурыцца носам у паперу з мастацкім словам. Пах друкарскай фарбы варты ўвагі менавіта ў прыгожым слове філосафа і паэта... Пах, ай, гэты пах!.. Я сумняюся ў прыгожым слове патрульнага. Яно, верагодна, па-свойму прыгожае і важкае, але ж надта часам палохае.
— Можа, ты не патрыёт?
— Я? Я — дырэктар кнігарні.
Камбайн, як ні вымагаўся, не мог разагнацца — ён крактаў і вохкаў. Камбайнёр — мажны дзядзька — паліў цыгарку. Замест рук у камбайнёра былі два шчупальцы, імі ён лоўка трымаў стырно. 3 дынамікаў камбайна заліхвацкі грымела песня: ''Напаі мяне бярозавым сокам". Побач з камбайнёрам у кабіне сядзеў маленькі парсючок Жора, які толькі нядаўна навучыўся першаму слову: ''Мама". Слова "тата" для яго было пакуль незнаёмым. Затое ён дасканала ведаў арыфметыку — мог ружовым рыльцам тыцнуць у патрэбную лічбу. А яшчэ ў кабіне быў прусак Генюсь — ён нядаўна пафарбаваў свае крыльцы ў сіні колер і гэтым вельмі ганарыўся. Размаўляць ён таксама не ўмеў, але назаляў усім сваёй прысутнасцю.
Галава рагатала доўга. Я ўжо стаміўся чакаць, калі гэты рогат скончыцца. Галава пачырванела і нават пырскала слязьмі.
— Вой, не магу!!! Каваль — сапраўдны мазахіст! Дырэктар кнігарні! Будзе больш дакладна, калі казаць — дырэктар грамадскай прыбіральні!
— Ён жа не любіць камбайнёраў і міліцыянтаў...
— Ну, яму яшчэ гэта адгукнецца. Дарма ён так выкрыўся, вой, адгукнецца.
галава мячыкам качалася па падлозе. Хацелася добра ёй нападдаць, каб яна супакоілася. Я сябе стрымліваў і толькі сказаў: 'Тссс, кабачок недаспелы!" Галава мяне не слухала і залівалася гучным 'га-га" ды "гы-гы"! Вецер з вакна варушыў на галаве рудыя валасы. Здавалася, што вочы проста пырскаюць жоўцю ад напружанага рогату. Я не вытрымаў ды кінуў у галаву тапкам. I трапіў! Галава заціхла, толькі злосна на мяне пазірала і крывілася.
9. — Я думаю, трэба нарэшце разабрацца — што ты чакаеш ад кнігарні? Ты думаеш, што крама нагадвае дзяўчыну — капрызную і патрабавальную? Ты ж з ёй цацкаешся штодня і спадзяешся на ўзаемнасць? Ідыёт! Дзе ты бачыў у нашай краіне ўдзячныя адносіны паміж кнігарняй і ейным уладаром? Дзе, я цябе пытаюся? Гэта з разраду фантастыкі! Гэта фуфло! Гэта маразм у дзесяці пакунках!
РАПТАМ: Рыгор Каваль глядзеў на пракурора. Пракурорскі погляд наганяў на яго моцныя дрыжыкі. Ад пракурора сыходзілі нябачныя сігналы: “Я цябе, сцука, пасаджу!” Каваль маўчаў — ён не знаходзіў словаў. Яму было страшна. Словы пракурора нагадвалі атручаныя кулі — яны траплялі ў самую пячонку. Бо пячонка ўжо даўно неяк пастрэльвала і ныла. Было адчуванне, што ў венах булькоча атрута. Здавалася, яшчэ крыху — і ён пабачыць сівую бабулю з касой.
Так-так, вось яна і прыйшла... Сухая патрэсканая скура з язвамі і чарвякамі, сівыя рэдкія валасы, крывая бяззубая ўсмешка...
Пракурор сядзеў насупраць і свідраваў Рыгора цяжкім позіркам. Ягоныя вочы здаваліся пацучынымі, сівыя вусы варушыліся, як два вусені на рыбалоўным кручку. Пракурор размінаў тлустыя пальцы.
Рыгор закашляўся і выціснуў:
— Я тут спрабую варыянты, новыя тэхналогіі. Ствараю з кнігарні гібрыд — акрамя кніжак прапаноўваю амерыкана і капучына...
Пракурор зарагатаў:
— Ты — недабіты рамантык! Утопія! Як ты думаеш пагашаць арэнду і заробкі супрацоўнікам? Дзесяць кубкаў кавы на дзень — не смяшы мае тапкі! Прычым сем з іх для супрацоўнікаў — па сабекошце! Ты — банкрут, Рыгор! Банкрут! — Пракурор раптам стаў вялічыцца ў памерах і пры гэтым дзіка роў: “Банкрут!” Хутка ён стаў нагадваць вялізную надзьмутую ляльку. Пракурор навісаў над бедным Кавалём і зверху грымеў: “Банкрут!” Нечакана яго галава набыла абрысы драпежнай рыбіны, мерачыся заглынуць нашага дырэктара кнігарні! “Банкрут!!!”
Раптам сон скончыўся — дырэктар кнігарні прачнуўся ад таго, што па твары бег вялікі павук. "Дзякуй. Вялікі дзякуй", — сказаў, ці, хутчэй, падумаў Рыгор. Яго ўсяго трэсла, і ён быў мокры ад халоднага поту.
— Што скажаш, галава?
— Я скажу, што сон у далонь! — і галава захіхікала. — Гэта як?
— Мудак!
— Гэй, ты, ведай мяжу!
— Ды я не пра цябе, — асклабілася галава. — А пра нашага героя. Пра нашага цудоўнага і ўсемагутнага дырэктара — хі-хі, — ці ўжо зняволенага?
— Думаеш, так і будуць разгортвацца падзеі?
— А хто ж табе скажа без ста грамаў?!!
— Ды куды табе? У цябе ж пуза няма! А хош бутэльку пастаўлю.
— Я ця пастаўлю!!! Я ця пастаўлю! Так пастаўлю! — зараўла раззлаваная галава. — Інвалідам у мяне будзеш!
— Чыя б карова трындзела...
— Ры-ы-ы-ы-ы... — заклекатала галава.
— Маўчу, — пагадзіўся я.
Сон №2. Прымроілася, што выйшла кніга з трыма раманамі. Фаліянт — вялікага фармату, на прыгожай шэрай паперы і са шматлікімі каляровымі ілюстрацыямі. Усе разглядаюць новае выданне і знаходзяцца пад добрым уражаннем ад паліграфіі. Раптам з кнігі выскоквае адзін вайсковец у форме напалеонаўскіх часоў, потым наступны, яшчэ, яшчэ... Яны сыплюцца нібыта гарох. Гэтыя вай-
скоўцы вырастаюць курдупелямі. Яны акружаюць прысутных і пачынаюць усіх расстрэльваць. Крык, гам, плач...
Сон №3. Я ў нейкім памяшканні бачу шчыт, ці, хутчэй, нейкую дошку з інфармацыяй "пра ўсё ў свеце". Розныя выразкі з газет, неахайна прышпіленыя ці зусім ужо пашкамутаныя. Я выцягваю стос новых газет і пачынаю выразаць і прышпільваць кавалкі з артыкуламі на голкі, пругкі, пластылін. За гэтым заняткам мяне заспявае незнаёмец, які раптам паведамляе, што мне жадаюць прапанаваць працу. Я задаволены: "Значыць, ацанілі завіханні ля дошкі. Добрая падпрацоўка ў вольны час. Працы на палову гадзіны максімум". Я пагаджаюся на сустрэчу з двума невядомымі. I што ў выніку? Разумею, што хочуць прапанаваць распаўсюджваць наркотыкі. Я ў жаху. Але вакол мяне чалавек дзесяць. Адзін, з альбомам, паказвае мне метады іх працы, другі — бачу — стаіць за спінай з бліскучай пілой. I калі я не пагаджуся на працу, відавочна, заб'юць. Я неякдзіўным чынам прадзіраюся праз іх шыхты і збягаю. Мяне пераследуюць. Адчуваю, што страшэнная развязка набліжаецца. Тады я выходжу на праезную частку дарогі і раскідваю рукі, спрабуючы спыніць аўто...
* * *
скаціўся ад (да) слова жывёліна Зрэшты голас таксіста казаў Мы — аднолькавыя He ад кавы — ад колькасці Калоў арэхі Піў салёныя воды Глытаў вецер як быццам вятракУ казіно плафоны разагравалі кроў Біў невядома каго А каго? — мабыць ад слова кагор Горад быў маімі гарамі Праца падыхала Аднак яшчэ дыхала чырвонымі пухірамі Раскрадаў паветра свабоды
* * *
Галава пацерлася вушамі аб крэсла:
— Здаецца, палягчэла. Але плясні піўка.
— Ты ўпэўненая?
— Так. Горай ужо не будзе. — Галава ўздыхнула. — Стамілася.
Я выцягнуў з лядоўні пляшку нефільтраванага "Францысканера". Скінуў адкрывачкай накрыўку і паставіў піва каля галавы.
— Халоднае. Глядзі, якая запацелая бутэлька, — сказаў я і дадаў: — Так і просіцца.
Галава выцягнула вусны дудачкай, выталупіла вочы і ціхенька прысмакталася да рыльца. Было чуваць, як яна п'е. Нешта па гуку нагадвала сіфон.
— Бедная, — канстатаваў я. — Нацярпелася.
Галава дапіла піва. I раптам злосна сплюнула ды паведаміла:
— Зараз я цябе біць буду. Нацярпелася.
10. Зноўку раптам:
“Банкрут, Рыгорка, танчы! Танчы!” — крычала бабуля. Бабуля надрывалася. Вены на ейнай шыі былі нейкія ўскудлачаныя і сінія. He бабуля — інвалідны вазок, у які хацелася заскочыць. Нешта туды цягнула. А бабуля верашчала: “Танчы, Рыгорка! Танчы! Ты — булка нашай кнігагандлёвай сферы! Булка! Булка! Ты ўзбадзёрваеш сваёй дзейнасцю цэлую краіну! Краіна без такой булкі не зможа! Танчы! Ты натхняеш непаўналетніх да выбару паміж касяком і кнігай! Кнігу! Кнігу! Кнігу! Тоўстую, пераетую, папяровую фраў! Танчы, Рыгорка! Танчы! Ты выпраменьваеш кулямётныя строфы —
ты ўжо не кнігагандляр! Ты амаль кулямётчык! Кнігі! Кнігі! Страляй! Страляй! Танчы, Рыгорка! Танчы! Ta-TaTa-Ta-Ta!!!”
Рыгорка танчыў. Прамяні сафітаў асвятлялі ягоны велізарны торс. Ён танчыў і трымаў кубак з віскі. Сёрбаў і танчыў. Напой працінаў да самых пазногцяў. Горла прадзірала. Торс падрыгваў і блішчэў потам у рытме музыкі... Рытмічная электронная музыка. Рыгор танчыў. I вось ён трымае ручны кулямёт і пачынае страляць. Усё аплывае чырвонымі фарбамі. Льецца ракой кроў... Танчы, Рыгорка.
Сон скончыўся нечакана... Рыгор ляжаў тварам у салаце аліўе... сціскаючы ў руках паўпустую пляшку гарэлкі, з якой цурболіў тоненькі струменьчык, што сцякаў па левай назе... Прачнуўся...
— Ніколі не любіла салату аліўе, — сказала галава.
— Ты можаш есці? — здзівіўся я.
— А ты як думаў? He святым жа духам!
— Ну, няхай. Дык чаму ты не любіш аліўе?
— Тлустая — зазвычай у ёй замнога маянэзу. Вось грэчаскую салату я люблю, — прызналася галава і заўсміхалася.
— Ну, мне ўвогуле больш падабаюцца катлеты!
— Твае катлеты часцей за ўсё з тузікаў вырабляюць!
— Пагавары ў мяне! — агрызнуўся я. — Сама будзеш Тузікам!
— Гаў! — злосна сказала галава, і я пачуў непрыемны рык.
[У сваім жыцці галава пакутвала даволі часта. Яна з болем згадвала, як яе трамбавалі ў бочцы разам з капустай, потым пасыпалі соллю, кменам і перцам. Перакладвалі лаўровым лістом. ''За што? За што мне гэткія пакуты?!!" — усклікала раз'юшаная галава. I не магла не зажурыцца, згадваючы іншыя, не менш сумныя моманты ў сваім няпростым жыцці. Аднойчы п'яныя маракі трымалі яе ўтрох за валасы і вушы і гвалтам залівалі ў рот моцнае піва. Так яны ўлілі каля шасці літраў і ўсё аніяк не маглі зразумець, куды ж гэтае піва знікае? I як многа яшчэ можа ўлезці ў гэтую бясцелую галаву?)