Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
* * *
Тлустая бародаўка пераўтварылася ў гладыёлус. 3 кветкі выпаўзла белая муха і пасунулася ў бок трохлітровага слоіка з мёдам. Слоік абурыўся: "Фіг з макам!" Муха атрымала добрага фофана. Калі яна ляцела, дык выпадкова закранула лямпачку, і тая імгненна згасла. 3 лямпачкі вылез белы чалавечак і сказаў: 'Распачынаем!"
15. — ты будзеш піць?
— кідаю. Колькі можна? Буду цяпер не піць, а кідаць кожны аўторак.
— дык гэта ж піць кожны тыдзень.
— не, гэта менавіта булькаць, а не піць. Калі я кідаю, я не магу атрымоўваць кайф ад злоўжывання алкаголю — магу толькі булькаць.
— можа, давай разам булькаць?
— разам яно, вядома, цікавей. Чым будзем булькаць?
— прапаноўваю трускалкавым сіропам!
— гэта несур’ёзна. Гэта ж атрымаецца трускалкавы безалкагольны запой.
— ты і ўчора казаў, што пачнеш новае жыццё, — і што ў выніку? Дакументы губляеш. Грошы раздаеш жабракам. Кнігі не прадаеш. Ператвараешся ў бурбалку для...
— для чаго? Ты кажы, кажы... Давай, скончы думку. Бурбалку для? Ч-а-г-о? Для балота? Для лайна?..
— у кожным выпадку гэта анічога не зменіць. Ты зноўку паабяцаеш і пачнеш булькаць.
— я, магчыма, пачну не толькі булькаць — я распачну начныя заплывы ў гарадской рэчцы. Можа, я там якога начнога шчупака злаўлю і ён падзеліцца са мной досведам булькання?
НА ДАЛЯГЛЯДЗЕ З’ЯВІЛІСЯ НАЧНЫЯ ЗАПЛЫВЫ
— Ах, мары-мары пра начныя заплывы, — працягнула галава. — Я б штодня займалася такой пачэснай справай.
— А салёнай вады не нахлябаешся? Кожны дзень — сап’ешся. Рызыкоўная справа. А грошы ты ўвогуле збіраешся зарабляць ці, думаеш, табе будуць плаціць за відовішча? Маўляў, глядзіце, як плыве ў начной цішы рудавалосая прыгажуня. Як яна махае сваімі вушамі, як падграбае вуснамі, a hoc — быццам кіль. Трындзец.
— Ну, наконт нахлябацца салёнай вады — можна і ў прэснай плаваць. Я магла б быць свайго кшталту цыркавой галавой. Усялякім жа вырадкам і курдупелям плацяць грошы. Чым я горшая за астатніх?
16. Я ўсё разумею, толькі адкуль у Рыгора Каваля грошы на праект? Адкуль у гэтага недаробленага электрыка ўзяліся сродкі на такую пачэсную справу? Ён што, дом пенсіянераў абрабаваў? Ці ўзламаў банкаўскае сховішча? Я ўжо маўчу пра адпаведныя веды для таго, каб займацца кнігагандлёвай дзейнасцю, ды бог з ім — паверым, што Каваль своеасаблівы вундэркінд. Чалавек, узрошчаны на бульбе, можа стварыць і не тое. Мы дакладна не ведаем, адкуль у Рыгора грошы, гэта цьмяная гісторыя: паводле адной з версій, грошы ён пазычыў, паводле другой — атрымаў у спадчыну, паводле трэцяй — яму іх перадалі іншапланетнікі. Гісторыя замоўчвае гэтыя факты. А нам застаецца толькі здагадвацца.
Мы адкапалі трохлітровы слоік з залатымі манетамі, аднак падзяліць іх не змаглі. Серафім зрабіўся ваўком, ягоная поўсць дасягала самай зямлі. Апанас пераўтварыўся ў зайца, і ягоныя іклы нам чамусьці вельмі не падабаліся. Што тычыцца мяне, дык я стукнуў чорным капытом, махнуў рагатай галавой, пляснуў хвастом па слоіку з манетамі — і бывай!Увесь свет наперадзе! А лётаць сярод аблокаў не гэтак і кепска! I вочы мае цяпер азораныя і залацістыя!
— Грошы-грошы, — сказала галава. — Нешта ўсе на іх звар’яцелі. He ў гэтым жа сэнс жыцця.
— А ў чым сэнс жыцця? — запытаўся я. — I дзе яго шукаць?
— На дне бочкі, — галава зарагатала. — Ты — наіўны, чалавек колькі жыве — столькі шукае гэты д’ябальскі сэнс!
— Д’ябальскі? — перапытаў я.
— Я ж фігуральна, — удакладніла галава.
— I ўсё ж — я анічога не зразумеў. Ты выступаеш супраць грошай?
— He, я выступаю супраць культу грошай! — закрычала галава. — Ты — нейкі ідыёт!
— Паглядзі на сябе — бочка віславухая!
У гэты момант “З-З-З-З-З" — тлустая бранзаваная муха села на амерыканскі долар. Мне падалося, што зялёная паперка незадаволена выгнулася. Муха марудна поўзала ў цэнтры піраміды. Я нават пачуў характэрны хрумст, нібыта піраміда бурыцца. Выснова была
адна: піраміды будуюцца з грошай. Асабліва фінансавыя. Гледзячы на м-м-муху, я чамусьці згадаў "МММ". Чаго толькі не прыдумаюць людзі!
17. Размова адной пашараванай кнігі з другой пашараванай кнігай
Сіняя зацёртая кніга пагардліва перагарнула некалькі сваіх старонак і шоргнула вокладкай:
— Ты думаеш, што калі ты зацёртая і чырвоная — ты самая галоўная на гэтым свеце?
Чырвоная кніга ганарліва выгнулася, і нават падалося, што зазвінелі пабляклыя срэбраныя літары:
— Я вось з’явілася зусім нядаўна, але ўжо запатрабаваная. Мой чытач падобны да кенгуру — мусіць скакаць разам са мной праз акопы. Я не шкадую свайго чытача, я не даю яму часу на роздумы; у мяне без спыну курадыміць чалавечае мяса. Я шкамутаю чытача кулямётнымі трасамі і мінамётным агнём, раз-пораз усчыняю ракетны абстрэл ягоных мазгоў, тручу хімічнай зброяй. Мне падабаецца спустошаны і закатаваны чытач. Я прадвеснік ягоных брудных сноў, дзе няма чысціні і спакою! А што ты? У цябе ж на вокладцы напісана: “марскі раман”. Што ты можаш даць, акрамя мокрага і сырога?
— Я? Я — палёт! Я даю надзею! Я перакідваю караблі, нібы дзіцячыя цацкі. Мой чытач — гэта вечны капітан! Ён адкрывае новыя землі і стварае гавані, ён выратоўвае слабых! У яго няма спустошанасці і закатаванасці — ён верыць, што дабро пераможа зло!
— Я, у адрозненне ад цябе, дарагуша, не патыхаю брудам і мачой, я раздаю пахі дарагой парфумы. Трэба адрозніваць быдла ад арыстакратыі.
— Пахі дарагой парфумы ў акопах? Ты што, здурнела? Гэтую размову падслухаў маленькі томік паэзіі. Ён ціха і жаласна ўздыхнуў, гледзячы на дырэктара кнігарні, што ляжаў п’яны ў цэнтры залы і пахропваў.
Я азірнуўся, побач стаяў малінавы гном. На каптуры званочак, ногі — у кедах. Між іншым, у ружовых. "Хто ты?” — наіўна запытаўся я. Гном нядобра ўсміхнуўся, і бачу: каптур камячыцца, вопратка распаўзаецца, кеды пэнкаюць — пачаў расці. I вось ужо нейкая аднавокая пачварына пазірае на мяне. Быццам у кінатэатры на фільме жахаў. Я на ўсялякі выпадак перажагнаў невядомага мне драпежніка — толькі ніякага эфекту. He вяртаецца гном. Раптам пачварына кажа чалавечым голасам: “Ну што, страшна?” Я адказваю: "Вельмі страшна". А яна мне: "Тады танчы, пакуль хопіць моцы, мо і не з’ем”. Пачынаю танчыць. Танчу гадзіну, дзве. Гляджу: нешта змяняецца. Вакол краявіды новыя, ды і пачварына зрабілася празрыстай. Як скончыўтанчыць, апынуўся... у кнігарні.
— О-о-о, майн гот! — рагатнула галава. — Я зараз заплачу. Колькі сопляў. Проста немагчыма. I скуль толькі бяруцца такія склізкія псеўдарамантычныя показкі? Дык гэта ж аслупянець можна, калі паслухаеш. Яшчэ Рыгора Каваля прыплялі. He далі яму паспаць дома. Цяпер храпіць невядома дзе!
— Ну чаму ж — вядома, — запярэчыў я. — У кнігарні.
— Нейкі ён бамжаваты стаў — я ўжо і не ведаю, як будзе жыць далей. Незразумелыя прэзентацыі кнігарняў, начныя заплывы і да таго падобнае. Співаецца чалавек.
— Дык ты мне сама пра яго і распавядала, — здзівіўся я.
— Ну, распавядала, — уздыхнула галава. — Я ж казала, што ён кепска скончыць.
— Ну так — усё ідзе да таго.
18. Рыгор прачынаецца і думае: “Я хоць сам і раздзяўбай, але ж не цярплю свінячых адносінаў да працы з боку супрацоўнікаў. Тое, што дазваляецца кіраўніку, не мусіць быць прывілеяй падначаленых. Камусьці ж трэба працаваць. Таму бывае, што я хачу прыдушыць Капітоныча. Часам я звярэю, калі Капітоныча няма на працы, і добра, як на мае вышукі ён яшчэ можа нешта ў адказ рохкнуць. Hi гудкоў паравоза, ні гудкоў парахода, ні гудкоў тэлефона. Дзяцел не дзяўбе. Трамвай не скрыгоча. Сонца не свеціць. Вецер не дзьме. Цені не шэпчуць”. 3 гэтымі думкамі Рыгор выцягвае з альбома фотаздымак Капітоныча. На прэзентацыі кнігарні яны шмат фатаграфаваліся. Кожны супрацоўнік лічыў за гонар апынуцца пад шыльдай і пакінуць свой фотаадбітак для нашчадкаў. Рыгор прышпільвае фота з Капітонычам да сцяны і выцягвае вялікі кухонны нож: “Рохкай, Капітоныч, рохкай, свалата! Хутка мы цябе засмажым — парсюк ты гэткі!” Рыгор кідае нож у фотаздымак. Бах! Рох-рох! Ага! Бах! Рох-рох!
Насамрэч Капітоныч не рохкае і не смажыцца — няма паху. Толькі летні вецер б’ецца ў шыбы кнігарні і голас бухгалтаркі недзе здалёк кліча Рыгора з астралу: “Рыгор Вельветавіч, тут да вас з падатковай — хочуць пагутарыць”.
У кнігарні завялася маленькая свінка. Мы не ведалі, што рабіць. Свінка хавалася за шафамі. Была версія,
што гэты маленькі ружовы свін накапаў там норак. Нашыя шафы час ад часу падазрона кракталі і рохкалі. Мы празвалі свінку Партызанкай. Бо як такое магчыма, каб у кнігарні патаемна жыла свінка?! Яна нам не шкодзіла. Бо грызла адно малацікавыя і няздарныя кнігі. А вось што да вадкасці... Тут было значна горш. Гэты сабака, прабачце, свінка скрадала нашае піва і гарэлку. Мы ўжо цверазець пачалі. Пасткі і атруту Партызанка абмінала лёгка. Толькі аднойчы яна неабачліва выскачыла на вуліцу, і тады мы, радасныя, зачынілі дзверы на ключ. Аднак праз два дні Партызанка (можна сказаць — з боем) прарвалася ў кнігарню. Ускочыла разам з выпадковым пакупніком. Паводле адной з версій, гэтую свінку прынёс Капітоныч.
— Галава, — я радасна пацёр рукі. — Здаецца, нешта цікавае пачынаецца!
— Я б сказала — працягваецца. Усё ідзе да лагічнага завяршэння, — зрабіла выснову галава.
— А што думаеш пра Капітоныча? — запытаўся я.
— А сам што думаеш? — весела перапытала галава.
— Ну, такі мілы супрацоўнік, п’е разам з дырэктарам, ідэальны варыянт, таму не ведаю, чым ён не задаволены.
— Мілы, кажаш? — галава падазрона захіхікала.
— Так. Ну, не працуе — што з яго возьмеш? Бярэ прыклад з дырэктара. Сам хоча бухаць, а мілых людзей прымушае гарбаціцца на яго. He, гэта не выйсце. Працаваць дык працаваць разам.
— Ну, чакай-чакай, — падазрона сказала галава.
19. НАЧНЫЯ ЗАПЛЫВЫ.
Мінула яшчэ дзён дзесяць. I ўсё, нарэшце, было падрыхтаванае для Начных заплываў. У кнігарні сабралося чалавек дваццаць пяць. Тут былі як вядомыя мажныя літаратары, гэтак і пачаткоўцы, якія яшчэ не ад’еліся ў жыцці і таму выглядалі вечна галоднымі. У цэнтры перад сталом стаялі ў гарнітурах (усё ж такі свята) Рыгор Каваль і Капітоныч. Рыгор Каваль нагадваў асятра. Гэтае падабенства было звязанае не столькі з дзіўным рабрыстым гарнітурам, колькі з ягоным носам, які быў сёння неяк нязвыкла выцягнуты і падаваўся нават завостраным. Капітоныч, наадварот, у адрозненне ад свайго дырэктара, выглядаў сапраўдным паядальнікам рыбы, гэткім бурым мядзведзем. Было бачна, што ён настроены рашуча і мае намер узяць самы актыўны ўдзел у спаборніцтвах. Усе трохі нерваваліся і насцярожана пазіралі на стравы. Стол выглядаў шыкоўна!.. Праўда, даўжыні троху не хапіла — да дзесяці метраў ён відавочна не дацягваў але метраў пяць былі нашыткаваныя!.. Шчыльна стаялі талеркі з самымі рознымі прысмакамі. Недзе з салаты вытыркаліся вясёлыя моркаўкі і сумныя агуркі. У цэнтры стала, як гара, узвышалася запечаная качка. Яе скура адлівала спакуслівай скарынкай. Здаецца, зубы сабраных ужо хрумсцелі гэтай вабнотай. Далей паказвала пашчу крывая, як шабля, рыбіна. 3 ускрайку падміргваў хударлявы парсючок. (I гэты парсючок некага падазрона нагадваў.) Нарэзка, ікра кабачковая, як кажуць, “заморская”. Карацей, стол выглядаў паважна і размаіта. Натуральна, было шмат розных бутэлек: ад налівак вішнёвых, парэчкавых, кменавых да звычайнай хлебнай самагонкі. I тут супрацоўнікі “Кнігарні Марс” былі на вышыні.