• Часопісы
  • Калі прыгледзецца — Марс сіні Антыраман Зміцер Вішнёў

    Калі прыгледзецца — Марс сіні

    Антыраман
    Зміцер Вішнёў

    18+
    Выдавец: Янушкевіч
    Памер: 276с.
    Мінск 2018
    42.88 МБ
    11.	Будынак кнігарні месціўся ў адным з памяшканняў ваеннага завода. Дарэчы, стратэгічнае прадпрыемства па вырабе зброі не знікла — адно скукожылася. Завод у свой час быў збудаваны з размахам — ягоныя карпусы нагадвалі вялікага мёртвага робата. Дык вось цяпер, ва ўмовах рынкавага сацыялізму, новая заводская дырэкцыя “галаву і ногі робата” прадала камерцыйным структурам, а само “безгаловае і абязножанае цела” пакінула. Будынкі завода сталі нагадваць мёртвыя запчасткі ад робата. Затое тут і дагэтуль велічна красаваўся помнік таварышу Сталіну. Кнігарня ўтульна ўладкавалася ў былыя заводскія сто пяцьдзясят метраў — насупраць помніка. Часам у Рыгора Каваля ўзнікала непераадольнае жаданне ўскочыць на каменнага Сталіна і ўзнагародзіць таго сяброўскім пацалункам малатка. А яшчэ — адкалоць ад галавы правадыра вусы, што нагадвалі памазкі для галення. Але Рыгор сябе стрымліваў і толькі сплёўваў. “Нічога — будуць знаходзіць кнігарню праз
    гэтага каменнага балвана. Вельмі добры арыенцір. Постмадэрнісцкі ход, так бы мовіць”.
    Сталін не хваляваўся — помнік жа быў каменным. Ён стаяў, як заўсёды, ганарліва распушыўшы свае магутныя вусы. Накропваў дождж. Сталін ужо даўно думаў пра пераезд — і нават намякаў пра гэта знаёмаму хобіту. Але той усё чамусьці ўпарціўся і адмаўляўся дапамагаць. Сталін адчуваў, што яму надакучыла. Яму страшэнна надакучыла. Таму вырашыў болей не чакаць. Да таго ж было 7 кастрычніка — Дзень сацыялістычнай рэвалюцыі. Сталін пагладзіў вусы і саскочыў з пастамента. Ногі трохі занямелі, але тае бяды. Ён не задумваючыся скіраваў у бок "Кнігарні Марс". Каля дзвярэй пабачыў ейнага дырэктара Рыгора Каваля, які, здаецца, чакаў Сталіна і таму не быў здзіўлены, больш за тое — радасна запрасіў правадыра ў краму і прапанаваў выпіць за сустрэчу. Ад такой нахабнай прапановы вочы Сталіна ператварыліся ў вуглі, і ён, ані не думаючы, апусціў свой каменны кулак на галаву дырэктара кнігарні. Той ад нечаканасці вохнуў і паваліўся з праломленым чэрапам.
    — А я за Сталіна ўдушыла б! — абурылася галава. — На святое замахнуўся!
    — Ты што, усур’ёз? — здзівіўся я.
    — Я што, хіба падобная да жартаўніка?
    — Ну, ён жа столькіх людзей закатаваў...
    — Пры Сталіне быў парадак! Ён перамог фашызм!
    — Слухай, ты зубы мне не палашчы. Адзін тыран заглынуў другога. Калі б здарылася наадварот, невядома, што б цяпер мы мелі. Можа, было б і лепей? Хто яго ведае?!!
    — Я за Сталіна і цябе задушу, — ашчэрылася галава. — Вораг народа! Нацдэм недабіты! Бандэравец!
    * * *
    трамваі нагадвалі імклівых чарвякоў. Колы не грукалі — яны спявалі, бо былі металёвымі барабанамі. Кандуктары былі суфлёрамі. Маленькая дзяўчынка прыціскалася носам да матавага шкла і старанна махала чырвоным сцяжком. Дзінькала рэха. He шкадуючы ботаў, па ходніках тупалі вайскоўцы. Камандзір махаўдырыжорскай палачкай. Мужчынскія галасы надрываліся і заікаліся. Было какафанічна і нясцерпна салодка.
    12.	Рыгор Каваль стаяў каля баржы і размахваў якарам. Ён хацеў закінуць яго вось туды — да дрэва. Там ён мог зачапіцца за карані, што тырчэлі з зямлі. Рыгор хацеў злавіць мясцовага капітана. Капітаны ж ловяцца, як мышаняты, на марскія біноклі, корцікі, компасы, цыгары, ром і каляровыя запалкі. Ён думаў аб тым, што яго можа выратаваць толькі капітан, бо ні партыйныя сакратары, ні іншыя босы яму не дапамагалі, а толькі перашкаджалі. Таму ён быў упэўнены ў правільнасці рашэння.
    — Вось тут я з ім цалкам згодная, — хітра сказала галава і стала нешта напяваць.
    — 3 чаго гэта ты так раптам? — здзівіўся я. — I што ты спяваеш?
    — Ды не раптам — я заўсёды пра гэта ведала. Проста не мела падстаў. “Капітан, капітан — усміхніся! Бо ўсмешка — гэта сцяг карабля!”
    — Пра што ты ведала?
    — Пра ўсё.
    — Пра што пра ўсё?
    — Пра тое, што капітаны — гэта людзі ад бога.
    — Усе мы ад бога.
    — Ну, не скажы. Капітаны — асаблівыя людзі.
    — Магчыма. Але і астатнія асаблівыя — толькі пасвойму.
    — Хопіць дурыць мне галаву, — раптам заявіла галава. — Я магу пакрыўдзіцца!
    — Як скажаш, — сцішыўся я.
    * * *
    Кот заўсміхаўся і паказаў белыя роўныя зубы. Можа, гэта Чэшырскі Кот? Як быццам рэклама дантыстаў. Лізнуў ружовым язычком лапу. Пракашляўся і распачаў ці то песню, ці то паданне: "Гастрыт майго цеплахода-а-а-а. Фікусы на рука-а-а-ах. Укусы паўзуць, нібыта п’яўкі-і-і-і. Ты адкідваеш фортку галавы, і на паверхню выплывае вясёлы пупок! Ціхая бяздонная казка запаўняе пустэчу галавы-ы-ы-ы. Думкі-пупкі плятуць узоры-ы-ы-ы. I здаецца — вакол карагоды каўбасаў і сасісак! I здаецца, цеплаход амаль патануў! Гудок. Яшчэ. Потым. Свіст. Рык. Рып. Святло навальваецца-а-а-а!.."
    13.	На пяты дзень пасля адкрыцця кнігарні супрацоўнікі пачалі прыходзіць у сябе. Запой патрошку, нібы спрут, адпаўзаў прэч — ягоныя шчупальцы адпускалі прагныя глоткі кніжнікаў. Перагару ў памяшканні паменела. Хаця бутэлек пакуль было шмат — самых розных колераў і памераў, — яны цудоўна аздаблялі памяшканне. Як быццам нейкая рэстарацыя, а не кнігарня. Рыгор Каваль узіраўся мутнымі вачыма ў паліцы з кнігамі:
    — Нешта ў нас мала прыгодніцкай літаратуры. А вось паэзіі перабор — не думаю, што гэта самы хадавы тавар.
    На словы Рыгора з кабінета высунуўся Капітоныч. Добрая душа. Круглы і няголены, з залысінамі, з поўсцю на запясцях — ён выглядаў каларытна. Капітоныч сёння быў у барвовым спартовым гарнітуры — такім спосабам ён спрабаваў перапыніць запой. Капітонычу падавалася, што цяпер бутэлькі будуць самі адварочвацца ад яго і ванітаваць. Але вопратка ніяк не адштурхоўвала чарговую порцыю віскі ад прагных і пухлых ручак Капітоныча, якія цягнуліся за гіпнатычнай шклянкай. Відавочна, што эксперымент правальваўся.
    — Ёсць ідэя, — агучыў няроўным голасам Капітоныч. — Я чытаў, што дзесьці ў Нью-Джэрсі прыдумалі спосаб, як завабіць кліентаў да рэстарацыі.
    Пасля такіх словаў Рыгор не ўстрымаўся і, натуральна, падтрымаў Капітоныча — каўтнуў добрую порцыю віскі. Дзень распачынаўся. Рыгору нават падалося, што ў кнігарню зазірнула баваўнянае сонца.
    — Так-так, але, Капітоныч, мы ж, па-першае, не рэстарацыя, па-другое, не Нью-Джэрсі, а па-трэцяе, што за метад?
    — Яны гэта абазвалі “Начнымі заплывамі”. У цэнтры рэстарацыі выстаўляўся даўгі стол метраў на дзесяць,
    дзе выкладваліся розныя стравы. Гулец быў абавязаны цягам хвіліны з’есці з кожнай стравы не менш за лыжку і дасягнуць канца стала... Калі гулец не ўкладваўся ў тэрмін, ён аўтаматычна выбываў з гульні.
    — I сэнс? — Рыгор, не разумеючы, развёў рукамі і заўважыў, як прыціхлі ўсе ягоныя п’яныя калегі, якіх цяпер назбіралася, акрамя Рыгора і Капітоныча, пяць чалавек. Волма, Караліна, Дашуня, Машуня і Дробс. Усе ў зборы. Усе гатовыя да перамог. Што называецца — калектыў пры поўным парадзе. Праўда, троху пакамечаны калектыў, але ж гэта ад шчасця і віскі, якія суправаджалі стварэнне такой цудоўнай прасторы, як кнігарня.
    — Удзел у гульні патрабаваў закладу ў сто амерыканскіх долараў, і той, хто выбываў, аўтаматычна пазбаўляўся яго. Затое той, хто праходзіў дыстанцыю, мог прэтэндаваць на адсотак ад грошай выбылых, але ж зразумела, што асноўным пераможцам заўсёды заставалася рэстарацыя.
    Рыгор каўтнуў яшчэ віскі і заўважыў, што яго падтрымалі ўсе астатнія — відавочна, ідэя ўсім падабалася. Бо пасля адкрыцця, на якое прыйшла процьма народу, кліент ва ўстанове быў рэдкай птушкай.
    — Што будзем выкладаць на стол? I колькі будзем браць у заклад грошай? I як з пункту гледжання заканадаўства? — Рыгор агледзеў прысутных: усе ўжо былі цёплымі і пачалі свяціцца. “Неяк вельмі сонечна стала ў нашай светлай кнігарні”, — падумаў Рыгор.
    Тут на дапамогу Капітонычу прыйшла бухгалтарка Волма — буйнагабарытная і чарнявая дзяўчына:
    — Паводле заканадаўства праблемаў не будзе — мы станем афармляць грошы як за прэзентацыю кнігі.
    — А што са стравамі? Ці вытрымаем мы такія выдаткі ў наш складаны час? — дзеля перакананасці Рыгор каўтнуў яшчэ віскі. Добра, што Машуня не забывалася на свае абавязкі тамады і своечасова напаўняла шклянкі.
    Тут узяла слова Дашуня — цэнтравая гандлярка:
    — Прапаноўваю, каб на першыя начныя заплывы ў кнігарні кожны прынёс нешта з хатніх страваў. Прыгатаванае дома смачнейшае за крамнае. Гэта, думаю, прыцягне ўвагу публікі. Давайце на першы раз браць з гульца адзін амерыканскі долар!
    — Ого! — ікнуў Капітоныч. — Ажно цэлы долар — гэта ж бутэлька чарнілаў. Давайце мо рублямі. Бо валюту нельга браць.
    У выніку вырашылі браць за ўдзел доларамі, бо надзейная, цвёрдая валюта.
    — А чаму іх абазвалі начнымі заплывамі? — запытаўся Каваль у Капітоныча.
    — Мерапрыемствы пачыналіся пасля дзесяці гадзін вечара.
    Супрацоўнікі кнігарні былі звычайнымі зомбі, бо яны начыталіся рознай лухты кшталту "зомбі-хорар". Таму Волма прыкруціла да цела левую барвовую руку, якая ўвесь час адвальвалася, і падышла да дырэктара Рыгора Каваля. 3 першага погляду было зразумелым, што латаць ягоную галаву давядзецца доўга. Мазгі троху расплюхаліся, і давялося іх збіраць рыдлёўкай. Затое вочы засталіся амаль цэлымі, калі не лічыць, што правае вока зрабілася цяпер зусім белым. Праўда, у гэтым быў нават своеасаблівы шарм. Волма паправіла свае
    рэдкія валасы і ўзялася за працу. Праз нейкі час дырэктар выглядаў як новенькі і радасна ўсміхаўся шчарбатым ротам.
    — Я ў дзяцінстве марыла стаць аквалангістам, — раптам заявіла галава і прыцмокнула. — Глядзець на падводны свет — адно задавальненне. Столькі ўсяго вакол. Дэльфіны, кіты, медузы, усялякія рыбіны... Колькі ўсяго таемнага і неспазнанага.
    — Ага, — пацвердзіў я, — акулы, падводныя лодкі, міны — рамантыка.
    пераходны посткрызісны перыяд вызначаецца агульнай млявасцю і памкненнем асобных грамадзянаў да п’янства. Што гэта? Крыніца натхнення? Ці крыніца самазнішчэння? Безумоўна, гэта крыніца. Добра, калі побач з крыніцай ёсць кубак і можна хлябтаць не з далоняў. У кожным разе мы назіраем вельмі нязвыклыя з'явы ў нашым грамадстве! Складаныя, часам небяспечныя, я б сказаў, з’явы... Вып'ем!
    14.	Калі пачынаецца кніга, паўстае момант для вярэдлівых роздумаў. Ці ўсё правільна ты зрабіў? Ці было тое піва патрэбным, ці, магчыма, тая з’едзеная галёнка апынулася залішняй? А той магічны ход насамрэч быў канцэптуальнай памылкай і рухацца варта было, аказваецца, у іншых кірунках? Гэтыя ды іншыя пытанні пачынаюць моцна турбаваць менавіта тады, калі ты перачытваеш змест.