Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
Кнігарня “Марс”
А яшчэ ў краме працаваў забойца. Звычайны забойца. Ягоныя пукатыя вочы былі страшныя, і зрэнкі наколвалі на сябе, нібыта мельхіёравыя голкі. Колер вачэй быў балотным, ад таго падавалася, што там жыве брудная жаба. Забойца любіў насіць капялюш, які хаваў ягоны твар, але не хаваў вачэй. Таму пакупнікі пабойваліся гэтага гандляра. У ягоную змену зазвычай наведвальнікаў было мала. Дзеці, пабачыўшы забойцу, крычалі, і маці выбягалі з кнігарні, падхапіўшы сваіх нашчадкаў пад паху. Забойца любіў распавядаць пра тое, як ён любіць котак і самаробную зброю. Пра гэта ён мог распавядаць доўга і са смакам.
12.
Мы пілі партвейн, і нам было добра. Мы не замарочваліся пра таемныя сэнсы, не білі сябе ў грудзі, не дзерлі кашулі. Мы адпачывалі. Слухалі вецер і пілі цудоўны салодкі партвейн.
— Мне гэты партвейн нагадвае спякотнае лета, — сказаў я.
— Ліпкае і сонечнае, — сказаў капітан.
— Моцнае і ўлётнае, — сказаў прывід.
— Потым паспрабуй згадай, што рабіў... каго біў, каго цалаваў... — я ўздыхнуў.
Прывід зарагатаў. Я ўсё аніяк не мог яго добра разгледзець, бо ён быў празрыстым, але пры гэтым кагосьці мне нагадваў... Каго? Каго?!! Няўжо? Я ўскрыкнуў:
— Гэта ты?!!
— Я, — спакойна адказаў прывід.
— Сталін, — змрочна прамармытаў капітан.
А) Ці апахмяляецеся вы, капітан Барада? Бо ўжыты з вечара ром можа справакаваць галаўны боль ранкам. Бывае, прачнешся пасля ўчорашняй пагулянкі, а ў pope ядзерная зіма, па скронях шпацыруюць нябачныя гімнасты, а цела — што тое бервяно. I гэта не ёсць добра. Кажуць, быццам піва здымае пахмельныя сімптомы... Што скажа на гэты конт прасолены морам прафесіянал?
Б) Памятаецца, быў такі расейскі даследчык Пахмелкін, дык ён вельмі не рэкамендаваў ужываць алкаголь да 16 гадзінаў вечара і пасля поўначы, каб алкаголь паспеў выйсці з арганізма да пачатку дня. Бо інакш у крыві застанецца шмат правакатыўнага рэчыва, а гэта наўпроставая дарога да алкагалізму. Таму я рэкамендую піць зранку кефір! Шклянка кефіру, нібы жывы эліксір, — гэта колер першай сняжынкі і смак свежага ветру! Самае галоўнае — не пераблытаць кефір з гарэлкай. Бо тады атрымаецца запой, і нічога добрага з гэтага
не будзе. А будзе ў хаце шмат бярвення, якое для будоўлі зусім непрыдатнае. Хіба распаліць печ...
а ў гэты самы час
кнігарня Марс
11:34 панядзелак
Дробс прыгледзеўся: чарвяк быўтлустым і нават, калі так можна сказаць, заможным. Ён быў падобны да сардэлкі, але ў адрозненне ад яе яшчэ і поўзаў.
— Хто ты такі? — запытаўся Дробс, як выхаваны чалавек.
— Я — Аўгуста Піначэт, — паведаміў чарвяк.
— Ого, — здзівіўся Дробс. — Няўжо той самы?
— He, нашмат мацнейшы. Той здзьмуўся, быццам балончык. А я яшчэ ого-го-го! — I чарвяк пераможна напружыўся да малінавага колеру.
— Ну, так, ёсць такое, — пагадзіўся Дробс. — А што вас да нас скіравала?
— Шукаю кнігу "Капітал" Карла Маркса.
— He можа быць, — яшчэ больш здзівіўся Дробс. — Аднак вы на правільным шляху. Нам якраз учора прынеслі яе ў букіністычны аддзел.
Дробс прынёс кнігу і паклаў побач з чарвяком. Той выпусціў фантанчык сліны і пачаў аблізваць фаліянт.
— Як вам заплаціць? — спытаў чарвяк.
Дробс быў уражаны тым, што адбываецца, таму замахаў рукамі:
— Нічога не трэба! Гэта вам падарунак ад кнігарні! Чытайце на здароўе!
— Дзякуй! — захрыпеў чарвяк і, як п'яўка, прысмактаўся да вокладкі. Потым аднекуль з'явіліся вялікія пластмасавыя крылы і чарвяк разам з кнігай падляцеў да адчыненай форткі і, як перагружаны карабель, ціха вываліўся на вуліцу.
— Да пабачэння! — яшчэ нейкі час гудзела ў паветры.
13.
Крывы доўга глядзеў на капітана і ціха насвістваў.
— Кінь дурное, — сказаў Барада.
— Гэта вы пра што? — здзівіўся Крывы. — Гэта вы мне?
— Табе-табе, — пацвердзіў капітан. — Канчай свісцеліць.
— He зразумеў, — здзівіўся Крывы.
— Ведаеш, ёсць такая прыкмета, — сказаў Барада. — Дома свістаць — грошы губляць.
— А-а-а-а, — працягнуў Крывы, — тады зразумела. Пытанняў няма.
— Спадар Барада, там да вас наведнікі — чакаюць у калідоры, — нагадаў я.
— Клічце! — дазволіў капітан.
А) Я нядаўна закахалася ў хлопчыка... Ён такі сімпатычны: з рудой бародкай, у вачах ліхтарыкі і тэрмасы плаваюць, бровы танчаць італьянскія танцы... у вуху кліпса ў выглядзе цмокавай галавы... На руках срэбныя пярсцёнкі, напраўду блізкая мне душа... Ну, прынамсі, так падаецца. Штосьці яднае нас... Магчыма, гэтыя ліхтарыкі і тэрмасы... Мне нават падалося, што мяне
нешта працяла, мо куля якая? Я яму ў нэце напісала: “Гарбата — кароль усіх каралёў...” А ён маўчыць, сабака... Ён што, тупы ці дэбіл? Як вы думаеце, капітан Барада?
Б) Трэба было напісаць проста і ўцямна: хадзем на гарбату! А так ён, пэўна, яшчэ абдумвае інфармацыю... Разважае пра каралёў і троны. Раю набыць у сувенірнай краме цацачнага ката. Я памятаю, што ў дзяцінстве майму сябру адна дзяўчынка падарыла цацачнага бегемота... Дык мой сябрук ператварыўся ад радасці ў шчанюка... Так-так, падары гэтаму дэбілу вялізнага штучнага ката — ён тады стане спаніэлем. Упэўнены — на сто адсоткаў. А калі не дапаможа... Запрасі на гарбату і замест цукру падсып яму солі. Яшчэ на сустрэчу мусіць выпадкова завітаць твая маці. Перакананы, гэтае знаёмства падштурхне хлопца да патрэбных словаў. А калі ты яшчэ скажаш, што выдаткі на вяселле будуць агульныя, то — Амін! Кажаш, што і гэта не спрацуе? Тады згадай, што дзесьці ў шафе была бацькава пастка на мядзведзя. Яна спрацуе дакладна!
* * *
— Што думаеш?
— Мяркуючы па швах, працавалі саматужна. Сцяжкі непрафесійныя. I ўвогуле шыя прымацаваная спехам. Па ўсім бачна, што спяшаліся. У версію пра Коза Ностра я не веру.
— Лічыш, працаваў аматар?
— Мо і банда злачынцаў. Тут адразу не зразумець...
Будзем думаць...
— Паглядзі, ніткі відавочна набылі ў бліжэйшай краме. Чырвоныя... А тут трэ было белымі шаўковымі. Аніякай павагі да сваёй працы...
— I не кажы...
— Хірургі хрэнавы... Ім бы толькі на гародзе з граблямі поркацца.
Першы бярэ ляльку і падносіць бліжэй да святла. Тая бездапаможна раскідвае баваўняныя рукі і бяздумна пазірае на даследчыкаў пукатымі маціцовымі вачыма з гузікаў. Першы другому:
— Глядзі-глядзі... Ну, аніякай павагі.
Другі бярэ ў першага ляльку, углядаецца:
— Вельмі кепска. Халтура. Я б такіх уласнымі рукамі...
14.
Капітан Барада бавіў час у бары “Чорны кот”, калі з’явіўся ён. Гэта быў дзіўнаваты чалавек. Ягоны твар нагадваў пляцоўку для баскетбола, здавалася, што замест вачэй у яго два карычневыя мячы. Чалавек зняў руды капялюш, усміхнуўся, паказваючы нейкія ненатуральныя зубы, — відаць, яны былі вырабленыя з фарфору.
— Вы капітан Барада? — запытаўся незнаёмец.
Барада паглядзеў на гадзіннік — было без трох хвілінаў тры гадзіны. Стрэлкі паўзлі маленькімі катвігамі. На цыферблаце быў трохмачтавы срэбраны карабель. I варта дадаць, што гадзіннік не цікаў,
а ціхенька булькаў — вынаходка сучасных майстроў. Нехта яшчэ спрабаваў цешыць не толькі дзяцей, але і бывалых маракоў.
— Да шостага лютага — без трох хвілінаў тры гадзіны, — заўважыў капітан.
— У мяне да вас справа, — сказаў чалавек.
— Слухаю ўважліва, — капітан жэстам прапанаваў прысесці на суседняе крэсла.
— Найперш вы павінны зразумець, — пачаў незнаёмы, — што заўтра ўвечары да вас прыйдуць нашыя людзі. Юнга Калібры трапіў у вельмі непрыемную гісторыю. Яму дапамагчы можаце толькі вы. Але не пытайцеся, што здарылася.
— I як мне на гэта рэагаваць? — здзівіўся капітан.
— Як на дадзенасць. Вы можаце толькі дапамагчы. Падзеі рухаюцца ўжо сваім кірункам, спыніць іх ці запаволіць не ў вашых сілах. Набудзьце на вячэру вэнджанай камбалы — яна супакойвае нервы. А калі яшчэ ў страўнік закінуць куфаль піва, дык атрымаецца зусім выдатна. Поспеху.
Сказаўшы гэта, незнаёмец падняўся. Капітан адпіў рому і заўважыў ля дзвярэй кавярні яшчэ нейкіх падазроных асобаў.
— Я буду заўтра чакаць вашых людзей, — пагадзіўся капітан.
Было адчуванне, што крэветка на талерцы выгнулася, нібыта пацягваючыся пасля сну. “Ну-ну, давай без сюрпрызаў”, — падумаў, ці, хутчэй, папярэдзіў нахабную ружовую крэветку капітан. Відэлец расклаў усё па сваіх месцах. “Хруп!” — і вось ужо крэветка плыве ў хвалях рому.
* * *
— Я сказаў, што не жартую! Мой лоб узмакрэлы — паўзуць макрыцы!
— Бяры макароны і запіхвай станожак у рондаль! — крычыць мне юнга.
— Мой дарагі юнга, ты яшчэ не бачыў трыццаць тры моры і не выпіў трыццаць тры бочкі віскі. Пакінь вусякоў у спакоі.
— Выцягніце гэтае цела на святло! Паглядзіце — сонца пратыкнула яго сваімі прамянямі! Цені засохлі! — крычыць юнга.
— Дурны ты, юнга. Малады і пакуль без пёркаў.
Барада сплюнуў у попельніцу. Плявок зашыпеў, нібыта на патэльні. Заскварчэў, быццам скварка. I Барада адчуў сябе цмокам.
15.
Выратавання не было. Здавалася, што нехта гуляе ў падазроную гульню, дзе няма пераможцаў.
A) А што мне рабіць з катом Фердынандам? Я месяц таму падабраў на вуліцы чорнае кацяня — маленькае такое... Выглядала цацачным... плюшавым. I вось месяц мінае, і кацяня ператвараецца ў вялізнага ката — што тая свіння... Уяўляеце, калі па кватэры такое шматкілаграмовае скача? Што цяпер рабіць, нават і не ведаю... Падкажыце, капітан Барада.
Б) Складаная сітуацыя. Зноў гэтыя кацяры... распладзіліся. Але нешта трэба прыдумаць. Павінна быць выйсце.
Мардаванне голадам можа выклікаць непрыхаваную агрэсію. Хіба ў клетку пасадзіць драпежніка? Хаця гэта, вядома, зусім не гуманна. Ці завесці бультэр’ера? Парве як тузіка. Але ж таксама нібыта не гуманна... Што ж зрабіць?.. Вось, прыйшла нечаканая ідэя — падары Фердынанда ворагу! Падары мастаку Шышкіну — няхай вострыць свае кіпцюры аб ягоныя палотны! Так, гэта самае лепшае выйсце!
16.
"Родзім, заходзь, — усцешыўся я. — Усе даўно засумавалі. Нам не хапае тваёй юначай весялосці. Варта пагрукаць утой рондаль, што цябе чакае, і распавесці нам казку пра белага бычка".
Родзім усміхнуўся бяззубым ротам. Юначай весялосцю і не патыхала.
“Я цяпер даследую Максіма Багдановіча, — прызнаўся Родзім. — Працую на нашую культурную спадчыну".
"Дык ты і сам культурная спадчына, — заўважыў я. — Пры чым тут Максім?"
"Увогуле мне даспадобы кулямёт Максім", — прызнаўся Родзім.
“3 гэтага і трэба было пачынаць", — сказаў я.