Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
— Ды я не кручу — проста не разумею, чаго гэта ты раптам накінулася? — апраўдвалася Дашуня.
— Ды вось гляджу на цябе, і ў мяне ўзнікае такое пытанне. Заробкі ў кнігарні маленькія — я б нават сказала смешныя. Аты ж не звальняешся — працуеш.
— Люблю кнігі, — прызналася Дашуня. — У мяне заўсёды да кнігі было стаўленне, як да нечага сакральнага і таемнага. А ў нашай кнігарні яшчэ і цуды здараюцца.
Дашуня падышла да люстэрка, што вісела на ўваходзе ў кнігарню, расшпіліла кофту, прыпадняла майку, адчыніла дзверкі ля грудзей і выцягнула адтуль трэцяе вока. Потым узяла з-пад стала малаток, ударыла сябе па лобе і ў зробленую адтуліну запіхнула вока. Павярнулася да Волмы і залілася смехам. Волма падобна ўдарыла сябе па лобе малатком. Пырскі крыві развесялілі абедзвюх. Затым агаліла жывот і выцягнула адтуль трэцяе вока.
I вось трохвокія дзяўчаты, узяўшыся за рукі, пачалі танчыць. Яны спявалі:"Нам не страшны шэры воўк! Шэры воўк! Шэры воўк!"
6.
Часам я думаў пра пластылінавых чалавечкаў, якія цяпер прыходзілі да мяне штодня. Яны наведвалі мае сны. У іх былі нядобрыя вочы, і доўгія рукі трымалі вялікія голкі.
Чалавечкі поўзалі па маёй галаве і час ад часу балюча калоліся. Я супрацівіўся: скідваў нахабнікаў, штурхаў нагамі, плюшчыў пальцамі... Усё было марна!.. Яны прыходзілі зноўку.
— Мы цябе не пакінем у спакоі! — крычалі чалавечкі. — Ты злоўлены! Табе капец!
А) Калі ты не любіш лекараў і спрабуеш іх наведваць як мага радзей (цябе ліхаманіць ад аднаго выгляду белых халатаў), а тут раптоўна забалеў зуб, што рабіць, капітан Барада?
Б) Ніхто не застрахаваны ад старэння. У будучым усе нашыя душы будуць спачываць на нябёсах, а састарэлыя целы застануцца ляжаць на могілках і карміць чарвякоў. Таму якая розніца: будуць на могілках ляжаць запламбаваныя ці дзіравыя зубы? А пакуль можна і патрываць. Самы просты спосаб: заліць зуб моцным алкаголем. Прыродная анестэзія. Толькі яна не надоўга — боль можа вярнуцца. Таму ёсць дзедаўскі метад выратавання ад болю — пакласці на дупло кавалак сала. He ведаю, як вам, дзеткі, а мне дапамагае. Дарэчы, не зашкодзіць папаласкаць рот вадой з соллю. На шклянку вады кладуцца дзве сталовыя лыжкі солі. Калі ж анічога не дапамагае — спрабуйце гада выдзерці! Поспехаў!
а ў гэты самы час
кнігарня Марс
11:00 пятніца
Кніга ладляцела да столі і там знерухомела. Кніга была ўсім вядомая: яна апявала жыццё Рабінзона на Бра-
слаўскіх азёрах. Галоўны герой праславіўся тым, што спрабаваў даіць курэй і пераблытаў памідоры з буракамі. Караліна заўсміхалася, выцягнула аднекуль лук, прыцэлілася ў кнігу і стрэліла. Пачуўся лямант:
— Караліна, я табе адпомшчу, старая ты вядзьмарка!
Караліна паказала язык. Потым узяла швабру, села, нібы на мятлу, і паднялася да столі, дзе паспрабавала выцягнуць стралу. Але не атрымалася! Кніга плюнула ў Караліну жывым карасём і паказала дулю. Валасы ў маладой жанчыны злосна заварушыліся. Яна ў адказ таксама плюнула — агнём. Кніга абпалілася і папрасіла літасці:
Даруй...
Задаволеная Караліна адшпіліла ад столі кнігу і апусцілася на падлогу.
Нашто ты пайшоў у капітаны? 3 дзяцінства ж любіў лавіць рыбу. Ды есці крабаў, ракаў, мідзіі, вустрыцы. Распілаваны марскі краб нагадвае разламаны грэцкі арэх. Бярэш лыжку і чэрпаеш з панцыра смакату. Потым шчыпцамі расціскаеш клюшні і выцягваеш чырвонае мяса. Га — асалода. Выганяць цябе з партыі “Зялёныя”, капітан. He шкадуеш ты нашых марскіх братоў меншых.
3 катрынкі выскачыў гумовы капітан, загайдаўся, нібыта лялька-неваляшка. Потым гучна зарагатаў.
8.
Што здарылася з тваім караблём, капітан Барада? Чаму ты на беразе, нібы выкінуты за борт карабельны пацук? Твой сіні кіцель пашараваўся, але ж і дагэтуль здалёк ты нагадваеш кашалота...
Усё вельмі проста. На тваім караблі здарыўся бунт — уладу забралі жанчыны. Іх было сем. Яны прыйшлі з кухоннымі нажамі і апалонікамі. Жанчыны блішчэлі жалезнымі савецкімі зубамі і шоргалі скуранымі тапачкамі. Яны паставілі на палубу вялікі рондаль з баршчом, расклалі паўсюль алюмініевыя талеркі і лыжкі. Цяпер яны храбусцяць долькамі часныку і, сёрбаючы ружовае варыва, абмяркоўваюць апошнія навіны спорту, палітычныя выбары, даводзяць самі сабе, што жанчына эмансіпавалася. Яны зацята крычаць адна адной, нібы на базары, што замуж ісці — гэта не іх справа, а дзяцей хай нараджаюць гэтыя медузападобныя мужыкі. Усё б нічога, толькі карабель сеў на мель, а жанчыны працягваюць сёрбаць смярдзючы боршч і абмяркоўваць прыгажосць спадніцы ў гарохі, якую нібыта апранала Кандаліза Райс у гэты чацвер. Што сталася з тваім караблём, капітан Барада?
а ў гэты самы час
кнігарня Марс
15:30 серада
У кнігарню зайшоў вядомы аўтар. Вядомы ў вузкіх літаратурных колах. Праславіўся ён тым, што з'еў кіпарыс падчас свайго літаратурнага выступу. Літаратара суправаджала муза. Варта сказаць, што без гэтай музы ён не выходзіць з дому, бо, паводле ягоных словаў,
тады ў яго баліць галава. Вядомы літаратар ікнуў і сказаў гандляру Дробсу:
— Мне, калі ласка, "Уліс" Джойса.
— Французскую версію, — удакладніла муза.
— Так, менавіта французскую версію, — пагадзіўся вядомы аўтар.
У вядомага аўтара сёння быў кепскі настрой, бо ён пераблытаў малако з віскі. На ім — чорны гарнітур і кепка футбольнага фан-клуба "Спартак”.
Дробс разгубіўся. Ён ніколі не чуў пра французскую версію Уліса, зрэшты, пра іншыя версіі ён таксама ніколі не чуў. Дробс прапаноўвае ''Малую зямлю" Брэжнева, а таксама яшчэ нешта з класікі чырвоных кхмераў. Вядомы літаратар моршчыцца і не хоча купляць анічога.
— А можа, нешта феміністычнае? — асцярожна запытаўся Дробс і ператварыўся ў струк чырвонага перца.
— Так!!! — закрычалі ў адзін голас вядомы літаратар і муза.
Дробс расцякаўся па кнігарні, нібыта клякса атраманту. Ён выгінаўся і танчыў, жангляваў кнігамі і пускаў мыльныя бурбалкі, прапаноўваў ірландскі джын і бразільскую каву. Блазны заўсёды ў пашане.
9.
Дым запаўзаў ва ўсе шчыліны. Дым падымаўся клубамі. Цыгара ў жоўтых гарбузовых зубах выглядала як кавалак каўчуку.
— Амаль што туман, — сказаў задуменна капітан Барада і выпусціў на свабоду чарговую порцыю дыму.
Мне здалося, што яшчэ імгненне — і я сам паплыву ў гэтых шызых хвалях.
А) Дзядзька Барада, а ці пасуе мне гэтая спадніца ў гарохі? Ці будзе Федзя звяртаць на мяне ўвагу?.. У мяне, здаецца, прыгожыя ногі...
Б) Бяры прыклад з сястрыцы Глорыі, даражэнькая, — вось дзяўчына без комплексаў. Яна лічыць, што мужчына мусіць лавіцца на мазгі. Ці як яна кажа ласкава: на моск! Менавіта праз літару К. МосК вырашае ўсё! Я скажу табе так, даражэнькая. Мы, вядома, любім патураць жанчыне. Мы з ёй пагодзімся, што нас цікавіць выключна яе MOCK. Але гэта, безумоўна, хлусня. Ну, калі жанчына выглядае як супрацьтанкавая гаўбіца, то нафіг мне ейны MOCK? Я лепей са сваімі мазгамі застануся. Жанчына павінна быць гарманічнай! Мой ідэал: MOCK + ногі. Але некаторыя хлопцы лічаць, што калі ёсць ногі, дык навошта той MOCK? Самца цяжка перарабіць. Філосафаў сярод нас няшмат. Але ты апранай спадніцу ў гарохі. Яна вельмі табе пасуе. Такія белыя лапкі мусяць упрыгожваць менавіта гарохі. Федзю спадабаецца.
3 табакеркі выскачыла не чарцяня — маленькі лысы таўстун з партфелем. Ён азірнуўся. Потым выцягнуў з кішэні насоўку і стаў абцірацца ды чмыхаць.
— Ты хто? — запыталі мы таўстуна.
— Я тут мімаходзь, — адказваў таўстун.
— Навошта ты тут?
— Я тут па асабістых справах, — адказваў таўстун.
— Можа, ты ліха, якое нельга будзіць? — не спыняліся мы.
— Я ліхадзей, які ловіць людзей, — адказваў нам падазроны таўстун.
Таўстун нам зусім не падабаўся, мы схапілі яго за каўнер і запхалі назад у табакерку. Ён упарціўся, крахтаў, лаяўся і пляваўся. Табакерку мы закінулі на сервант і адразу пачулі адтуль грукат. Мы парушылі цішыню і стварылі сабе небяспеку ў часе. Хто гэты таўстун? Што гэта за ліха такое? Адкуль і навошта? I за што? Мы не ведалі — толькі маракавалі. Слухалі гадзіннікі.
10.
I ўсё ж твой капітанскі мосцік застаўся ў кавярні “Чорны кот”. Тут ты можаш заўсёды пачуваць сябе капітанам Барадой — сапраўдным закарэлым марскім воўкам. Тут заўсёды для цябе знойдзецца кубак з грогам або твой улюбёны ром “Капітан Джэк”.
— Я абышоў усе акіяны і палову мораў, — скажаш ты. I наведнікі кавярні спыняць свае гаворкі і ўтаропяцца ў твой твар. Усе будуць чакаць аповедаў пра піратаў, акул, чорныя выспы і штормы. Абавязкова знойдзецца нехта, хто запытае: “А як там — гарэмы сустракаліся? Га?” I ты згадаеш пра таемную зямлю каля Гавайскіх выспаў, дзе ты трапіў у палон да племені Фулюлю і як там цябе выратавала прыгожая мурынка Косціка. Табе заўсёды нальюць яшчэ. I ты працягнеш гісторыю сваіх вандровак вакол свету.
На матч клубаў 'Таўрыкі" супраць "Пакемонаў” капітан прыходзіў у параднай форме, сядаў на трыбунах і адшпільваў галаву. Гномы акуратна бралі яе за вушы і неслі на футбольнае поле. Гучаў свісток арбітра!.. Гномы ў белым супрацьстаялі гномам у чорным. Галава была за футбольны мяч. 3 гэтага капітан меў экстрэмальны адпачынак. Галава поўнілася адрэналінам. Такім чынам яна гартавала сілу волі. На полі не шкадавалі экзатычны мяч — гномы білі з усёй моцы. Галава лётала, курлыкала і стагнала: "Ах!.. Вох!.. Ууууу!.. Аааа!.. Ах!.. Box!.." Потым капітан некалькі тыдняў залечваў фінгалы і кровападцёкі. Выпадковыя сустрэчныя палохаліся капітана, бо выглядаў ён напраўду вельмі неардынарна: галаву ўпрыгожвалі бінты, пластыры і зялёнка.
11.
Гэтыя наведванні капітана ператвараліся ў пэўную традыцыю. “У шаблон яны ператвараліся!” — заўважыць нядобразычлівец. He будзем прыпадабняцца да насарога, як кажа адзін малавядомы філосаф, а працягнем аповед.
Капітан пахропваў у хатнім гамаку. Давялося яго пабудзіць — былі сур’ёзныя пытанні... Капітан, капітан, капіташа, капітоша...
A) “VANATALLIN” — эстонскі лікёр... Ці п’юць яго ў Вентспілсе? Што вы можаце нам распавесці, капітан Барада? Кажуць, што пасля яго перад вачыма пачынаюць лётаць барвовыя ластаўкі? Ці праўда?
Б) Упершыню я пакаштаваў яго ў мараходнай вучэльні. Яшчэ за савецкім часам. Як цяпер памятаю, закусвалі яблыкамі. Цудоўныя былі часы. Маладосць. А ўвогуле гэта напой для дзяўчатак, не для марскіх валацугаў. Ластавак барвовых не памятаю, а вось хамячкі былі. Памятаю трох. Ляжалі — не варушыліся. Паздыхалі, мабыць, пасля таго лікёру. Рэкамендую хлопцам дзеля спакусы дзяўчат. П’яніць хутка. Моцны напой. Дзяўчат добра ім спойваць. Ага.