Калі прыгледзецца — Марс сіні
Антыраман
Зміцер Вішнёў
18+
Выдавец: Янушкевіч
Памер: 276с.
Мінск 2018
— Анічога ў цябе не атрымаецца. Шызафрэнікам
і параноікам месца ў лякарні. Пішчы, пішчы. Мышаня з пытальнікамі.
Спрачацца не хацелася. Я выцягнуў цыгару, запаліў і зацягнуўся. Потым, не думаючы, выпусціў дым прама ў вочы галавы.
Галава закашляла, заплакала ад дыму, але ўпарцілася і працягвала з пагрозай:
— У аўторак усё скончыцца. I будзе апраметная на зямлі!
— 3 гэтым мушу пагадзіцца! Так яно і будзе! — рэзюмаваў я і затушыў цыгарэту аб лоб галавы.
11.
Вусаты і патлаты Камал. Ён заўсёды вылучаўся любоўю да выпіўкі і жанчын. Капітан яго любіў за шчырую размову і адкрытую душу. Любіў за апухлы добры твар, за вечна мокрыя піўныя вусы, за шкляныя вочы. Кожны раз Камал звальваўся невядома адкуль і правакаваў на ўчынкі.
— Прывіт, — сказаў Камал і заваліўся ў кватэру капітана, дзе той стаяў каля люстэрка з пінцэтам і раздумваў, што яму рабіць далей.
— Камал, ты якраз да месца. У мяне дэпрэсія, і жыццё сёння падаецца бессэнсоўным. Я ўжо падумваю, як ліцэістка, якая страціла веру ў каханне, здзейсніць акт суіцыду. На дванаццаты паверх, нагой у акно і гудбай! 3 якім задавальненнем пасля гэтага я б паглядзеў на рудыя пысы сваіх крэдытораў. Так і бачу, як яны выва-
рочваюць свае тлустыя рукі і крывяць тлустыя вусны. А я ім з неба: ‘Тудбай, крэтыны!”
* * *
Нагой неба не праткнеш. Кноты запаленыя. Коні брэшуць. Нехта спявае, а нехта плача. Ты мне верыш? Я не веру сабе сам, бо ўчора пахаваў на балоце жабку. Цяпер я няшчасны і шчыры. Шчыры верай у чалавека. Што табе сказаць, дружа, на развітанне?
12.
— Я стаў баяцца людзей. Мяне запрашаюць на абед, а я баюся. Я не магу сказаць, што мне непрыемная грамада. Я баюся, што ў мяне нехта тыркне відэльцам ці лыжкай. Мне здаецца, што я не разумею іх мовы. У мяне адчуванне, што вакол размаўляюць на латгальскай мове. У маёй галаве абед-каша! Камал, я вар’яцею! Мяне трэба тэрмінова ратаваць!
— Ідзі п’яным на абед. П’яным не страшна, — сказаў Камал. — Інакш аніяк. Накаціў грамаў дзвесце віскі, апрануў спартовы гарнітур і наперад. Цяпер ты круты гопнік — цябе мусіць баяцца, а не наадварот.
Капітан пачухаў патыліцу. Было адчуванне, што ягоныя вены напружыліся і праступілі на лбе, шыі, руках. Быццам нябачны вайсковец нацягваў на целе капітана цеціву лука. Здавалася, што капітана выгінала ад напругі. Відавочна, што яго выгіналі нервы, якія нацяг-
валі вены. Вены былі дротам. Дрот абкручваў капітана, выгінаў і душыў. У горле нешта забулькала і зарыпела. Капітан не мог супакоіцца. Ён не быў гатовы ісці на абед і п’яным. Ён адчуваў сябе спалоханым. “Ці бываюць капітаны баязліўцамі? — задаваў капітан сам сабе пытанне. — He, не бываюць. Яны мусяць сыходзіць з карабля падчас бедства самымі апошнімі. Інакш гэта не капітаны”.
* * *
— Аўторак наперадзе! — нагадала галава. — I хмары цябе не выратуюць!
— Выратуюць грыбы, не галюцынагенныя, а самыя звычайныя! — адказаў я.
— Гэта чаму? — здзівілася галава.
— А таму, што я зрабіў грыбны суп. I чытач разам з табой яго праглынуў.
— Ну ты і з’еда, — агрызнулася галава. — Ведаеш, як пацвеліць.
— Я ведаю псіхалогію чытача.
Галава ашчэрылася, і было ў ёй столькі брыды ды злосці, што я не стрымаўся і сплюнуў.
На гэта галава заўважыла:
— I не харкайся, быдла рагатае. Табе не хапае шляхетнасці.
13.
Канкрэтнага анічога не было. Нават птушкі былі гумовыя. Таму гэтыя дэкарацыі здаваліся плюшавымі.
Паэтка закашлялася, захіхікала, заблішчэла вачыма і надрыўна пачала чытаць з паперы:
— Калі ластаўкі зробяць свае гнёзды ў маіх валасах
Калі пірс загайдаецца і лакатар праб'ецца праз марскія хвалі Калі сэрца згасне і ціхая кроў закрычыць Ровары зашыпяць па мокрым асфальце Адзінокія дрэвы ў пяску Я лаўлю вуснамі пырскі Дзюны нібыта з дзяцінства Махае рукой мне хлопчык Такі знаёмы і ў кірзавых ботах На фотаздымку мінулы дзень Цыгарэта скурчылася ў халодных пальцах * * *
Я загасіў цыгарэту і задумаўся. Мне было цікава зразумець, што далей.
* * *
Задача гэтага твора ў знішчэнні чытача. Пачнеш чытанне з Набокава і Кафкі. А скончыш — у страшнай агоніі — тут.
* * *
Я наліў сабе. Мне да дупы, што вы пра ўсё гэта думаеце. Больш за тое, я зараз уключу тэлевізар і буду глядзець вайсковы парад. Грукат тракаў, дзыньканне медалёў, харавое рохканне і стогны. Што можа быць лепей? Пацыфісты, гаўкайце ад злосці!.. Мне падабаецца мой палітычны шал. Гэта ж заапарк!.. Экзотыка. Тут моцныя жаруць слабых. Тут не сумна!.. Я наліў яшчэ і выпіў. Адпусціла.
14.
Герой выйшаў з ценю і пачаў мне нашэптваць на вуха: “Было зразумела, што ўнутры штосьці зламалася. Нейкая шасцярня. Аналізуючы, ён здагадаўся, што нечакана пасталеў, і гэтае сталенне абрынулася на яго раптоўна пасля смерці прыяцеля. Як быццам усё засталося за спінай: маладосць, смех. Ціхамірнае існаванне скончылася. He было, як раней, жадання ўскочыць на ровар і гойсаць па сонечным горадзе. Нават вуліцы здаваліся цяпер нейкімі сюррэалістычнымі. Людзі выглядалі напаўжывымі. Раптам увесь свет напоўніўся манекенамі. He хапала і той радасці ў п’янках, што весялілі раней. Быццам цела акупавалі п’яўкі. Новыя прыгоды перасталі быць прыгодамі. Здавалася, што не толькі навакольны свет, але і сам ён зрабіўся ніякім”.
— Цьфу! — сплюнуў я. — Заканчвай гэтую рамантычную гігіену. Давай лепш вып’ем. Я за звычайную гарэлку з маразільні. I каб пад агурок і капусту.
Герой нядобра на мяне паглядзеў, паправіў гальштук, таксама сплюнуў і адвярнуўся.
15.
Я выпіў грамаў дзвесце гарэлкі, заеў маласольным агурком, і настрой мой відавочна палепшаў. Нехта за спінай ціха нэндзіў, але я на гэта не звяртаў увагі.
— У цябе няма сэрца! — нарэшце паведаміў нехта. — Ты прапіў усё — жыццё, працу, сям’ю! У цябе абрыдлае і нецікавае існаванне! I ў тваіх кнігах мала сэксу! I многа пляўкоў!
Я павярнуўся і паглядзеў на гэтага нахабніка, які ўздумаў мяне павучаць. Гэта быў ён. Той, хто нядаўна мне нашэптваў розныя жыццёвыя бздуры. Знаёмы чырвоны расплюшчаны твар. Твар сюжэтнага героя, ад якога адлятаюць кулі. Гэта быў ён!.. Супергерой напрошваўся ў сябры.
— А гэта зноўку ты, — усміхнуўся я. — Бяжы да мамкі! Бяжы адсюль да прызнаных творцаў — тут табе няма чаго рабіць! Тут табе не месца!
Супергерой набраў у грудзі паветра і выдыхнуў:
— Тады слухай, што было далей!
Ад такога нахабства я напраўду прыціх і пачаў слухаць ягоныя бздуры...
— Мой подых быў роўны, як ніколі. Быццам не было пагоні. Нібыта мне ўсё прымроілася. Я ішоў па вуліцы. Дрэвы хіліліся да мяне і ціха шапталі: “Табе не збегчы... He збегчы..” Вокны ў дамах цьмяна мігцелі і здавалася, што ўсе яны пазапальвалі свечкі. Але дыхалася спакойна, толькі мерзлі рукі і я не мог зразумець, ці гэта ад холаду, ці ад нерваў?
У небе праракатаў верталёт. Я зірнуў дагары і пабачыў велізарнага чорнага жука з вусамі, што шчэрыліся кулямётамі. Было адчуванне, што вакол зацішша перад бурай. Яшчэ імгненне — і з кожнага пад’езда, з кожнай шчыліны, яміны пачнуць выпаўзаць людзі з аўтаматамі.
Розум працаваў цвяроза і разважліва. Бегчы з горада? Яны, пэўна, ужо перагарадзілі ўсе выхады. Што рабіць? У гэты момант на вочы патрапіла шыльда бара пад
назвай “Флінт”. Без доўгіх развагаў я вырашыў схавацца туды, каб усё ўзважыць і абдумаць.
За стойкай бара, якая нагадвала гіганцкі памідор, стаяў не менш важкі барадаты хлопец у фартуху кухара. Ён іранічна ўсміхаўся.
Наведнікаў было няшмат. Злева ў кутку за столікам сядзеў з куфлем піва пажылы мужчына ў акулярах. У глыбіні залы былі юнак з дзяўчынай.
— Цёмнага піва, — сказаў я.
Бармэн няспешліва нацадзіў цёмнага напою. Я прысеў за стойку бара і ўзяў у рукі куфаль. Было адчуванне, што ў руках кавалак радасці і свабоды. Пальцы абмацвалі холад шкла. Я зрабіў першы глыток... Адчуў гаркавы смак...
— Устаць! — пачуў я рэзкі голас.
Супергерой нарэшце змоўк. Я паглядзеў на яго, і мне чамусьці зрабілася сумна. Гэтыя бясконцыя гульні. Марыянетачныя атланты. He доўга думаючы, я накаціў яшчэ сто грамаў. Палягчэла.
— А што з кнігарняй? — запытаўся я.
— 3 кнігарняй? — перапытаў супергерой.
— Так. Што сталася з Марсам?
— Дык у аўторак знеслі, — прамармытаў супергерой. — Усе газеты пра гэта пісалі.
— А кнігі куды падзелі?
— Ды на макулатуру здалі. Бібліятэкі нават бясплатна адмовіліся браць. Сказалі, што анічога арыгінальнага няма.
— А чытачы?!! — ускрыкнуў я.
— Хіба яны ёсць? — здзівіўся супергерой. — Вымерлі, як дыназаўры.
Я накаціў яшчэ сто грамаў. I згадаў чамусьці пра Паўла Убіратана. Пра гэтага бразільскага лекара я даведаўся праз інтэрнэт. Убіратана казаў: “Жыццё павінна быць вандроўкай да магілы не з намерам з’явіцца ў прыгожым, добра захаваным целе, а хутчэй з заносам, у клубах дыму, цалкам выматаным і зношаным, гучна апавядаючы: “Вось гэта вандроўка!”
I я выпіў яшчэ. За Убіратана.
16.
Супергерой пачухаў чырвоны няголены твар і працягнуў сваю гісторыю:
— Я нічога не разумеў. Я не мог выціснуць ані слова, бо вусны мяне не слухаліся. Яны былі як драўляныя. Я агледзеўся — гэтых людзей я не ведаў. Яны сядзелі вакол мяне. I замест слоў выгуквалі нешта дзіўнае і страшнае. Разам з гэтымі гукамі з рота кожнага выплюхвалася чырвоная пена. Да таго ж яны жэстыкулявалі. Як глуханямыя, хаця жэсты мелі іншае паходжанне. Усе прысутныя былі апранутыя ў паласатыя піжамы, і таму карціна выглядала проста фантастычнай. Нельга было сказаць, што я ў доме вар’ятаў, бо, відавочна, гэта паходзіла з нечага іншага. Можна было б падумаць, што я трапіў у спектакль рэжысёра-авангардыста. Ці ўявіць патаемную секту. Але чым гэта было насамрэч, я не разумеў.
Супергерой змоўк і паглядзеў на мяне:
— Што ты пра ўсё гэта думаеш?
— А што я магу пра гэта думаць? Я выпіць хачу. У мяне перасохла ў горле. Мне думаць увогуле шкодна. Я калі пачынаю шмат думаць — тады піць не магу. А без пітва мне яшчэ горай. Лепш распавядзі пра апошнія дні кнігарні.
— Зноў пра кнігарню? — здзівіўся супергерой. — Які ў гэтым сэнс? Як і з прыватнай гандлёвай кропкай...
— He трындзі, — абарваў я. — I без каментароў. Пачынай!
Супергерой незадаволена хмыкнуў, расправіў плечы і выразным голасам гучна пачаў:
— Кнігарня Марс. 18:36. Пятніца. Пяць дзён да закрыцця. (Я ўдакладніў: “Пяць дзён да смерці!”)