Калі рукаюцца душы  Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў

Калі рукаюцца душы

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 344с.
Мінск 2003
48.53 МБ
Але тут надыйшла праблема, якую вырашыць стала няпроста: зьнік Бог. Колькі таго ні клікалі — не адгукаўся. Запусьцілі ў неба касманаўтаў, ды тыя толькі лёталі, трацілі грошы, а Бога ня бачылі. Мяркуючы па ўсім, Бог сыйшоў, адцураўся грэшных людзей. Але як жа было бяз Бога? He перарабляць жа шыкоўныя цэрквы на збожжасховішчы ды сьвінарні.
Тады вырашылі стварыць уласнага, Зямнога Бога, які, канешне ж, будзе нават лепшы за Бога Нябеснага. Усё ж свой, ведае патрэбы людзей, сам — з народу. Правялі рэфэрэндум, і 99,99 адсоткаў выказаліся за Зямнога Бога. Выбары яго адбыліся адмыслова дэмакратычна — тайна і ўсеагульна, кожны выбаршчык меў адзін голас; сусьветная супольнасць іх ухваліла. Выбралі, вядома ж, самага вартага для тае высокае пасады. Паколькі самыя вартыя знаходзіліся ў спэцслцжбах, адтуль і ўзялі Зямнога Бога. Ім аказаўся самы для таго здатны — дужа адукаваны (скончыў ВНУ: партшколу, АГН і ВШ КГБ), доктар і прафэсар, меў цудоўную мянушку «Крышталь», гуляў у футбол, тэніс, валейбол, хакей, таксама як у прэфэранс і ў дурня. У якасьці Зямнога Бога ўсім абяцаў тое, што ад яго хацелі: мужчынам — танную гарэлку, жанчынам — прыгожых мужчын, вайскоўцам — шмат зорак на пагоны і грудзі, пэнсіянэрам — кучу «зайцоў». Краіна была ў захапленьні ад уласнага Зямнога Бога.
Павосле адмысловай пастановы аднойчы ўвосень
у адзіны для краіны дзень усчаліся арганізаваныя набажэнствы. Гэта было дужа ўрачыстае й прыгожае мерапрыемства. Прываліла безьліч згаладнелага па веры народу, усе глядзелі, слухалі, захапляліся царкоўным антуражам — можа, болей, чым на рок-канцэртах. Некаторыя нават хрысьціліся — справа налева ці наадварот, бо ўжо забыліся, як трэба. Іншыя, трохі пастаяўшы на імшы, выбіраліся на вальнейшае мейсца і пыталіся: дзе буфэт? Буфэту чамусь не было — ня тое, што на звыклых дэпутацкіх выбарах. Што гаварылі сьвятары — ня дужа слухалі, бо і не разумелі. Кіраўнікі, што нядаўна яшчэ змагаліся з рэлігійным дурманам, стаялі наперадзе са сьвечкамі ў руках, хоць таксама мала што разумелі. Хіба рабілі выгляд. Бачна было — чакалі, калі тая нудота скончыцца і можна будзе пайсьці традыцыйна адзначыць пачатак важнае справы.
Спакваля, аднак, сталі прывыкаць да царкоўных службаў, стаяць і нават маліцца. Маліцца — гэта значыць прасіць у Земнога Бога. Адныя прасілі здароўя, другія шчасьця ці хлеба. Начальства маліла асыгнаваньняў на гаспадарку, якая за бязбожныя гады зазнала вялікі заняпад. Прадпрынімальнікі прасілі крэдытаў. Ды Зямнога Бога пасьля выбараў бы аглух -нічога не даваў нікому. Толькі браў. Хлапцоў — у салдаты, грошы — на падаткі, здароўе — у старых, свабоду — у маладых. Зь цягам часу народу ў цэрквах стала ўсё менець. Хадзілі ўжо толькі па вялікіх сьвятах, і то болей старыя. У моладзі здаўна было іншае захапленьне — дыскатэкі і канцэрты поп-музыкі.
А пасьля цэрквы і зусім абязьлюдзелі, ніхто туды не хадзіў. Выдатнае царкоўнае ўбранства — абразы ды пазалоту — усе ўжо бачылі, слухаць жа там не было чаго — па тэлевізары прамаўлялі цікавей. Кіраў-
ніцтва таксама ня дужа шчыравала, рэдка паяўляючыся на службах. Гіерархі і сьвятары скардзіліся на несьвядомасць вернікаў і хадайнічалі, каб спэцслужбы паспрыялі. Тыя згаджаліся, што справа дрэнь, і ўспаміналі нядаўнае старое. Што старое — ня ёсць усё кепскае, што і ў старых было шмат добрага. Напрыклад, прымус па формуле: добраахвотна, але абавязкова. Як некалі падпіска на пазыку або выбары дэпутатаў. Калі дзе што не атрымлівалася, выручаў прымус. Прасілі Зямнога Бога санкцыю на прымус, які ён ахвотна даў у неабмежаванай колькасьці. Бо, як казалі, браў прымус з Космасу, дзе яго было процьма. Кіраўніцтва за тое дужа палюбіла ўласнага Зямнога Бога і пачало дружна маліцца за яго.
А просты люд зноў упаў у нэндзу і паняверку. Як ні круці, зноў павярнуўся да звыклага, ці не з паганскіх часоў ідалу — яе сьветасьці Бутэльчыны. На самадзейна-дэмакратычнай падставе ў краіне пачалася кампанія за будаўніцтва адпаведнага сымбалю — меркавалася цыкляпічнае збудаваньне са шкла, бэтону і сталі на самай цэнтральнай плошчы сталіцы ў форме аграмаднай Бутэлькі. Быў прыняты адмысловы праект, але стрымвала адна нечаканая і цяжкавырашальная праблема — з коркам ці без. Калі з коркам, казалі, будзе недэмакратычна, калі без... Вядома, што бывае з бутэлькай бяз корка. Чакаюць блаславеньня Зямнога Бога, як ён вырашыць — так і будзе.
Пэўна ж, дачакаюцца. Але што тады будзе?
СЬВІСТ
Пра народ у краіне хадзілі дзьве супрацьлеглыя пагалоскі, кожная зь якіх увогуле мела рацыю. Нядаўна абраны дыктатар ды ягоныя памагатыя лічылі народ самым разумным, самым правільным і працавітым. Іхнія ж супраціўнікі сьцьвярджалі, што народ дурны і сьляпы, нібы крот. Бо каб быў разумны і працавіты, дык нешта б умеў, а гэты ня ўмеў нічога, як нічога й ня меў. Пэўна, тая акалічнасьць і змусіла дыктатара да пошукаў нейкіх сродкаў стабільнага існаваньня яго і народу. Але новыя сродкі ня так лёгка было знайсьці, а час катастрафічна мінаўся. Неяк дыктатар з прыкрасьці ад чарговай разумовай няўдачы гучна сьвіснуў, як сьвістаў у дзяцінстве, пасьвячы сьвінячы статак. Пісар, што зь нейкага часу запісваў за ім кожнае слова (для гісторыі) застыў з пяром у пальцах — ён ня ведаў, як запісаць сьвіст. Заўважыўшы тое, дыктатар зьверавата ўставіўся ў пляшывага пісца, які, каб неяк улагодзіць пана, проста голасна войкнуў, быццам бы ў ў захапленьні ад сьвісту: маўляў, як прыгожа! Іншыя, што ў той час былі ў пакоі, таксама дружна падтрымалі пісца: і прыгожа, і зьмястоўна, а галоўнае — даходліва для народу, — кожны зразумее. Ведама ж, кожны быў дзіцёнкам, хоць і ня кожны дзіцёнак пасьвіў калгасных сьвіней.
У той жы адвячорак урад прыняў адмысловы дакрэт ад значэньні дыктатарскага сьвісту, а газэты ў хуткім часе пачалі друкаваць артыкулы пра тое, як гэта важна наогул — свістаць. У краіне пачаў разгортвацца рух за высокаідэйны і высокамастацкі народны сьвіст. Праўда, як бадай і ў кожнай справе, знайшліся тыя, што не пагадзіліся з дзяржаўным значэньнем сьвісту, але яны былі меньшынёй, а меньшыню, як вядома, бязьлітасна душаць. Хутка задушылі і праціўнікаў сьвісту.
Праз нейкі нядоўгі час рух нечуванага пашырэньня сьвісту стаўся ўсенародным, яму ўжо не шкодзіў ніхто. Вучыць прафесійна сьвістаць пачалі ў школах, сьвіст увялі ў якасьці абавязковага прадмету на экзаменах у ВНУ, дзе былі тэрмінова створаны катэдры сьвісту. Адпаведна, бы грыбы пасьля дажджу, зьявіліся высокакваліфікаваныя спэцыялісты па сьвісту, актыўна рыхтаваліся і паспяхова абараняліся кандыдацкія ды доктарскія дысэртацыі на тэмы сьвісту. У краіне рэгулярна праводзіліся конкурсы і спаборніцтвы па сіле, працягласьці і мадуляцыі сьвісту, наладжваліся канцэрты. Неўзабаве зьявіліся і рэкардсьмены — асобна па розных жанрах сьвісту, ствараліся ансамблі, якія езьдзілі па гарадах і вёсках і сьвісталі на ўсю электронную моц свае апаратуры. Тыя няблага зараблялі, сплочвалі казне немалыя падаткі і карысталіся прыязнасьцю ўлады і народу. Нечуваная папулярнасьць сьвісту зрабіла папулярнай краіну, пра якую яшчэ нядаўна мала хто ведаў у сьвеце. Тады дыктар ды ягоныя памагатыя сьцямілі, што нягожа было б тым не пакарыстацца і вырашылі распаўсюдзіць ідэю сьвісту як мага далей у сьвеце. Была створана новая праграма заваёвы сьвету праз космас, у які запускаліся талеркі-спадарожнікі, адбітыя імі хвалі пранікалі ва ўсе куточкі планеты. людзі на зямлі ўведалі пра незвычайна плённую справу сьвісту і як маглі пераймалі яго. Дзякуючы сіле сьвісту, краіна і дыктатар зрабіліся самымі славутымі ў сьвеце.
Натуральна, добра было пачувацца славутымі, але яшчэ трэба было і есьці, а во ежы катастрафічна не хапала. Захапіўшыся сьвістам, людзі адвучыліся араць зямлю, пасьвіць коз і нават вясной садзіць бульбу. Эканоміка, спрэс стаўшы касьмічнай, усё болей хірэла, і хутка ў людзей нават на добры маладзецкі сьвіст
не стала ставаць моцы. Дзеля эканоміі людзкой сілы была адменена родная мова, пра якую хутка забыліся ўсе — гараджане, сяляне і нават пісьменьнікі. Пісьменьнікі, праўда, забыліся апошнімі, чым увогуле ганарыліся. Болей ім ганарыцца ўжо не было чым.
Краіна неўпрыцям усунулася ў страшэннае правальле татальнае крызы, калі пачала беззваротна хірэць нават сама ідэя дзяржаўнага сьвісту. Дзеля яе паратунку стварылі некалькі дадатковых міністэрстваў, каардынацыйны над імі камітэт, Савет бясьпекі, узмоцнены аддзел секурытаты. Падвысілі ролю адукацыі — усе ПВТ ператварылі ў тэхнікумы, тэхнікумы ва ўніверсітэты, а ўніверсітэты ведама ж у акадэміі. ІІавялічылі колькасьць дактароў ды акадэмікаў, зарплату якіх таксама падвысілі, прыраўняўшы да сержанцкае зарплаты амапаўцаў. I ўсёроўна сьвіст марнеў, ягоная ідэя апынулася пад смяротнай пагрозай. Апазіцыя ж толькі мацнела. праўда, апазіцыянэры пакуль што выступалі не супраць самой ідэі, а супраць сродкаў і мэтадаў яе выкананьня. Ідэя ж, казалі, зусім неблагая, калі яе з розумам ажцьцяўляць. Дыктатар назваў тую апазіцыю сьмехатворнай і казаў, што варта яму хоць раз добра сьвіснуць, як яе бы ветрам садзьме. I праўда, некалькі самых заўзятых апазіцыянэраў ужо зьнікла — бяз знаку і следу, бы праз зямлю праваліліся. Але і дыктатар зьнемагаў ад шэрагу няўдач і мог намагчыся хіба на адзін добры посьвіст на тыдзень. У сьвеце пачалі губляць цікавасьць да краіны — радзімы сьвісту. Рэтранслятары-спадарожнікі, бы восеньскія каштаны, адзін за адным сыпаліся долу і згаралі у шчыльным слаях атмасфэры. Запускаць новыя ня было за што. У космасе запаноўвала касьмічная ціша.
Затое на зямлі бушавала бура.
За апашнія грошы дыктатар мацаваў сілы секурытаты — паліцыю ва ўніформе і ў штацкім, суды і
пракуратуру, якім падвысіў заробкі і падвоіў нагрузку. Арыштоўвалі, судзілі і саджалі найперш праціўнікаў сьвісту. Ды таго аказалася недастаткова. Было заўважана, што некаторыя свісталі няправільна, чужым падрыўным сьвістам, — гэтых рэпрэсавалі таксама. Затым зрабілі чыстку вучоных шэрагаў, перагледзелі тэматыку іхніх дысэртацый. Выявілася, што некаторыя з вучоных-гісторыкаў, напрявільна лічылі, быццам гісторыя краіны пачалася не з запачаткаваньня ідэі сьвісту, а ў краіне яе думка заўжды была аканчальнай, і тую канцэпцыю выкаранілі. Як пэўная рэакцыя на тыя зусім нетуральныя захады, у народзе пачала самахоць сьпець новая нечуваная ідэя — ідэя маўчаньня. Вядома, яна пляжыла выдатную, выпрабаваную ў часе ідэю сьвісту, але як было зь ёй змагацца? Як было ўведаць, што выношваюць маўчуны? I як прадухіліць усенародную маўчанку, якая паграджала краіне ўсеагульнай нематой?