Калі рукаюцца душы  Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў

Калі рукаюцца душы

Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 344с.
Мінск 2003
48.53 МБ
Але на схіле бы ўпершыню штось не заладзілася. Як яны высіліліся на чарговую каманду карчмара, камень ня зрушыўся. Тракціршчык тады закрычаў гучней, нават вылаяўся. Яны зноў уперліся нагамі ў камяні, да скрыпу напялі мускулы, але камень толькі падняўся на пяць цаляў і аблёг на ранейшае мейсца. Вучыцель недаўменна зірнуў на схіл і ўсё зразумеў: схіл гары тут стаў і яшчэ болей круты. Схіл стаў круцейшы, а іхняя сіла паменела — во ў чым справа. Тое было відаць і без матэматыкі. I мабыць, тое зразумелі іншыя.
— Адпачыць каб, — нерашуча-жальліва сказаў хтось ля каменя,
— A то ўжо кішкі... — пачаў нешта мовіць пастух.
Тракціршчык аж зьнерухомеў ад тых скаргаўпросьбаў, але толькі на момант. Падобна, у ягонай галаве адбыўся нейкі маланкавы, зусім не матэматычны разьлік, і ён зьверскім голасам заглушыў нерашучыя скаргі.
— Ніякіх адпачынкаў! Спынімся — не скранем, а ну — узялі! Узялі!
Яны і яшчэ дружна і ўраз узялі, сапраўды трохі павярнуўшы на схіле гэты кругляк, пасьля яшчэ. Але во ён быццам хіснуўся назад, бы хтось не ўтрымаў яго. Вучыцель зірнуў з-пад рукава і схамянуўся: пад каменем тварам уніз ляжаў малаткар; зь ягонага рота цёк струменьчык крыві. Тое было дзіўна, хіба, аднак, на першы пагляд: не стрываў самы зь іх дужы. Але, можа, таму і надарваўся, што быў самы
дужы. Мабыць, апроч сілы, трэба яшчэ мець галаву, а з галавой у малаткара яўна былі праблемы.
Малаткара адцягнулі з-пад ног, каб не замінаў. Пакуль там два мужыкі давалі яму вады, іншыя з усяе сілы трымалі камень, які ўпарта імкнуўся ўніз — да свайго належнага мейсца. Чаму гэта ён так імкнуўся туды? — думаў вучыцель. Хіба тое мейсца было вызначана яму Богам? Але тут ягоная матэматыка ўступала ў супярэчнасьць зь непазнана-містычным, у якім вучыцель быў поўны прафан і разумеў тое. Прасьцей, хоць і не лягчэй, было піхаць разам з усімі па камандах карчмара, што і рабіў вучыцель.
Урэшце гадзінаў праз пяць яны адолелі самае, як здалося, крутое на схіле мейсца, ускацілі камень яшчэ вышэй. Праўда, ззаду засталося аж трое — тых, што надарваліся на гэтым д’ябальскім каменным шляху. Два зь іх папаўзьлі назад, а трэці застаўся там, дзе і зьлёг. Бы прадчуваючы благое, карчмар і зусім разьюшыўся, крычучы сарваў голас і нікому не дазволіў пакідаць камень, каб памагчы бедакам. Горш за ўсё было тое, што яны сапраўды не маглі прыпыніцца, бо ў такім выпадку камень трэба было б трымаць, што здавалася ненашмат лягчэй, чым штурхаць. Тракціршчык тым часам не змаўкаў — то камандаваў сарваным голасам, то ўгаворваў амаль ласкава. A то гразіўся перастраляць усіх на гары, калі здрэйфяць. Увогуле на гэты конт ён меў рацыю, яго разумелі і стараліся з астатніх сіл. Толькі сілы іх катастрафічна меншалі, а жахлівы шлях рабіўся і яшчэ болып круты.
— Ну, яшчэ трошкі! — дамагаўся карчмар. — Вунь да таго кусьціка. Ну, узялі! Ускоцім — бочка віна на ўсіх! Ну, узялі!
Як ні дзіўна, тое амаль падзейнічала на, здавалася б, ушчэнт зьнясіленых людзей. Клопат іх нібы
разумеў і камень, які варухнуўся на той раз жвавей, — бы самахоць пераваліўся на другі, болей пляскаты бок. Але затым зноў было яго не скрануць, і карчмар зноў вярнуўся да свайго лютага крыку.
— Дужэй! Я кажу — дужэй, ядры вашу матары! Пастух, болей сілы! Болей сілы кажу, гультай!..
— He магу болей, — ціха сказаў пастух і ўпаў на калені.
— Можаш!! — вызьверыўся карчмар. — Заб’ю!.. — Забівай...
— Застрэлю. Сёньня ж...
— Страляй!
Пастух зьнясілена адкаціўся з-пад людзскіх ног і апанурана сеў убаку. На ягонае месца ля каменя заступіў каваль, чорнабароды твар якога быў мокры ад поту, а можа і ад сьлёз — ягоны малаткар унізе, здаецца, сканаў. Каваль зацята маўчаў, але ля каменя адразу адчулася яго напятая сіла, і той быццам жвавей заварушыўся пад рукамі людзей. Затое іншыя даходзілі, і неўзабаве ад кавалёвага напору мала што засталося. Яны ўсё піхалі і піхалі, выжыльваліся і штурхалі. Тракціршчык ужо толькі безгалосна сіпеў, а выніку не было ніякога. Усе іхнія сілы выдаткоўваліся толькі на тое, каб утрымаць камень, ня даць яму зрушыцца ўніз.
— He, мабыць, нічога ня выйдзе, — сказаў Hex­Ta з папіхачоў. Зь ім пагадзіўся другі:
— Ня трэба было і пачынаць не падумаўшы...
— Тыя разьятраныя няўдачай галасы зусім раззлавалі карчмара, які падскочыў да людзей ззаду.
— Панікёры! Слабакі! Прэч адсюль! Я перастраляю ўвесь ваш род! — аслабелым голасам сіпеў ён. Але яго аслабелы голас чамусьці перастаў палохаць.
— He перастраляеш, — нерашуча запярэчылі яму.
Пасьля і яшчэ натужваліся, піхалі і штурхалі рукамі і нават падпіралі камень плячамі, як гэта рабіў каваль. Але зноў вынік стаўся мізэрны. Між тым да мэты заставалася амаль нічога — можа, якіх дваццаць стопаў. Толькі гэтыя футы і былі самыя цяжкія, як было іх адолець? Тым болей, што і ў яшчэ аднаго пайшла носам кроў, ды здаецца, і з рота таксама. Адзін застаўся ззаду — скручаны, на каленях, трымаючыся за жывот...
— Падмогі! Падмогі трэба...
— Няма як падмогі, браточкі. Ну яшчэ трошкі, яшчэ, — сіпата ўгаворваў карчмар.
Яны і самі разумелі, што інакш ім нельга, як толькі каціць з апошніх сілаў. Hi спыніцца, ні пакінуць камень яны не маглі — тое было б для іх гібельным. На тое, каб паклікаць падмогу, не было часу — калі б яны дачакаліся тае перамогі? Мабыць, тое зразумеў і пастух, трохі спачыўшы ўнізе, вярнуўся да каменя і аслабела далучыўся да астатніх.
Каваль са зьвераватым выразам чорнабародага твару і адарваным на плячы рукавом моўчкі стараўся, можа, болей за ўсіх. Лагамі з даўгімі канцамі цяпер упраўляліся браты Кажамякі, чыя новая дамоўка была дужа блізка ад гэтага боку вуліцы. Малодшы зь іх толькі ў канцы лета ажаніўся і таму дужа дбаў пра ўласнае жытло. I трэба ж было так здарыцца, што гэты ўвогуле здаровы хлапец упаў у самы рашучы момант, не стрымаўшы лагі, — камень неспадзявана сьлізгануў бокам аб дрэва. Хтось па той бок здушана крыкнуў, але было позна. Грузна пераваліўшыся ніжэй, камень паволі пасунуўся, ужо нікім не стрыманы, перавярнуўся зноў і што раз шпарчэй пакаціўся на схіле. На крутым мейсцы ён наляцеў на каменны выступ, лёгка зьбіў яго, сам падскочыўшы ўгору, зноў ударыўся аб дол ніжэй,
падскочыў яшчэ вышэй. За ім апантана памкнулі зьбітыя ім камяні, якія ў сваю чаргу зьбівалі на схіле новыя, і ўсе разам з друзам суцэльным каменным патокам несьліся да вуліцы. Неўзабаве каменная лавіна магутна абрынулася на крайнія забудовы паселішча, кузьню, зламала палову таполі і праз момант накрыла ўсю вуліцу чорна-пыльнаю хмарай.
Ачомаўшыся ад хвіліннага ўтрапеньня, людзі на схіле пакідалі свай начыньне і сыпанулі ўніз — хто бег, хто каціўся, кожны гнаны прадчуваньнем асабістай бяды. На мейсцы, аднак, засталося некалькі постацяў. Тракціршчык упаў на камяні, учапіўся ў свае скудлачаныя валасы, недарэчна прамаўляючы: «Што ж мы нарабілі... Што нарабілі...» Вучыцель побач няўцямна мармытаў сабе пад нос: «Я ж казаў, я ж казаў...» Зьбялелы з твару пастух нічога не казаў, толькі роспачна апусьціўся на друз. Ён узіраўся ў пыльную марву, якая ўсё вышай паднімалася над паселішчам, і думаў: «Хай бы ён там ляжаў. Каму ён шкодзіў?»
Трохі ачуняўшы ад першага жаху, вучыцель падумаў, што, мабыць, цудаў у наш век не бывае. «Здараецца тое, што і павінна здарыцца — паводле законаў жыцьця. Калі толькі зь імі лічыцца. Ды во пэўна ж не палічыліся».
А ўнізе тым часам разносіўся ветрам глухі невыразны лямант бяды, які на адлегласьці зьліваўся ў суцэльны працяглы стогн...
НОВАЯ ЦЫВІЛІЗАЦЫЯ
У адной далёкай ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы зь бюджэтам. He хапала грошай. Зрэшты, тое не было вялікай навіной, грошай не хапала і раней, і тады ўрад рабіў проста — падвышаў падаткі. Зрабілі так і гэтым разам: абклалі насельнікаў 40-адсоткавым падаткам. Трохі счакалі, падлічылі, але выявілася, што прыбытак зноў мізэрны. Тады ўрадоўцы ўвялі 60-адсоткавы падатак, але прыбытак замест таго, каб адпаведна павялічыцца, значна зьнізіўся. Гэта было нешта дзіўнае, што супярэчыла нават правілам арыфмэтыкі. У эканамічна-фінансавых колах пачалося энэргічнае абмеркаваньне фэномену. Пасыпаліся прапановы — як ад прафэсіяналаў, так і ад найболей актыўных зь ліку сьвядомых працоўных. Некаторыя заяўлялі, што ўся справа ў слабасьці выканаўчай улады, што трэба ўдвая павялічыць паліцыю, стварыць адмысловыя фармаваньні, як сьлед настрапаліць сакрэтныя і фіскальныя службы. Так і зрабілі. У дадатак павялічылі колькасць мытняў — на мяжы і ўнутры краіны, перавялі працу судоў і пракуратуры на кругласутачны рэжым, разагналі калегію адвакатаў, гэтых прафэсійных абаронцаў злачыннасьці. I зноў без жаданага выніку. Бюджэт трашчэў, грошай рабілася ўсё меней, а выдаткі на ўсе пералічаныя меры толькі расьлі.
У час чарговага пасяджэньня ўраду новы старшыня высунуў абсалютна новы бюджэтны прынцып: калі дзе цяжка папоўніць, дык трэба скараціць. Адразу было зразумела, што скарачаць асыгнаваньні на войска нельга, бо пад самы дзяржаўны плот лезла крыважэрнае НАТА — глядзі, ня сёньня, дык заўтра пачне бамбаваць нашы ўлюбёныя гарачыя ці ха-
лодныя кропкі, Пакідаць бяз грошай КГБ таксама нельга ва ўмовах, калі краіна кішыць шпіёнамі ды апазыцыянэрамі. Паліцыю — тым болей, інакш хто тады тых шпіёнаў ды апазыцыянераў будзе цягаць у пастарункі? Калі ж скараціць выдаткі на пракурораў ды судзьдзяў, дык каму судзіць вышэйпамянёных? Вяртацца да нядаўняй практыкі троек ды несудовых расправаў было быццам бы рана. Кіаўнічы аппарат скарачаць наогул бескарысна і нават шкодна ягоны арганізм ад скарачэньня толькі павялічваецца. Культура, настаўніцтва і медыцына? Культуру тут жа на паседжаньні без усялякай шкоды для яе выкрасьлілі ўсім радком пасьля таго, як міністар сказаў, што культура пракорміць сама сябе — ансамбляў у яе хапае. Мэдыцыну вырашылі пакуль не чапаць — мэдыцына можа набыць важныя функцыі ў адказным дзяржаўным праекце. Заставалася вялізная армія пэнсіянэраў, якая з прычыны злачыннага недагляду ранейшага папулісцкага ўраду распладзілася ў аморфную, непад’ёмную для дзяржавы масу. У друку даўно ўжо паяўляліся тэарэтычныя артыкулы наконт таго, якая гэта шкодная і наскрозь буржуазная завядзёнка — плаціць тым, хто не працуе, што інстытут пэнсіянэраў — ня што іншае, як узаконеная эксплюатацыя адной клясы другою, што, ня вырашыўшы праблемы пэнсіяў, дзяржава не пабудуе разьвітага сацыялізму, а будзе век гібець у няразьвітым капіталізьме.