Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў
Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект
Арсень Ліс
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 188с.
Мінск 1998
Завяршаліся траецкія рытуалы «развіваннем вянкоў», звязаных вершалін бярозак. Адначасна паўтараліся песенныя тэксты, спяваныя пры завіванні бярозак, толькі пры гэтым канстатавалася здзяйсненне, заканчэнне абрадаў, магічны сэнс якіх быў скіраваны на актуалізацыю прадуцыравальных сіл зямлі, яе ўрадлівасці і разгадку асабістага лёсу ўдзельнікаў траецкіх рытуалаў.
Пасля радаснай канстатацыі ў песнях «ДухТройца — то субор дзеўкам» і на ніжэйшым стылёвым рэгістры «Дух да Тройца — дзеўкам зборышча» ў заключэнне гучаў элегічны матыў хутка прамінулага свята, прынесенай ім уцехі («Ці бывала Тройца, ці не бывала?») аналагічна таму, як гэта было пры заканчэнні некаторых іншых каляндарных урачыстасцей. У адрозненне ад вядучай, галоўнай ідэі земляробчага фальклору, арыентаванай на ўрадлівасць нівы як гарант жыцця сялянскай сям’і, заключны матыў траецкіх песень выказваў, развіваў не сацыяльную, а інтымную лінію духоўнага свету чалавека.
За*
75
Беларуская траецкая традыцыя народнага календара тыпалагічна збліжана з аналагічным абрадавым цыклам рускай фальклорнай традыцыі, у пэўнай меры ізаморфная ёй. У цэнтральнаўсходнім рэгіёне Беларусі лакалізавана найбольш прадуктыўнае бытаванне траецкіх песень.
Самабытнай лакальнай разнавіднасцю траецкіх песень з’яўляюцца песні куставыя, пашыраныя ў паўднёвазаходнім Палессі, пераважна ў Пінскім рэгіёне. Яны выконваліся на другі дзень СёмухіТройцы як суправад абраду «Куста».
Выкананне абраду звычайна пачыналася ў другой палове дня. Структура яго выглядала наступным чынам. Выбіралася гожая высокая дзяўчына. На яе надзяваўся адмысловы ўбор, знітаваны з моцна звязаных галінак, найчасцей клёну (замяняльнікам магло быць голле ліпы ці бярозы). На галаву абранніцы ў давяршэнне яе раслінных шатаў ускладаўся вянок. У выніку яна нагадвала рэальны куст, што і патрабавалася ад абраду, у якім знайшлі выраз міфапаэтычныя ўяўленні аб жыццядайнай сіле зеляніны, кусце, як носьбіце прадуцыравальнага пачатку. Экіпіраваўшы такім чынам загалоўную выканаўцу абраду, гурт дзяўчат выстройваўся за ёй паводле ўзросту. Песняю «Ой, мы былі ў харошаму бору і звілі куста з зялёнага клёну» «дзявочае войска» (саманазва ўдзельнікаў абраду. — А. Л.), «Куст», аб’яўляла аб сваім прыходзе ў сяло. У функцыянальным плане «ваджэнне Куста» нагадвала велікодны абход двароў валачобнікамі. Аналагічна валачобнікам яго ўдзельнікі прасілі дазволу ў гаспадара «спяваці Куста», гурт іх уключаў «прыпявалначкаў» (падхватнічкаў — у валачобным абрадзе) і збіральнікаў узнагароды за песню з кашом. Дарэчы, сярод атрыманых за песню дароў прадугледжваліся, як і на Вялікдзень, яйкі, відаць, з увагі на іх абрадавую семантыку. Куставыя песні мелі такі ж, як і ў валачобных, адрасат: гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну. Аднак функцыянальнае тыпалагічнае сыходжанне валачобных і траецкіх ніяк не адбілася на зместавым напаўненні, жанравай прыродзе апошніх. У адпаведнасці з дыферэнцыраваным адрасным зваротам удзельнікаў абраду да членаў сям’і гаспадара ў куставых песнях развіліся велічальныя матывы, якія, аднак, у параўнанні з велічаннямі абхадных песень іншых калян
76
дарных перыядаў маюць рэдуцыраваную форму. Уласна велічанне гаспадара зводзіцца адно да надзялення яго і яго гасподы сэнсавапачцівымі, фактычна сталымі эпітэтамі накшталт «слаўны пане», «слаўнага двору», «гаспадароў двор веселвесяленькі». Пры звароце абрадавага гурту да гаспадара часам прасвятляюцца магічнапрацоўныя мэты і пабуджэнні ваджэння «Куста»: спрыяць урадлівасці нівы, будучаму ўраджаю, стаць «Кустові» менавіта «ў полю» (Матерналы по этнограф. Гродн. губ., 1, с. 135). У паасобных куставых песнях заклінанне ўраджаю выказана непасрэдна, лапідарна, як у замовах. Таксама праз зварот да Бога, Багародзіцы: «Пасею жыта ды няхай зародзіць, // Пасею жыта, пасею пшаніцу, // Зарадзі, Божа, усяку пашніцу!» (Веснавыя песні, с. 206). Аграрнамагічная функцыянальнасць абраду «Куста» пераканаўча дэшыфруецца ў кустовапесенным двухрадкоўі: «Дзе «Куста» вадзілі, там пшанічанька радзіла» (Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі, с. 216).
Песенны зварот «Куста» да дзяўчыны, хлопца меў за мэту паўплываць словам на асабісты лёс чалавека. Велічанне дзяўчыны (паненкі) у куставых песнях больш разгорнутае, чым гэта зроблена ў дачыненні да гаспадара (песня «Ды кала Куста сычавічанька густа»). У куставых, адрасаваных дзяўчыне і хлопцу, часта фігуруе вобраз «сачавічанькі густой». Гэта расліна зза яе ўрадлівасці надзялялася міфалагізаваным мысленнем магічнымі якасцямі. «Сачавічанька» заўсёды ў песнях буяе менавіта ля куста. Парваць, зжаць, скасіць «сачавічаньку густу» — умова, паводле якой хлопец можа прэтэндаваць на руку дзяўчыны: «Да кола Куста сычавічэнька густа. // Хто ж тую сычавічэньку порве, // Той собе красну панну возьме» (Бессонов, 26). У куставых песнях нямала ўвагі ўдзелена самім выканаўцам абраду, іх гурту, што называюцца «дзявоцкім войскам», якое «ніхто не б’е, не ваюе», a таксама ўмовам кантакту з «Кустом» і адпаведна — узнагародзе за песню. У тэкстах падкрэсліваецца, што «кола Куста ўсе дзевачкі красны», «трэба Кусту піты, істы даты, трэба з Кустом пойты погуляты»⁴⁰. Просьба да пані
⁴⁰ Архіў Расійскай акадэміі навук, ф. 104, воп. 1, спр. 326, л. 25 (далей — АРАН).
77
выйсці «з новага пакою ды даць Кусту хоць па залатому» абгрунтоўваецца тым, што яму трэба «ўсякая выгода і крынічная вода», а таксама «на ножкі невялічкі ... казловыя чаравічкі». Ненавязлівая форма выказу просьбы, намёкаў удзельніц абраду (прыпявалначкі, напрыклад, прасілі толькі «бочку мядочку»), зычлівы, сардэчны тон песень стваралі спецыфічньі псіхалагічны кантэкст узаемаадносін песеннага гурту «Куста» і слухачоў. Апошнія ўцягваліся «дзявоцкім войскам» калі не ў выкананне рытуалаў, то, прынамсі, на просьбу «Куста» выходзілі на ганак, на падвор’е, каб патанцаваць разам з ім.
Структура куставых песень нескладаная: звычайна яны налічваюць ад чатырох да дзесяці вершаваных радкоў. У кампазіцыйнай будове пераважае прынцып прычыннай паслядоўнасці, часам выкарыстоўваецца і прыём антытэзы. У вобразнай сістэме — самы адметны (персаніфікаваны) вобраз «Куста», яго суправаджэнне — «дзявоцкае войска» або «дзевачкі красны», вобразы дзяўчыны, якую «любілі багатыя паны», хлопцаказачэнькі маладзенькага.
Шырэйшы арэал бытавання, які, аднак, не ахопліваў усёй беларускай этнічнай тэрыторыі, быў у заключнай групы познавеснавых песень — песень русальных. Песні Граной нядзелі, або Русальнага тыдня, мелі старажытныя міфалагічныя вытокі, вераванні ў русалак, трэба сказаць, даволі арганічныя і характэрныя даўнейшаму беларусу, жыхару краю рэк і азёр, жытніх палёў і лясоў. Пры вызначэнні генезісу русалак народная міфалогія не адлучала іх ад роду людскога. Згодна з павер’ямі, русалкі — жанчынападобныя істоты, у якіх пераўвасобіліся душы дзяўчаттапельніц, дзяўчынакнемаўлят, прыспаных мацеркамі, яшчэ да хрышчэння. Месцажыхарства русалак — рэчкі, вадаёмы, лес. У Русальны тыдзень русалкі, згодна з павер’ямі, выбіраліся з азёрнага ды рачнога дна — сталага свайго жытла, каб аж да восені блукаць па жытнёвых палетках, гойдацца на галінках дрэў, гучным смехам вабячы да сябе прахожых, пераважна маладых хлопцаў. У некаторых мясцовасцях Беларусі ўвесь чэрвень месяц меў найменне русальнага: народнае ўяўленне ў гэту пару аддавала ім прыярытэт. Аўтары ранніх запісаў русальных абрадаў і звычаяў сведчаць аб актыўным гулянні ў час русаліяў моладзі, асабліва дзяўчат, на жытнім і рачным
78
улонні — ваджэнні карагодаў вакол абранай спаміж сябе «русалкі» (яе апраналі ў андарак, убіраючы ўсю гірляндамі кветак і паклаўшы на галаву вялікі вянок) і спяванні русальных песень. Такім чынам, падзяляючы з русалкамі іх святочную радасць, спадзяваліся задобрыць гэтых загадкавых істот і тым самым пазбегнуць іх гневу і магчымай з іхняга боку шкадлівасці — урону ніве ці нават замаху на жыццё чалавека: лічылася, што русалкі могуць залескатаць сваю ахвяру да смерці⁴¹.
Заключны абрад Гранога тыдня «праводзіны русалкі» (ім завяршаліся веснавыя спевы, «вясну не гукаем да налецця» — словы інфарматаркі Е. Раманава) выяўляе дуалістычны погляд народа на русалак. 3 аднаго боку, ён уключае апатрапеічныя рытуалы, засцярогу ад русалак, з другога — такія магічныя захады, што павінны былі забяспечыць дабратворны ўплыў гэтых тварэнняў міфалагізаванага мыслення на ўрадлівасць нівы. Абрад «праводзін русалкі», полісемантычны паводле функцыі, меў наступную структуру' выбар прыгожай, статнай, маторнай дзяўчыны для ролі русалкі, адпаведнае ўбранне яе гірляндамі кветак і ўскладанне вялікага вянка, сплеценага калектыўна, усім гуртам дзяўчат, з васількоў, хмелю і зорачак (любісцік пры гэтым строга выключаўся, маглі брацца толькі жытнія каласы), шэсце з песнямі за ўзгорак, да жыта, ваджэнне карагода вакол русалкі. Лакальныя традыцыі маглі ўключаць барабаненне ў засланку, паленне агню, пагоню русалкі за дзяўчатамі з мэтай схапіць каторую, імкненне ўдзельніц абраду сарваць з русалкі вянок і спаліць яго на вогнішчы. Абрад завяршаўся трохкратным спяваннем гуртам дзяўчат песні «Ой, Васіль жа мой, васілёчак», штурханнем русалкі ў жыта (перад тым стараліся разарваць на ёй кветкавыя шаты) і кіданнем услед за ёю вянкоў. Такім чынам, пры полісемантыцы абраду ў ім выразна дамінуюць ахоўнамагічныя рытуалы. Ідэі, зашыфраваныя ў абраднасці Русальнага тыдня, выражаныя ў вераваннях аб русалках, з рэдкаснай
⁴¹ Е. S. Nocswi^tojanska // Czas. 1883. № 142; Шейн П. В. Матеряалы для нзученвя языка м быта... Т. 1, ч. 1. С. 196—201; Романов Е. Р. Белорусскнй сборняк. Вып. 8. С. 204—207; Шлюбскі А. Русальніца // Маладняк. 1926. № 9.
79
паслядоўнасцю, прынамсі, з большай непасрэднасцю, чым у іншых каляндарнапесенных цыклах, трансфармаваны ў тэкстах русальных песень. У большасці з іх вельмі выразна чуецца засцярога перад русалкамі, перад магчымай шкодай з іх боку жытняй ніве. Калі разглядаць іх у функцыянальным аспекце, то гэта, як правіла, рытуальныя песні абраду «праводзін русалкі»:
Правяду русалку, правяду Дый асінкаю заламлю, Каб тая русалка па жыце не хадзіла, Майго жыта не ламіла.. ⁴²