• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект Арсень Ліс

    Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў

    Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект
    Арсень Ліс

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 188с.
    Мінск 1998
    88.28 МБ
    
    121
    
                        Добра жаць — шырокая ніўка, Вялікая постаць.
                        Добры вечар, сцюдзёная хатка, Няродная матка!
                        He пытаецца, ці змарылася, Што спазнілася, Да пытаецца, ці доўга пражала, Ці многа нажала.
    
    Тэкст выяўляе інтуітыўнае ўменне творцаў песень пры шырокім мастацкім абагульненні дасягнуць глыбокага псіхалагічнага кантэксту.
    
    
                       Добра гнаць — шырокая ніўка, Вялікая постаць.
                       Добры вечар, цёплая хатка, Родная матка!
                      He пытаецца, ці злянілася,
                      Ці многа нажала,
                       Да пытаецца, ці змарылася, Што спазнілася ⁴⁵
    
        У працоўнажніўных песнях з асаблівай пранікнёнасцю, эмацыянальнай адкрытасцю спавядальнага слова выражана драма самоты маладой жанчыны ў чужой, мужавай сям’і, неспагадныя, жорсткія адносіны да яе свёкра, свекрыві. Знойдзены адпаведныя сюжэтныя хады, у якіх трапна абагульнены, тыпізаваны праявы рэальнага жыцця. Вобразны эквівалент ідэі — лаканічны, мастацка выразны, арыгінальны.
        Псіхалагічная напружанасць перажывання жняі ў песні не акцэнтуецца. Драма адзіноты, адчужанасці лірычнай гераіні ў сям’і перададзена тонам спакойнага роспавяду. Нежаданне жняі пасля тамлівага працоўнага дня на ніве варочацца дамоў псіхалагічна дакладна матывавана: «у мяне дома чужа маці, чужы бацька». Адносіны свёкра і свекрыві да нявесткі, стомленай жнівом, выражаны праз красамоўную бытавую дэталь: не расчыняючы варот перад жняёй, даюць ёй у рукі вядро — пасылаюць «па вадзіцу у шчыры бор, у крыніцу».
        Творцы жніўных песень — нястомныя ў вынаходстве сюжэтных сітуацый, новых вобразных рашэнняў тэмы
    
    ⁴⁵ Шырма Р. Беларускія народныя песні. Т. 3. С. 188.
    
    122
    
    ўзаемін паміж членамі сялянскай сям’і на фоне гарачай пары ўборкі хлеба. Свякроў паэтычнавобразна супрацьпастаўляецца маці па лініі такога істотнага клопату пра работніцу на жніве, як падрыхтоўка ёй падсілкавання. Прынесены маткаю абед («хлеба бандушачка і масла ў гарнушачку») і свякроўчыны патравы («хлеба скарыначка і солі драбіначка») — сімвалічна канцэнтраваны знак іх адносін да запрацаванай жняі, у пэўнай меры наогул узровень іхняй чалавечнасці («А я жну, пажынаю»).
       Роздумнымі маналогамі маладой жняі, яе медытацыямі аб бацькоўскім доме («таткінай незе») працоўная жніўная песня можа супернічаць з прафесійнай лірыкай: такі грунтоўны ў яе запас пачуцця любасці, пяшчоты, душэўнасці і шчаслівага адчування незваротнасці часу («Ой, ты селязенька», «Надвор’ейка змяркаецца», «Закурыўся ціхі дробны дожджык»).
       Жніво, будучы важным этапам у жыцці сям’і земляроба, мабілізавала фізічныя і духоўныя сілы яе і давала багаты і разнастайны матэрыял для эстэтычнага асваення навакольнага свету і чалавека ў ходзе вялікай, значнай сваімі вынікамі працы. Бачанне чалавека і працы ў іх — гранічна рэалістычнае, адлюстраванае сродкамі паэтыкі, генетычна не звязанай з міфалогіяй. Хлебадайная жніўная праца, яе ўмовы ў цэлым трактуюцца як цяжкія: «Надаела жаркота, пякота, цяжкая работа, надаела» (Жніўныя песні, с. 147). «Жыта маё рэдзенька, забалела сярэдзінка», «А на дварэ вечарынка, баліць мая серадзінка», «Да жала я да вечара, баліць мая сярэдзіна» — зачыны многіх песень і іх лейтматыў выражаюць непасрэднае адчуванне жняі пры такой спецыфічнай працы, якая патрабавала не толькі ўмельства, але і немалой сілы, каб цэлы дзень, нагінаючыся да зямлі, найстарадаўнейшай прыладай, вынаходніцтвам часоў неаліту — сярпом зразаць жменю за жменяй калоссе не толькі на невялікіх сялянскіх загонах, але і на вялікіх плошчах памешчыцкіх жытніх ніў. Пры ўсёй мінорнай танальнасці ўласна жніўных песень, напоеных адвечнай жаночай тугой, няма падстаў гаварыць аб абсалютным дамінаванні ў агульнай масе іх матываў скаргі і жалю. У песнях антыпрыгонніцкай тэматыкі, жартоўных і часткі працоўных жніўных пераадолены негатыўныя перажыванні жняі, створаны
    
    123
    
    вобразы, пазначаныя станоўчай народнай свядомасцю ў яе лепшых праяўленнях, поўныя пачуцця годнасці, прыгожыя цэльнай натурай працоўнага чалавека, дабрынёй. Менавіта такі народны, хацелася б сказаць нацыянальны, характар контурна абазначаны ў песні ўласна жніўнай, запісанай намі на ўсходзе Віцебшчыны:
    
            Поле маё, поле маё вялікае й вясёлае, Вялікае й вясёлае, прыгожае й прывольнае. Па полю йду, па полю йду — весялюся, Па полю йду. па полю йду — красуюся, Дамоў прыду, дамоў прыду — не шчуюся ⁴⁶
    
       Дажынкавыя абрады і песні, што пазначылі сабой заключны этап жніва, твораць іншую рэальнасць, заснаваную на міфалагічным светасузіранні, але моцна абапёртую і на цвярозым, рэалістычным жаданні забяспечыць у згодзе з прыродай, космасам жыццё сям’і, роду, працяг іх у новых пакаленнях. У дажынкавай абраднасці, песенным фальклоры дажынак з новай сілай набрала актуальнасць універсальная ідэя каляндарнаабрадавай творчасці, ідэя ўрадлівасці. На першы план недвухсэнсоўна выступіў клопат пра ўраджай на будучы год, на далейшую перспектыву.
       Абрадавая практыка дажынак уключала такія рытуальныя дзействы, як трохкратнае перакачванне жней па пожні, «завіванне барады» (куста), сплятанне дажынкавага вянка з каласоўспарышоў, рытуальнае віншаванне гаспадара з новым хлебам, урачыстую вячэру са спажываннем рытуальных страў, хваласпеў гаспадару, гаспадыні, ніве... Адным з найважнейшых элементаў структуры дажынкавага абраду было «завіванне барады». У гэтым рытуале найбольш поўна і цэласна ўвасоблена ідэя забеспячэння ўраджаю на будучыню.
       «Завіванне барады», дарэчы, Д. К. Зяленін, К. Капяржынскі і іншыя фалькларысты вылучалі як самастойны абрад — рытуал складаны, полісемантычны. Метаідэя яго заключалася ў тым, каб магічным спосабам (уздзеяннем) захаваць плённасць зямлі, паўплываць на ўраджай менавіта будучага года. Спаўняючы яго, земляроб у асобе
    
    
    ⁴⁶ Паэзія беларускага земляробчага календара. С. 368.
    
    124
    
    жней дбаў пра ўраджайнае жыта на лета. Да гэтага змушалі яго жыццёвая практыка і запавет продкаў, заснаваны зноў жа на спрадвечным досведзе. Для здзяйснення рытуальнага дзейства «завівання барады» жнеі, дажынаючы жыта, пакідалі лапінку, кругловінку, паводле слоў інфарматаркі, каліў на трыццаць самай гусцейшай, урадлівай мясціны збажыны. Абавязкова няголай, пакрытай рукой выполвалі спаміж сцяблін зелле і клалі на камень каля самага карэння жыта прынесены з сабою акраец хлеба. Нельга не бачыць у дадзеным складніку рытуалу прынясення ахвяры зямлі, а мо і самім продкам, якіх старажытны чалавек бачыў і на тым свеце ахоўнікамі яго дабрабыту, чакаў іхняга спрыяння. У адных выпадках, згодна са сведчаннем П. В. Шэйна, Е. Р. Раманава і інш., «барада» пасля пэўных маніпуляцый з ёй (звязвання калосся яе чырвонай жычкай, пагладжвання яго злева направа) зжыналася жняёйпастацянкай рэзкім узмахам сярпа. У другіх, гэта, здаецца, больш архаічная форма рытуалу, «бараду» выканаўцы абраднасці зжыналі па каласку, ходзячы наўкол «кругловінкі» з дажынкавымі песнямі. Апошнія ж тры калівыкаласіны, не зразаючы, паступова намотвалі на скібку хлеба, пачынаючы зверху, і так разам з хлебнай ахвярай, зрабіўшы папярэдне сярпом ямку, закапвалі ў зямлю. Ахвярны характар хлеба і апошніх каласоў у гэтым магічным акце праступае, думаецца, асабліва канкрэтна, і ёсць падставы прыняць версію сучасных даследчыкаў міфалагічнай сістэмы мыслення аб тым, што хлеб, калоссе «барады» выступаюць тут медыятарамі паміж гэтым і тым светам і, такім чынам, у цэлым накіраваны на замову будучага ўраджаю наступнага лета ў продкаўзаступнікаў⁴⁷. Рытуал траічнага перакачвання жней па пожні, у некаторых выпадках тройчы перакачваліся непасрэдна па завітай «барадзе», меў у генетычнай аснове сваёй уяўленне аб карпаганічнай магіі: з дапамогай беспасрэдных кантактаў з мацізямлёй спадзяваліся магічна аднавіць страчаную на жніве сілу. Выказаную думку досыць наглядна пацвярджае рытуальная формула,
    
    ⁴⁷ Терновская О. А. Борода // Этнолннгвнстнческнй словарь славянскнх древностей. М., 1984. С. 113; Байбурнн A. К. Рнтуал: свое н чужое // Фольклор н этнографня: Проблемы реконструкцнн фактов траднцнонной культуры. Л., 1990.
    
    125
    
    з якой пры гэтым звычайная жняя звярталася да нівы, зямлі. Яна (формула), дарэчы, уключала адначасова і замовузаклён на навагодні ўраджай: «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку на другую ніўку! На коніка лой, на ніўку гной, а мне на здароўе! Судзі, Божа, на лета жаці і ядранейшае і гусцейшае»⁴⁸. Звіванне вянка з двайных каласоў (спарышоў) (прэрагатыва гэта, як правіла, належала незамужнім жнеям на чале з выбранай імі між сабой гожай, баявітай, маральна беззаганнай дзяўчынай) таксама мела прадуцыравальную мэту, магічнае дачыненне да забеспячэння будучага ўраджаю. Дажынкавы вянок, акрамя таго, сімвалізаваў сабой ураджай, яго вяртанне з поля дахаты, у двор. Менавіта вянок, у паўднёвазаходняй беларускай традыцыі «кветку» (відаць, з прычыны таго, што ў каласы ўпляталіся яшчэ і палявыя кветкі), прынёсшы ў двор на чале дажынкавай талакі, яе абранніца, па тэрміналогіі П. М. Шпілеўскага «багіня», даручала гаспадару на знак заканчэння жніва. Перадачу вянка жняя суправаджала віншаваннем, якое ўключала таксама элементы заклёну: «Благаславі, Божа, ў каморы, ў аборы і ў полі, і ў гумне і дай ураджай зямлі, дажджу; сушы, грады, чары насыланыя аддаляй... Віншую вас з новым годам, новым шчасцем. Дай, Божа, гэты год правесці ў карысці, ў радасці, ў добрым здароўі»⁴⁹. Пераняты гаспадаром дажынкавы вянок змяшчаўся на самым пачэсным, сакральным месцы ў хаце і заставаўся там да налецця, такім чынам сімвалічна замыкаючы гаспадарчы год у яго кругабегу. Характэрная дэталь — у віншаваннізаклёне новы хлеб і новы год выступаюць як паняцці тоесныя.
       Без арэала сакральнасці, але ў іпастасі паважнага адушаўлёнага вобраза, накшталт персанажа, прысутнічае дажынкавы вянок у песнях. Захоўваючы свае міфапаэтычныя вытокі, вобраз вянка ў тэксце арганізоўваецца ўжо на нейкім вышэйшым узроўні, паводле законаў хараства, эстэтыкі:
    
    Каціўся вяночак з поля Да прасіўся да пакою: — Пусці, пане, да пакою, Ужо я ў полі настаяўся,
    
    Буйны вецер навеяўся, Дробны дожджык накапаўся. У вяночак наплакаўся.