Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў
Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект
Арсень Ліс
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 188с.
Мінск 1998
⁵⁶ Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк. Вып. 89. С. 271.
132
ўрадлівасць, спорнасць дабра, хлеба як падвалін жыцця, гаранта яго існавання.
Цікавыя штрыхі да вобраза Спарыні маюцца ў тэкстах, запісаных А. Шлюбскім на Веліжчыне. У іх Спарыня набыла рысы арніталагічнага персанажа. Трапіўшы ў гумно, азярод гаспадара імярэк, а затым пасля магічных метамарфоз з ёю ў аруд (закрама), яна «гняздзечушка звіла, дзяцей выседзіла, пшаном выкарміла, сытой выпаіла». Здзейсніла гэту сваю родапрадаўжальную місію дзеля далейшага, большага памнажэння дабра: «Распусціла дзяцей па ўсім новым клецям, // Па ўсім новым клецям, па ўсім новым клецям, па высокім закрамам»⁵⁷.
Функцыянальная прырода райковых дажынкавых песень тая ж, што і ў спарышовых, перадусім велічальная. Зварот да Раю (Райка) у іх, праўда, не ўтрымлівае заклінання, выказанага непасрэдна ў тэксце. Аднак настойлівыя запросіны, звернутыя да Рая, зайсці ў двор гаспадара і як аргумент просьбы — абрадавая ідэалізацыя падвор’я, асабліва дажынкавага стала, дзе ўсё нарыхтавана для сустрэчы, не пакідае сумнення аб сакральным статусе Раю (Райка) у свядомасці творцаў жніўных песень. Такім чынам, Рай у дажынкавых песнях функцыяніруе ў ролі, тоеснай Спарышу. Ён — міфапаэтычная істота, ад якой залежыць спрыянне земляробу ў дабрабыце. Падрабязней, як мы бачылі гэта ў тэкстах спарышовых песень, роля, вобраз Райка не расшыфроўваецца. Верагодна, семантыка Рая не супадае цалкам з семантыкай Спарыша. Прынамсі, Рай (Раёк) мы сустракаем і ў вясельных песнях, дзе ён выступае апекуном пры выпяканні каравайніцамі рытуальнага хлеба, а магчыма, і апекуном маладых⁵⁸.
Мастацкая структура райковых песень блізкая структуры спарышовых, але не тоесная ім. Кампазіцыйная схема райковых песень набліжана да тэкстаў спарышовых. Літаральна з першых радкоў адчуваецца ўстаноўка на вылучэнне асобы гаспадара:
⁵⁷ Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1. С. 155156.
⁵⁸ Вяселле. Песні: У 6 кн. / Уклад. Л. А. Малаш і 3. Я. Мажэйка. Мн., 1981. Кн. 2. С. 149150.
133
Ой, хадзіў Раю, ой, хадзіў Раю ўсё па вуліцы. Ніхто Раю, ніхто Раю не ўзываецца.
Адазваўся, ой, адазваўся молад Петрачка...⁵⁹
Паўтараецца схема спарышовых тэкстаў і ў самім запрашэнні, яго абгрунтаванні, матывацыі. Але паколькі ва ўсіх райковых тэкстах, а іх апублікавана больш пятнаццаці, няма непасрэдна выражанага заклёну на ўрадлівасць, багацце, як у спарышовых, то сэнсавы акцэнт прыпадае якраз на структурны блок, у якім, паводле законаў міфалагічнага мыслення, ствараецца абразок святочнай гатоўнасці да рытуальнай сустрэчы Райка. Выпісаны ён па канонах абрадавай ідэалізацыі⁶⁰.
Да групы спарышоварайковых песень непасрэдна прымыкае дажынкавы тэкст пад назваю «Ішоў Бог дарогаю». Ён — адзін з тых фальклорных узораў, што ў пэўнай меры могуць праілюстраваць эвалюцыю мастацкай свядомасці народа. Уласна сюжэт, стылістыка песні «Ішоў Бог дарогаю», яе ідэя — не што іншае, як паўтарэнне ідэі і структуры райковых песень. Адно што ў сувязі з некаторымі зменамі ў светапоглядзе народа на этапе хрысціянства адбылася замена язычніцкага, паводле генетычных вытокаў, вобразаперсанажа Райка на Бога як падаўца ўрадлівасці. Зваротпросьба да Бога ў дажынкавым тэксце прывёў да невялікага карэгавання існаваўшага ў жніўнапесеннай традыцыі сюжэта. Сакральную моц Бога гаспадар з дажынкавых песень просіць пашырыць, распрасцерці менавіта на яго гумно, месца засяроджання, захавання ўраджаю. Магічны падтэкст песні тут наглядна выяўляецца праз эпітэты, міфапаэтычная светапоглядная аснова якіх не выклікае сумнення:
Ішоў Бог дарогаю, дарогаю шырокаю, Тадорка ля варот стаіць, Шапачку ў руках дзяржыць: — Ка мне, Божа, ка мне 3 густьгмі капамі, 3 вялікімі стагамі.
У мяне гумно вялікае, Азяроды высокія,
⁵⁹ Жніўныя песні. С. 464.
⁶⁰ Гілевіч Н. С. Песні народных свят і абрадаў. С. 274.
134
Пераплоты шырокія, А засекі глыбокія: Ёсць дзе павярнуцца 3 густымі капамі, 3 вялікімі стагамі.⁶¹
Больш раннія запісы песні недвухсэнсоўна сведчаць аб першапачатковай магічнай скіраванасці яе. Прадуцыравальная магія, акрамя такіх спрЬіяльных гаспадару наяўных яе вобразных фактараў, як «гумно вялікае, застаронкі шырокія, вароцечкі двайчастыя да копы частыя», уключае гарантуючыя магічнае ўздзеянне кампаненты, увасобленыя ў вобразы магічнай знакавасці: «малацьбіты маладыя, да ў іх цапы залатыя, веслачкі буковыя, а мяцёлачкі шаўковыя» (АРАН, ф. 104, воп. 1, спр. 325, л. 68). У іншых варыянтах матыў велічання стушоўваецца, а на першы план выходзіць іншая тэма, з’яўляецца іншы псіхалагічны кантэкст: «Ка мне, Божа, ка мне // 3 сваёю талакою! // У мяне поле далёкае, // A жыцечка буйненькая, // Няма каму на загоне стаці, // Маё жыта паджынаці: // Матка мая старэнькая, // A сястрыца маладзенькая» (Жніўныя песні, с. 469).
У цэлым жа дажынкавае велічанне, хоць і выяўляе ў некаторых песенных узорах першапачатковую генетычную сувязь з магічнымі ўяўленнямі, паэтычнай прыродай сваёй істотна адрозніваецца ад велічальных матываў, як яны рэалізаваны ў калядках, шчадроўках і валачобных песнях. Паэтыка іх іншая. У жніўных песнях, дажынкавай іх разнавіднасці, велічанне гаспадара, гаспадыні ўсё часцей абапіраецца на параўнанне, узятае з прыроднага свёту.
Земляроб у дажынкавых песнях, што ў прынцыпе жыццёва апраўдана, лагічна, услаўляецца перадусім праз ужо сабраны ўраджай. Поўнае збажыной гумно яго натуральна асацыіруецца з вобразам дастатку. Вобраз гаспадарскага гумна атрымаў у дажынкавых песнях высокамастацкае, узнікшае пры паэтычным азарэнні ўвасабленне. Здзейснена яно праз сінтаксічны паралелізм: вобраз поўнага арэхавага ядра, якое ў прыродзе наліваецца і паспявае якраз к канцу жніва, лёгка, зрокава ў паэтычнай
⁶¹ Жніўныя песні. С. 476.
135
канструкцыі тэксту суадносіцца з наладаваным па ўборцы нівы дабром. Створаны такім чынам песенны вобраз праецыруецца на вобраз самога гаспадара, нязмушана сцвярджаючы такія рысы ў ім, як руплівасць, працавітасць, земляробская годнасць. Ажыўляе ўсю архітэктоніку песні дыялагічная, амебейнага тыпу яе кампазіцыя:
— А ці поўна арэхава чара Ядром налівана?
— Поўнапоўненька арэхава чара Ядром налівана.
— А ці поўна Іванькава гумно Дабра накладзена?
— Поўнапоўненька Іванькава гумно Дабра накладзена:
А некуды конна праехаць, Hi пехатой прайсці, Толькі ёсць куды, Толькі ёсць куды Салаўю лятаці, дабро аглядаці.⁶²
Значную групу сярод дажынкавых велічанняў складаюць тэксты, думка ў якіх звернута не да селяніназемляроба, а да пана, заможнага аграрыя. У гэтай з’яве адлюстраваўся факт шырокага выкарыстання дваровай шляхтай, панамі народнага звычаю працоўнай калектыўнай узаемавыручкідапамогі, вядомай як талака. Уласнікі маёнткаў, вялікіх жытніх палеткаў ахвотна ішлі на спраўленне дажынкавых талок, бо любыя матэрыяльныя затраты на іх зза дармовай рабочай сілы былі нашмат меншыя, чым калі б ім даводзілася наймаць жней за плату. На панскіх дажынках, дзе гаспадары стараліся праявіць адпаведную моманту шчодрасць, прытушаліся, забываліся сацыяльныя крыўды, запаноўваў мір. Сказанае не значыць, праўда, што ў дажынкавых песнях жнейская талака не магла падсмяяць пані ці пана, а часам і вярнуць бумерангам нейкую крыўду, але ў цэлым у дажынкавых велічаннях, адрасаваных сацыяльна паноўнаму стану, дамінуе паважнае слаўленне панагаспадара. Паэтыка групы гэтых песень мае багатую вобразную палітру: рэаліі памешчыцкага быту давалі адпаведны матэрыял для эстэтычнай кампаноўкі яе элементаў. Зноў жа вобраз пана, як
⁶² Жніўныя песні. С. 515.
136
і ў валачобных песнях вобраз земляробагаспадара, ствараецца ў экстэр’еры двара, на фоне яго гасподы. Мастацкія дэталі, выкарыстаныя пры абмалёўцы панскага двара, не без падставы прэтэндуюць на тонкі эстэтычны густ, а стылёвы малюнак тэксту — на дасканаласць:
А ў нашага пана На двары куна йграла, На двары куна йграла, 3 сабалём размаўляла: — Ой, саболю, саболю, Пагуляем з табою.
— Як я маю гуляці, Вяліць пан застрэліці, Жане шубу пашыці, Сабалём аблажыці, А з лапачак шапачку Жане на галовачку.⁶³
Дажынкавы гурт жней велічаў пана апасродкавана, аддаючы належнае багатаму выгляду яго двара, асабліва тым аб’ектам гаспадарчай будовы, што звязаны з прыёмам ураджаю, захаваннем збажыны ў вымалачаным, спарадкаваным выглядзе. Вылучаным аб’ектам пахвалы з’яўляюцца свіраны. У характары іх паэтызацыі адчуваецца водгалас рытуальнага велічання: «У нашага пана харашэнька на дварэ, // Харашэнька на дварэ пабудованы свірнэ: // Гонтамі пакрываны, сабалямі пабіваны» (Жніўныя песні, с. 484). На далейшым шляху паэтызацыі думка ўкладальнікаў песні вызвалялася ад магічнай зададзенасці, міфалагічнай дэтэрмінаванасці, узмацнялася асацыятыўнасць'. «Да ў нашага пана харашэнька на дварэ пабудаваны свірнэ: // Да з цясовага лесу, з салаўёвага голасу».
Дажынкавыя велічанні, адрасаваныя жнеямі пану, пераканаўча сведчаць аб мастацкай прадуктыўнасці выкарыстання ў структуры іх тэксту сінтаксічнага паралелізму. Прыродны аб’ект ці з’ява стыхіі, узноўленыя ў першых радках песні, набываюць адразу нейкую семантычную аб’ёмнасць як ключавыя словы і настройваюць на адпаведны лад успрыняцця наступнага абразка, у якім скан
⁶³ Жніўныя песні. С. 485—486.
5а Зак. 1081
137
цэнтраваны змест, сэнс велічання. У асобных узорах дажынкавай паэзіі такія паралелі выкрышталізаваліся ў сталыя паэтычныя формулы тыпу «Высок наш бор, высок // Над усімі барамі. // Багат наш пан, багат // Над усімі панамі...» Далейшае сэнсавае напаўненне такой песеннай структуры бывае самае рознае, але ва ўсіх выпадках яно падпарадкавана паэтычнаму раскрыццю канстатаванага ў першых радках паняцця «багаты». У адных варыянтах песні «Вялік наш бор, вялік» панскае багацце ўвасаблялася ў вобразах, звычных уяўленням земляроба аб аснове дабрабыту, заможнасці: «Адно гумно жыта нажаў, а другое ярыначкі», але часцей у паэтычнавобразным афармленні яно набывала сімвалічны сэнс, у якім багацце і шчодрасць выступалі непадзельна. Кантэкст у такіх выпадках «выдаваў» утылітарную мэту велічання, спадзяванне на добры, адпаведны заканчэнню нялёгкай працы пачастунак: