Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў
Сістэма жанраў. Эстэтычны аспект
Арсень Ліс
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 188с.
Мінск 1998
³⁴ Колядкн та шедрівкн: Зямова обрядова поезія трудового року / Упорядкування, передмова і прнміткн О. I. Дея. Кяів, 1965. С. 46—102.
2 Зак 1081
33
калі адрасатантыпод (прадстаўнікі іншага сяла) існаваў толькі ва ўяўленні песеннікаў, і гэтага было дастаткова, каб на яго фоне падкрэсліць сваю перавагу, узвысіцца над апанентамі праз камізм сітуацыі, у якую тыя ставіліся ў песні³⁵. Традыцыя маскавання, сцэнічных прадстаўленняў распаўсюджвалася на звычайныя на першы погляд тэксты, якія своеасабліва інсцэніраваліся. Так, дыялог ваўка і казы (запіс песні А. Грыневіча ў паўночназаходняй зоне і братоў Логінаў на Навагрудчыне) набываў артыстызм і дасціпнасць выказвання персанажаў, адметную гумарыстычную малюнкавасць вобразаў, што ў спалучэнні з танцам, падтанцоўваннем, — а ў гульнёвых песнях сінхранізацыя праяўляецца асабліва дзейсна, — давала добры мастацкі эфект: «У канцы сяла да стаіць вяр®а> // Каляда, да ты Калядзіца! // Да на той вярбе да дзіка каза. // Прыпеў. // Прыйшоў да яе да сівы ваўчок: // Прыпеў. // — Да злезь, козка, да патанцуйма, // Прыпеў. // Да патанцуйма да пажартуйма! // Прыпеў. // — Да не палезу, бо цябе баюся: // Прыпеў. // Калі ў цябе, воўча, вялікія вочы. // Прыпеў. // — Я ў караля быў, усю ноч свяціў // Прыпеў. // Усю ноч свяціў, вочы павялічыў...» Так абыгрываюцца ўсе часткі цела: галава, якую воўк «наклапаціў», судзячы суды ў караля, хвост, размаханы ад таго, што ім замятаў каралеўскія пакоі³⁶. Прыём травесці, гумарыстычнага зніжэння вобразаў у песнях калядных вечароў, пашыраўся і на абхадныя абрадавыя тэксты. Аднаму гаспадару, «пану Якіму», жартоўныя калядоўшчыкі прадказваюць усякае спрыянне: у яго вароты бачацца ім завешанымі паяскамі і стужкамі — сімваламі вяселля ды знакамі рэальнага яго набліжэння: «званкі звоняць, сваты едуць». У другога, «пана Уласа», на варотах (уваходная брама) — «каўбас лыка, пірагоў века» (такая сакаўная святочная прадметнарэчыўная вобразнасць). Пры заходзе гурту спевакоў у вароты да трэцяга гаспадара, «пана Янкі», малюецца абразок падрыхтоўкі да Каляд, пададзены ў гумарыстычным кантэксце: «куццю таўкуць, кі
³⁵ Паэзія беларускага земляробчага календара / Уклад., сістэм. тэкстаў, уступ. арт. і камент. A. С. Ліса; народны каляндар падрыхтаваў У. А. Васілевіч. Мн., 1992. С. 164—165 (далей у тэксце — ПБЗК).
³⁶ Тамсама. С. 160—161.
34
сель вараць, дзеці плачуць, кіі скачуць...» I гэта сюжэтнае нанізванне гумарыстычных сцэнак доўжыцца.
Раскаванасць атмасферы, у якой узнікла каляднапесенная гумарыстыка, паўплавала на структуру тэксту, асобныя кампаненты яе. Большасць песень калядных ігрышчаў пабудавана паводле прынцыпу палярызацыі, які дазваляе акцэнтаваць, адцяніць нейкія моманты характарыстыкі вобраза, паколькі ў супастаўленні кожная з’ява, прадмет паўстаюць больш акрэслена. Прыпеў «Каляда», які ў паважлівастрогіх абхадных абрадавых песнях успрымаецца як настойлівы напамін аб персаніфікаваным свяце, у гульнёвых калядках набыў у адпаведнасці з семантычнымі зменамі іншы каларыт. Рэфрэн «Гэй, КалядаКалядзіца!» і яго варыянт «Каляда, да ты Калядзіца!» — атрыбутыўная жанравая рыса песень калядных ігрышчаў з выразным знакам асабістых адносін удзельнікаў святкавання да самога свята сонцавароту.
Функцыянальна і жанрава адметную групу твораў святочных калядных вечароў і, як красамоўна засведчьгў асобны том песеньцярэшак з акадэмічнай серыі БНТ 1993 года выдання, немалалікую (700 нумароў) складае песеннае суправаджэнне абрадавага ігрышча «Жаніцьба Цярэшкі», лакалізаванага сёння ў рэгіёне паўночнай і паўночназаходняй Беларусі. Жанравая і мастацкая прырода цярэшак, як і абсалютнай большасці абрадавых тэкстаў, абумоўлена іх функцыянальнасцю. Ігрышча «Жаніцьба Цярэшкі», як сведчыць ужо само яго найменне, мела шлюбную тэматычную скіраванасць, адпаведны асноўнай ідэі сцэнарый і такую ж змястоўную напоўненасць песень. Асноўная маса цярэшак канцэнтравалася на двух галоўных этапах ігрышча: у час «скручвання» ў танцы пар (магічны ў сваёй генетычнай аснове акт, скіраваны на «знітаванне» маладых людзей у адну сям’ю), a таксама ў момант узаемнага пералоўлівання «пажэненых». У цярэшкавых песнях, сціслых паводле зместу і формы, адбілася своеасаблівае спаборніцтва моладзі ў лоўкасці, дасціпнасці, здатнасці да імправізацыі, уменні валодаць фальклорнай традыцыяй. Семантыка цярэшак вылучаецца ласкавым тонам узаемнага звароту дзейных асоб гульні (бабулечка, дзядулечка, дзедзічка), матывамі заляцання, пабудаванымі на выпрабаванні кемлівасці партнёра, дас
2*
35
ціпнасці, тактоўнасці. Цярэшкам уласцівы мяккі, зычлівы гумар, абыгрыванне працоўнабытавых сітуацый як крытэрыю пры характарыстыцы персанажаў гульні. Тэматыка іх вылучаецца эратычнымі матывамі. У асобных тэкстах падкрэсліваецца абрадавая значнасць старажытнага ігрышча: «Хто Цярэшку жаніць будзе, той у золаце хадзіць будзе!»³⁷
Ігрышчаабрад «Яшчур» у адрозненне ад «Жаніцьбы Цярэшкі» — гульня монатэкставая. Вучоныя аднадушныя ў сцвярджэнні яе глыбока архаічнага характару. Б. А. Рыбакоў прататыпам галоўнага персанажа гульні адназначна бачыць хтанічную істоту, міфалагічнага ўладара падводнападземнага свету яшчара³⁸. Сапраўды, сімвалічная вясельнашлюбная семантыка абрадавай гульні, сакральна адзначанае месца змяшчэння яшчара ўказваюць на генетычнамагічныя вытокі яе: «Сядзі, сядзі, яшчар, // Гэй, нам, гэй! // У залатым крэсле. // Прыпеў. // На ліпавым дзенцы. // Прыпеў. // У руцвяным венцы. // Прыпеў. // Бяры сабе панну, каторую хочаш, // Каторую хочаш, каторую любіш...»³⁹ 3 забыццём сакральнамагічнай асновы ішло семантычнае зніжэнне вобраза, пераасэнсаванне яго: «Сядзіць, сядзіць яшчар. Ладу, ладу! // У арэхавым кусце. Прыпеў. // Арэшкі лушчыць. Прыпеў. // Вочкамі плюшчыць. Прыпеў. // Парошы точыць. Прыпеў. // Жаніцца хочыць...»⁴⁰ Ідэя шлюбовін, пачаткова ўласцівая гульні, захавалася ў тэксце і са стратай ім сакральнай функцыянальнасці.
Увесь фальклорнаэтнаграфічны комплекс Каляд узнік на грунце асэнсавання і ўшанавання зімовага сонцавароту як этапнага перыяду ў жыцці прыроды, космасу, чалавека. Святкаванні ў гонар адроджанага сонца, павароту яго на лета клалі пачатак новаму гадавому вытворчаму цыклу, і гэта ў канечным выніку абумовіла працягласць калядных урачыстасцей у часе: яны самыя доўгія, ажно 14 дзён, ва ўсім земляробчым календары. Жанравая разнастайнасць і паэтычнае багацце фальклору зімовага
³⁷ Жаніцьба Цярэшкі / Уклад. Л. М. Салавей і I. Дз. Назінай. Мн., 1993. С. 145.
³⁸ Рыбаков Б. А. Язычество древней Русн. М., 1988. С. 152—153.
³⁹ Шырма Р. Беларускія народныя песні: У 4 т. Мн., 1962. Т. 3. С. 283.
⁴⁰ Романов Е. Р. Белорусскнй сборннк. Внльна, 1912. Вып. 8. С. 125.
36
перыяду земляробчага календара былі прадвызначаны менавіта гэтымі рэаліямі жыцця і свядомасці творцаў першага раздзела паэзіі гадавога круга.
У цэлым жа калядны фальклор — багаты ідэямі, паэтычнай формай шматстайны жанравы пласт традыцыйнай мастацкай культуры. У архаічных рытуалах Каляд, абрадавых прадстаўленнях і ігрышчах, знайшоў увасабленне шэраг этнакультурных з’яў, у тым ліку рэліктавага характару. Калядны рытуальнаабрадавы локус вылучаецца высокай ступенню сакралізацыі і актыўнай карнавалізацыяй. Менавіта ў калядных абрадавых сцэнках і ігрышчах узяў пачатак народны тэатр. Паэтыка і стылістыка шэрагу каляднашчадроўскіх песень выяўляюць выразны эпічны пачатак. Абхадныя ж песні Каляд і Шчодрага вечара складаюць класічны набытак нацыянальнай паэтычнай культуры.
Масленічныя песні, масленкі. На мяжы зімовага і веснавога песенных цыклаў у сістэме паэзіі беларускага земляробчага календара развіліся песні Масленіцы, або Сырнай нядзелі, якія атрымалі намінацыю ад асноўных абрадавых відаў ежы, ужываных падчас урачыстасцей праводзін зімы, назвы свята. Функцыянальна і тэматычна масленкі ўяўлялі сабой пераходнае звяно ў гадавым крузе песень. Старажытныя генетычныя вытокі масленічных песень слаба праявіліся знешне. Абрадавы субстрат іх дэшыфруецца толькі ў асобных элементах паэтыкі, а больш «чытаецца» ў агульнай танальнасці гучання, характары святочнай урачыстасці. У песнях Масленіцы адчуваецца язычніцкая стыхія ўрачыстасці: стыхія неўтаймаванасці, карнавальнай радасці, непасрэдна выказанай чалавекам, які ўпершыню на прыродзе ў новым гадавым цыкле праз абрадгульню, магію слова далучаўся да нейкай спрадвечнай існасці жыцця. Праўда, у двухтрох тэкстах рытуальнамагічны план пры афармленні паэтычнай думкі выступае адназначна выразна, як вызначальны. Сюжэтаўтваральную ролю адыгрывае ён, напрыклад, у песні: «Ой, топчым мы снег, топчым. // Што з яго мы вытапчым? // Траўкумураўку на вясну, // А ціхае жыта на лета» (Гілевіч, 1974, с. 55). Асобныя абрадавыя атрыбуты Масленкі паэтычна трансфармаваліся ў песенных тэкстах: «Мы на горушкі пабывалі, пабывалі, // Ай, люлі, пабывалі! // Масленку
37
сустракалі, сустракалі. // Прыпеў. // Сырам гару набівалі, набівалі. // Маслам гару палівалі, палівалі. // Наша горушка катліва, ой, катліва...» (Романов, 8, с. 140). У масленічных абхадных песнях (яны лакалізаваліся на этнаграфічнай Міншчыне і, згодна звычаю, спяваліся гуртам дзяўчат пад акном маладзіцы, што нядаўна выйшла замуж) зноў жа згадваўся рытуальны сыр, якому надаваўся магічнапрадуцыравальны сэнс: «Маладзіца, маладзіца маладая! Выйдзі ты к нам на вуліцу, // А вынясь нам сыра, а народзіш сына...» (Бессонов, с. 142). Дарэчы, паводле сведчанняў П. Бяссонава, на Масленіцу як абрадавая ежа практыкаваўся сыр менавіта з казінага або авечага малака, што лішні раз пацвярджае погляд старажытных беларусаў на казу як увасабленне пладавітасці і жывёліну сакральнага статуса.
Масленіца з аднайменных песень набыла рысы персаніфікаванага апатрапамарфічнага вобраза, з якім удзельнікі святкавання ўступаюць у абрадавы кантакт. Зварот песеннікаў да Масленіцы гучыць у памяншальналаскальнай форме. Яна паэтычна акрэсліваецца эпітэтамі «катлівая», «каўзуха», паводле звычаю катацца, коўзацца з горак на Масленым тыдні, што дыктавалася абрадавым прадпісаннем. У дачыненні да масленічнай урачыстасці ўжываецца рэдкаснае, практычна унікальнае для свята азначэнне — «шчаслівая»: «Маслінная, шчаслівая, працягніся да Вялікадня!» (Романов, 8, с. 137). Масленіца, такім чынам, выступала ўвасабленнем дабрабыту, сытасці, здаволенасці, абумоўленымі магічнаабрадавымі мэтамі. Адпаведна тэксты поўняцца ўдзячнасцю Масленіцы і адзіным ёй папрокам — за часавую хуткаплыннасць свята: «Мы думалі Маслінкі сем нядзелек, сем нядзелек, ажно Маслінкі сем дзянёчкаў, сем дзянёчкаў!» (Романов, 8, с. 140). Дамінантны для масленічных песень матыў усеагульнай радасці з выпадку свята меў разнастайную форму мастацкага ўвасаблення. Узнёслая ацэнка, паэтызацыя святочнай урачыстасці арганічна пераходзіла ў характарыстыку і самахарактарыстыку яе ўдзельнікаў: «...Нашы горачкі ўсё крутыя, нашы дзевачкі ўсё гуллівы, а малодачкі ўсё смяшлівы» (Шейн, 1874, с. 353).