• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    ФРАНЦ ХОЛЕР
    навела
    КАМЕННЫ ПАТОП
    
    
    ФРАНЦ ХОЛЕР
    КАМЕННЫ ПАТОП навела
    У нядзелю, 11 верасня 1881 года, швейцарская вёсачка Эльм, што ў кантоне Гларус, пацярпела ад страшэннага камняпаду, выкліканага парушэннем тэхналогіі здабычы шыферу. Франц Холер расказвае пра два апошнія дні перад катастрофай, апісваючы іх з перспектывы сямігадовай Катарыны Дыш, дзяўчынкі, якая вельмі тонка адчувае свет, што робіць яе жыццё дужа нялёгкім, але ўрэшце і ратуе.
    ФРАНЦХОЛЕР
    КАМЕННЫ ПАТОП
    Навела
    Пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч
    Мінск «Галіяфы» 2017
    УДК 821.112.2-32
    ББК 84(4Нем)-44
    X71
    Пераклад з нямецкай Ірыны Герасімовіч
    Выданне гэтай кнігі стала магчымым дзякуючы падтрымцы Швейцарскага культурнага фонду «Пра Гельвецыя»
    Schweizer kulturstiftung
    prshelvetia
    Холер, Ф.
    Х71 Каменны патоп : навела / Франц Холер ; пер.
    з ням. I. Герасімовіч. — Мінск : Галіяфы, 2017. — 174 с.
    ISBN 978-985-7140-47-3.
    У нядзелю, 11 верасня 1881 года, швейцарская вёсачка Эльм, што ў кантоне Гларус, пацярпела ад страшэннага камняпаду, выкліканага парушэннем тэхналогіі здабычы шыферу. Франц Холер расказвае пра два апошнія дні перад катастрофай, апісваючы іх з перспектывы сямігадовай Катарыны Дыш, дзяўчынкі, якая вельмі тонка адчувае свет, што робіць яе жыццё дужа нялёгкім, але ўрэшце і ратуе.
    УДК 821.112.2-32
    ББК 84(4Нем)-44
    ISBN 978-985-7140-47-3	© 1998 by Luchterhand Literaturverlag,
    Munchen a division of Verlagsgruppe Random House GmbH, Munchen,
    Germany
    © Герасімовіч I., пераклад на
    беларускую мову, 2017
    © Ждановіч С„ вокладка, 2017
    © Афармленне, выданне на беларускай
    мове. ПВУП «Галіяфы», 2017
    FRANZ HOHLER
    DIESTEINFLUT
    Fine Novelle
    Munchen
    Luchterhand Literaturverlag 1998
    КАМЕННЫ ПАТОГІ
    Перакладчыца дзякуе Перакладчыцкаму дому Лоорэн (Швейцарыя).
    Перакладчыца дзякуе Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў у Вісбю (Готланд, Швецыя).
    Перакладчыца дзякуе Ані Брувілер-Рынер, праўнучцы Катарыны Дыш, за дапамогу ў працы над перакладам.
    1
    Калі сямігадовая Катарына Дыш з чатырохгадовым братам Каспарам у пятніцу, 9 верасня 1881 года, увайшла ў дом сваёй бабулі, яна не ведала, што пойдзе адсюль толькі ў дзень свайго вяселля.
    Бацька выправіў іх на пару дзён з дому, бо чакалі нараджэння дзіцяці, і Катарына без пярэчанняў узяла хатулёк, які сабрала Ганна, старэйшая сястра, — абедзве начнушкі ды сёе-тое з бялізны, — усунула туды ж сваю драўляную ляльку Лізі так, каб галава ў той выглядвала, і, узяўшы Каспара за руку, пусцілася ў дарогу. Яна была рада, што не трэба заставацца дома.
    Якой перайначанай падалася ёй маці, як развітваліся! Ляжала ў спальні на верхнім паверсе, валасы, звычайна заколатыя, цяпер распушчаныя: раскідаліся па падушцы і нават звісаюць з ложка, — сама ўся збялелая ды потная, pas-nopas сашчэміць вусны, прыплюшчыць вочы ды цісне далонямі на коўдру, пад якой уздымаецца жывот. Катарына збіралася толькі хуценька з парога сказаць: «Да пабачэння», — але маці ўзмахам падазвала яе да сябе, правяла ёй па галаве рукой, зусім халоднай, і ціха сказала, каб кланялася бабулі, а як толькі з’явіцца новы брацік ці сястрычка, яна зараз жа каго-небудзь прышле. Потым мама, зрабіўшы глыбокі ўдых, павярнулася набок, адчыніла шуфлядку начнога століка, дастала колькі сушаных сліў, «на
    дарогу, вам з Каспарам» — дадала яна, паспрабаваўшы ўсміхнуцца. Катарына спешна ўсунула слівы ў кішэнь фартушка, моўчкі стаяла, позіркам зноўку шукаючы маму, якую яна ведала і якая была так мала падобная да той, што ляжала тут. «Не бойся, не бойся», — шапнула ёй жанчына з ложка, зноў павярнулася на спіну і заплюшчыла вочы.
    Нячутна вышмыгнуўшы з пакоя, Катарына па сходах падскокам спусцілася ў карчму. Там Каспар, ужо ў палярыне, разам са старэйшым братам Якабам, віскочучы, насіўся вакол пустых сталоў, а Ганна стаяла пры ночвах, мыючы шклянкі з талеркамі. Пакуль Катарына апранала развешаную на спінцы крэсла палярыну, кошка аціралася ля яе ног і, на ўвесь голас пяючы курну, паглядала на дзяўчынку. Катарына падняла яе, палюляла на руках, запыталася, мо пойдзе з імі разам. Потым скінула жывёліну на падлогу гасцёўні, рашуча ўзяла малога за руку, сказала «бывайце» Якабу з Ганнай. «Кланяйся бабулі!» — крыкнула ўслед ёй Ганна, і вось з дзвярэй карчмы «У Мойры» дзеці выйшлі ў пахмурны дзень. Кошка прайшла за імі пару крокаў, а потым спынілася і, падняўшы хвост, замяўкала. Абярнуўшыся глянуць, дзе бацька — во толькі ж быў тут, — Катарына ўбачыла яго троху воддаль угары: стаіць перад адрынаю пры іхнай сенажаці. У руках каса чаранком уніз, махае дзецям на развітанне, тут Катарына прыгадала: бацька казаў, што пойдзе кляпаць касу.
    Дзяўчынка паглядзела на адхон, туды, дзе «Бляйген», дзе бабулін двор, хоць ведала, што адсюль яго не відаць. Дарога, што за вёскай ішла ўверх па схіле, гублялася сярод аблокаў, нібыта вяла наўпрост у неба. He паспелі яны і пары крокаў ступіць, як паветра скалануў грукат, і Каспар, які баяўся навальніцы, спалохана глянуў на сястру.
    — Назад хачу, — сказаў ён і спыніўся.
    Сястра супакоіла яго:
    — Гэта не навальніца, проста кавалак скалы адламіўся, — і пацягнула далей.
    Хата Катарыніных бацькоў стаяла ля ўсходняга канца Эльма — найдалейшай вёскі ў даліне Зэрнфа ў кантоне Гларус. Гэтая частка вёскі называлася Ніжняя Даліна, і, ідучы ў школу або ў царкву, Катарыне трэба было спусціцца і перайсці праз жалезны мост. Калі чалавек не ішоў праз адзін з перавалаў або на які горны выган на іх баку, дык, уласна, любая дарога спачатку вяла праз жалезны мост, і адтуль жа пачыналася сцежка наверх да «Бляйгена». Катарына была рада. Ёй хацелася як найхутчэй адысціся ад Платэнберга — гары, што ўздымалася за «Мойрам», бо з яе апошнім часам раз за разам валіліся адломкі скалы. У бацькоўскай карчме толькі і было размоў, што пра гэта. Унізе ля Платэнберга вяліся работы, здабывалі сланцавы шыфер, і рабочыя, што там працавалі, часцяком наведваліся ў «Мойр». Катарына любіла сесці ў куточак у гасцёўні, пры вялікай печцы,
    пісала сабе літары і лічбы на шыфернай дошцы ды слухала, пра што гаворыцца. Ганна, якой ужо споўнілася шаснаццаць гадоў, падавала на стол, а за буфетам напоі разлівалі маці або бацька. У іх была яшчэ і гаспадарка, дык часцей разлівала маці, а не бацька. Цяпер, калі дадасца яшчэ немаўля, відаць, пойдзе за памочніцу і сястра Рэгула, ёй дванаццаць, або і Якаб, яму трынаццаць. Але гасцям болей даспадобы, калі напоі ім падаюць дзяўчаты. Можа, разважала Катарына, за стойку пойдзе Ганна, а Рэгула будзе падаваць. Бо бацька, пэўна ж, не будзе мець часу, ён сам казаў ужо, дзіця, маўляў, нараджаецца ў самы нятрапны момант. Трэба было яшчэ атаву скасіць. I, як болыпасць тутэйшых гаспадароў, бацька ўсё ніяк не мог управіцца, бо аддаўна дажджыла. Усе чакалі пагоды.
    Катарына і сама не разумела, чаму дзіця з’яўляецца менавіта зараз. Строга кажучы, яна наагул не ведала, ад чаго ў жанчыны бывае дзіця. Трэба яшчэ і мужчына, гэта ясна, і ў жывёл жа не іначай, і Катарына ўспомніла, як Рынераў бык сёлета ўлетку, зароўшы, кінуўся на бацькаву карову, калі яго да яе дапусцілі, але што бацька такім чынам падступаецца да мамы — не, ну як такое можа быць, і не магла Катарына такога рову не пачуць, бо спала разам з Каспарам, Рэгулай і Якабам побач з пакоем бацькоў. Раптам яна выявіла горкі прагал у тым, што ведала пра жыццё, і намерылася, вярнуўшыся дадому, распытацца ў Ганны. Ганна ўжо жанчына і, пэўна ж,
    ведае пра мужчын, бо ёсць там адзін, заходзіць толькі дзеля яе, рабочы з шыферных распрацовак, таксама жыве ў «Бляйгене», у дальнім двары, Хансам-Каспарам завецца, і надоечы, калі Катарыну адвячоркам выправілі да старой Эльзбэт па яйкі, яна бачыла, як гэтая парачка цалавалася за хатай. А што, калі — думала Катарына, — што, калі ад такога пацалунку і з’яўляецца дзіця? Дык тады мо і ў Ганны будзе. Але не, не можа быць, бо яна яшчэ не замужам, а каб з’явілася дзіця, трэба ажаніцца. Абавязкова трэба будзе папытацца ў сястры. Ці да бабулі звярнуцца? He, лепей не варта. Бабуля хоць і добрая да яе і часам дае кавалачак цукру, але як Катарына запыталася, чаму дзед памёр, бабуля сказала, ад валляка, а як Катарына далей запыталася, як гэта людзі паміраюць ад валляка, бабуля адказала, маўляў, яшчэ малая, не зразумее. Гэткія словы былі Катарыне праціўныя, і ёй не хацелася пачуць такое яшчэ раз.
    «Катарынка! Каспар!» Ля жалезнага моста дзецям напаткалася Рэгула, іхняя сястра.
    «Ферэна прыйдзе сёння да мамы», — сказала яна. Рэгулу выправілі за павітухай, якая жыла ў Мюслівайдзе, на самым ускрайку вёскі. Пасля таго, як памерла старая Марыя са Штайнібаха, да парадзіх клікалі Ферэну Эльмер, хоць яна і даволі маладая, хлапчук ейны яшчэ ў школу не ходзіць. Ферэнін мужык быў частым госцем у «Мойры», Катарына яго ведала: праваднік у гарах, увосень штораз расказвае, як палююць
    на сарнаў, але Катарыне ягоныя гісторыі найчасцей падаваліся пераболыпаннем, і яна думала сабе: можа, палова з таго і праўда. Ферэну яна ведала не так добра, кабеты ў гасподу амаль не заходзіліся. Але Ферэна заўжды перавязвала касу чырвонай стужкай, і Катарыне гэта падабалася. А чаму гэта кабеты не заходзяць у карчму? Гісторыі павітух Катарыну цікавілі б куды болей, чым плявузганне пра паляванне на сарнаў.
    — У нядзелю будуць хрэсьбіны, — сказала Рэгула. — Я бачыла малое.
    — Дзе? — запыталася Катарына.
    — У Клеафеі з Мюслівайда.
    — I якое яно з сябе? — запыталася Катарына. Рэгула засмяялася.
    — Малюсенькае, — сказалаяна. — Маленькаемаленькае, амаль як лялька.
    — Хлопчык ці дзяўчынка? — працягвала Катарына.
    — Хлопчык, — адказала Рэгула.
    — Такі во маленькі? — запытаўся Каспар, выцягнуўшы Катарыніну Лізі.
    Рэгула яшчэ больш рассмяялася.
    — Бач, прыдумаў! — сказала яна. — Во такі маленькі, — і паказала рукамі, якога памеру немаўлятка.
    Каспар быў расчараваны. Спачатку сама сказала, што як лялька, а цяпер во і няпраўда.
    Катарына забрала ў яго ляльку і засунула назад у хатулёк.
    — Ферэна добрая, скажы? — звярнулася яна да сястры.
    — А то! — адказала тая. — Сілу мае. Хоць нагамі ўперад, і то выцягне малое з жывата.
    — Пойдзем мы ўжо, — сказала Катарына, узяўшы малога брата за руку. — Бывай.
    — Бывайце, — сказала Рэгула і пайшла дамоў.