Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
— Адкуль ты ведаеш, дзетка? — запыталася бабуля.
Гэта імя назваў іх сусед, паплаўнічы, размаўляючы з бацькам у карчме, і Катарына ўсё смяялася, пакуль бацька не паставіў яе на месца, яна ніяк не магла ўзяць у розум, як можа так звацца чалавек, ды яшчэ ляснічы, і яна ўяўляла сабе, як ходзіць ляснічы па лесе, а потым яго — хоп, і з’елі.
Зноў яна не магла стрымацца, каб не засмяяцца, і сказала галовам, што павярнуліся да яе, адкуль ведае імя.
— Глянь ты, якая Дзідзі, — сказаў Паўль і заківаў, а потым сказаў меншаму брату: — Калі З’елі з кампаніяй прыйдзе ў галаву прыпыніць здабычу, дык можаш дапамагчы мне касіць.
— Колькі заплаціш? — тут жа адказаў Фрыдалін.
— Чвэрць, — сказаў Паўль.
— Чырвонага ці белага? Ты што гэта, сур’ёзна? He можа быць.
He, чвэрць заробку на шыферні, настойваў старэйшы брат, болей не зможа даць, і ўрэшце Фрыдалін належыць да сям’і і жыве тут — за гэта ж ён маці плаціць за харчаванне — але ён, Паўль, з гэтага нічога не мае, і так ішло сюдытуды, пакуль Ёханэс не паклаў брату руку на плячо і не сказаў, што той можа і да яго ў цяслярню прыйсці, ім нялішнім будзе падсобнік, і, маўляў, там ён заробіць палову таго, што на шыферні, ва ўсякім разе, не меней як два франкі.
Катарына западозрыла, што гэта не зусім палова, 2 пяры каштуюць 4 рапэны, колькі каштуе адно пяро, гэта была задача такога кшталту, а як маем чатыры з паловай, дык трэба і палову падзяліць на два, але гэтага яна яшчэ не ўмела.
— Што, Цэнтнеру асабняк наноў абшалёўваць будзеце, ці з чаго гэта раптам людзей не хапае? — запытаўся Паўль.
— He, — адказаў Ёханэс, — тут пра іншае вядзецца.
— Пра што ж? — запытаўся Фрыдалін.
— Пра труны на складзе, — сказаў Ёханэс. — Майстра высветліў, што трун ужо амаль не засталося, а трэба мець у запасе некалькі штук кожнага памеру, ніколі не ведаеш, калі спатрэбіцца чарговая. На тым тыдні адразу спатрэбіліся дзве для немаўлят, калі ў Эльмеравай Луізы адзін за адным памерлі абодва нованароджаныя блізняты, і цяпер дзіцячыя труны скончыліся, не кажучы ўжо пра труны для таўстуноў і дылдаў, — дадаў ён, густа засмяяўшыся.
Дробны смех Паўля далучыўся да ягонага, Фрыдалін сядзеў з адсутнай усмешкай, бабуля з дакорам пахістала галавой, а цётка сказала:
— Ну што ты такое кажаш, Ёханэс?
Катарына не смяялася з імі. Пры словах «дзіцячыя труны» яна ўздрыгнула. Яна зноў убачыла перад сабою магілу Афры Бэблер і пасля падумала, што труна для немаўляці была не болып як у палову дзіцячай. Цясляр купляе для дзіцячай труны дошкі даўжынёю ў 5 футаў. Для немаўлячых трун ён распілоўвае іх напалавіну. Якой даўжыні будзе немаўлячая труна? Пералічы футы і цалі ў новыя меры. I раптам яна зноў апынулася ў пакоі побач з маці, якая рэзка дыхала. Што, калі малое памрэ адразу ж пасля нараджэння? Ёханэсу тады давядзецца змайстраваць яму труначку? 3 Фрыдалінам за падсобніка? Яна намерылася на вячэрняй малітве моцна-моцненька памаліцца за тое, каб дзіцятка добра нарадзілася і расло разам з імі, каб яму ні ў якім разе не спатрэбілася труначка
і каб яму хапіла моцы пасля пайсці з Каспарам у «Бляйген», калі будзе нараджацца наступнае.
Чарныш забрахаў, чутно было, як забразгатаў ланцуг, і нейкі мужчынскі голас пачаў намаўляць яму, на што сабака сцішыўся. Пагрукалі, дзверы ў калідор адчыніліся, і голас гукнуў:
— Гэта я!
— Заходзь! — закрычала бабуля, не падымаючыся. Яна, відаць, ведала, хто сказаў гэтае «я».
Кухонныя дзверы расчыніліся, і на парозе з’явіўся малады чалавек, амаль цалкам захіляючы сабой дзвярны праём і кідаючы магутны цень на столь. Цяпер і Катарына яго пазнала. Гэта быў Ханс-Каспар, які цалаваў тады яе сястру ноччу за хатай. Ён жыў у суседнім доме ў «Бляйгене».
— Сядай, — сказала бабуля, і яны з Маргрэт пасунуліся бліжэй да Катарыны.
Ханс-Каспар сеў побач з бабуляй, і тая наліла яму кубак гарбаты.
— Хто яшчэ хоча? — запыталася яна.
Катарына падсунула свой кубак да сярэдзіны стала, і яго яшчэ раз напоўнілі. Дома дзецям заўжды давалі толькі адзін кубак гарбаты. Бабуля ўзяла таксама і цётчын кубак ды наліла і туды.
— Пі, Маргрэт, — сказала яна і аддала ёй кубак, — каб і малой было што піць.
Паўль узняўся, падышоў да невялічкай шафы побач з плітой, дастаў адтуль пляшку і некаль-
кі чарак, паставіу усе на стол і, адкаркаваушы, наліў чатыры чаркі. Востры пах заказытаў Катарыне ў носе, пах, які яна любіла і разам з тым гідзілася яго. Любіла, бо гэта быў дзіўны водар зёлак, і гідзілася, бо мужчыны вельмі часта выпівалі лішняга ды рабіліся шумнымі і злымі.
Мужчыны паднялі чаркі і выпілі па глытку.
Потым бабуля запыталася ў таго, хто толькі прыйшоў:
— Што новага?
Той сказаў, ён акурат з «Мойра», прасілі ім усім кланяцца, і павітуха ўжо ў Катрын і застанецца на ноч, яна мяркуе, дзіця з гадзіны на гадзіну з’явіцца.
— Добра, што яна там, — сказала бабуля. — Праўда, Маргрэт?
Маргрэт кіўнула. Калі яна нараджала, павітуха прыйшла запозна, бо тады, паўгода таму, надта хутка ўсё адбылося, і калі павітуха дайшла да «Бляйгена», маленькая Ганна ўжо была нарадзіўшыся, а бабуля дала рады дапамагчы, і ціснучы, і цягнучы, і з пупавінаю, і з кроўю, і з гарачаю вадою, нібы ўсё жыццё толькі гэтым і займалася.
— Сёння вечарам давайце за яе памолімся, — сказала бабуля і строга паглядзела на кампанію.
Нейкую хвілю ніхто ні слова не казаў. Катарына спалохалася, заўважыўшы, што збіралася памаліцца толькі за дзіця, але, вядома, мама не меней важная, ды што там, мама куды важнейшая, горай будзе, калі з мамай што здарыцца,
чым калі з дзіцёначкам, бо яго ж Катарынаяшчэ і не ведае зусім.
— А Ганна, бадай, толькі табе кланялася? — запытаўся Паўль, на што ўсе тры дзядзькі шматзначна засмяяліся. Катарыне падалося, Ханс-Каспар пачырванеў. Ён, ва ўсякім разе, не адказаў на гэтае пытанне, толькі сказаў, што потым яшчэ быў у гасцініцы «Эльмер», і заўтра на Платэнберг падымецца камісія, і запытаўся, ці яны ўжо ведаюць, хто ў складзе.
— Ляснічы З’елі, — сказалі ўсе ў адзін голас.
Ханс-Каспар здзівіўся. Адкуль яны ведаюць, запытаўся ён.
Паўль паказаў галавой на Катарыну і сказаў:
— Ад нашай старэйшай.
Зноў пакой запоўніў шматгалосны смех, і горны ланцуг на сцяне задрыжэў. Нарэшце жарт, які Катарына тут жа зразумела. Яна ж была зусім не старэйшай за сталом, а самай меншай. Яна чутна і хутка захіхікала разам з усімі, а мужчыны яшчэ раз выпілі па глытку.
— А хто яшчэ ў складзе? — запытаўся Паўль у троху расчараванага суседа.
— Хайры Эльмер, праваднік, Самуэль Фрайтаг, дарадца абшчыны і акружны ляснічы Марці.
— Што? — закрычаў Паўль. — Марці? Ён жа з Мата! Навошта эльмцам, каб нехта з Мата ім указваў?!
— Адны палясоўшчыкі, — прамармытаў Фрыдалін. — Будзем спадзявацца, яны хоць троху разбіраюцца ў камянях.
— Чаго-чаго, а дрэваў там наверсе хапае, — сказаў Ёханэс, — ужо ўздоўж і ўпоперак ляжаць, адсюль бачна, вось толькі знайсці б каго схадзіць па іх, дык хапіла б трун на ўсю вёску.
— Супакойся ты ўжо са сваімі трунамі, — сказала бабуля. — Давайце пра што больш радаснае падумаем.
— Тады падумаем пра ляснічага з кантона, — прапанаваў Паўль і дадаў, звярнуўшыся да Ханса-Каспара: — Ці прыехаў ён ужо?
— Так, — сказаў той, — гадзіну таму прыехаў і спыніўся ў гасцініцы «Эльмер».
— Ну што ж, — сказаў Фрыдалін, — тады, відаць, справа сур’ёзная, дык, пэўна, і заўтра не будуць працаваць на шыферні, ці як?
— Так, — пацвердзіў Ханс-Каспар, і гэта ён таксама яшчэ збіраўся яму сказаць.
— Ну дык тады зайдуся, — сказаў Фрыдалін Ёханэсу, пагладзіўшы вусы. — Тады зайдуся ўжо да цябе з тваімі трунамі.
7
Катарына ўся калацілася, калі ў адной начной сарочцы бегла ад прыбіральні з дальняга канца калідора да лесвіцы, калацілася ад холаду і ад страху. Яна ненавідзела гэтую дзюрку, на якую трэба было садзіцца, каб памачыцца; не паспееш падняць цяжкую накрыўку, як адтуль падымаюцца агідныя пахі, нібы злыя духі са змрочнай вязніцы, а халодны подых ветру ліжа азадак. Найчасцей край дзюркі бываў яшчэ мокрым або няват нячыстым ад апошняга, хто на ёй сядзеў, і трэба было спачатку выцерці анучынай, што ляжала побач з дзюркай і найчасцей таксама была нячыстай. Дома было яшчэ горай, чым тут, бо там госці карчмы карысталіся той самай прыбіральняй, што і яны з Рынерамі, і Катарына і сёння добра памятала, як аднойчы нарабіла ў штаны, бо нехта занадта доўга там сядзеў. Трэба, перасцерагаў іх настаўнік Віс, пасля гэтага заўжды вымыць рукі ля фантанчыка. Гэта тычылася, аднак, толькі адной з дзвюх спраў, той, якую яны дома называлі «тоўстай цёткай». Цяпер Катарына была ў «тонкай цёткі», але так набаялася, што зарана паднялася, абсікаўшы край дзюркі. У цемры яна не знайшла анучыны, каб выцерці, спешна апусціла накрыўку на адтуліну, каб прагнаць духаў смуроду, і прашмыгнула ў калідор.
Дзверы на кухню, за якімі спрачаліся мужчынскія галасы, па-ранейшаму стаялі адчыне-
нымі, ад іх празрыстым дыванком па дошках падлогі клалася стужка святла, пазначаючы стромкі шлях да спальні.
Падымаючыся па лесвіцы, яна чула, як пад ёю ціхенька парыпваюць прыступкі, і ганарылася гэтым. Калі яна сама без нікога на іх наступае, то лесвіца заўважае-такі, хто ідзе. Але троху і жудкавата было. Ноччу — не тое, што днём, і хто там ведае, ці не маюць духі прыбіральні сваякоў і на лесвіцы, цётак, можа, якія ціха ўздыхаюць, калі хто робіць ім балюча. Раптам ёй захацелася, каб на нагах былі чаравікі. Начная сарочка, якую яна нацягнула ў пакоі, прыемна сагрэлася ад вялікай печкі, але тым больш падступна паўзла халадэча па Катарыніных ступнях, каб няпрошанай госцяй прыстроіцца ў яе пад сарочкай. Перад печкай бабуля распляла ёй абедзве коскі, хоць Катарына даўно ўжо ўмела рабіць гэта сама, бабуля, відаць, думала, што Катарына яшчэ маленькая, і не здагадвалася, што пад ёй ужо лесвіца рыпіць.
Наверсе было цёмна, Катарына магла разгледзець адно дзверы ў іх пакой. Яна злякнулася, як гучна тыя дзверы застагналі. Новыя духі абвяшчалі пра сваю прысутнасць, відаць, дзядзькі лесвічных і прыбіральных духаў жылі ў дзвярных завесах. Спяшаючыся, яна навобмацак прайшла ўздоўж вялікага ложка і, адхінуўшы коўдру, шмыгнула ў пасцель. Яна чакала, што прасціны будуць халодныя, і ўзра-
давалася, намацаўшы пальцамі ног мяшочак з нагрэтымі вішнёвымі костачкамі, а трошку прыўзняўшы коўдру між сабой і братам, што спаў, адчула, як струменіцца цяплынь, нібы там невялічкая печка. Пару разоў дрыганула нагамі, каб канчаткова прагнаць халадэчу, і пасля нацягнула сабе прасціну аж на галаву, так што толькі валоссе відалася. Падумаўшы пра невядомых і нябачных істот, якія, трэба меркаваць, жывуць паўсюль у доме, яна зарылася так глыбока, што і валасы схаваліся ў пасцелі. Але неўзабаве пачало неставаць паветра, і яна асцярожненька высунула з-пад коўдры нос, прыўзнялася і, зрабіўшы сабе на падушцы ўмяціну, паклала туды галаву.