• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    Катарына ўжо ўзнялася, адчыніла дзверы ў калідор і здрыганулася ад холаду, якім пацягнула адтуль.
    Бабуля асцярожна пераступіла парог, а Катарына зачыніла за ёй кухонныя дзверы. Падымаючыся за бабуляй па прыступках, яна кранула плячом мокрыя палярыны і спалохалася, ёй падалося, нібы нехта хоча схапіць яе ці нейкі невядомы звер да яе дакрануўся.
    Яна трымалася шчыльна ля бабулі, пад крокамі якой рыпелі прыступкі. Ступаючы на тую самую прыступку сама, Катарына рыпення не чула. Яна была занадта маленькая, каб пад ёю рыпелі прыступкі. Надыдзе час, і будзе іначай. Надыдзе час, думала Катарына, кожная лесвіца, па якой я буду падымацца, будзе рыпець, і кожны дом, як увайду ў яго, гучна зарыпіць, а то і не паспею падысці да якога дома, як той ужо зарыпіць. Ніводная мокрая палярына не адважыцца мяне зачапіць. Бо зваць мяне будуць Катарынай і буду я вам не абы-хто.
    — Дзідзі заснула? — запытаўся жаночы голас з-за прачыненых дзвярэй.
    Яны якраз дайшлі да верхняга паверха.
    — He, Каспар, — адказала бабуля. — Адчыніш мне дзверы, Катрын? Тыя во, — дадала яна, паказаўшы галавой на дзверы побач з тымі, за якімі сядзеў жаночы голас.
    Катарына праціснулася міма бабулі і штурханула дзверы да каморы, дзе яны будуць спаць. Тут было ледзь не халадней, чым у калідоры. Побач з шафай стаяў вялікі ложак з шырокай коўдрай і дзвюма падушкамі.
    — Адхіні мне коўдру, — сказала бабуля, усё гэтак жа ціха, нібы між імі была нейкая таямніца.
    Катарына так і зрабіла, а бабуля паклала Каспара на мультановую прасціну і сцягнула яму штаны.
    — Нашы начнушкі засталіся ўнізе, — сказала Катарына.
    — Нічога страшнага, — сказала бабуля, — паспіць і ў кашулі.
    Яна накрыла Каспара, і Катарына, пабачыўшы, як той спіць, раптам сама захацела ў ложак. Гэты ложак быў большым за той, што ў іх дома, — ці так толькі здавалася, бо дома ёй даводзілася дзяліць пасцель не з адным Каспарам, а яшчэ і з Рэгулай, і з Якабам? Яна падышла да вакна і паглядзела надвор, але вонкі ўсё было настолькі засланае туманам, што ўбачыць можна было толькі дрэвы ля самага дома, а далей гусцілася шэрая пустач.
    Катарына троху ганарылася, што сама-адна прывяла сюды брата, як праваднік Эльмер сваіх ангельцаў на гару Хаўсшток. Надоечы ў карчме той хваліўся, што з двума ангельцамі ў непагадзь падняўся на Хаўсшток, і так і гэтак, маўляў, іх угаворваў перачакаць, каб распагодзілася, а то ж нічога і не бачна будзе, аж ім хоць ты што, наверх ды ўсё; наверх дык наверх — пайшлі, значыцца, і нічога не пабачылі, такі ўжо быў туман, што ён сам мала не збіўся з дарогі на Марскім глетчары.
    — Хадзі, Катрынка, — сказала бабуля паўшэптам. Яна ўжо стаяла ў дзвярах, узяўшыся за клямку.
    Катарына прайшла міма яе і спынілася перад пакоем з прачыненымі дзвярамі.
    — Дзень добры, Дзідзі, — сказала жанчына, што сядзела на рагу ложка і карміла грудзьмі сваё немаўля.
    — Дзень добры, цёця, — прамармытала Катарына і паглядзела на цыцку, з якой, шырока расплюшчыўшы вочы, смактала малое. Яно было куды большае за Клеафеіна, якое яна бачыла надоечы, і грудзі ў цёткі былі яшчэ большымі за Клеафеіны, а і ў той ужо немалыя.
    Цётка жыла тут, у бабулі, і яе мужык быў дзядзькам. Але дзядзькам ён быў толькі для Катарыны, а так зваўся Паўлем. Апроч яго тут яшчэ жылі два дзядзькі, Ёханэс і Фрыдалін. Дзядзькам і цёткай людзі называюцца, калі ты дачка ці сын іх сястры або брата або дачка ці сын жонкі ці мужа іх сястры або брата. Катарына не была ўпэўненая, які выпадак тычыўся цёткі, што зараз сядзела перад ёй, кажучы: «Храбрая ты, усю дарогу па дажджы прайшла».
    На твары Катарыны засвяцілася ўсмешка.
    — Такая ўжо навальніца, даўно такой не бачылі, — працягнула цётка, паціскаючы двума пальцамі цыцку, на што немаўля гучна зацмокала. — He баялася?
    Такое пытанне Катарыне не спадабалася.
    Вядома, баялася, і без маленькага Каспара, якога трэба было бараніць і які яшчэ болей за яе баяўся, яна б памерла са страху.
    Але хто прызнаваўся, што баяўся, з таго зазвычай смяяліся. Баязлівец — адно з найгоршых слоў у дзяцей, а калі па шчырасці, дык і ў дарослых. Во як учора ў карчме той жа праваднік Эльмер, то бок муж павітухі, сказаў Беату Рынеру, што той баяка засраны. А той такі падымаецца ды кажа: «У сарнаў, якіх ты страляеш, болей глуздоў, чым у цябе, бо яны вунь як высока пазалазілі, як ніколі за апошнія гады не залазілі, дык ідзі ў іх папытайся, ці баякі яны засраныя, ці не».
    Спрэчка ішла пра кавалкі скалы, што падалі з адхону: ці значыць гэта што, ці не.
    Катарына добра ведала Беата Рынера, ён таксама жыў у «Мойры», у задняй хаце, быў паплаўнічым і на галаву вышэйшым за яе бацьку, пра яго ніяк не скажаш, што баяка. Але Беат Рынер і не сказаў, што сам баіцца, усё зваліў на сарнаў. Ягонай жонкай была Барбара, і ў іх было пяцёра дзяцей, столькі ж, колькі ў іх, але хутка будзе ўжо не столькі ж, калі маці народзіць шостае. Можа, і ў Рынераў таксама народзіцца яшчэ адно, ніколі ж загадзя невядома, тады ў абедзвюх сем’ях зноў будзе пароўну дзяцей. Будзем спадзявацца, што павітуха ўжо прыйшла да мамы.
    — He баялася ты? — запыталася цётка ізноў.
    Малое перастала смактаць і, заплюшчыўшы вочкі, ляжала ў яе на руках.
    Катарына падняла галаву і, глянуўшы на кабету і на зморанае сном малое, адказала:
    — Баялася.
    5
    — Хутка высахнуць, — сказала бабуля.
    Яна паразвешвала дзіцячыя начнушкі і сподняе на жэрдцы над вялікай печкай у пакоі, бо, развязаўшы хатулёк, Катарына ўбачыла, што ўсё ўсярэдзіне мокрае. Дзяўчынка ўсадзіла сваю драўляную ляльку Лізі на канапе пры печцы.
    — Пагрэйся тут, — сказала ёй, зірнуўшы на бабулю праверыць, ці тая не супраць.
    Рэч у тым, што бацька лічыў: калі дзеці ходзяць у школу, то нягожа ім ужо гуляцца ў лялькі. Таму, вынімаючы ляльку, заўжды лепей пераканацца, што яго няма паблізу, або нялішне яшчэ перапытаць у маці, ці не прыйдзе ён бліжэйшым часам дамоў. Катарына так і не даўмелася — чаму. Лізі была адвеку яе найлюбімейшай цацкай, і акурат пасля школьнай нуды яшчэ болей хацелася пагуляцца з ёй: часцяком, усадзіўшы ляльку на палена, нібы на школьную лаву, Катарына была настаўнікам Вісам, а Лізі спярша была дурнейшаю за Ганну Эльмер і нават не ведала, колькі будзе адзін плюс адзін, але пасля, калі настаўнік з пагрозаю да яе падыходзіў ды махаў арэхавай галінкай перад носам, яна раптам усё ўспамінала і рабілася аж разумнейшай за настаўніка, так і сыпала лікамі, большымі за тысячу.
    Калі з боку бабулі не пачулася ніякіх перасцярог і тая нават пахваліла ўнучку, што так дбае пра сваю ляльку, Катарына зразумела, што тут
    не трэба баяцца ніякага бацькі, які вернецца дамоў, бо дзед жа ўжо памёр, ад валляка, вось толькі як паміраюць ад валляка? А дзядзька Паўль, які, пэўна ж, неўзабаве прыйдзе, быў чалавекам вясёлым, любіў з ёю пажартаваць, ён, пэўна ж, не будзе супраць, калі на канапе пры печы пасядзіць драўляная лялька. Уласна, і татка быў чалавекам вясёлым і таксама любіў пажартаваць з ёю. Раней часта, бывала, падкіне ўгару ды зловіць, або яна стане перад ім, нахіліцца і працягне яму рукі паміж сваіх ног, ён схопіць яе за рукі, падцягне ды падыме, так што яна перакуліцца ды нейкі час не ведае, дзе верх, дзе ніз, а потым ён паставіць яе перад сабою на падлогу ды кажа: «Гэты сыр перавярнулі». На жаль, ён ужо даўно такога не рабіў. 3 таго часу, як Каспар адкрыў для сябе гэтую гульню, бацька гуляў так толькі з ім.
    Увогуле ёй здавалася, што менавіта Каспар быў бацькавым пестуном. Калі малы возьмецца ўпрошваць, дык бацька дае яму яшчэ адну сушаную грушку, а яе ніколі лішняй не пачастуе. Нядаўна бацька злавіў старэйшага брата Якаба, калі той хацеў узяць у кладоўцы грушак, дык тут жа паклаў праз калена ды надаваў па азадку. Якаб плакаў і крычаў, чаму гэта Каспару заўсёды можна грушак, а яму не, і тады татка толькі сказаў, каб змоўк, a то можа і дабавіць.
    Катарыне жудка рабілася ад такіх сцэн, яна тады ўцякала ў дзіцячы пакой, але дзвярэй не зачыняла, каб нічога не прапусціць. Дарослыя,
    прыйшло ёй у галаву, любілі адлупцаваць, калі лепшага нічога не маглі прыдумаць. Хіба не меў Якаб рацыі, запытаўшыся пра Каспара? А хіба не меў Якаб рацыі, калі сваімі сіламі паспрабаваў дастаць тое, што даставалася Каспару? He, відавочна, не. Нічога не паробіш, дарослыя мелі права вырашаць, што правільна, а што не, а яшчэ яны мелі права казаць: гэта, маўляў, правільна, калі зусім яно няправільна. Калі ты дзіця і хочаш мець рацыю, нічога добрага зазвычай з таго не выходзіць.
    Мамы не трэба было так баяцца, яна толькі час ад часу цягала дзяцей за валасы або за вушы, але і яна рэдка прыкладала намаганні высветліць, хто мае рацыю. Калі двое з іх, бывала, завядуцца, яна проста абодвух схопіць за вуха або стукне іх галовамі ды кажа: «Каб ведалі, чаго равяце».
    Катарына была перакананая, што яна будзе зусім іншай, як вырасце. Справядлівай ёй хацелася быць, справядлівай, але і міласэрнай таксама, як кітайскі імператар у кніжцы. Ён прысудзіў адсекчы аднаму свайму прыдворнаму рукі за крадзеж. Тут прыйшла да яго дачка таго прыдворнага, кінулася на калені і працягнула яму свае ўласныя рукі, каб іх адсек замест рук яе бацькі. На гэта імператар так расчуліўся, што зняў з бацькі пакаранне. Гэтую гісторыю прачытала ёй Рэгула з чытанкі, «Паганка, што любіла свайго бацьку больш за саму сябе» — так называлася гісторыя, і Катарына так ура-
    зілася, што зноў а зноў чытала гэтую гісторыю сама, пакуль Рэгула не забрала ў яе кніжку і не сказала, годзе, як будзе ў пятым класе, яшчэ начытаецца.
    — Пра што задумалася, дзетка? — запыталася бабуля. Яна стаяла на парозе гасцёўні, а Катарына ўсё яшчэ сядзела побач са сваёй лялькай на канапе.
    — Ці ў нас таксама адсякаюць людзям рукі, калі яны крадуць? — запыталася Катарына.
    — Дзідзі, з чаго ты ўзяла? — спалохана запыталася бабуля. — Дзе гэта такое бывае?
    — У Кітаі, — сказала Катарына, — у паганцаў, так у чытанцы напісана.
    — Ну вось, у паганцаў, — сказала бабуля. — Але не ў нас. У нас садзяць у турму, калі чалавек што скрадзе. Таксама прыемнага мала.
    На дварэ забрахаў сабака.
    — Паўль ідзе, — сказала бабуля. — Хадзіў з Чарнышом на верхнія сенажаці.
    Катарына ўстала і выйшла праз кухню ў прыхожую. Хацелася паглядзець на сабаку. Калі яна падышла да ўваходных дзвярэй, дзядзька якраз прывязваў свайго чорнага зэнэнхунда на ланцуг ля будкі, і мокры звер так страсянуўся, аж кроплі вады паляцелі ва ўсе бакі.