Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
Катарына з Каспарам пераходзілі жалезны мост. Пасярэдзіне моста Катарына спынілася паглядзець між парэнчаў на Зэрнф, што цёк пад імі. Ад зацяжных дажджоў па рацэ ішлі высокія рудыя хвалі, яшчэ трошку, і выйдзе з берагоў. Да Катарыны даносіўся грукат камення на дне. Ці то ад Платэнберга грукат ідзе? He толькі грукатала, яшчэ і цурчэла.
— Хачу далей, — сказаў Каспар і пацягнуў яе за руку.
— He, пачакай яшчэ. Ці чуеш, як камяні на дне ракі грукочуць?
— Хадзі, — мацней пацягнуў Каспар.
— He бойся, — сказала сястра. — Мост не абваліцца.
Толькі што пад імі, прытанцоўваючы, праплыў уніз па даліне куст алешыны, мінуўшы бульбяныя палі і сады, дзе сям-там, сагнуўшыся, працавалі людзі, панёсся насустрач кустоўю ды лугавінам, між якімі гублялася рачулка.
Катарыне хацелася пачакаць, пакуль куст знікне з вачэй, але братаў страх перамог.
«Баяка», — прамармытала Катарына, пайшоўшы з малым далей.
Недзе так гучна заржаў конь, што яна злякнулася. У кузні непадалёк ад рачулкі каваль прыбіваў каню новыя падковы. Каспар, пасмялеўшы, спыніўся і хацеў паглядзець. Каваль, шыракаплечы мужчына ў чорным фартуху, на момант павярнуў да іх расчырванелы твар ды заўсміхаўся. Ля яго ў сіняй кашулі і саламяным брылі стаяў фурман коннай пошты, трымаючы каня за аброць. «Ціху, Хасан, — сказаў ён яму. — Ціху, ціху, a то будзе мне бяды, як з ангельцамі ў нядзелю ў раку паляціш». Кіўнуўшы, каваль зноў застукаў малатком, конь усё ржаў ды ржаў, а фурман намаўляў ды намаўляў яму нешта, сунімаючы.
Каспар запытаўся, чаго гэта той чалавек калоціць каня па нагах, а Катарына адказала, як будзе конь непадкаваны, дык не зможа бегаць.
«Ну што, малыя, і вам папрыбіваць на ногі?» — крыкнуў да іх каваль, замахаўшы абцугамі, у якіх дымілася падкова. Каваль ухмыльнуўся, і фурман ашчэрыў жоўтыя зубы.
Каспар спалохана пабег прэч да дарогі, і сястра паспяшалася за ім. Дарослыя любяць такія жарты, за што Катарына ненавідзела іх. У карчме яна не раз ужо бачыла мужчын нападпітку, і ў гэтым стане яны што заўгодна маглі зрабіць, падавалася ёй, нават прыбіць дзіцяці падкову на нагу, чаму не.
2
Каб Катарына ішла ў школу, дык павярнула б на прасёлачнай дарозе налева, у вёску, а цяпер пайшла направа, на сцяжыну, па якой удалечыні трэслася, выязджаючы з даліны, нагружаная фурманка.
Школа толькі на гэтым тыдні пачалася, да гэтага былі доўгія летнія вакацыі. Настаўнік Віс вучыў класы з першага па чацвёрты, а Катарына хадзіла ў другі. Звычайна да абеду вучыліся трэці і чацвёрты класы, а пасля абеду — першы і другі, акрамя пятніцы, тады было наадварот. Разам са старэйшымі ў іх былі толькі краязнаўства і спевы, у аўторак і ў суботу, бо ўсім чатыром класам разам ледзь хапала месца ў адным памяшканні, на лаву, разлічаную на дваіх, даводзілася ўцісквацца па трое, дый то некаторыя стаялі ля сцен.
Сёння раніцай Катарына сказала настаўніку, што яна мусіць да бабулі, бо дома радзіны, і што вернецца ў панядзелак. Насгаўнік толькі кіўнуў і прабурчэў: «Усяго добрага». Настаўніку было, так падавалася Катарыне, наогул усё адно, хто ходзіць у школу, а хто не. Каму даводзілася дапамагаць па гаспадарцы, усё адно мог не прыходзіць, калі заўгодна. Калі касілі атаву, класы, здаралася, напалавіну меншалі, гэтаксама як і ў першы ўкос. Катарына з радасцю чакала гэтага часу, спадзяваючыся, што настаўнік часцей будзе яе выклікаць. Яна нудзілася на занятках,
бо як на яе, дык усё ішло занадта марудна. Усяму, што трэба ўмець другакласнікам, яна яшчэ ў першым класе навучылася: ведала ўсе літары, магла прачытаць якое заўгодна слова і з лічбамі клопату не мела. У першым класе вучыліся складаць, у другім — аднімаць, у трэцім — памнажаць, у чацвёртым — дзяліць. Катарына не разумела, чаму не вучыліся адразу і складаць, і аднімаць. Калі два плюс тры будзе пяць, дык пяць мінус тры будзе два, што тут няясна.
Ганна Эльмер, з якой яна сядзела за адной партай, усё яшчэ не разумела гэтага, хоць таксама другакласніца. Часам вучні, якія сядзелі за адной партай, мусілі адно аднога апытваць, і сёння раніцай Ганна Эльмер запыталася ў Катарыны, колькі будзе пяць плюс адзін, і Катарына адказала: шэсць, а потым Катарына ў Ганны запыталася, колькі будзе шэсць мінус пяць, а Ганна не ведала і нават зазлавалася, калі Катарына сказала, што адзін. Зашыпела, хіба няможна пачакаць, пакуль яна дадумае да канца, але Катарына ў розум не магла ўзяць, як гэта чалавек ведае, што пяць плюс адзін будзе шэсць, але не ведае, што шэсць мінус пяць будзе адзін. Але, можа, Ганна нават не ведала, што пяць плюс адзін будзе шэсць. Катарына яшчэ падумала, ці не запытацца спярша ў Ганны, колькі будзе шэсць мінус адзін, так было б прасцей, але пасля падумала, што разумней будзе змоўчаць. Ганна раз ужо адцягала Катарыну за валасы, калі тая прачытала ёй слова «засень», якое Ганна ніяк
не магла разабраць па літарах, яна думала, гэта «восень». Ну хай тады і застаецца тупіцай, калі не дае, каб ёй дапамаглі.
Якаб ужо навучыў Катарыну і памнажаць. Тры разы па двое дзяцей будзе шасцёра дзяцей. 3 новым дзіцёнкам тады зараз будзе шасцёра дзяцей: Ганна і Рэгула, Якаб і сама яна, Каспар і тое новае — усяго шасцёра. А калі падзяліць шасцёра дзяцей на двое дзяцей, тады... яна яшчэ не да канца разумела. як дзяліць дзяцей на дзяцей, але гэта ж і праходзяць толькі ў чацвёртым класе.
Катарына пачула крыкі і ўбачыла, што паміж паляўнічым клубам і фантанчыкам купка дзяцей гуляе ў жмуркі. Падыпюўшы бліжэй, яны з Каспарам сталі на ўзбочыне троху паглядзець. Фрыдалін гуляў, павітухін хлапец, Буркхард з іх класа, Ганна, якая сядзела з Катарынай за адной партай, і меншыя Ганніны брат з сястрой, Маціяс і Грэтлі. Старэйшы яе брат Освальд, які хадзіў у трэці клас, з павязкай на вачах навобмацак лавіў дзяцей, якія, кіхаючы, падбягалі да яго блізка-блізка, дражнілі гучнымі поклічамі ды тут жа адскоквалі. «Осі, я тут! — крычала Ганна. — He бачыш мяне, ці што?» Ганна адбегла, Освальд за ёю, Ганна хуценька схавалася за Катарыну, а Освальд, спатыкнуўшыся, урэзаўся ў Катарыну, аж тая павалілася. «Глядзі, куды прэш!» — злосна закрычала Катарына, але Ганна толькі засмяялася, а Освальд зняў павязку з вачэй, працягнуў яе Катарыне і сказаў: «Цяпер
ты водзіш!» «Я зусім не гуляю», — сказала Катарына і паспрабавала адцерці бруд з палярыны, але палярына так змокла, што плямы адно ўядаліся. «А вось позна!» — закрычаў Буркхард і з-за спіны завязаў ёй хусткай вочы.
Дарма спрабавала Катарына адбіцца, вузел завязаны быў моцна, а сарві хустку, дык паб’юць жа, хлапцы мацнейшыя за яе, асабліва Освальд, што на год старэйшы. Освальд з Буркхардам адвялі яе за рукі ад дарогі, пасля пару разоў крутанулі, а самі ўбок. Як пачалі крычаць, Катарына спачатку проста стаяла, як і стаяла. Так дык яна любіла гуляць у жмуркі, але цяпер хацелася найхутчэй пайсці адсюль. Пасля першых жа нязграбных крокаў яе абсмяялі: «Катарына, латрына!» — наругаўся Освальдаў голас, і тут яна, рэзка абярнуўшыся, выцягнутай рукой трапіла жартаўніку ў твар. Задаволеная, зняла павязку, кінула яму і спакойна пайшла да ўзбочыны, дзе чакаў маленькі брат. Осі спачатку кінуўся за ёй, аднак потым перадумаў і толькі паказаў язык, а Буркхарду, які аж хліпаў ад задавальнення, сказаў: «Чаго рагочаш, сена хочаш?» Потым павязаў сабе хустку, а ўсе расступіліся на колькі крокаў.
Катарына змагалася са слязьмі. Сястра Ганна адмыслова дастала з куфра чорную нядзельную спадніцу ісці да бабулі ў госці, а цяпер аблямоўка, што выглядвала з-пад палярыны, ужо запэцкалася, і ўсё гэты Освальд ды сястра ягоная. А Освальд мусіў бы быць у школе, але хто ж не ведае, што ён часта прагульвае. У іх
бацькоў шмат бульбы насаджана, дык Осі ўсё кажа, маўляў, трэба ў полі памагчы, хоць Катарына ні разу там яго не бачыла.
— Ты куды ідзеш? — закрычала ўслед Освальдава сястра.
— Да бабулі ў «Бляйген»! — нехаця адказала Катарына. Раніцай жа ўжо казала, але калі чалавек не ўмее лічыць, дык, відаць, і нічога іншага ў галаве не затрымліваецца.
«Папаўся!» — пачуўся крык Освальда, a HexTa з хлапцоў завіскатаў: «Нячэсна, нячэсна!» — але Катарына ўжо не абарочвалася. Освальд любіў гуляць з меншымі дзецьмі і быў тады самым большым. Крыкнуць непрыстойныя словы ўслед якой дзяўчыне — на гэта ён майстра. Катарыне Освальд не падабаўся.
— Што, пазбылася павязкі? — запытаўся нечы мужчынскі голас.
— Ага, — адказала Катарына, яшчэ не ведаючы, адкуль гэты голас. Потым толькі ўбачыла старога, які сядзеў у хаце пры расчыненым акне. Стары ў вушанцы глядзеў белымі вачыма ў нікуды. Гэта быў сляпы Майнрад.
— Ну, ну, вось ужо гэтыя хлапцы, дуронікі! — сказаў ён і закіхатаў сабе.
Равучы, ад паляўнічага клуба ішоў Фрыдалін.
— Што з табой такое? — запыталася Катарына.
— Осі! — усхліпнуў малы і з крыкам «Мама!» панёсся ў найдалейшую са збудаваных разам хацін Мюслівайда.
Фрыдалінава маці, тая самая павітуха з чырвонай стужкай у касе, выйшла з хаты, нахілілася да свайго зарумзанага хлапчука, пагладзіла яго па галаве.
— Што такое? — запыталася яна, у адказ з рота ў Фрыдаліна паліліся словы, з якіх нічога немагчыма было разабраць.
Засмяяўшыся, маці выцягнула з фартуха сушаную грушку і хацела сунуць Фрыдаліну ў рот, але малому трэба было спярша адплакацца ды аддыхацца.
— Катрын, да бабулі ідзеш? — запыталася Ферэна.
Катарына кіўнула.
— Зараз збіраюся да тваёй мамы, — працягвала Ферэна, выціраючы Фрыдаліну слёзы краем фартуха. — Ці рада ты, што будзе ў цябе брацік або сястрычка?
Катарына зноў кіўнула.
— Ага, рада, — сказала яна, хоць, шчыра кажучы, не так ужо і радавалася.
— Думаю, заўтра ўжо будзе, — сказала Ферэна. — Вернецца Петэр, дык зараз жа пайду ў «Мойр».
Вось тут Катарына парадавалася. Праўда, Ферэна магла б і цяпер пайсці, падумала яна, ва ўсякім разе, дапамога маме не лішняй будзе, як яна там ляжала.
Фрыдалін ужо жаваў сваю грушку.
— А ты, Каспар? — запыталася Ферэна. — А ты ці рады?
— Я хачу браціка, адказаў Каспар.
— Во яно як, — сказала Ферэна. — А што, калі будзе сястрычка?
Яна дала абаім па грушцы і наказала паспяшацца, бо, па ўсім відаць, неўзабаве зноўку пачнецца дождж. Потым пайшла з Фрыдалінам у хату.
Катарына з Каспарам засталіся стаяць, усунуўшы ў рот грушкі.