• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    9
    «Не, гэта не нашыя куры, — сказала цётка, выглядваючы разам з Катарынай з вакна гасцёўні ў гародчык. — Нашы ўсе рабыя». Потым запляскала ў ладкі, зашыкала і закрычала: «Ану акыш!» — і Катарына запляскала ды зашыкала разам з ёю.
    Дзве белыя курыцы заквахталі ды падсунуліся пад рэвень ля плота, паднялі галовы, з папрокам паглядаючы ў бок вакна.
    За Катарынай ціснуўся Каспар і крычаў:
    — I мне паглядзець!
    Катарына адпіхнула малога назад, але цётка нахілілася да яго, падхапіўшы пад пахі, падняла да падваконня, за якое ён і ўчапіўся.
    — Акыш, акыш! — зашыкаў ён і пасля запытаўся: — Дзе куры?
    — Вунь, пад рэвенем! — сказала Катарына і ціха, але выразна дадала: — Боўдзіла.
    — He боўдзіла, — адказаў Каспар і потым зноў закрычаў, гэтым разам у правільным кірунку: — Акыш, акыш! Пайшлі, пайшлі!
    Але куры не сыходзілі з месца і адно ўзбурана квахталі.
    Мусіць, сказала цётка, уцяклі з задняга «Бляйгена», там адны белыя, дык няхай Катарына хуценька збегае да Барбары ды скажа ёй пра курэй.
    Катарына тымчасам была апрануўшыся, на ёй былі пазычаная сіняя лавандавая спадніца
    з бабулінай шафы і яе ўласны карычневы фартушок паверх. Нядзельную сукенку, у якой учора сюды прыйшла, заўтра надзене, сказала цётка, пачысціўшы аблямоўку, сёння ж яшчэ не нядзеля. Косы былі заплеценыя, але не заколатыя, матляліся па плячах. Толькі чаравікі абуць, і можна ісці.
    Першы вузельчык на шнурках ніяк не даваўся. У пошуках дапамогі яна азірнулася ў пярэдняй, дзе сядзела на лавачцы, але потым успомніла, што пад ёю лесвіца рыпіць, дык значыць, і з чаравікамі справіцца, і, глядзі ты, змайстравала прыгожы вузельчык. Ужо абуўшы абодва чаравікі, заўважыла, што начныя гаршкі яшчэ стаяць унізе пры лесвіцы. Занясе наверх, як вернецца.
    Задні «Бляйген» — суседская сядзіба, яна стаяла першай ля самай дарогі. Усё адно Катарына ішла без ахвоты. Шчыра кажучы, яна сабе ўяўляла, што прыйшла сюды на пару дзён на вакацыі, аж не паспела прыйсці, а ўжо даводзіцца брацца за работу, і, вядома, Каспара не выправілі з ёю, а пакінулі ў цёплым пакоі пры цётцы. Дома яе часам пасылалі да старой Эльзбэт па яйкі, калі, бывала, спатрэбяцца ў карчме, а свае ўжо скончыліся. Але гэта было не тое самае, бо старую Эльзбэт яна ведала, тая вечна пахла тытунём свайго мужа, а мужам яе быў верхні Яглі, які пастаянна кашляў, бо не выпускаў з рота люлькі, і звалі яго верхнім Яглі, бо ў Ніжняй Даліне яшчэ жыў ніжні Яглі, па да-
    розе ад «Мойра» да жалезнага моста, і ніжняга Яглі яна таксама ведала, і жонку ягоную, хоць ніколі туды не хадзіла па яйкі, і нават Эльзбэт, іх дачку, ведала, дарослую, але незамужнюю і таму бяздзетную, што, мабыць, было звязана з яе валляком, які, нібы жаба, прыляпіўся да шыі, пэўна, памрэ і яна ад валляка, як дзед, смерць ад валляка, хутчэй за ўсё, настае неяк так: валляк проста ўсё раздзімаецца ды раздзімаецца, пакуль чалавек не задыхнецца. Катарына са страхам схапілася за шыю і ўзрадавалася, што нічога там яе не душыць.
    Яна мінула невялікі паварот і ўжо ўбачыла дах хаты, да якой належалі куры.
    Да чужых людзей Катарына хадзіць не любіла, а гэтай Барбары яна амаль не знала. Ведала толькі, што тая — маці Ханса-Каспара, які быў з Ганнай за хатай і ўчора вечарам завітаў на кухню, і яшчэ маці Лены, якая хадзіла разам з ёю ў школу. У Лены больш не было бацькі, і яна заўсёды бегала босая. Аднойчы Катарына бачыла, як Лена з супавай міскай выходзіла са сталоўкі для бедных.
    Калі ў Лены больш няма бацькі, падумала Катарына, дык, значыцца, у Барбары болып няма мужа. А хто ж тады даглядае двор?
    На ўзбочыне, вытарашчыўшы вочы на Катарыну, стаяла карова.
    Катарына падумала пра іхных кароў, пра Зорку з Лысухай, якія былі на выгане Фальцубер у гарах, і пра іх цялят. Малако ў «Мойры»
    давала трэцяя карова, Лоба, адзіная, што заставалася ўлетку дома. Тыдні праз два, сказаў надоечы бацька, Зорка з Лысухай вернуцца дамоў, і Катарыне цікава было, як падраслі цяляты. I на бабуліным падворку засталася толькі адна карова, каб было малако, звалася Кветкай, і Катарына ўчора вечарам назірала, як Паўль яе даіў. Астатнія былі ў гарах на выгане, але Катарына не ведала, колькі іх усяго.
    Калі яна выйшла на сцежку, што збочвала ад дарогі ўніз, ля хаты забрахаў сабака. Катарына спынілася.
    Нейкая кабета выйшла з гумна ды агледзелася. Над дзвярыма гумна крыва вісеў выбелены чэрап каровы, адзін рог быў выгнуты ўніз. Тут кабета ўбачыла дзяўчынку.
    — Чаго табе трэба? — крыкнула яна.
    Відавочна, яна не пазнала, хто там прыйшоў. Два хлапчукі выскачылі з хаты ды ўтаропіліся наверх на сцежку. Сабака тымчасам падбег да гаспадыні, не кінуўшы брахаць.
    Катарына на момант задумалася, чаго ёй, уласна, трэба, і пасля крыкнула:
    — Я Катарына!
    Кабета і цяпер не зразумела, што да чаго.
    — Што? — крыкнула яна ў адказ.
    Відаць, падумала, што Катарына жабрачка, дык і не ўзяла свайго брахлівага сабаку за ашыйнік. Нялёгка было перакрычаць яго.
    — Я ад бабці з «Бляйгена»! — закрычала Катарына штосілы, спрабуючы згадаць, а як жа за-
    вецца бабця, бо бабцяй жа яна была толькі для яе, але не для той кабеты, якая, мусіць, і была Барбарай.
    Але тая цяпер, відавочна, сцяміла, хто перад ёю. Схапіла сабаку за ашыйнік, адвяла за некалькі крокаў да будкі, моцна яго прывязала і тады закрычала:
    — Праходзь!
    Катарына спусцілася па сцежцы да хаты, дзе яе чакалі кабета ў неверагодна брудным фартуху і разам з ёю хлапцы, якія справа і злева трымаліся за складкі спадніцы. Спадніца ў кабеты была ўся дзіравая, сандалі на босых нагах падвязаныя шнуркамі. У яе позірку не было ні на шчопцю прыязні, калі яна запыталася, ці яна Дзідзі з «Мойра», дзе роды.
    Катарына кіўнула і сказала потым як мага хутчэй, маўляў, дзве курыцы белыя ў бабці ў гародчыку і цётка сказала, бадай, адсюль.
    Калі Барбара груба запыталася, чаго гэта адсюль, Катарына сказала: у бабці адны рабыя. Дзіўна, калі ейныя ўцяклі, сказала Барбара, куратніка яна не адчыняла.
    — Зэп! — закрычала яна ў хату, а як ніхто не з’явіўся, прамармытала нешта пра трутня, сказала Катарыне ісці з ёю і зашаркала вакол хаты, за ёю — два хлапцы з бруднымі да калена нагамі.
    Убачыўшы ўбогі куратнік, можа, троху вышэйшы за яе рост, Катарына тут жа звярнула ўваіу на дзве нядбайна залатаныя дзюркі ў сетцы. Тут любая курыца пралезе, зачыняй, не зачыняй.
    — Лічыць умееш? — раптам запыталася Барбара.
    Катарына кіўнула і палічыла курэй, якія, калі падышлі людзі, з квахтаннем збіліся ў кучу.
    — Шэсць, — сказала яна.
    Барбара лічыла разам з ёю.
    — Значыцца, усе. Можаш перадаць Ганне, што тыя куры не мае.
    Дакладна, Ганнай звалася бабуля, цяпер Катарына згадала.
    Барбара зашаркала назад да хаты, хлапцы, не кажучы ні слова, патэпалі побач з ёю. Катарына пайшла за імі, пераступаючы параскіданыя на зямлі граблі ды вілы. Калі Катарына ішла за Барбарай, то ёй нібыта пачуўся той самы дзіўны пах зёлак з пляшкі, і яна не магла ўцяміць — адкуль, жанчыны ж не п’юць гарэлкі. Меншы хлапец быў апрануты ў кашулю, што была яму мала не да калена; ззаду кашуля была амаль зверху данізу разарваная, праз прарэх відалася голая спіна. Сподняй кашулі няма, падумала Катарына.
    — А ты не ў школе? — запыталася Барбара, глянуўшы праз плячо.
    Катарына збянтэжылася.
    — He, — ціха адказала яна. Хіба ж не бачна, што яна тут, а не ў школе?
    Яны зноў дайшлі да будкі, з якой недаверліва забурчэў сабака.
    — Сціхні ты, скаціна! — сказала Барбара з такой злосцю, аж Катарына сама спалохалася.
    Тут жа звер прыгнуўся і знік у сваёй хатцы, якой бракавала кавалка даху. Барбара спынілася і запыталася:
    — А малое ўжо ці нарадзілася?
    Катарына хвілю разважыла, перш чым адказаць:
    — Мы яшчэ не ведаем.
    Потым дадала:
    — Учора Ферэна да яе пайшла.
    Барбара ўздыхнула і сказала:
    — Будзе яшчэ адзін рот ненажэрны.
    Упершыню адзін з малых раскрыў рот, патрабуючы есці, але Барбара цыкнула на яго, няма зараз нічога, хай пачакае да абеду. Малы заенчыў, але Барбара не кранулася з месца і абыякава маўчала.
    Тады Катарына сказала: «Добра, бывайце», — і спешна пачала падымацца па сцежцы.
    Калі яна ўжо заварочвала на дарогу, Барбара крыкнула пранізлівым голасам:
    — Скажы Ганьцы, як не знойдзецца тым курам гаспадар, дык я забяру!
    Катарына абярнулася і падняла руку, паказваючы, што зразумела. Толькі цяпер яна заўважыла, што комін Барбарынай хаты не дыміў. Худы хлапец, які няспешна выйшаў з-за гумна і глядзеў Катарыне ўслед, пачуў ад Барбары кучу папрокаў. Гэта быў, верагодна, той самы труцень Зэп, і Катарына заспяшалася як найхутчэй прэч ад гэтай хаты, дзе ўсё было ёй агідным. Калі цётка зноў пашле, дык не пойдзе.
    Катарыне было троху зябка, і яна схавала ручкі ў кішэнь фартушка. Там яна намацала сушаныя слівы ад мамы. Перад вачыма паўстала галоднае малое. Чаму яна не дала яму ніводнай?
    У галаве круціліся адказы. Яна толькі зараз заўважыла, што мела пры сабе тыя слівы, гэта раз, і Барбара зазлавалася б, гэта два, і другі хлапец таксама захацеў бы, гэта тры. Досыць адказаў на адно-адзінае пытанне, і Катарына заспяшалася далей, да бабулінага дома, які вось паказаўся ўгары пры дарозе. Пачало накрапваць. Значыцца, сонца ізноў не пакажацца.
    Гора, калі ў каго памрэ мужык, разважала Катарына, тады ўсё будзе дзіравае: адзежа, куратнік і будка, граблі параскіданыя, і ў дзяцей ні панчошак, ні чаравікаў, і па суп трэба ісці ў сталоўку для бедных. Тады, выходзіць, нават лепей, калі адпачатку мужа не маеш, як Эльзбэт ніжняга Яглі, бо як не маеш, дык ён у цябе і не памрэ. Ну а дзеці будуць проста ў каго іншага з сям’і. У хаце ніжняга і верхняга Яглі жыло яшчэ па адной сям’і, і тыя бацькі былі сынамі Яглі, верхняга і ніжняга, і адзін хлапец верхняга Яглі хадзіў з ёю ў школу, зваўся зноў жа Яглі і быў першакласнікам, а хлапец ніжняга Яглі, які таксама зваўся Яглі, хадзіў у трэці клас, і кожны меў братоў і сясцёр, і большых, і меншых, і часам яны гулялі ў «Мойры» на падворку ў жмуркі ці ў хованкі ля Рамінерава ручая, і жылося ім куды весялей, чым Барбарыным дзецям тут наверсе.
    Чарныш загаўкаў, пачуўшы Катарыніны крокі. Што гэта ён яе ўсё не пазнае?
    — Ціху, Чарныш... — паспрабавала яна яго суняць, падышоўшы зусім блізка, але той не кінуў брахаць. Тут Катарына ўспомніла Барбару і закрычала на сабаку: «Сціхні ты, скаціна!» — і ён надзіва тут жа супакоіўся і ўлёгся ў будцы.