• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    Яны яшчэ не паспелі дайсці да дрэваў, як маланка асвятліла змрочны надвячорак. Зрабілася так відно, што абое заплюшчылі вочы, і ледзь не ў тую ж самую хвілю паветра скаланулася ад грому, нібыта з «Бляйгена» сарвалася лавіна.
    Катарына паскорыла крок і пацягнула за сабой Каспара, які зноўку заплакаў.
    — He бойся, — сказала яму Катарына. — Проста навальніца, што ж тут такога.
    Сама яна аж калацілася са страху. Летась пярун забіў Афру Бэблер з чацвёртага класа, калі тая шукала на горным выгане Фальцубер сваю казу. Мужыкі, якія на драўляных санках звозілі яе ў даліну, спыніліся ў «Мойры» выпіць, а на дварэ на санках ляжала Афра, прывя-
    заная вяроўкамі і з галавой захінутая ваўнянай коўдрай. На пахаванні ўвесь клас спяваў «Разіна йдзе ў садочак, рве кветачкі ў вяночак» — тую песню, дзе ў трэцім куплеце ёй напаткаўся Езус ды забраў з сабою на нябёсы, пакінуўшы бацькам толькі ліст: Разіна на нябёсах, слаўце ласку Боскую. Але Катарына не спявала, бо ніяк не магла суняць плачу, не разумела: як можна спяваць, калі чалавек памёр, і тым больш нельга, каб дзеці паміралі.
    Цяпер яны дайшлі да першых дрэў і, засопшыся, спыніліся. Задзынькаў званочак каровы, але дзе яна сама?
    — Тут перачакаем, — сказала Катарына.
    — Дамоў хачу, — сказаў Каспар.
    — Яшчэ чаго, — запярэчыла Катарына.
    — Страшна.
    — Дурань, — сказала Катарына. — Ужо недалёка засталося.
    Як яна цешылася, што ёсць каго бараніць. Каб была адна, дык адчаялася б ужо са страху.
    Разарваўшы хмары, другая маланка доўга стаяла ў небе. Яна раскалола даліну на дзве часткі і пайшла ў Зэрнф. Гром быў такі магутны, нібы ішоў адразу з абодвух адхонаў даліны.
    Каспар не пераставаў плакаць.
    Катарына збіралася аблаяць яго і перабірала ў думках найгоршыя словы для такога выпадку. Заечая душа, дрыстун, сцыкун, бздун, баязліўка — але раптам перадумала і, прысеўшы разам з ім на пянёк, сказала:
    — Хадзі, раскажу табе адну гісторыю.
    I пакуль на небе ліхім павуціннем бліскаталі маланкі, а па даліне раз за разам каціліся грымоты, яна расказвала свайму маленькаму брату гісторыю пра патоп, якую ў тую нядзелю пачула ў царкоўнай школцы, як Бог перастаў радавацца людзям, бо парабіліся такімі ўжо ліхімі, як вырашыў паслаць на зямлю дождж, каб усё патанула, і як усё ж троху пашкадаваў, і папярэдзіў Ноя, і загадаў яму пабудаваць каўчэг, вялікі такі карабель, і ўзяць усіх звяроў па пары, і жонку, і трох сыноў з іх жонкамі каб узяў, і як пасля расхінуліся нябёсы і дождж ішоў сорак дзён, сорак дзён, во як доўга, і як усе загінулі, усе, і людзі, і звяры, адзін Ной застаўся, са сваёй сям’ёй і ўсімі звярамі, на каўчэгу, што плаваў па вадзе.
    I Каспар перастаў плакаць і слухаў сястру, аповед якой з ходам навальніцы рабіўся ўсё болып падрабязным і якая расказвала яму, як і ад Гларуса пачало падымацца возера і ўсё патапіла, спачатку Энгі і Мат, а потым Эльм, і як суркі павыпаўзалі з нор і разам з сарнамі ды козамі пабеглі ўцякаць у горы, да Марцінавай дзюры, і як перад канцом усе пасталі на горных сцежках, а суркі штомоцы засвісталі, а потым вялікае возера змыла іх ды паглынула.
    Калі яна расказала, як патанулі ўсе звяры, Каспар запытаўся:
    — А рыбы?
    Гэтае пытанне збянтэжыла Катарыну. Пра гэта пастар Мор нічога не казаў.
    — Рыбы, — паўтарыла яна. — А вось рыб Божанька любіў, таму яны не патанулі. I апроч таго, яны ж умелі плаваць.
    Такое тлумачэнне яе не задаволіла. 3 чаго гэта Божаньку любіць рыб болей за суркоў? Уласна, ёй варта было б пра гэта папытацца ў пастара, але астатнія тады, пэўна ж, паднялі б яе на смех.
    Дайшоўшы да месца, як каўчэг плаваў па вадзе, а на ім — Ной з усімі ўратаванымі звярамі, Катарына замаўчала.
    — А потым што? — запытаўся Каспар.
    — He ведаю, — сказала Катарына, — пастар нам толькі дасюль расказаў, у нядзелю раскажа, што далей было.
    Раптам перад імі ўзнікла бабуля, пад чорным парасонам.
    — Дзетка, што такое сталася? — запыталася яна, убачыўшы Катарыніну рану.
    Нічога, сказала Катарына, проста павалілася, сцежка слізкая. Паглядзеўшы ўгару, яна пабачыла на адхоне карову, а на самым версе — дом у «Бляйгене». Потым бабуля ўзяла яе за руку, а Катарына ўзяла за руку Каспара, і пад вялізным парасонам яны ўсе разам пачалі падымацца па стромкім лузе, а навальніца тым часам з грукатам спускалася ў даліну.
    4
    Потым яны сядзелі за сталом на кухні ў «Бляйгене»: бабуля, Катарына ды Каспар. Катарына з Каспарам атрымалі па кубку гарачай гарбаты і па кавалку грушавага пірага. Катарына свой ужо амаль даела, а Каспар толькі раз адкусіў ды ўсё жаваў.
    Дзеці так вымаклі, што бабуля памяняла ім усю адзежу. Па шафах у яе яшчэ захавалася сёе-тое з дзіцячых рэчаў, якія гадамі нібыта толькі і чакалі, што прамоклых унукаў. Бабуля ўзрадавалася, пабачыўшы, што рэчы пасуюць. Катарыне дасталася блакітная спадніца з пахам лаванды, і да яе — шэрая вязаная кофтачка. Каспару кашуля была троху завялікая, яе насіў ягоны бацька, пакуль не пайшоў у школу.
    Палярыны сцякалі, развешаныя ў калідоры пры дзвярах, а астатнія рэчы бабуля паразвешвала ў пакоі побач з вялікай шыфернай печкай, ад якой ішло пяшчотнае цяпло.
    «Сядзіш гэтак во — дык выліты Шаглі», — сказала бабуля, троху падкасаўшы Каспару рукавы.
    Бацька Катарыны і Каспара зваўся Якабам. Чаму, думала Катарына, яна ніколі не чула, каб яго так клікалі? Мама казала на яго «татка», як і сама Катарына, і ўсе браты з сёстрамі, мужыкі з вёскі звалі яго Ёглі ці Мойраўскі Ёглі, а ў бабулі ён быў Шаглі. Раз яна чула, як мама сказала на яго «козлік мой», нават не сказала, а прамармы-
    тала, калі яны ўначы падымаліся па прыступках з гасцёўні, а Катарына стаяла пад дзвярыма, бо ніяк не магла заснуць. Калі не ведаць, што бацька завецца Якабам, дык і не здагадаешся. I яе ж таксама ніхто не называў Катарынай, называлі Катрына або Катрынка, і перадусім другое імя чым далей, тым усё меней ёй падабалася. Чаму «-ка»? Яна што, не другакласніца? I хіба ад яе не патрабуюць таго, чаго звычайна патрабуюць ад дарослых? Ці, скажыце вось, калі гэта апошні раз яе сястра Ганна ў навальніцу падымалася да «Бляйгена», ды яшчэ, бы тая нянька, валочачы за сабой малога брата? Так што ёй нават больш падабалася, калі мама або бабуля называлі яе «Дзідзі», гэта ўжо нібы іншае імя, і таксама невядома, адкуль з’явілася.
    Але па-сапраўднаму яна звалася Катарынаю, і ганарылася гэтым доўгім і прыгожым імем, і падпісала ім шыферную дошку, з якой хадзіла ў школу. Калі надыдзе час і яна стане дарослаю, дык будзе патрабаваць, каб да яе звярталіся «Катарына», а калі прыйдзе там які ды захоча пацалаваць за хатай, як той Ханс-Каспар Ганну, дык яна скажа: «Толькі калі будзеш казаць на мяне “Катарына”».
    — А Катрын, як яна маецца? — запыталася бабуля.
    Катарына схамянулася і на хвілю задумалася. Катрын — то значыць яе маці.
    — Казала кланяцца табе, — сказала яна. — Ганна таксама.
    — А як яна сама маецца? — запыталася зноў бабуля.
    — He надта добра, — завагаўшыся, сказала Катарына. — Ляжыць у пасцелі ды дыхае цяжка.
    — А хто яе даглядае?
    Катарына расказала, што Рэгула паклікала павітуху і тая вечарам збіраецца ў «Мойр».
    — Дзякуй Богу, — сказала бабуля. — Будзем спадзявацца, хутка ўсё скончыцца, тады зноў устане — ды за працу.
    А потым раптам павярнулася да Каспара з пытаннем:
    — Рады, што будзе ў цябе брацік або сястрычка?
    Каспар насцярожана кіўнуў. Ён заўважыў, што за гэтым пытаннем хаваецца небяспека.
    — Каспар хоча браціка, — сказала Катарына.
    — А ты? — запыталася бабуля.
    — Я лепей сястрычку.
    Бабуля ўзнялася і падышла да дзвярэй, што вялі з кухні.
    — Ці чула? — закрычала яна ў калідор. — Павітуха сёння ўжо пойдзе да Катрын!
    У адказ зверху пачуўся енк немаўляці, і тут жа нейкі жаночы голас узяўся яго супакойваць, і немаўля заціхла.
    — Смокча, як цяля! — крыкнуў голас, а потым зноў зрабілася ціха.
    Бабуля зачыніла дзверы. У печцы патрэсквалі дровы. Недзе ўдалечыні загрукатала.
    Каспар перастаў жаваць. Па твары пацяклі слёзы.
    — He бойся, дзетка, — пагладзіла бабуля яго па галаве. — Навальніца ўжо мінула.
    Каспар паціху ўсхліпваў, амаль не крывячы рота.
    — Ты ж у бабці, — намаўляла бабуля. — Давай во еш пірог свой ды пі гарбату.
    Але гэты чатырохгадовы хлапчук меў нейкі зусім іншы клопат, які падымаўся ў ім, бы той патоп у даліне, і гарбата з пірагом патанулі ў ім.
    — Што з табой такое? — запыталася бабуля. — Ну скажы ж бабці.
    Каспар захістаў галавой. Нічога ён не хоча гаварыць, нічога.
    Бабуля абярнулася да Катарыны:
    — Ты, можа, ведаеш, што з ім? — запыталася яна.
    Катарына паціснула плячыма.
    — Сам пасля перастане, — сказала яна.
    Але Каспар усё плакаў і плакаў. У вушах у яго гучалі галасы бабулі і сястры, і ён разумеў, што яны кажуць, але яны нібыта стаялі на вуліцы за дзвярыма, а ўсярэдзіне, дзе ён сядзеў, ён меў яшчэ іншыя вушы і гэтымі вушамі чуў, як сястра ягоная кажа: «I зноў во кавалак скалы на нашу хату зваліўся». I ў яго вачах кубак з гарбатай, і пірог, і стол страчвалі выразныя абрысы, але ён меў яшчэ адну пару вачэй, і гэтыя другія вочы ён даўно ўжо быў расплюшчыўшы, і яны паказвалі яму цяжкую
    скалу, што з’язджае на хату, дзе ён жыве, разбураючы ўсё, што ён любіць, а гэта не толькі ложак, дзе ён спіць з Катарынай ды Якабам, не толькі конік-качалка, якога ён вечна не можа падзяліць з Катарынай, але таксама і Сузі, іх кошка, а яшчэ, — і тут Каспар заплюшчыў свае другія вочы, але ўсё адно бачыў: кавалак скалы такі вялікі, што раздушыць і тату, і маму, і Якаба, і Рэгулу, і Ганну, ён бачыў, як з расціснутай хаты відацца толькі татаў чаравік ды Ганніна рука. I як ты тут будзеш піць гарбату ды есці пірог?
    — Заснуў, — сказала бабуля.
    Катарына кінула позірк на брата. Галава яго апусцілася на пірог, бы на падушку, і карычневая салодкая грушавая начынка, падаўшыся вонкі, папаўзла ад шчакі да валасоў.
    Катарына хацела падняць яго за валасы ды выцягнуць з-пад галавы пірог, але бабуля схапіла руку дзяўчынкі ды адвяла назад на стол.
    — He чапай, — ціха сказала яна. — Проста задалёка яму было ісці.
    Потым, узняўшыся, дадала:
    — Хадзі, паможаш мне ўкласці яго, занясу наверх у камору.
    Яна нахілілася, падсунула правую руку пад ногі заснулага малога, падвяла левую руку яму пад пашкі і асцярожна падняла з лаўкі.