• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    Прыадчыніла адну фортку, адшчоўкнула кручок, які ўтрымліваў разам аканіцы, і расчыніла іх. На момант Катарына мусіла заплюшчыць вочы.
    На дварэ краявід быў нібы свежавымыты, усё было мокрае і блішчэла: лугі, дрэвы, скалістыя адхоны насупраць, лясы і храбты гор. Багата маленькіх хмарак вісела на схілах, нібы пазабываныя анучынкі. Неба паказвалася толькі кавалачкамі, большасць вяршынь хавалася ў смузе, якая ўвесь час рухалася.
    На горным хрыбце насупраць яна разабрала Марцінаву дзюру, праз якую два разы на год сонца перад усходам свяціла на Эльм. Апошні раз, вясной, яны ўсім класам выйшлі на луг за царквой і назіралі, як сонечныя промні спачатку трапілі на вежу царквы, потым пагладзілі дахі вясковых хат разам з усімі, хто стаяў на лузе, і зноў зніклі і толькі праз хвілю вярнуліся, калі сонца ўжо заўважна паднялося над хрыбтом.
    Катарыне гэтая дзея спадабалася, а настаўнік тады яшчэ сказаў, як рэдка такое бывае, такога ўва ўсёй Швейцарыі болей нідзе няма, і таму нібыта адмыслова папрыязджалі людзі з Цюрыха
    і з Санкт-Галена і начавалі ў гасцініцы «Эльмер», каб толькі пабачыць кароткае вітанне, якое сонца дасылае праз Марцінаву дзюру. Назаўтра было тое самае, а да наступнага разу трэба паўгода чакаць. Уласна, падумала Катарына, ужо не так доўга засталося і, будзем спадзявацца, дажджу тады не будзе.
    Настаўнік ім таксама патлумачыў, чаму сонца не заўсёды ўзыходзіць у тым самым месцы, гэта звязана, маўляў, з тым, што дні то даўжэюць, то карацеюць, а яшчэ што ўсе зоркі рухаюцца, нават Зямля, хоць людзі нічога не заўважаюць, адчыняючы ранкам аканіцы.
    Цяпер сонца ўжо было, бадай, узышоўшы, але хавалася недзе высока-высока за туманам.
    Катарына зірнула на стромкі адхон Платэнберга. Пасярэдзіне напухала некалькі шэрых хмарак, якія выглядалі, нібы тыя, што пасля выбухаў. Ці можна адсюль пазнаць, дзе ўчора грукатала? Ей кінуўся ў вочы толькі шэраг піхтаў высока ў Чынгельскім лесе, якія стаялі крыва, нібы валіліся ды так і застылі. Можа, гэта былі тыя, што побач з «вялікай расколінай» — трэшчынай, пра якую расказвалі ў карчме два касцы. Казалі, такая глыбокая, што, кінуўшы камень, нават не пачуеш, як ударыцца аб дно.
    Яны ж самі ў гэта не вераць, крыкнуў на тое з-за чаркі гарэлкі мужык з пачырванелым носам, а калі адзін з касцоў адказаў, тады, маўляў, хай сам падымецца ды паглядзіць, выпівоха крыкнуў, хіба ён з глузду з’ехаў, а Петэр Эльмер
    гучна сказаў, як пойдзе наверх, дык па п’яні, бадай, зваліцца ў расколіну, і тады ўжо пэўна пачуюць, дзе ён плюхнецца. Пасля гэтых слоў чырвананосы так падхапіўся, што стол, за якім ён сядзеў, перакуліўся, і ягоная чарка разляцелася на аскепкі на падлозе, і тут жа пападскоквалі ўсе астатнія ды зіркалі адзін на аднаго, пільнуючы, і каб не стаў у тую хвілю між імі татка ды не сказаў пагрозліва, калі хочуць біцца, дык на вуліцы, то, пэўна, распачалася б бойка.
    Катарына бойкі ўжо бачыла, дык тут жа паднялася і адышлася да дзвярэй у калідор, каб пры неабходнасці ўцячы. Але, калі неабходнасці такой не было, яна штораз са страхам і цікаўнасцю назірала, як мужыкі хапаюцца за грудкі. Толькі калі па пакоі ўжо залётаюць пляшкі, яна хуценька ўцякала наверх.
    Час ад часу здаралася, што нейкія хлапцы ўначы перад дзвярыма пачнуць тузаць адзін аднога за валасы, калі бацька ўжо зачыніў карчму. Апошні раз Якаб з Рэгулай пабудзілі Катарыну, і яны ўтраіх, кіхаючы, глядзелі ў вакно, як двое мужыкоў біліся кулакамі ў твар і ў жывот, а іх падбухторвала невялікае кола гледачоў, што ўтварылася вакол бітуноў і рухалася разам з імі паўз увесь падворак, калі адзін з бітуноў адступаў пад націскам другога. Калі нарэшце выйшаў бацька прагнаць гэтых пеўняў, у аднаго ўжо цякла кроў з роту. I аднаго, і другога забралі сябрукі, і ў святле месяца абодва гурты пайшлі ў напрамку жалезнага
    моста і, аддаляючыся, рабіліся ўсё меншымі, але іх лаянка яшчэ доўга чувалася, нібы месяц адкідваў рэха назад.
    Hi «Мойра», ні Ніжняй Даліны адсюль не было відаць, іх закрывала паласа лесу ўнізе перад хатай. Сцежкаю, што ад хаты вяла напрасткі ў вёску, ніхто не ішоў. Катарына, зірнуўшы ўніз, пачала разглядаць гародчык ля сцяны, дзе побач з салатнымі градамі цвілі жоўтыя і чырвоныя кветкі. Паміж градамі дзве курыцы, ціха паквохтваючы, шукалі зярнят. У адным куце рос велізарны куст рэвеню, аж перавальваючыся за плот.
    Катарыне зрабілася зябка, на вуліцы было халаднавата. Можа, сёння нарэшце пакажацца сонца, падумала яна, яшчэ раз глянуўшы на вяршыні з храбтамі. Праз Марцінаву дзюру ціснулася аблачынка, нібы нейкі цмок пыхкаў ноздрамі, а потым дзюра зусім знікла. Куды ні глянь, насоўваліся пасмы туману ды хмары, і неўзабаве на небе не засталося ніводнай блакітнай плямкі. Паласа дыму папаўзла ад хаты да дарогі. Чуўся пах распаленай печкі.
    Катарына зачыніла вакно ды шмыгнула назад у пасцель. Яна ўтульненька прыстроілася з самага краю, каб не дакранацца да мокрага. Але непрыемны пах прабіваўся з-пад коўдры і не развейваўся.
    Катарына прыслухалася. Хто там ужо ўстаў?
    Унізе ў кухні нешта забразгатала, можа, качарга, ці юшка, ці рукамыйнік.
    Вось кухонныя дзверы расчыніліся, і Катарына пачула, як бабуля сказала: «Бывай, Паўль». Потым зарыпелі ўваходныя дзверы, а на дварэ загаўкаў Чарныш, аднак, пачуўшы дзядзькаў голас, хутка супакоіўся. Ад маленькай Ганны ні гуку, хоць ёй ужо праспявалі ранішнюю песеньку. А дзе цётка?
    Вось зарыпелі масніцы пад дзвярыма. Катарына раптам успомніла, як баялася ўчора ноччу, і зусім не зразумела, з чаго так перапалохалася. Хіба не тыя самыя былі гукі? He, не тыя самыя. Гук, ахінуты цемрай, быў зусім іншым, чым гук пры святле. Завесы ў дзвярах уздыхнулі ледзь не з радасцю, калі цяпер во цётка зазірнула ды запыталася:
    — Ну, што тут парабляюць нашы соні?
    — Я ўжо не сплю, — тут жа сказала Катарына.
    Катарына троху расчаравалася, што будзіць прыйшла не бабуля. Цётка была ўжо апранутая. На ёй была сіняя спадніца, паверх спадніцы фартух у карычневую і белую палоску. Валасы яна закалола, але не на такі манер, як бабуля, хутчэй, падобна да птушынага гнязда, падумала Катарына.
    — А гэты што? — запыталася цётка, кіўнуўшы галавой на Каспара.
    — Ён у пасцель нарабіў, — сказала Катарына.
    Цётка засмяялася.
    — Аёечкі, — сказала яна. — Значыць, мусім памяняць прасціну.
    Сёння, дадала цётка, яна ўсё адно будзе пялёнкі праць, дык і гэта разам.
    Каспар выцерабіўся з пасцелі, устаў, збянтэжана паглядзеў спачатку на цётку, потым на сястру і сказаў пасля:
    — Пасікаць.
    — На, — сказала цётка, нахілілася і выцягнула з-пад ложка Каспараў гаршчок.
    Каспар сцягнуў споднікі, сеў на гаршчок і пусціў струмень. Потым пукнуў, і ў гаршчок шлёпнула кучка. Тут жа на ўвесь пакой засмярдзела; Катарына скрывіла твар.
    — Мокры я, — сказаў Каспар, устаўшы.
    — A то, — сказала Катарына, — ты нарабіў у пасцель.
    Каспар пахістаў галавой, але Катарына адхінула коўдру, паказваючы яму пляму.
    — На гэта мы маем гаршкі, — строга сказала яна.
    Каспар разгублена таропіўся на мокрую прасціну. Ён не бачыў сувязі паміж гэтай вільготнай плямай і сабою.
    — Хадзі, Каспар, — сказала цётка, узяўшы яго за руку. — Пойдзем уніз пераапранемся. А ты, — сказала яна Катарыне, — вынесі і свой гаршчок, і ягоны ды потым прыходзь у гасцёўню.
    Калі цётка з Каспарам выйшлі са спальні, Катарына хвілю разважыла, ці не вывернуць гаршкі проста з вакна ў гародчык, але не адважылася. Ёй не падабалася, што гэтая гідкая праца дасталася ёй, але, урэшце, і дома даводзілася гэта рабіць, з чаго тут мае быць лепей.
    Сцяўшы вусны, яна спачатку ўзяла свой гаршчок, потым братаў, пайшла з імі асцярожна ўніз па лесвіцы і далей да прыбіральні, паставіла гаршкі на падлогу, ссунула накрыўку ўбок і выліла гаршкі адзін за адным у смярдзючую дзюрку. Цяпер трэба яшчэ спаласнуць, і Катарына ведала, што і гэта яна мусіць узяць на сябе.
    Яна сунула ногі ў чаравікі, шнуркоў не завязвала, проста заткнула ўсярэдзіну. Калі Катарына расчыніла дзверы да надворка, з будкі пачулася бурчанне.
    — Ціху, Чарныш, харошы, — баязліва сказала яна і пратэпала міма сабакі, які, паклаўшы галаву на лапы, не спускаў з яе вачэй.
    Яна патрымала гаршкі пад струменем фантанчыка, потым падставіла абедзве рукі і памыла твар. Халадэча пацякла праз пальцы і шчокі ў цела, і, хуценька схапіўшы пасудзіны, Катарына паляцела назад у хату, пакінула іх разам з чаравікамі ўнізе ля лесвіцы і пасля ўвайшла праз кухню ў гасцёўню, дзе тут жа ўкленчыла на канапе і прыціснулася да цёплай печкі. Яе драўляная лялька па-ранейшаму сядзела тут.
    — Бедная Лізі, — сказала Катарына. — Усю ноч на канапе прасядзела. He баялася?
    — He, — запішчэла яна сама лялечным голасам. — Я не баязліўка.
    — Так, так, — сказала Катарына. — Ты смелаясмелая, я ведаю. Хочаш сёння ноччу спаць на вуліцы з Чарнышом?
    — He, з табой, — прапішчэла драўляная лялька.
    Каспар, якому цётка толькі што адзела ўчарашнюю кашулю, слухаў размову і весяліўся.
    — I са мной, — сказаў ён і заскакаў.
    — Але толькі калі не будзеш рабіць у пасцель, — сказала лялька. — Ясна?
    У Каспара з твару знікла радасць.
    — Я не раблю ў пасцель, — забурчэў ён.
    — Праўда? — запыталася лялька.
    Каспар кіўнуў.
    — Вось і добра, — сказала Лізі. — А то ўкушу цябе за стручок.
    — He, — спалохана сказаў Каспар.
    — Укушу, — бязлітасна прашаптала Лізі.
    — He, не трэба, — сказаў Каспар.
    — Так, хопіць, дзеці, — сказала цётка.
    Яна павярнулася да Катарыны ды загадала апрануць адзежу, што вісела ля печкі, а пасля прыйсці на кухню.
    — А косы? — запыталася яна яшчэ, ужо стоячы з Каспарам на парозе.
    — Дзе бабуля? — запыталася Катарына.
    — Бабуля зноў лягла. Нядобра пачуваецца, — сказала цётка. — Але я табе тады памагу, як паснедаем.
    Катарына спачатку надзела споднікі, а пасля зняла сарочку, тады нацягнула споднюю кашулю. Рэчы так прыемна сагрэліся за ноч ля кафлянай печкі. У разважаннях, ці не захварэла бабуля, Катарыну перш за ўсё цікавіла, ці
    тая ўжо запляла і закалола сваю касу або ляжала ў пасцелі з распушчанымі валасамі і ці яна ад гэтага выглядала перайначанаю, падобна як мама ўчора. Раптам Катарына ўспомніла, чаму яна ў «Бляйгене». У споднім пайшла на кухню і запыталася ў цёткі:
    — Ці малое ўжо нарадзілася?
    — Мы яшчэ не ведаем, — сказала цётка і наказала Катарыне, каб не бадзялася тут абскубанай курыцай, а апранулася, як след, ды села побач з Каспарам, які сядзеў ужо з кавалкам хлеба і кубкам малака, злёгку падфарбаванага кавай.