• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    — He мог пачакаць? — сказаў Паўль і засмяяўся.
    Потым, убачыўшы Катарыну, сказаў Чарнышу:
    — Глянь, Дзідзі ў нас. Давай, фас!
    Тут жа Чарныш забрахаў, і Катарына хуценька ступіла назад за парог. Зноў гэтыя дарослыя жарты, Паўлю такія падабаліся, а вось ёй не.
    — He з’есць ён цябе! — закрычаў Паўль і тут жа дадаў: — Ці прынесла ты нам добрае надвор’е?
    Катарына не ведала, што ёй на гэта адказаць.
    — Добры дзень, дзядзька, — ціхенька павітаўшыся, яна пайшла да бабулі на кухню. Хацелася б пагладзіць сабаку, але цяпер як ты адважышся. Дзядзька ж яго на яе нацкаваў, а хто ведае, ці памятае яе Чарныш з таго часу, як апошні раз была тут у гасцях. У «Мойры» ў іх не было сабакі. Раней быў, расказвала ёй аднойчы мама, але вечна бурчэў на гасцей у карчме, і таму прыйшлося яго забіць, і болей яны ніякіх сабак не хацелі. Катарыне шкада было, што так склалася. У іх хоць і была Сузі, кошка, яе таксама можна было пагладзіць, але кошка не тое самае, што сабака. Кошка ніколі не пойдзе з табою на верхнія сенажаці; маючы кошку, радуйся, калі бачыш яе час ад часу ля міскі, а так будзе рабіць, што ёй уздумаецца. I за тое, што мышэй ловіць, Катарына на яе крыўдавала, хоць бацька сказаў: на тое яе і трымаем. Калі аднойчы Сузі забаўлялася са злоўленай мышшу: пускала адбегчы на колькі крокаў ды зноў прыціскала лапай, — дык Катарыне ўдалося выратаваць мыш, схапіўшы Сузі і паспрабаваўшы аднесці яе прэч. Кошка супраціўлялася ды так узлавалася, што выцяла Катарыну лапай па шчацэ, і засталася крывавая
    драпіна. Але мышка паспела ўцячы пад лаўку ля дзвярэй, пакінуўшы за сабой тоненькі крывавы след, аднак хоць жывая засталася. Як смылела настойка купальніку, якую маці накропала ёй на рану, Катарына і цяпер добра памятае, а яшчэ — як смылелі ганебныя бацькавы словы, які пры гэтай нагодзе сказаў: «На тое яе і трымаем, — і, троху памаўчаўшы, дадаў: — Дурнаватка ты!»
    I яшчэ яна добра памятае касы матчын позірк, калі тая паказала бацьку два кусты салаты з палісадніку і сказала:
    — Мышы карэнне папсавалі.
    Гэта было, калі яна яшчэ ў школу не хадзіла. 3 таго часу Катарына асцерагалася замінаць кошцы рабіць тое, на што яе трымалі. Бывала, аднак, падчас вячэрняй малітвы, калі маці на момант замаўкала і можна было памаліцца за каго-небудзь і Катарыне ніхто не прыходзіў у галаву, яна думала пра маленькія кропелькі крыві на падворку і малілася за мышку, каб кошка яе ніколі не злавіла.
    Усё адно яна любіла гладзіць кошку, так прыемна было, як тая задаволена спявала курну і выгіналася. Чаму людзі не гладзілі так адно аднаго? Ці гладзілі, але толькі потайкам, ноччу за хатай або калі казалі адно адному «козлік мой»?
    — Маргрэт, як Ганна? — закрычаў дзядзька з прыхожай наверх, і зверху пачулася цётчына «цсссс!», а потым злёгку зарыпелі прыступкі.
    — Спіць! — сказала яна мужу, і потым абое ўвайшлі на кухню.
    — Што за сабачае надвор’е! — сказаў Паўль, затросшы галавою, амаль як сабака раней. — Прамок да касцей.
    Бабуля наліла са свайго вялікага імбрыка гарбаты яму і цётцы, і абое селі за кухонны стол і завялі гаворку пра тое, ці варта касіць ці не, бабуля расказала, хто ўжо пакасіўся, а Паўль сказаў, у іх сена пагніе ў капешках, такая макрата, ён дык збіраецца проста перачакаць, пакуль хоць дзень пастаіць сонца, няўжо ж святы Пётра хоць дзень не зможа пагоды патрымаць, ці што з ім такое здарылася, сёння так ужо грукатаў, даўно такога не было, скажы, Дзідзі, яшчэ троху, і табе б давялося плыць наверх на гару.
    Катарына моўчкі кіўнула. Зноў такі вось жарт, плыць наверх на гару... Яна ўсё адно не ўмела плаваць, дый дзе, дый як, ніхто ў вёсцы не ўмеў плаваць. Улетку, як было горача, хлопцы часам спрабавалі перагарадзіць камянямі Рамінераў ручай, пакладуцца тады ў сподніках у халодную ваду, але дзяўчаты такім не займаліся. Катарына любіла сесці на бераг ручая, апусціць ногі ў ваду, пакуль не пачнуць мерзнуць. Потым трымае ногі на сонцы, пакуль зноў не прагрэюцца. Мерзнуць было прыемна, калі потым можна было сагрэцца. Будзем спадзявацца, Лізі ўжо тымчасам высахла. А чаму Паўль не пераапрануўся? Яго блакітная кашуля на плячах і да лакцей была цёмна-сіняй ад вільгаці. Чаму бабуля нічога на гэта не кажа? Яна ж маці Паўля. Ці яна цётчына маці? Калі Катарына з Каспа-
    рам прыйшлі, дык нават за стол не паспелі сесці, як бабуля шыбцютка прыйшла з новаю адзежай. Але дзядзька быў дарослы, цётка таксама, тут маці ўжо чалавеку не ўказ.
    — Давялося гэтых дваіх забіраць, — сказала бабуля. — Як расхадзілася навальніца, былі на тым баку ніжніх сенажацяў.
    — Гэтых дваіх? — запытаўся Паўль. — Што, яшчэ Рэгула прыйшла або Якаб?
    — He, Каспар, — сказала бабуля, — на родах меншыя ж найбольш замінаюць, дык Каспар так стаміўся, што заснуў за сталом на кухні.
    — А як табе надвор’е, Катрынка? — запытаўся раптам дзядзька.
    Да гэтага пытання Катарына не была падрыхтаваная. Яна толькі што раздумвала, што, як народзіцца новае дзіця, пра яе ўжо не скажаш, што яна з меншых, і ўжо хаця б з гэтай прычыны добра было б, каб гэтае дзіця як найхутчэй нарадзілася. А Каспару ж будзе дзіва: вокам не паспее маргнуць, як новае дзіця зробіцца бацькавым пестуном. Меншыя дзіўным чынам не толькі больш за іншых заміналі, іх яшчэ і болып за іншых песцілі.
    — Га? — не пакідаў свайго дзядзька і весела ёй падміргнуў.
    Катарына сердавала. Што за пытанне? Зноў жарт? Як ёй магло быць надвор’е? Як і ўсім. Сабачае надвор’е. Ёй таксама болей падабалася, калі свеціць сонца. Яна ўздыхнула і сказала:
    — Можа, неўзабаве пачнецца патоп.
    Дарослыя здзіўлена глянулі на яе.
    6
    Катарына сядзела ў самым канцы вялікага стала на кухні, ці, калі глянуць іначай, то ў самым пачатку, побач з цёткай, і слухала, як спрачаюцца дзядзькі.
    Яны сядзелі насупраць яе, Паўль быў найстарэйшым, але і найніжэйшым з усіх, ён быў нават троху ніжэйшым за сваю маладую жонку, Катарына звярнула на гэта ўвагу, калі яны разам уваходзілі на кухню. У яго былі кучаравыя валасы і хітраватыя вочы. Ён гаварыў шыбка, і Катарына не да канца яму давярала, як усім, хто любіў жартаваць. Жартуючы, людзі казалі не тое, што мелі на ўвазе, а Катарына ўвесь час пабойвалася, што яны казалі якраз тое, што мелі на ўвазе. Як ты адразу разбярэш, ці не збіраецца каваль прыбіць падкову на пяту і ці не спусціць дзядзька раптам на яе сабаку?
    Ёханэс, наадварот, быў высокі, паважны і лагодны. Ён гаварыў павольней за Паўля, з ім яна была ўпэўненая, што ён мае на ўвазе тое, што кажа. I ў яго былі кучаравыя валасы, але шырэйшы твар і вялікі hoc, а вусны ўвесь час былі прыадкрытыя, нават калі ён нічога не казаў.
    Фрыдалін адзіны з іх насіў вусы. Дзіўна, што і ў яго былі кучаравыя валасы, бо бабуліны валасы былі зусім гладкія, яна зачэсвала іх назад і заплятала ў касу, якая скручанай змяёй ляжала на патыліцы. Катарына не ведала, колькі гадоў бабулі, ведала толькі, што яна мела яшчэ
    шмат сыноў і дачок, куды болей, чым Катарыніны бацькі, і, уласна, такая жанчына даўно ўжо мусіла б пасівець, як старая Эльзбэт з той хаты, што побач з «Мойрам», але бабуліна каса-змяя была каштанавай і густой, а на твары хоць і былі зморшчынкі, але колер твару быў нібы ў свежага грушавага пірага.
    Размаўляючы, Фрыдалін заўжды глядзеў злёгку ўверх, нібы ўзіраўся ў горы. Толькі што ён расказаў, як яму сёння пашанцавала падзарабіць, хоць здабычу шыферу ў кар’еры, дзе ён працаваў, праз небяспеку абвалу ўчора прыпынілі. Ён дапамог людзям з карчмы «Ля Марцінавай дзюры», што стаіць акурат пад стромкім адхонам Платэнберга, пагрузіць іх рэчы ў фурманку і даехаць з усім гэтым дабром да сваякоў у Мат. Там яны пасастаўлялі скрыні, куфары, ложкі, сталы і крэслы ў пуні, пакуль збольшага не міне, як сказаў Фрыдалін.
    У іх не ўсе дома, выказаўся Паўль, як гэта, праз парачку камянёў узяць ды зачыніць гасподу, цяпер вось усе, каму захочацца выпіць, пойдуць у «Мойр», твайму бацьку будзе выгада, го, Дзідзі, ён не такі баязлівы заяц, не ўцякае без нічога ніякага ў Мат, калі там наверсе злёгку грукатне.
    Катарына толькі кіўнула. Зноў вось гэтае слова, якое ёй не даспадобы. Няўжо сапраўды той, хто не хоча, каб яго забіла каменем, баязлівы заяц? А хто тады той, хто не хоча быць баязлівым зайцам? Мужны заяц? Катарына не
    магла падабраць трапнага слова для чалавека, які стаіць пад гарой, калі з яе валіцца каменне.
    Тут Фрыдалін запярэчыў свайму брату, што ўсё зусім наадварот і не ўсе дома былі б у гэтых людзей з карчмы, калі б яны засталіся, бо пазаўчора з Жоўтай Галавы сышло, і, кажуць, палову Руцівайда накрыла, нават дарадца абшчыны падымаўся наверх, а ўчора а пятай так грамыхнула, нібы генерал Сувораў з самай вялікай гарматы смальнуў па французах, і тое, што там скацілася з гары, палову шыфернага склада разбурыла, шчасце, што ніхто з іх не пацярпеў, а ля «Марцінавай дзюры» абломак скалы за самай хатай зваліўся, аж шыбы палопаліся і рогі аленевы са сцен паляцелі, а наступны абломак можа з нічога ніякага і на дах зваліцца, там наверсе яшчэ поўна гэтага дабра.
    Цяпер Ёханэс абярнуўся да яго і запытаўся, чаму тады ён усё яшчэ працуе на кар’еры, калі так небяспечна.
    А дзе яшчэ працаваць, запытаўся Фрыдалін і паглядзеў на свой і на братаў цень, якія праз сальныя свечкі на стале адбіваліся на сцяне горным ланцугом.
    — Чатыры з паловай франкі за дзень, — сказаў ён. — Дзе яшчэ я столькі зараблю? He ў тваёй жа цяслярні?
    На сённяшні дзень, сказаў Паўль, ён, як відаць, зусім нічога не будзе зарабляць, калі гэтыя з абшчыны нічога лепшага не прыдумаюць, як прыпыніць здабычу шыферу.
    — Гэтыя з абшчыны, пэўна ж, ведаюць, што робяць, — сказаў Фрыдалін, — а заўтра на гару пойдзе камісія паглядзець, што там робіцца.
    — Хто будзе ў той камісіі? — з’едліва запытаўся Паўль.
    Ён чуў, сказаў Фрыдалін, праваднік Эльмер пойдзе.
    — Петэр? — здзіўлена запытаўся Ёханэс.
    — He, Хайры, і дарадца абшчыны, і, пэўна ж, нехта з кантона.
    — Ну-ну, з кантона, — сказаў Паўль. — хто ж з кантона?
    Гэтага Фрыдалін не ведаў, і на хвілю яны замаўчалі і глядзелі на свае кубкі, на талеркі з коркамі сыру і на пустую міску з-пад бульбы.
    — Ляснічы З’елі, — сказала Катарына.
    Усе галовы павярнуліся да яе, горны ланцуг на сцяне захістаўся, вяршыні пахіліліся ўбок, нібы вось-вось абрынуцца.