Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
— Ты гаршкі забылася, — сказала ёй цётка, калі яна ўзялася разувацца ў пярэдняй.
— Я збіралася цяпер занесці іх наверх, — сказала Катарына.
— Хочацца верыць, — троху з’едліва сказала цётка.
— Збіралася, — сказала Катарына. — Я раней проста ўжо была абуўшыся.
Чаму дарослыя табе не вераць? Каб яна была дарослай, яна б усім дзецям верыла, калі б тыя казалі, што збіраліся занесці гаршкі наверх.
— I што? Што з курамі? — запыталася цётка.
— He Барбарыны, — сказала Катарына. — У яе пакуль усе. Я сама палічыла.
— I колькі іх?
— Шэсць, — горда сказала Катарына.
На яе можна разлічваць, калі вядзецца не пра такое глупства, як начныя гаршкі. Яе можна адну паслаць да чужых людзей, і яна нават здолее палічыць у іх курэй.
Цётка пахістала галавой.
— Во дзіва, — сказала яна.
10
— А пасля выйшаў ён, Ной, з каўчэга, з усім сваім родам, калі галубка больш не вярнулася, і ён зразумеў, што зноў мае зямлю пад нагамі, на гары Арарат, і Божанька засвяціў вялікую вясёлку ў знак таго, што зноў хоча згоды з людзьмі.
— А звяры?
— Яны ўсе павыходзілі з каўчэга ды рассяліліся па зямлі.
Катарына сядзела за сталом у гасцёўні, спінай да вакна, і слухала бабулю, якая ляжала на канапе пры печцы.
Бабуля к поўдню зноў была ўстаўшы і прыгатавала суп, з буракамі ды груцай. Цётка да абеду памыла ля фантанчыка пялёнкі і прасціну таксама, і Катарына дапамагла ёй паразвешваць усё ў пуні. Кроплі, якія яна адчула, калі ішла ад задняга «Бляйгена», аказаліся пачаткам сапраўднага дажджу.
Паўль вярнуўся дамоў пануры. Раніцай узяўся касіць атаву, а потым кінуў у самы разгар, як пачаўся дождж. Гасподзь Бог, сказаў Паўль за абедам, відаць, збіраецца паквітацца з эльмцамі, пэўна, усё ж незадаволены, што адмовіліся ад старой кантычкі. Бабуля папракнула яго за гэта, але Паўль сказаў: «Няўжо Гасподзь ужо жартаў не разумее, як думаеш, Дзідзі?» Цяпер яго папракнула жонка, каб не задаваў дзіцяці такіх пытанняў, і Катарына абрадавалася, бо не ведала адказу.
Калі паабедалі, бабуля ўзяла кавалачак цукру, на які кропнула валяр’янкі, і Каспару з Катарынай потым дазволілі таксама ўзяць па кавалачку з бляшанкі, на якой былі намаляваныя мудрагелістыя кветкі. Потым Каспару трэба было ісці спаць пасля абеду. Ён хацеў узяць з сабой драўляную ляльку Лізі, але Катарына не дала і пасадзіла яе на лаўку за печкай у гасцёўні, а бабуля прылягла на канапу адпачыць. Сама не ведае, што з ёй такое, маўляў, проста нядобра, але нічога, пройдзе. Пасля Катарына запыталася, чым скончыўся патоп, і бабуля яшчэ раз расказала ўсю гісторыю.
Катарына любіла слухаць, як бабуля расказвае. Бацькі амаль ніколі не мелі на гэта часу. Калі ў Катарыны было якое-небудзь пытанне, яны збольшага стараліся адказаць як мага карацей, бо акурат мелі іншыя справы. Гісторыю, як генерал Сувораў ішоў праз перавал Панікс, Катарына пачула перадусім ад бабулі. Тая расказвала, як тысячы абтрапаных і змарнелых салдат прыйшлі з даліны сюды ў вёску і як у Рынера ў Майсэнбодэне ўсіх пяць кароў з хлява забралі, зарэзалі на падворку ды тут жа накінуліся на сырое мяса, бо не маглі датрываць, пакуль засмажыцца, і як ад вантробаў пара ішла на марозе, і як у салдат былі чырвоныя, перапэцканыя кроўю твары ад іх жудаснага пачастунку, і як іншыя салдаты потым нават сухія казіныя шкуры кідалі ў гарачую ваду, спадзеючыся, што выйдзе суп, і як зрывалі з людзей адзежу і зды-
малі абутак, і як безупынна стралялі французы, гонячыся за рускімі, і як генерал Сувораў начаваў у доме ў ландфогта, і як бабулін бацька, які ў тую пару быў маладым хлопцам, назаўтра досвіткам мусіў выправіцца з ліхтаром паказваць рускім дарогу праз перавал Панікс, і як снег усё валіў, і ў Дальняй Даліне толькі хмары, ды вецер, ды туман, так што ледзьве бачыш таго, хто ідзе перад табою, і як ужо ў Етцавай дзюры так шмат снегу ляжала, што нават Бэблер Ёхан, бацька сляпога Майнрада, які штолета пасвіў кароў і варыў сыр на самых верхніх пашах, ледзьве здолеў знайсці сцежку, і як потым, калі набліжаліся да той вышыні, дзе быў перавал, рабілася ўсё больш коўзка, і салдаты, у якіх на нагах часта былі адны пашматаныя анучы, тузінамі саслізгвалі ды з лямантам ляцелі ў прорву, цягнучы за сабою мулаў ды гарматы, і як у адчаі енчылі коні, калі коўзаліся ды гінулі, і як грукатала цяжкая зброя, перакульваючыся на адхонах, і як апоўзні з лавінамі накрывалі цэлыя калоны людзей, і як шмат хто з салдат проста валіўся ды не мог падняцца, знясілены, і як наверсе, там, дзе перавал, настала ноч, і вершнікі з крывымі шаблямі ды даўгімі цёмнымі бародамі палілі свае пікі, каб генералу не так халодна было ў яго шэрым мундзіры ды чорнай трывуголцы, і як потым бацька са старым Бэблерам загасілі свае ліхтары і потайкам у цемры ўцяклі адтуль, уніз у даліну, прабіраючыся між змерзлымі ваякамі, а сляпы Майнрад яшчэ і па сённяшні дзень хо-
дзіць у цёплай шапцы, у якой ягоны бацька быў на перавале Панікс, і хто ведае, каб ейны бацька тады не ўцёк назад, ён бы, можа, там дзенебудзь наверсе ў снезе і згінуў, і яе не было б на свеце, і Шаглі ейнага не было б на свеце, а тады і самой Катарыны на свеце не было б.
Ад гэтай думкі ў Катарыны тады мароз пайшоў па скуры і зноў пайшоў, калі яна цяпер пра гэта падумала. Значыцца, не павярні бабулін бацька назад, яе не было б на свеце.
— Слухай, бабця, — раптам запыталася Катарына. — Скажы, твой бацька не быў баязлівым зайцам?
Бабуля здзівілася:
— 3 чаго ты гэта надумала?
— Бо ён уцёк, павярнуў назад і не пайшоў з генералам Суворавым праз перавал.
He, адказала бабуля, яе бацька быў мужным чалавекам, але з чаго яму было дзеля рускіх рызыкаваць жыццём. Яны ж усю вёску разрабавалі, а небяспечна было і так, і так, бо рускія, калі хто ўцякаў, маглі проста ўзяць і расстраляць.
— А Ной? — запыталася Катарына. — Ной не быў баязлівым зайцам?
Бабуля не пераставала дзівіцца:
— Чаму ты так думаеш?
— Іншыя людзі, — сказала Катарына, — смяяліся ж з яго: будуе каўчэг, а нідзе вады няма.
— Так, — сказала бабуля, бо толькі што сама так расказвала ўнучцы. — Але ж Ной ведаў, што
мусіць пабудаваць той каўчэг, яму Божанька сам наказаў.
Значыцца, нідзе ні знаку баязлівых зайцаў, ні Ной, ні бабулін бацька. Абодва, неяк так сталася, ведалі болей за астатніх: адзін ведаў, што чым вышэй, тым больш небяспечна будзе, другі ведаў ад Божанькі, што нешта такое на людзей насоўваецца. Вядома, найлепей, калі табе пра ўсё без пасярэднікаў паведамляе Бог Айцец са свайго нябеснага трона.
— Бабця, — сказала Катарына, — Божанька сам спусціўся на зямлю ці як ён Ною пра гэта сказаў?
Бабуля ўздыхнула.
— Мяркую, — сказала яна, — Ной так моцна маліўся Госпаду, што ўбачыў яго, і тады той і змог яму ўсё гэта сказаць.
Цяпер уздыхнула Катарына. Можа, ёй таксама варта было ўчора так моцна маліцца, пакуль не ўбачыла б Божаньку, тады яна таксама магла б без пасярэднікаў папрасіць яго, або ён мог бы ёй сказаць, што ўсё абыдзецца добра з мамай і новым дзіцёнкам, або каб ён, калі ласка, сказаў свайму сыну зайсціся.
«Бабця...» — сказала Катарына, але, пачуўшы з канапы глыбокае і роўнае дыханне, заўважыла, што бабуля заснула. Катарына хацела папытацца, можа, ужо нарадзілася дзіця ў «Мойры», але адкуль бабулі ведаць, калі ніхто не прыходзіў сказаць. А можа, ёй самой збегаць у Ніжнюю Даліну глянуць, ці ўжо ўсё? Як толькі бабуля
прачнецца, папытаецца. Катарына павярнулася ды паглядзела ў вакно. Бачна было толькі да гары Платэнберг, над якой збіраліся густыя хмары. Парыў ветру грукнуў дажджавымі кроплямі ў шыбы. Зверху пачулася, як заенчыла малая, а голас цёткі сунімаў, пакуль малая не сціхла. Паўля дома не было, ён зноў пайшоў на верхнія сенажаці заладзіць дзюрку ў адрыне. Фрыдалін быў з Ёханэсам у цяслярні на вёсцы. Яны абяцалі пасля працы зайсціся ў «Мойр» па весткі. Каспара было зусім не чуваць, ён, відаць, спаў.
На дыбачках Катарына прайшла да лялечнага доміка, што стаяў на падлозе побач з дзвярыма ў бабуліну спальню. 3 гэтым лялечным домам гуляўся яшчэ яе бацька разам з усімі сваімі братамі і сёстрамі, калі яны былі малыя, і бабуля дастала яго адмыслова для Катарыны з Каспарам.
Прыўзняўшы дах, можна было ўбачыць пакоі знутры: тут былі гасцёўня, дзве спальні, кухня і за ёю клець, дзе на паліцах ляжалі невялічкія мяшочкі, а на сцяне былі паразвешваныя кавалачкі воску, гэта былі шынкі, а яшчэ перавязаныя шчэпачкі, гэта былі кілбасы. Жылі ў лялечным доме маленькія адбеленыя костачкі ад жывёл, усе апранутыя ў малюсенькія адзежынкі, гэта былі людзі. Самая меншая костачка ляжала ў калысцы побач з ложкам у спальні. Калыска была выразаная з дрэва, можна было нават палюляць. Катарына штурханула яе пальчыкам і ціхенька заспявала:
У небе зорачкі заззялі, Дзеткі ўсе пазасыналі.
Але костачка была незадаволеная і амаль нячутна хныкала пад ваўнянай коўдрай. Тут толькі адно дапаможа: трэба матку клікаць. Тая акурат сядзела за кухонным сталом, паставіўшы перад сабою патэленку, рыхтавала сасновыя іголкі на фасолевы суп. Катарына перанесла яе да немаўляці і расшпіліла ёй сінюю блузку з адзіным гузікам. Пасля прыціснула малое туды, дзе ў маткі мусілі быць грудзі, і пачулася тоненькае прыцмокванне.
Катарына думала пра жаночыя грудзі, якія бачыла ўчора. Яна не магла сабе ўявіць, што ў яе аднойчы вырасце нешта падобнае і што там будзе збірацца малако для дзіцёнка. Але, відавочна, гэта было непазбежным, бо грудзі ў сястры Рэгулы ўжо пачалі ўздымацца, а Ганніны грудзі былі прынамсі такога памеру, як у мамы. Значыцца, рана ці позна гэта не міне і Катарыну.
Калі на вуліцы загрукатала, яна выпусціла з рук маці з дзіцёнкам і падляцела да вакна. Катарына абгледзела ўвесь Платэнберг, але нідзе не відаць было, каб дзе што адламілася. Вось што непрыемна, калі абрынаюцца скалы: як загрукоча, дык каменне заўжды ўжо на дне, ніколі не ўбачыш таго моманту, калі камень адшчапляецца.
Праўда, Катарыне здавалася, нібыта яна бачыць, як там, дзе стаялі, пакрывіўшыся, піхты,
уздымаецца шэры струменьчык дыму. Можа, якія з іх абрынуліся ў вялікую расколіну? У тую трэшчыну, настолькі глыбокую, што касцы, кінуўшы туды камень, не чуюць, як ён падае на дно?
— Што такое, дзетка? — запыталася бабуля з канапы.
— Гара некалькі піхтаў з’ела, — сказала Катарына.