Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
— Куры ўсё яшчэ тут, — сказала цётка, і Катарына ўбачыла, як тыя прагульваюцца між чырвоных ды жоўтых кветак. Потым зноўку глянула ўніз на дарогу, туды, дзе паварот на лясок.
— Вунь яны! — закрычала яна, пабачыўшы двух братоў, а потым Маргрэт пракрычала:
— Ці нарадзілася малое?
— He! — закрычаў Ёханэс у адказ. — Але ў Катрын схопкі, і павітуха ў яе!
Ганна, злякнуўшыся ад мамінага гучнага голасу, заплакала. Катарына, пачуўшы за спінай нядобрыя гукі, абярнулася. Каспар званітаваў у лялечны дом.
12
— Ну і як яго назвалі? — запытаўся Паўль.
Ён, Ёханэс і Фрыдалін, бабуля, Маргрэт і Катарына сядзелі за сталом вакол вялікай патэльні, з якой яны разам елі бульбяны фэнц. Ханс-Каспар толькі што ўвайшоў і стаяў, куртка на плячы, у дзвярах кухні.
— Каго — яго? — перапытаў ён, засмяяўшыся. — Гэта дзяўчынка. Гадзіну таму нарадзілася.
Вокліч радасці пракаціўся па кухні, і ўсе загаманілі наперабой.
Катарына пачула, як бабуля сказала:« Нарэшце!», а цётка: «Ці ўсё ў яе добра?», а Фрыдалін: «Шаглі, пэўна ж, лепей хацеў бы хлапца».
— Чаму гэта? — гэта быў голас Паўля. — Кельнеркі яму заўжды спатрэбяцца, асабліва калі адну ў яго звядуць!
Усе засмяяліся, Ханс-Каспар пачырванеў, яго запрасілі сесці, Паўль падняўся і дастаў пляшку ды чаркі з кухоннай шафы, наліў, і тады яны ўзняліся ды чокнуліся за нованароджанае дзіця.
Катарына засталася сядзець. Калі ўсе на хвілю сцішыліся, бо мусілі перавесці дых пасля крэпкага напою, яна запыталася:
— Ну і як яе назвалі?
Ханс-Каспар збянтэжыўся. Пра гэта ніхто нічога не гаварыў, сказаў ён, радыя, што наагул нарадзілася, цяжка, відаць, было, але ў Катрын усё ў парадку, Ганна занесла ёй ужо вялікі імбрык гарбаты.
— Бацькі ніколі не казалі, як назавуць дзіця? — запыталася бабуля.
Катарына заўважыла, што пытаюцца ў яе, бо ўсе галовы павярнуліся ў ейны бок. Яна пастаралася ўспомніць. Аднойчы, прыгадала яна, бацька сказаў, калі народзіцца хлопчык, назавуць Самуэлем. Але ніякага дзявочага імя ні разу не называлі.
Яна пахістала галавой. Пра Самуэля каму цяпер цікава, нарадзілася ж дзяўчынка, і ўпотай Катарына была гэтаму рада.
Узяліся пералічваць, якія імёны ўжо занятыя. Ганна звалася так па бацькавай матцы, Рэгула — па матчынай, Катарына — па самой маці, і цяпер на чарзе была бацькава бабуля, якая таксама была бабуляй Ёханэса ды Паўля з Фрыдалінам, то бок адна з дзвюх бабуль, і адна звалася Яўфемія, другая — Ферэна. Хутка сышліся на Яўфеміі, маўляў, вельмі асаблівае імя, і сама яна была вельмі асаблівая, сказала бабуля пра сваю маці, дужая кабета: раніцай нарадзіла бабулінага малодшага брата Мельхіёра, а вечарам таго ж дня ўжо даіла кароў у хляве, бо муж яшчэ не вярнуўся са скотнага рынку ў Гларусе. Тут дарослыя зноўку чокнуліся — за Яўфемію, за «Фемі», як сказаў Паўль.
На думку Катарыны, імя гэтае ніяк не пасавала нованароджанаму дзіцятку. Як можа HexTa, хто ўсяго гадзіну жыве на свеце, звацца Яўфеміяй? Хутчэй ужо Ферэнай, Фрэнэлі — яшчэ нічога так для немаўляці. Дый вырашаць, як
назваць сястрычку, усё ж, бадай, будуць бацькі, а не бляйгенаўская радня.
— Ешце, пакуль цёплае! — сказала бабуля, і ўсе ўваткнулі відэльцы ў мяккаватую бульбяную масу, і Ханс-Каспар таксама, якога запрасілі з імі павячэраць.
Катарына ўжо наелася, толькі папівала малако з кубка. Ці заўтра ўжо назад у «Мойр»? Пакуль ніхто нічога не кажа, а сама пытацца не будзе.
— Яшчэ Шаглі прасіў перадаць, што Дзідзі з малым заўтра могуць вяртацца дамоў, — сказаў Ханс-Каспар з поўным ротам.
— Паглядзім яшчэ, як яно што, — сказала бабуля. — Каспара сёння пасля абеду званітавала.
— У лялечны дом, у самую сярэдзіну, — сказала Катарына.
— He мянці языком, — сказала цётка. — Хіба ён наўмысна, так здарылася.
Катарына апусціла галаву. Прычым тут не мянці, калі праўду кажаш? Ваніты ўрэшце яна вычышчала, ад адной толькі думкі пра гэта Катарына так загідзілася, аж бульбяны фэнц адрыгнуўся. Як жа яна спадзявалася, што Каспар захварэў і яны, можа быць, застануцца, пакуль ён зноў не паправіцца. Цяпер ён спаў. Хоць бы сёння ўначы пасцелі не абрыгаў. Ці не папрасіцца ў бабулі спаць дзе ў іншым месцы? У гасцёўні, можа, на канапе або на ляжаначцы на печцы? Там, пэўна ж, так прыемна цёпленька, і Лізі яна таксама возьме. Сёння ноччу яна,
вядома, не забудзецца на сваю ляльку, як забылася ўчора, ляльцы хопіць месца ў вялікім ложку ў спальнай каморы наверсе.
— Што, ляснічы З’елі напраўду з глузду з’ехаў, — пачула раптам Катарына голас Паўля, — ён, значыцца, насамрэч патрабуе прыпыніць здабычу да вясны?
Катарына здзівілася. Дык во што надумаў яе ляснічы, якога ледзь не з’елі!
Ханс-Каспар паспяшаўся паведаміць, што бурмістр тут жа адхіліў гэтую прапанову, сказаўшы: а дзе яшчэ сотня людзей знойдзе сабе працу. Так расказваў малодшы Эльмер, які быў разам з імі ў гасцініцы.
Сотня людзей, так шмат? Катарына ў думках пабачыла, як яны ідуць міма «Мойра», уранку і ўвечары, іх боты і курткі часта былі шэрага колеру, як сам шыфер, асабліва як вярталіся ўвечары. Часта яны ішлі купкамі, і калі некалькі чалавек разам падымаліся ад жалезнага моста да Ніжняй Даліны, то здалёк у шыракаполых капелюшах выглядалі як грыбы з нагамі. Пасля працы і перадусім у дзень заробку многія з іх заходзіліся ў «Мойр» ды расказвалі, як працуецца ў кар’еры, як рабілі падрывы дынамітам, як натыкаліся на асабліва якасны шыфер, як застрагалі долаты і бурыльныя малаткі, або паказвалі прараба Мюлера, немца, як ён гнаў іх працаваць або чыхвосціў, калі, бывала, нешта не па-ягонаму зробяць. Любімы яго сказ, які рабочыя зноў а зноў паўтаралі пад смех усёй кар-
чмы, быў нібыта: «Апоры? Дзе вы бачыце апоры? Я бачу толькі першакласны шыфер». Гэты сказ Катарына ўжо даўно ведала на памяць, не разумеючы, што ён азначае. Яшчэ яна не магла ўзяць у розум, чаму ўсе так ганарацца, калі з імі здараецца нешта небяспечнае. Слухаючы іх размовы, яна мела адчуванне, нібыта штодня нехта то сарвецца ды пакоціцца з адвалу, то камень у каго трапіць, а пасля выбуху шэрагамі выцягваюць з-пад завалаў напаўмёртвых рабочых. Але мужчыны любяць перабольшваць, што з іх возьмеш. Усё адно ёй болей падабалася слухаць гісторыі з кар’ераў, чым пра паляванне на сарнаў з казулямі, гісторыі з кар’ераў падаваліся ёй больш праўдзівымі.
Сяго-таго з маладых рабочых яна летась яшчэ бачыла ў школе. Яны былі хіба троху старэйшымі за яе брата Якаба і мусілі ўжо ў каменаломню, шмат хто і ў школьныя гады падпрацоўваў рысавальшчыкам у шыфернях, вычэрчваючы шыферныя дошкі, якія потым выразалі з пароды. Катарына памятала размову ў карчме, калі іх сусед Беат Рынер са злосцю ляпнуў па стале: што ўжо, маўляў, дзяцей працаваць пасылаюць. Адзін рабочы з кар’ераў запярэчыў: хто годна зарабляе паплаўнічым, таму добра плявузгаць, а ў каго бульба ўжо ў студзені канчаецца, той, мусібыць, іншымі вачыма на ўсё глядзіць.
— Дык што зараз, будуць прыпыняць ці далей працаваць? — запытаўся Паўль, а Ханс-
Каспар сказаў, бадай, заўтра будзе вядома, як пойдуць забіраць заробак за тыдзень.
Калі Ёханэс запытаўся пра дрэвы на гары Платэнберг, Ханс-Каспар расказаў, як адзін ляснічы патрабаваў ад другога ляснічага, то бок З’елі ад Марці, звезці тыя дрэвы зверху, каб не было такога ціску на адхон, і як Марці сказаў: туды наверх ён ні сам не пойдзе, ні пасылаць нікога не будзе, і каб ён тут быў начальнікам, дык загадаў бы тут жа ачысціць усе дамы з Ніжняй Даліны і каб жыхары ўцякалі. У адказ іншыя з яго нібыта пасмяяліся, а Хайры Эльмер сказаў, як жа ім пашанцавала, што ніхто з матаўцаў не мае права загадваць, калі ім тут у Эльме накласці ў штаны.
Гэтыя словы выклікалі на кухні бурную весялосць, і Паўль яшчэ раз падняў сваю чарку і ўсхваліў правадніка, якому пальца ў рот не кладзі, а пабачыўшы, што Фрыдалін сваёй чаркі не ўзняў, запытаўся, хіба не вып’е глыток за Хайры.
Зусім ні за кога ён піць не будзе, сказаў Фрыдалін, бо Марці таксама не дурань, ці з Мату ён, ці не. Ён сам ва ўсякім разе, працягнуў Фрыдалін, ён сам ні ў якім разе не пайшоў бы наверх валіць дрэвы, хоць і за дзесяць франкаў у дзень, і, як па-ягонаму, хай бы Эльмер сам ішоў, на пару з бурмістрам, калі такія пэўныя.
Катарына адчула, як закалацілася сэрца. Маўчанне, якое зараз настала, было падобнае да маўчання ў карчме незадоўга да бойкі.
— Думаеш, ты разумнейшы за акружнога ляснічага з бурмістрам? — сказаў Паўль, больш павольна, чым звычайна, і паглядзеў на малодшага брата, нібы хочучы прыбіць яго позіркам да сцяны.
— Ану, хлопцы, не сварыцца! — сказала бабуля і ляснула відэльцам аб стол.
Гэта падзейнічала. Тры браты адначасова ўтыркнулі відэльцы ў патэльню. Пасля іх Ханс-Каспар, бабуля і цётка зрабілі тое самае, і нейкі час нічога было не чуваць, апроч таго, як жуюць ды глытаюць.
Сэрца не давала Катарыне спакою. Ніжнюю Даліну трэба ачысціць — так лічыў, значыцца, адзін з тых, хто пабываў наверсе. Але Ніжняя Даліна — гэта ж не недзе там, гэта ж там, дзе яна сама, і жыхары — гэта ж не нехта там, гэта ж яна сама, і маці, і бацька, і Ганна, і Рэгула, і Якаб, і Каспар, і Рынеры, і верхні Яглі, і ніжні Яглі, і старая Эльзбэт, і маладая Эльзбэт з валляком, і ўся чарада іхных дзяцей, і нават нованароджаная сястрычка была жыхаром, як бы яе ні звалі, Яўфемія ці Фрэнэлі, і ім усім трэба ўцякаць, і зараз жа, і перад вачыма паўстала фурманка, што, хістаючыся, едзе ў Мат, на ёй увесь скарб з карчмы «Ля Марцінавай дзюры», і фурманка знікае, пакідаючы даліну, і суправаджае яе Фрыдалін, які зараз во сядзіць насупраць яе, такі задуменны, і раптам у Катарыны з’явілася адчуванне, што ён адзіны, каму можна давяраць, а іншыя нічога
не разумеюць, і менш за ўсіх Паўль са сваімі прымаўкамі ды жартамі.
Маўчанне ў кухні падказвала Катарыне, што небяспека буйнейшай сваркі яшчэ не мінула.
— Ну і ці спатрэбіўся табе Фрыдалін у цяслярні? — запыталася бабуля, павярнуўшыся да Ёханэса.
Ёханэс кіўнуў.
— А то! — адказаў ён і, пабачыўшы, што Паўль збіраецца нешта сказаць, дадаў: — Папоўнілі запас трун.
— Ці навучыўся чаму? — запыталася бабуля ў Фрыдаліна.
Той засмяяўся і сказаў: так, галоўнае, ён не ведаў, як Ёханэс правярае гатовыя труны.
— I як жа? — запыталася бабуля.
— Сам у іх кладзецца, — адказаў Фрыдалін.