Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
Ніколі яшчэ не чула яна ад яго, што ён рады, што яна ў яго ёсць, і маці нічога такога ніколі не казала, нават калі Катарына хадзіла па яйкі да старой Эльзбэт. Дый з чаго гэта бацькам радавацца, што ў іх ёсць іх дзеці? Дзеці проста ёсць
і ёсць, з’яўляюцца тым загадкавым спосабам, пра які яна мела намер распытаць старэйшую сястру, як толькі застанецца з ёю наступным разам сам-насам. Маці ва ўсякім разе не выглядала радасным чалавекам, лежачы з халоднымі рукамі ў пасцелі ды стогнучы.
Але зараз маме, хутчэй за ўсё, палепшала, напэўна ж, напілася гарбаты ды адсыпалася, калі толькі малая не пабудзіла, захацеўшы малачка. Цяпер, значыцца, і мама будзе даваць малой грудзі, як Клефа з цёткай. Ніколі яшчэ Катарына не бачыла маміных грудзей, але ўбачыць іх ёй было прынамсі гэтак жа цікава, як паглядзець на новую сястрычку.
У жанчын па дзве цыцкі, гэта зручна, калі нараджаюцца блізняты. «Маці мае дзве цыцкі і нараджае блізнят. Колькі цыцак прыйдзецца на кожнае дзіця?» Катарына закіхала. Такой задачы ў кніжцы ніколі не будзе. А чаму б і не? У раздзеле «Лікі адзін і два»? Пра бацькаў жа было ўсялякае рознае ў задачах, напрыклад, насамрэч дзіцячая задача: «Бацька хоча раздзяліць два яблыкі між двума дзецьмі, колькі яблыкаў атрымае кожнае дзіця?» I на гэта Ганна Эльмер сапраўды была адказаўшы: «Два», — Катарына яшчэ добра памятала ўсё гэта, перадусім таму, што Ганна пасля гэтага мусіла працягнуць настаўніку Вісу рукі і па кожнай атрымала плескача, усяго будзе два плескачы.
Яна пачула, як у гасцёўні мыкае Каспар. Яму зноў ужо дазволілі гуляць з лялечным домікам,
куды ён учора наванітаваў, і нават не загадалі дапамагчы ёй на кухні. Відаць, зараз заганяе скаціну ў хлеў, бо цяпер во яшчэ замэкаў авечкай, а потым і забрахаў. Катарына сердавала. Ёй таксама хацелася ў гасцёўню да лялечнага доміка. Урэшце была нядзеля, і калі з дарослых ніхто не працаваў, з чаго менавіта ёй трэба стаяць на кухні? Неверагодна, як моцна прыляпілася прыгарэлае да патэльні, куды мацней за вінны камень у бочцы, а яна ж не толькі воцату лінула, але і дадала лыжку пяску, што стаяў у бляшанцы побач з начоўкамі. Катарына спусцілася з зэдліка, паднесла яго да пліты, над якой вісела паліца з прыправамі, і дастала слоічак з соллю. Залезла туды рукой і ўзяла столькі, колькі змагла ўхапіць трыма пальчыкамі, паставіла слоік на пліту, вярнулася да начовак і сыпанула соль у патэльню. Потым прынесла назад зэдлік, стала на яго і ўзялася штосілы скрэбці. «Як пясок не памагае, дык мы соллю», — казала ў такім выпадку сястра Ганна, у якой яна гэта падгледзела.
Хоць у царкву Катарыну не выправілі, гэта радавала. Сёння хрысцяць Клеафеіна немаўля, дык будзе яшчэ даўжэй, чым звычайна. А гісторыю пра Ноя, якую пастар Мор збіраўся даказаць на занятках, яна ж цяпер ужо ведае ад бабулі. Ці Марскі глетчар называўся Марскім яшчэ да патопу? Яго ж таксама тады было паглынуўшы мора, разам з Хаўсштокам. Катарыне цяжка было ўявіць сабе такое. Тады ж і ў «Бляйгене», выходзіць, плавалі рыбы па-над
пашамі, не кажучы ўжо пра «Мойр», які ляжаў недасяжна глыбока на дне акіяна.
На вуліцы загрукатала, і пад зэдлікам закяўкала Сузі. Катарына зірнула на місачку з хлебам ды малаком, якую цётка сёння раніцай паставіла кошцы побач з печкай. Ежа была па-ранейшаму некранутая. Катарына злезла з зэдліка, прынесла місачку і паставіла перад начоўкамі на падлогу.
— Бяры ж, еш, — сказала яна. — Лепшага нічога не будзе.
3 папрокам утаропіліся на яе два жоўтыя вокі, кяўкаць кошка не перастала. Катарына схапіла яе за галаву ды ўціснула ў місачку. Абураная, Сузі вырвалася з рук і праз дзверы ўцякла ў гасцёўню.
— Хто не хоча, той пад’еў, — сказала Катарына і зноў залезла на зэдлік. Толькі яна ўзяла ў рукі шчотку, як ад пліты пачуўся нядобры рэзкі гук. Слоік з соллю лопнуў, паміж дзвюма палавінамі шпарка пасыпалася белае рэчыва і тут жа задымілася. Катарына саскочыла ўніз, перакуліўшы зэдлік. Той трапіў у каціную місачку, якая перавярнулася, і малако ручайкамі пацякло па падлозе.
Катарына прыйшла ў адчай.
— Бабця! — закрычала яна і штуршком адчыніла дзверы ў гасцёўню. — Бабця, бяда!
Здзіўлены Каспар падняў галаву ад лялечнага доміка, перад якім сядзеў на кукішках з дзвюма авечкамі ў руцэ. Тут жа ў гасцёўню выйшла бабуля са свайго пакоя, за ёю — цётка, якая тры-
мала ў руках адну з бабуліных кос, у той час як другая частка валасоў была раскідана ў бабулі па плячах.
— Езу, дзетка, што такое? — запыталася яна.
— На кухні! — закрычала Катарына і вярнулася да пліты, ад якой ішоў надзіва едкі пах спаленай солі.
Уздыхаючы, бабуля з цёткай узяліся разграбаць бяду, бабця прыбрала аскепкі слоіка і сабрала шчоткай у шуфлік соль з пліты, пры гэтым пах падпаленага конскага воласу змяшаўся з пахам спаленай солі, цётка прыняла каціную місачку, якая таксама была раскалоўшыся на дзве палавіны, ды паклала на стол. Кавалкі хлеба Катарына мусіла сабраць на талерку і выкінуць у свіны цэбар, што стаяў у пярэдняй. Малако цётка сабрала анучынай, якой мылі падлогу, пасля выкруціла яе над патэльняй, дзе раней быў бульбяны фэнц.
Усё было зроблена так хутка, нібы яны разам практыкаваліся, і толькі як зноў было чыста, бабуля запыталася, нашто яна, напрамілы Бог, паставіла слоік з соллю на пліту. Катарына расказала, ледзь не плачучы, пра пасыпанне пяском ды соллю, і, вядома, яна не падумала, што пліта яшчэ не астыла.
— Во боўдзіла, — сказала цётка і ў пакаранне так моцна тарганула яе за вуха, што Катарына ўскрыкнула, на што бабуля сказала, усё ўжо, досыць, і дадала:
— Шчасце ды шкло, як лёгка разбіваецца яно.
Каспар глянуў на дзве палавіны кацінай місачкі і сказаў:
— Бітая.
Без яго ведае, натурыста адказала Катарына, і хай згіне адсюль, хай ідзе да свайго лялечнага дома.
Можа, яшчэ ўдасца зляпіць, сказала бабуля, Ёханэс хай сёння ўвечары паспрабуе, ён на гэта спрытны. Пасля яна папыталася ў Катарыны, можа, усё ж хоча пайсці з дзядзькамі ў царкву ды адтуль назад дамоў, але Катарына зусім не мела такога жадання, нават калі яе і пасля абеду прымусяць вымыць увесь посуд. Зараз дачысціць патэльню, сказала Катарына і спешна пасунула зэдлік да начовак.
He, сказала бабця, досыць, ужо ж увесь посуд павымывала, і такая руплівіца, хай цётка даробіць, можа, усё ж троху зацяжка было для такой маленькай Катарынкі.
Цётка кінула на Катарыну сярдзіты позірк, беручы ў рукі шчотку, а Катарына зазлавалася на гэты позірк і на маленькую Катарынку, а калі бабуля сказала, тады папаўдні разам пойдуць у «Мойр», запыталася:
— Чаму?
На нейкі момант у кухні зрабілася ціха. На даху цвыркалі вераб’і, нібыта талакою праганяючы нейкага вялікага ворага. Цётка апусціла шчотку і абярнулася да Катарыны, а бабуля здзіўлена запыталася:
— А чаму не?
16
«Хадзі, цыпа!» — закрычаў Каспар і кінуў курам у гародчыку жменю хлебных крошак з місачкі. Катарына прыўзняла брата, каб той мог нахіліцца праз плот. За імі стаяла цётка, якая прыйшла глянуць, як там прыблудныя куры.
Тыя выйшлі, спачатку нясмела, з-пад лістоў рэвеню і па сцежачцы, што вяла паміж градой з чырвонымі кветкамі і градой з жоўтымі, наблізіліся да хлебных крошак, Каспар адразу ж падкінуў яшчэ жменю.
Катарына пусціла брата назад на зямлю, і яны разам глядзелі, як птушкі ўсё больш паспешліва дзюбаюць хлеб.
Як бы там ні было, з голаду не падохлі, і ліса іх не знясла, сказала цётка, і рана ці позна аб’явіцца нехта, у каго яны ўцяклі. Можа, мужыкі ў царкве што пачуюць. А калі не, сказала яна, суправаджаючы свае словы смехам, дык хоць будзе ўжо абед на наступную нядзелю, такое ж таксама не штодня бывае, што паджарка сваімі нагамі да цябе дамоў прыходзіць.
— Амаль як у Эльзасе, скажы, — сказала Катарына і заганарылася, што патрапіла трошку пажартаваць.
— 3 чаго гэта ты ўзяла? — запыталася цётка.
Катарына расчаравалася. Цётка не сцяміла, а яна ж дарослая.
— У песні, помніш, што вы ўчора спявалі, там жа ўсё было шыварат-навыварат, — сказала
яна, чакаючы, што цётка пасмяецца з яе жарта, цяпер, калі яна растлумачыла.
Але цётка толькі злёгку кіўнула і сказала:
— Ааа, вось ты пра што.
3 боку Платэнберга данёсся трэск, нібыта з гармат стралялі. Куры на імгненне замёрлі, пасля зноў задзяўблі, цётка і Катарына абярнуліся і паспрабавалі ўгледзець тое месца, дзе адламілася, але дарэмна.
— У хату хачу, — сказаў Каспар.
— He бойся, — сказала Катарына. — Мы ж у бабці.
Ад ляска данёсся покліч.
Цётка гукнула ў адказ.
— Паўль ідзе, — сказала яна, і вочы ў яе радасна заблішчэлі.
Катарына падумала, як жа цудоўна быць дарослай. Ты ўся ўстурбуешся, а потым нейкі Паўль проста гукне табе з лясочка, ідучы дадому, і ўсё добра.
Катарына радавалася разам з цёткай, муж якой цяпер паказаўся на сцежцы паміж дрэвамі. Побач з ім ішоў Фрыдалін, і абодва былі ў цёмных капелюшах. А што, Ёханэс не з імі? А не, вось і ён, таксама ў капелюшы, але ж за імі яшчэ двое, абое без капелюшоў, хлопец з дзяўчынай. Катарына іх пазнала: хлопец — Ханс-Каспар з задняга «Бляйгена», а дзяўчына — яе старэйшая сястра Ганна.
Ускрыкнуўшы: «Ганна ідзе!», Катарына саскочыла з гародчыку ўніз на сцежку, пабегла насустрач ім.
— Дзідзі, як ты? — запыталася Ганна і падала ёй руку.
Катарыне падалося, што яна заўважыла, як сястра выпусціла руку Ханса-Каспара, які ішоў шчыльненька ля яе.
— Добра, — сказала яна. Катарына адпусціла Ганніну руку, развярнулася і тут жа схапіла руку зноў, хацела поруч з сястрою ісці наверх да дома.
— А малы?
— I ён ужо добра, — адказала Катарына.
— Чаму — ужо? — запыталася Ганна.
— Яго ўчора вырвала, — сказала Катарына. У лялечны дом, хацела яна дадаць, але, учасна згадаўшы ўчорашнюю заўвагу, стрымалася.
Цяпер да іх набліжаўся і Каспар, які панёсся за Катарынай, але перш чым паспеў павітацца са старэйшай сястрой, яго пераняў і падхапіў на рукі Паўль.
— Во і папаўся! — закрычаў ён, падняўшы Каспара над галавой.
Каспар супраціўляўся, дрыгаў нагамі і крычаў, тады Паўль развярнуўся і паставіў яго перад Ганнай.
— Тут во яшчэ адзін да цябе просіцца, — сказаў ён, і Каспар тут жа ўціснуўся між Ганнай і яе праважатым, шукаючы незанятай рукі, якую Ганна яму з гатоўнасцю падала.
Вось і Маргрэт выйшла на сцежку і з усмешкай сказала Паўлю: мо і яе паднясе.