• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    13
    «Божаньку мая падзяка,
    Хай воляй яго буду добрым дзіцяткам», — прамовіла цётка, а Катарына ціхенька паўтарыла за ёй, завяршыўшы словам «амэн». Склаўшы ручкі, пальчыкамі ног прыціснуўшы цёплы мяшочак з вішнёвымі костачкамі, яна ляжала ў пасцелі, а побач спаў маленькі брат, дыхаючы глыбока і спакойна. Катарына перад малітвай запыталася ў цёткі, ці не пабудзіць яго, каб сказаць, што ў яго нарадзілася сястрычка, але цётка палічыла, хай лепей спіць. Памацаўшы яму лоб, яна сказала: не падобна, што захварэў, калі добра будзе спаць, дык заўтра, хутчэй за ўсё, змогуць вярнуцца ў «Мойр».
    Можа быць, дадала Катарына, ён і не зарадуецца, ён жа хацеў браціка. Калі шчыра, яна нават не была ўпэўненая, што сама сапраўды абрадавалася. Больш за ўсё яна цешылася, што маме болып не трэба з распушчанымі валасамі ляжаць у ложку, сапці ды стагнаць.
    Цётка паднялася з ёю памаліцца нанач, бо бабуля надта замарылася.
    — I сама ўжо будзеш класціся? — запыталася Катарына.
    — He, — адказала цётка. — Пайду яшчэ троху пасяджу з усімі. Ну, дабранач.
    — Цёця... — прашаптала Катарына.
    — Што? — Маргрэт спынілася ў дзвярах. Свечка, якую яна паставіла ў калідоры на пад-
    логу, асвятляла яе косы, падобна як сонца, заходзячы, кідае апошняе святло на горны ланцуг, калі пярэдняя частка гор ужо пакрыта ценем. Катарына ледзьве магла распазнаць, дзе цётчыны вочы.
    — Можаш пакінуць мне шчылінку ў дзвярах?
    — Калі хочаш.
    Са скрыпам яна пасунула з таго боку дзверы, пакуль не засталася адна тоненькая стужачка святла, што прабівалася ў спальную камору. Потым стужка затрымцела і з кожным крокам цёткі па лесвіцы рабілася ўсё цьмянейшай, а калі ўнізе зачыніліся дзверы на кухню, пакой апанаваў TaKi змрок, нібыта дзверы былі цалкам зачыненыя.
    Катарына была расчараваная. Яна спадзявалася на невялічкае святло, каб было трошачку не так цёмна, пакуль засне.
    Затое яна чула галасы з гасцёўні, якія нешта выгукнулі цётцы, калі тая ўвайшла, але што — не разабраць. Катарыне было не так страшна, як учора. Духі дома, падавалася ёй, былі сёння ў больш прыязным настроі і ніякіх злых намераў наконт яе не мелі, бадай, і яны радаваліся, што нарадзіўся новы чалавек, якога потым можна будзе пужаць.
    На вуліцы ў гародчыку ціха паквохтвалі тыя самыя куры. Цётка паспрабавала была іх злавіць, але толькі стаптала некалькі кветак, дык бабуля сказала, каб не чапала, хай ходзяць, пакуль не аб’явіцца гаспадар, хто б гэта ні быў, хай сабе і лісіца.
    Зноў Катарыне ўзгадалася суседка, да якой яна сёння раніцай хадзіла папытацца пра курэй. Катарына не зразумела, чаму Барбара сказала пра ненажэрны рот, як толькі зайшла гаворка пра нараджэнне дзіцяці. Яе мужа забіла піхтай, калі валілі лес, расказвала бабуля сёння папаўдні, усяго два гады мінула, але з таго часу гаспадарка заняпала, а брат Ханса-Каспара, Зэп гэты, няшмат на што годны, ён проста занадта малады, і было б лепей, каб Ханс-Каспар і надалей працаваў на здабычы шыферу, тады хоць нехта прыносіў бы ў хату які грош на што пільнейшае.
    Катарына не разумела, як гэта Божанька не прытрымаў той піхты, што валілася на Барбарынага мужа, пэўна ж, не так ужо і цяжка гэта было б для Усёмагутнага. Ці муж перад смерцю як-небудзь цяжка зграшыў, пра што ніхто не ведаў, толькі адзін Бог, і Бог наслаў на яго за тое кару? Але ж кару прыняла Барбара са сваімі дзецьмі, а чым жа яны вінаватыя? Можа, Божанька зусім не быў справядлівым, бо іначай чаму даў маланцы трапіць у Афру Бэблер? Тая ж проста казу пайшла шукаць. Раптам Катарыне падумалася, як добра, што Бог не наслаў няшчасця на маму з маленькай сястрычкай. Ручкі яна яшчэ трымала склаўшы, дык тут жа і падзякавала яму за тое.
    — Мілы Божанька, — памалілася яна. — Дзякуй, што ўсё добра абышлося.
    Потым лягла на бок, адвярнуўшыся ад Каспара, хацела падкласці левую далонь пад ra­
    лоўку ды пхнула драўляную ляльку, так што тая звалілася на падлогу. «Бедная Лізі, — прамармытала Катарына. — Хадзі, дзе ты там?» — і злякнулася, пачуўшы свой уласны голас. Нахілілася, наколькі магла, і памацала падлогу рукой. Лізі не знайшлася. Можа, проста пачакаць да раніцы? Ад думкі, што трэба будзе зноў вылезці з цёплай пасцелі ды шукаць паўсюль у цемры, і пад ложкам таксама, ёй зрабілася жудка. Лялька ж драўляная, дык чаму б ёй і не паспаць на драўлянай падлозе, можа, ёй так нават падабалася, і яна толькі таму і выскачыла з ложка. Ну, пэўна ж, так і ёсць, сказала сама сабе Катарына і прашаптала: «Не бойся, Лізі, я тут. Хай табе на дрэве добра спіцца». I зноў гук уласнага голасу выклікаў адчуванне, нібыта нехта яшчэ ў пакоі.
    Страх, што акурат падпаўзаў, быў прагнаны царкоўнай песняй, якую зацягнулі на кухні. Катарына ведала яе: бабуліна любімая песня са старой кантычкі, якую яна патрабавала і на Новы год спяваць, а пачыналася песня словамі: «Я ўздымаю вочы мае да Цябе...» Добра чуўся бабулін голас, ён увесь час крыху апераджаў нізкія мужчынскія галасы, падобна, як святар у царкве, калі хорам спяваюць. Хай бы заўтра не выпраўлялі ў царкву, пра гэта яшчэ наагул гаворкі не было. Але калі ёй не трэба ў школу, дык, пэўна ж, не трэба і на царкоўныя заняткі, а чым скончылася гісторыя з патопам, ёй жа расказала бабуля. Справа з рыбамі, праўда, засталася нявысветленай, яшчэ Катарына пастаралася
    ўявіць, адкуль Ной, апроч малпаў, жырафаў ды сланоў, узяў суркоў, сарнаў і казлоў, якія вядуцца зусім у іншым месцы. Можа, ён напярэдадні наведаў Гларус і налавіў іх. Як увогуле ловяць суркоў? Мо сеткай? Катарына не памятала, каб хто з паляўнічых у «Мойры» гаварыў, што лавіў звяроў, усё падстрэліў ды падстрэліў. Яна падумала пра мышыныя пасткі, парасстаўляныя ў іх у кладоўцы. Можа, Ной, перш чым пабудаваць каўчэг, намайстраваў вялікіх пастак для сарнаў ды казлоў, наклаў туды поўна духмяных зёлак ды парасстаўляў па гарах, а пакуль чакаў, лавіў суркоў вялікім сачком, як у настаўніка Віса, і потым усіх пагрузіў на фурманку ды паехаў на ёй уніз у даліну, назад у біблейскі край, каб пасля патопу зноў вяліся дзікія звяры ў гарах.
    У гасцёўні ўжо даспявалі царкоўную песню, і цяпер пачуўся голас Паўля. Відаць, ён сказаў нешта смешнае, бо тут жа раздаўся смех, і вось зноў зацягнулі песню, але не царкоўную, а «Там на горцы, на гары», дзе ў канцы штораз спявалася: «Дзірытумдэ, дзірытумдэ, гэйдэлідум, і ніхто не бачыў».
    Гэтая песня падабалася Катарыне. Хоць яна ніколі не разумела, чаго менавіта ніхто не бачыў, але падазравала: гэта звязана з тым, што людзі робяць уначы за хатай, калі выраслі і ім ужо можна. Бо іначай чаму пра Зэпа, якому не хацелася даіць, пяюць: «Кідзель даёнку ды рукі ў бокі, гэйдэлідум, кідзель даёнку ды з дзеўкай у скокі». Пэўна ж, няшмат часу спатрэбіцца,
    і гэтыя двое схаваюцца за хлеў цалавацца. Або могуць і адразу ў хляве, ніхто ж не бачыць.
    Неўзабаве зноў будзе кірмаш, дык тады і ў «Мойры» будуць спяваць, танцаваць ды граць аж да глыбокай ночы. Катарына з радасцю чакала кірмашу; летась яна ўжо дапамагала аздабляць танцавальную залу. Там быў куфар, увесь запоўнены каляровымі гірляндамі з паперы, і гэтыя гірлянды яны з Рэгулай навешвалі на аленевы рогі на сценах. Потым вечарам прыйшлі музыкі, з акардэонам і кларнетам, а чалавек з кантрабасам нават дазволіў ёй пашчыкаць струны, і Катарыне амаль не верылася, што гэта пад яе рукамі ўтвараюцца такія нізкія гукі. А вечарам у капелюшах, аздобленых кветкамі ды пер’ямі, прыйшлі хлопцы, яны выглядалі зусім іначай, чым калі хадзілі працаваць на шыферны кар’ер, і кожны плаціў адзін франк, і яму давалі букецік размарыну, каб было бачна, што заплаціў, а букецікаў тых навязала Катарына разам з Рэгулай, ім даручыў Ханс-Каспар, які хадзіў у прызыўніках, якраз яны і дамаўляліся наконт музыкі ды заказвалі стравы, найчасцей у гэты дзень ва ўсім доме пахла смажанай сарнай з перцам ды сурковым тлушчам. Люба-дорага было глядзець на дзяўчат, убраных у шырокія гафраваныя спадніцы, якія падчас танца так весела разляталіся, і на дзяўчатах былі аздобы з кветак, уплеценыя ў косы, але найважнейшай была кветка, прышпіленая на грудзях: калі гваздзік глядзіць уніз, то дзяўчына пакуль не мае з кім
    пайсці за хату, а калі гваздзік пазірае ўверх, дык ужо нехта ёсць.
    Песню з «гэйдэлідум» у гасцёўні даспявалі, і цяпер Фрыдалін зацягнуў новую, а менавіта пра блыху, што хацела ў Эльзас, каб займець фудар віна.
    Катарына любіла гэту песню. Яна хоць і не ведала, дзе знаходзіцца Эльзас, але там, відаць, ёсць усё, што заўгодна, бо пра блыху спявалася: яна апынулася ў казачным краі, у правай хаце злева за гаем, і Катарыне ўспомнілася, як бацька колькі дзён таму сказаў, калі і надалей будзе такі дождж, дык зноўку бульба пагніе, і давядзецца, як летась, завозіць з Эльзаса. Бульбы там, значыцца, было аж з лішкам, гэта ясна. Але што каровы хадзілі на хадулях, а асёл танцаваў на канаце і козы абувалі боты, — гэта жарт, такое бывае толькі ў песні, і блысе гэта ўсё так спадабалася, што яна купіла сабе хату ды пасялілася там, бадай, варта ім усім туды ўніз у Эльзас, збяруцца бацька, маці, Ганна, Якаб, Рэгула, яна сама ды Каспар і нованароджаная, возьмуць кароў ды кошку і купяць сабе там хату, па суседстве з той блыхой, і тады можна будзе ўбачыць, як каровы на хадулях ходзяць, урэшце і іхная Лоба навучыцца, і Лысуха з Зоркай, тыя, што яшчэ былі на выгане Фальцубер, і людзям самім давядзецца ўзлезці на хадулі, каб падаіць кароў, асёл на канаце раздае тыя хадулі, і ўсе лёгенька ды спрытненька скачуць па канаце аж да асла, а той стаіць пасяродку ды ма-
    хае, падзываючы, пасля станеш на хадулі, а асёл табе даёнку ў рукі, але Зэп, труцень, кідзель во сваю даёнку — ды з дзеўкай у скокі, а тая ў чырвоных боціках і ў гафраванай спаднічцы, якая так цудоўна разлятаецца, і тут дзеўка паварочваецца тварам да Катарыны, а гэта і не дзеўка, а козачка, а ў ляпе — паламаны гваздзік, паказвае ўніз, і каза тут жа ўзняла свае ашклянелыя вочы — ды як тупне, аж у дамах аленевы рогі паляцелі са сцен, і шыбы ў вокнах забразгаталі, і пакрывіліся каровіны чарапы, павешаныя над дзвярыма гумна.
    14
    Устаўшы па патрэбе, Катарына наступіла на нешта цвёрдае і, жахнуўшыся, ускрыкнула. У слабым святле, што прабівалася праз шчыліны ў аканіцах, яна заўважыла сваю ляльку, на галаву якой і была наступіўшы пятой. Катарына схадзіла па-малому, засунула гаршчок пад ложак, узяла Лізі і залезла разам з ёю назад пад цёплую коўдру. Побач заварушыўся Каспар і прыўзняўся.