Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
— Мне сікаць, — сказаў ён.
Без ахвоты Катарына выцерабілася з пасцелі, перайшла на Каспараў бок ды выцягнула з-пад ложка ягоны гаршчок.
— Хадзі, — сказала яна, падняла коўдру і працягнула яму руку.
Катарына баялася, што гаршчок пераліецца цераз край, так доўга Каспар сікаў.
— Усё, — сказаў ён нарэшце, устаў і зноў залез у пасцель.
Катарына з лёгкай агідай паставіла гаршчок пад ложак і сказала:
— У нас сястрычка.
— Дзе? — запытаўся Каспар.
— У «Мойры», — адказала Катарына. — Дома.
— He брацік? — запытаўся Каспар.
— He, — сказала Катарына. — Сястрычка.
Прайшоў пэўны час, перш чым Каспар падаў голас.
— Піць хачу, — сказаў ён.
Катарына ўздыхнула. Толькі збіралася зноўку легчы.
— He пацярпіш? — запыталася яна. — Хутка ўжо раніца.
— Усмяг, — сказаў Каспар.
Катарына ўспомніла, што Каспара ўчора ванітавала, і ён, можа, хворы.
— Чакай, — сказала яна. — Схаджу на кухню.
Дзверы ў спальную камору ўсё яшчэ стаялі прачыненымі, Катарына расчыніла іх цалкам і пачала спускацца па лесвіцы, што ціха парыпвала. Яна ўвайшла ў кухню, якая ў ранішнім сутонні выглядала дзіўна чужой, такая зусім бязлюдная. Халодны пах бульбы і настоенай на зёлках гарэлкі вісеў над сталом, посуд ад учорашняй вячэры разам з патэльняй стаяў на паліцы пры начоўках, па ўсім відаць, ніхто ўчора вечарам яго ўжо не мыў.
Нарэшце Катарына пабачыла імбрык на стале каля мядніцы. Узяла за ручку, зняла і зазірнула ўсярэдзіну. Пусты. Апусціла палец у мядніцу. Вада цеплаватая. Значыцца, давядзецца выйсці на двор да фантанчыка ды набраць свежай вады. Узяўшы з паліцы кубак, яна наліла туды карцом цеплаватай вады, падышла да начовак і выліла.
Потым выйшла ў пярэднюю, абулася і засунула шнуркі ўсярэдзіну, так што адчувала іх пад ступнямі. Ці замкнёныя дзверы? He. Катарына паціснула цяжкую ручку ўніз і не паверыла сваім вачам.
Толькі прыадчыніліся дзверы, як у пярэднюю прашмыгнула Сузі, іх мойраўская кошка, і, мяўкаючы, пачала церціся ля Катарыніных ног.
— Сузі, што ты тут робіш? — ціха запыталася Катарына, прысела, трымаючы ў адной руцэ кубак, другой пагладзіла кошку. Памылкі быць не можа, гэта іх кошка, тыгровы ўзор на поўсці, чорныя лапкі ды белая плямка за вушкам. Наверсе заенчыў Каспар. Як так прымудрыцца, каб гукнуць зычна і разам з тым ціха?
— Іду, — зашыпела Катарына наверх, выпрасталася і сказала кошцы: — Чакай тут.
Пасля пайшла праз падворак да фантанчыка, міма сабакі, той забурчэў, яна кінула яму: «Сціхні, скаціна», імгненна дасягнуўшы поспеху, і падставіла кубак пад струмень вады.
Асцярожна пабегла назад у хату, паставіла кубак на лавачку, дзе абуваюцца, зноў разулася і паднялася па лесвіцы, кошка не адставала ні на крок.
Брацік, выпрастаўшыся, сядзеў на пасцелі ды з нецярплівасцю чакаў яе. Катарына працягнула яму кубак, і тут ён убачыў кошку.
— Сузі? — запытаўся здзіўлена.
— Ага, — сказала Катарына. — Адведаць прыйшла.
Каспар усё таропіўся на кошку, і Катарына са словамі: «Пі ўжо!» — сунула яму кубак. Дзеля каго яна хадзіла па холадзе надвор да фантанчыка?
Каспар узяў кубак і пачаў піць вялікімі глыткамі, не выпускаючы з вачэй кошкі, якая ўвесь час трымалася ля Катарыніных ног. «Усё»,— сказаў ён нарэшце, працягнуўшы пусты кубак сястры.
Катарына паставіла кубак на падлогу і задумалася, што рабіць. У хаце яшчэ ніхто не варушыўся, таму зноў залезла ў пасцель. Сузі тут жа скокнула на коўдру, уляглася ў Катарыны ў нагах ды, скруціўшыся, запяяла курну.
Каспар захіхікаў:
— Сузі ў пасцель залезла.
— I ёй хочацца паспаць, — сказала Катарына. — Рана яшчэ ўставаць.
Яна адвярнулася ад Каспара, узяла ў рот вялікі палец ды засмактала. Дома яна такое рабіла, толькі калі зусім ніхто не бачыў, бо іначай тут жа даставала па руках ад бацькоў або, здаралася, і ад старэйшых, калі тыя, бывала, застануць яе. Але цяпер хто закажа. Побач — Лізі, а ў нагах — Сузі, а ў роце — пальчык, нібы той кавалачак сыру ў казцы, які не меншае, і ў роце смачна. Катарыне падумалася, што лепей і быць не можа, і найхарашэй было б, каб усё жыццё вось так ляжаць ды ляжаць.
Удалечыні загрукатала.
Са спальнай каморы на ніжнім паверсе пачулася, як гучна пазяхнула бабуля ды зарыпеў яе ложак.
Хто гэта ў суседнім пакоі ўстаў, Паўль? Ці толькі на гаршчок, як яны з Каспарам, ды пасля
зноўку ляжа? Сёння нядзеля, дык не трэба было выходзіць так рана, як у працоўны дзень. Хоць Кветцы ўсё адно хацелася, каб яе падаілі, яна не ведала, што нядзеля. Але ёй затое і ў царкву не трэба было. Катарына паспрабавала ўявіць, што было б, каб раптам усе каровы прыйшлі ў царкву і, мукаючы, пасталі б пад вялікімі дзвярыма, на пасыпаным жвірам царкоўным падворку або між магіламі на цвінтары, ды частаваліся б травою з кветкамі. Можа ж быць, што ім аднойчы захочацца сабрацца, каб падзякаваць Ною, які ўратаваў ім жыццё, калі быў вялікі патоп, і іншыя жывёлы таксама прыйшлі б, козы, авечкі, куры і горныя казлы, сарны, суркі з лісамі, толькі рыбы не прыйшлі б, яны ж і без Ноя выжылі. Вось быў бы тлум дык тлум, парафіяне не ведалі б, што тут рабіць, і пастар Мор не ведаў бы, мо зацягнуў бы разам з усімі песню «Я ўздымаю вочы мае да Цябе...», і каровы б замыкалі, авечкі замэкалі, козы забэкалі, і куры заквахталі б, суркі засвісталі б праз зубы, а сарны з казламі — праз ноздры, лісы, асіпла пагаўкваючы, касавурыліся б на курэй, у той час як настаўнік Віс ударыў бы па клавішах фісгармоніі, а дзяк, успацеўшы, раздзімаў бы мяхі, вось бы Ной на нябёсах усцешыўся ды паклікаў бы Бога і Ягонага сына ды паказаў бы ўніз на Эльм, трэба ж і тым калі з чаго пасмяяцца.
Вось і сабакі забрахалі, і каты замяўкалі, і Катарына прачнулася. На парозе стаяла цётка з Ганнай на руках ды з Каспарам за руку
і здзіўлена глядзела за Сузі, якая пацягвалася на коўдры ды паглядала на людзей у дзвярах, бы тая каралеўна на падданых. Каспар весела пазіраў то на Сузі, то на цётку.
— Як кошка сюды трапіла? — запыталася цётка.
Катарына расказала, як Сузі чакала пад дзвярыма, калі яна пад раніцу хадзіла да фантанчыка па ваду.
Цётка пахістала галавой. Такога яшчэ ні разу не здаралася, сказала яна, што гэта з жывёлінай сталася і як яна дарогу знайшла? На кухні хлеб з малаком, і каб Катарына не забылася выліць ды занесці наверх гаршкі.
Потым яна разам з Каспарам ды Ганнай спусцілася па лесвіцы, а Катарына ўстала, адчыніла вокны ды расхінула аканіцы.
I сёння сонца няма, толькі шэрыя хмары навокал, трава, дрэвы і кветкі блішчаць ад вільгаці. Па-над лесам тры вароны, гучна каркаючы, ганяюць драпежную птушку. У гародчыку квохчуць тыя дзве курыцы, гойсаючы ад кветак да рэвеню ды назад.
Ад дарогі прыляцела чарада вераб’ёў і, відаць, села на дах «Бляйгена», бо Катарыне здалося, нібыта цвыркае ўвесь дом.
Калі з боку Платэнберга пачуўся грукат, птушкі на момант заціхлі, але тут жа зашчабяталі яшчэ больш пранізліва.
Гэтым разам Катарына заўважыла, адкуль адламіўся кавалак скалы. Па-над вершалінамі
дрэў на самым версе пры дарозе відаўся дымок, які ўздымаўся ад нахабнай шэрай плямы пасярод зялёных піхтаў. Вядома, ужо не ўбачыш, куды ён зваліўся, той адломак, але кірунак мог быць толькі адзін — уніз, а ўнізе, гэта Катарыне было вядома, знаходзіліся шыферныя кар’еры, а адразу за імі — «Мойр».
— Дзідзі! — пачуўся вокліч з кухні.
— Іду! — адказала яна.
Катарына была яшчэ зусім неапранутая. А што з гаршкамі? Сёння нядзеля, дык, можа, варта апрануць нядзельную спадніцу, а тая ўсё яшчэ вісіць у гасцёўні або ляжыць дзе-небудзь у шафе. Катарына нацягнула паверх начной сарочкі шэрую кофтачку і пайшла да дзвярэй. Потым вярнулася назад і акуратна выцягнула абодва гаршкі з-пад ложка. He трэба, каб цётка зноў на яе сварылася. Няспешна спусціўшыся па лесвіцы, пайпіла праз калідор да прыбіральні. Дзверы былі зачыненыя, за імі нехта, стогнучы, змагаўся з тоўстай цёткай. Змаганне завяршылася вольным уздыхам, і выйшаў Ёханэс, акружаны клубом смуроду.
— Глянь ты, Дзідзі, — сказаў ён і дадаў: — Хадзі, давай мне гаршкі.
Узяўшы ў яе гаршкі, ён спаражніў іх у дзюрку ды аддаў назад. Заўважыўшы, што Катарына збіраецца абувацца, сказаў, што не трэба ісці мыць, і так чыстыя, і Катарына шмыгнула па лесвіцы наверх, засунула гаршкі пад ложак ды зноў пабегла ўніз, на кухню, дзе ўсе астатнія
сядзелі за сталом, папіваючы каву або малако, а пасярэдзіне ляжаў вялікі бохан хлеба, ад якога ўжо адрэзалі некалькі лустаў.
— Во і наша соня, — сказаў Паўль са смехам, а бабуля запыталася ў Катарыны, ці хоча малака. Катарына пачырванела і кіўнула, і, калі прыгожы белы струмень паліўся са збана ў яе кубак, а Фрыдалін падаў ёй лусту хлеба, які пах нядзеляю, яна паволі пачала верыць, што гэты дзень усё ж можа выдацца прыемным.
15
Катарына стаяла на зэдліку пры начоўках, намагаючыся адскрэбці шчоткай прыгарэлае са дна патэльні. Яна ўжо павымывала ўсе талеркі і ўсе кубкі ды саставіла на падстаўку сцякаць, першую талерку прыхіліла да кубка, а наступныя талеркі — да першай: яны стаялі наўскасяк, нібы калона сувораўскіх салдат, калі іх збіваў з ног вецер.
Во, бадай, невялічкая работа для Дзідзі, сказала бабуля, і невялічкую работу яна назвала «работкай», словам, якое зусім не выклікала ў Катарыны даверу, бо ледзь не штораз высвятлялася, што маецца на ўвазе вялікая, часта нават асабліва складаная работа. Пра «работку» казаў бацька, пасылаючы яе ў вінную бочку. У мойраўскім сутарэнні стаялі дзве вялікія вінныя бочкі. Калі адна спусташалася, ля затычкі адчынялі невялічкія дзверцы, акурат такога памеру, што магло ўвайсці дзіця ейнага росту, і Катарына мусіла лезці ўсярэдзіну і чысціць сценкі і дно бочкі шчоткай ды анучынай, а бацька свяціў штармавым ліхтаром. Вінная бочка была такая вялікая, што Катарыне хапала месца выпрастацца ва ўвесь рост, і, успомніўшы, як бацька па прыступках спускаўся з ёю ў сутарэнне, і як падсаджваў яе, дапамагаючы забрацца ўсярэдзіну, і як увесь час не адыходзіў ад яе, выкручваў мокрую ад віна анучыну, якую яна яму час ад часу падавала, і як прасоўваў галаву
ў дзверцы, каб паказаць тое ці іншае месца, дзе яшчэ заставаўся след віннага каменю, і як здымаў яе ўніз, і як пасля работы даваў ёй поўную жменю сушаных ігрушак, дастаючы іх з кішэні яшчэ ў сутарэнні, Катарына зразумела, што ўжо з радасцю чакае, калі спустошыцца наступная бочка, хоць зноў з жахам прыгадала той момант, калі згасла свечка ў ліхтары і бацька не меў пры сабе запалак, так што давялося яму ісці па іх наверх, пакінуўшы яе зусім адну ў цёмным сутарэнні, у яшчэ цямнейшым чэраве віннай бочкі, у атачэнні саладжава-кіслага змроку, дзе, яна думала, задыхнецца; тады Катарына, укленчыўшы і прыхінуўшыся галавой да дзверцаў, голасна і наўзрыд заплакала, амаль зараўла, і калі зноўку наблізілася хісткае святло ліхтара, настаяла на тым, каб тут жа вылезці з бочкі, і бацьку давялося спярша нейкі час патрымаць яе ў абдымках ды паўгаворваць, толькі пасля гэтага яна залезла назад скончыць «работку». I яна яшчэ добра памятае, як ён яе суцяшаў, татка, казаў ёй, што ж, калі толькі яна адна і можа гэта зрабіць, яна, Катарына, бо Якаб з Рэгулай ужо завялікія для маленькіх дзверцаў у бочцы, і як ён рады, што яна ў яго ёсць, і што іначай бы і не ведаў зусім, як яму вычысціць гэтую бочку.