• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    — Анягож, — сказаў Паўль у адказ, схапіў яе аберуч за сцёгны і так хутка ды лёгка падняў,
    нібыта яна была вязанкай сена. Маргрэт спалохана закрычала, каб паставіў, але Паўль сказаў: хто хацеў палётаць, таму на зямлю няможна.
    Каспар аж забулькатаў ад задавальнення.
    — Цётка ляціць, — сказаў ён Ганне, Катарыне і самому сабе.
    — Ну, — закрычаў Паўль, — паляцела цётка аж да самай хаты!
    Ён увесь расчырванеўся, пакуль нёс сваю жонку, якая матляла нагамі і пранізліва вішчала, па стромкай сцежцы да гародчыку.
    Катарыне падалося, нібыта аграмадная птушка трапеча над Паўлевым капелюшом, пэўна, неяк так Ной лавіў ягнятнікаў.
    Фрыдалін з Ёханэсам падбухторвалі брата.
    — Да курэй яе! — закрычаў Фрыдалін.
    — Дзе бабам і месца! — закрычаў за ім Ёханэс.
    — А вам дзе месца? — крыкнула Ганна.
    — Са свіннямі! — засмяяўся Фрыдалін.
    — Вось і дабраліся! — шумна выдыхнуўшы, Паўль паставіў жонку на траву перад плотам. — I думаць не думала, скажы, — сказаў ён і пацалаваў яе ў шчаку, — што мужык у цябе такі асілак?
    Маргрэт сама не ведала, ці то злавацца, ці то весяліцца, і пасля вырашыла ўсё ж не злавацца. Усе такія радасныя і гарэзлівыя, як тут можна надзьмуцца.
    — Глядзі мне не паваліся, — сказала яна Паўлю, які ўсё яшчэ стаяў засопшыся. — А то сама занясу на кухню.
    Паўль засмяяўся і крыкнуў Ганне, во, маўляў, ейныя куры.
    — Гэта нашы? — здзіўлена запыталася Катарына.
    He, адказала Ганна, уцяклі ў старой Эльзбэт, тая ўжо дзе толькі ні шукала, і Ганна іх зараз занясе ёй уніз, а Катарына з Каспарам таксама могуць адразу пайсці, бацькі і новая сястрычка чакаюць іх.
    Катарына ўздрыгнула. Ёй не хацелася вяртацца. Што бацькі іх чакаюць, гэта вельмі нават магчыма, але што нованароджаная ўжо магла чакаць, падавалася Катарыне неверагодным, тая ж іх яшчэ нават не ведала.
    — Глянь, ці яны? — запыталася Маргрэт, паказваючы Ганне абедзвюх курыц, якія насцярожана адышліся пад сцяну хаты.
    — Падобна, што яны, — сказала Ганна. — У адной мусіць быць карычняватая пляма ля гузкі.
    — Ад срання, — сказаў Паўль і засмяяўся, і ўсе мужчыны засмяяліся разам з ім.
    — Дык і ёсць, у той во справа. Бачыш? — закрычала Маргрэт і паказала на курыцу, якая схавалася сярод кветак. — Зараз толькі трэба табе іх неяк злавіць.
    Ганна адчыніла брамку ў гародчык і асцярожна прайшла колькі крокаў уздоўж сцяны хаты.
    — Дзе яны? — запыталася яна ціха.
    — Вунь! — гучна закрычала бабуля, высунуўшыся ў адчыненае вакно.
    Спалохаўшыся, нясушкі ўзняліся і паспрабавалі ўцячы цераз плот. Ускрыкнуўшы, Катарына закрыла твар рукамі, бо адна з курэй паляцела проста на яе. Ёханэс перахапіў яе, сцяў ногі і тут жа падняў галавою ўніз. Курыца баранілася, біла крыламі, адным зачапіла Катарыну, якая так хуценька адхінулася назад, што паваліла Каспара, які стаяў за ёю.
    Другая курыца не здолела пераскочыць цераз плот; яна звалілася назад у гародчык і цяпер, страшэнна перапалохаўшыся, насілася ўздоўж плота, за ёю — Ганна, якая, аднак, баючыся патаптаць кветкі, не магла яе злавіць. Тут Ханс-Каспар шпурнуў камнем і трапіў курыцы ў галаву, тая захісталася і спынілася, а Ганна спрытна схапіла яе за ногі і падняла ўніз галавой высока па-над сабою. Жудаснае квахтанне курэй, крык Ганны, каб далі вяроўку, плач Каспара, які скаціўся колькі крокаў па адхоне, гучнае «слаўна!» мужчын, смех жанчын — усё гэта змяшалася ў тлум, які ледзь не аглушыў Катарыну, разам з тым напоўніўшы яе адчуваннем шчасця, амаль як спевы ўчора вечарам. Яна хацела дапамагчы Каспару, але той са злосцю вырваў руку, за якую схапіла яго Катарына, і ўскараскаўся сам.
    — Карова дурная, — толькі і сказаў ён.
    — Му! — адказала Катарына і паказала яму язык.
    Курам ужо вязалі ногі вяроўкамі, якія бабуля кінула праз вакно, а потым іх падвесілі на
    штыкеціне, і яны памалу заціхлі, нібы зразумеўшы, што ад лёсу не ўцячы.
    — Ну, як там было ў царкве? — запыталася бабуля, усё яшчэ стоячы ля вакна. — Ці пахрысцілі малога Ніга?
    — Ага, — сказаў Фрыдалін. — Трэбадумаць.
    — Гэта як разумець? — запыталася бабуля.
    Амаль нічога не было чуваць, сказаў Фрыдалін, так ужо, халера, гахалі гэтыя адломкі ад скалы, аднаго разу пастар Мор нават пасярод псалма паслаў дзяка глянуць, ці не здарылася чаго. I акурат як хрысцілі, бахнула, дык тут яны ўжо ўсе павыбягалі. Некалькі кавалкаў дакацілася да карчмы «Ля Марцінавай дзюры», да самай сценкі, а адзін мала не патрапіў і цяпер ляжыць пасярод Рамінерава ручая, вада ўжо збіраецца, затор.
    — Яшчэ парачка, і будзе ў вас за «Мойрам» возера! — ухмыльнуўся Паўль.
    — А што Катрын з малой? — запыталася бабуля, звярнуўшыся да Ганны.
    У іх усё добра, толькі маці шмат крыві страціла і яшчэ надта слабая. Прынамсі, сёння яшчэ не ўставала, сказала Ганна. А з малой усё як след, смокча добра.
    — Дзякуй Богу, — сказала бабуля.
    Ці гатовыя малыя ісці з ёю, запыталася Ганна.
    He, сказала Катарына, яна лепей хоча тут паабедаць. 3 расчыненага акна ішоў шматабяцальны водар, пахла амаль як на Новы год.
    Ганна адмовілася абедаць з імі, бо магла спатрэбіцца ўнізе, у «Мойры», тады бабуля сказала, што возьме дзяцей папаўдні з сабою, а Ганна хай сарве яшчэ парачку вяргіняў для Катрын.
    Раптам на падваконні з’явілася кошка.
    — Сузі! — закрычала Ганна. — Ах ты, бадзіня, ці пойдзеш са мной ды з курамі?
    Сузі, курняўкаючы, пацерлася аб бабулін локаць.
    — Прынясу яе потым, — сказала тая. — Як прыйду з малымі.
    — У Ніжняй Даліне ўсе дзіву даюцца, як кошка адшукала дарогу ў «Бляйген», — сказала Ганна. — Дый куры гэтыя яшчэ, во дзе загадка.
    — I ў жывёл бываюць свае прыхамаці, — сказаў Паўль. — Як у дзяцей, праўда, Дзідзі? — і ляпнуў Катарыну па плячы, што яна ледзь не кульнулася.
    — Ага, — адказала Катарына, а потым спешна дадала: — Можа, яны баяцца.
    Усе на хвілю змоўклі, пачуўшы нечаканы адказ, пасля бабуля сказала, каб ішлі ў хату, зараз ежа будзе на стале.
    Троху пазней на вуліцы засталіся толькі Катарына, Ханс-Каспар і Ганна, Ханс-Каспар сказаў Ганне, сёння пад вечар прыйдзе яшчэ раз у «Мойр», зноўку закрапаў дождж, і калі Ганна спускалася сцежкаю ў даліну, у адной руцэ букет чырвоных вяргіняў, у другой — вяроўка, на якой, паквохтваючы, боўталіся звязаныя куры,
    і перад ляском яшчэ раз абярнулася ды памахала ім з Хансам-Каспарам букетам, Катарына адчула ў горле ком, горшы за той валляк, ад якога памёр ейны дзед.
    17
    — He, — сказала Катарына.
    Бабуля толькі што загадала збірацца ісці з ёю ды Каспарам у «Мойр». Катарына кленчыла перад лялечным домам у гасцёўні, сабраўшы ўсю сям’ю костачак: бацька, маці, батрак і служка разам з трыма дзецьмі доўгім шэрагам выстраіліся перад домам. Катарына акурат забірала з хлява дзвюх кароў, каб далучыць іх да авечак, свіней і сабакі. Курэй яна ўжо была занесшы на печку на самы верх, туды, дзе невялічкая, цёплая ляжанка, бабуля там была прылёгшы па абедзе, перш чым пайшла да сябе ў пакой прыбрацца на адведкі ў Ніжняй Даліне. На ляжанку можна было ўзлезці толькі па трох высокіх прыступках за печкай, і кожную з шасці курэй Катарына занесла туды паасобку. На пытанне Каспара, куды цыпы пайшлі, адказала: у «Бляйген». I вось цяпер уся сялянская сям’я вырашыла выправіцца на пошукі курэй, ніхто дома не застаўся, і жывёлы далучыліся, бо акурат ім надта карцела даведацца, куды гэта падзеліся куры.
    — Але, дзетка, — сказала бабуля, — хіба табе не хочацца пабачыць сястрычку?
    — He, — сказала Катарына і, падняўшы другую карову ад ясляў, далучыла яе да першай, што ўжо стаяла між свіннёй і сабакам.
    — А чаму не? — запыталася бабуля.
    — Набудуся яшчэ ў няньках.
    Маці ўжо не раз казала, як разлічвае на Катарыну, калі народзіцца малое.
    Бабуля пахістала галавой.
    — Слухай сюды, — сказала потым. — Зараз жа пойдзеш дапаможаш Каспару абуцца ды апрануць палярыну, а лепей і сама ўжо апранайсяабувайся ды пакуй ваш хатулёк, цётка дапаможа.
    Нехаця Катарына паднялася, узяла Каспара за руку і пайшла з ім праз кухню ў пярэднюю. Ад стала, за якім толькі што ўсе разам абедалі, усё яшчэ ішоў водар шынкі з капустай, які смачна казытнуў Катарыне ў носе і нагадаў пра цудоўны абед, ад якога ў страўніку была прыемная цеплыня. Праўда, мужчыны за абедам амаль увесь час сварыліся, усё пра тое самае: ці знак гэта які ці не, што падчас набажэнства так валіцца каменне, можа, нельга болей працаваць у кар’еры, і хто наогул мае гэта вырашаць: ляснічы з Гларуса, ляснічы з Мата ці яны тут у Эльме, і калі Паўль грамавым голасам казаў пра парачку камянькоў, Фрыдалін, злёгку нахіліўшы кучаравую галаву набок, усё паўтараў: нельга забываць, трэба ўлічваць, варта толькі ўявіць сабе, а Ёханэс папераменна ківаў то на словы аднаго, то другога і выглядаў не надта задаволеным, бо яму болей хацелася б проста моўчкі паесці. Жанчыны нібы не мелі ніякага меркавання, што падавалася Катарыне дзіўным, але цётка ні слова не сказала, а бабуля час ад часу ўстаўляла: нядобра сварыцца ў нядзелю, або: ці хоча хто яшчэ дабаўкі, шынкі ці капусты. Што-
    раз, калі загаворваў Фрыдалін, Катарына апускала відэлец і пераставала жаваць, а калі казаў Паўль, глядзела ў талерку ды ела.
    Потым яны дружна выправіліся ў вёску, Фрыдалін збіраўся забраць свой тыднёвы заробак на кар’еры, Ёханэс хацеў зайсціся ў карчму, а Паўль накіраваўся да гантара ў Штайнібах, трэба было страху ў хляве перакрыць.
    Укленчыўшы перад братам, які сядзеў на лавачцы, дзе абуваюцца, Катарына засоўвала яго ногі ў чаравікі, калі пачула мяўканне кошкі. Сузі стаяла на парозе ў кухню і цёрлася спінай аб вушак.
    Катарына выпусціла з рук чаравік і пайшла праз кухню ў гасцёўню да пакоя бабулі.
    — Бабця... — сказала яна, спыніўшыся ў дзвярах.
    Бабця сядзела на крэсле, трымаючы на каленях шкатулку. У Катарыны тут жа вылецела з галавы, пра што яна збіралася запытацца ў бабулі, яна на ўсе вочы глядзела на срэбны скарб, што зіхацеў у шкатулцы. Ланцужкі, і бранзалеты, і спражкі, і ці не жамчужныя каралі звісаюць там цераз край? Дзе гэта яна, у бабулінай спальні ў «Бляйгене» або ў пакоях кітайскага імператара?
    — Вось, — сказала бабуля і падняла брошку, — для маленькай Фемі. Ад маёй бабулі яшчэ засталася. Ці падабаецца табе?
    Катарына падышла бліжэй, і бабуля паклала ёй брошку на далонь. Далікатная срэбная кветка.
    Катарына кіўнула. Вядома, падабаецца. Яна нават уявіць сабе не магла, што такая брошка некаму можа не спадабацца.