Каменны патоп
Франц Холер
Выдавец: Галіяфы
Памер: 174с.
Мінск 2017
Наверсе ў спальні заплакаў Каспар.
11
Катарына стаяла разам з братам за хлявом «Бляйгена». Хлеў быў ля дома, дом стаяў пад адхонам, і далей па адхоне сярод сенажацяў віднеліся пуні, кустоўе і невялічкія лапікі лесу. Дождж перастаў, і Каспар сказаў, хоча паглядзець свіней. За кароўнікам быў невялікі свінарнік з агароджаным загонам, які прыўздымаўся па адхоне. Грунт у загоне быў увесь растаптаны, асабліва знізу, дзе парасяты, павіскваючы, дурэлі ў бурай кашы, ад якой ішоў едкі пах. Вялізная свінаматка трымалася з верхняга краю загона, але, пабачыўшы, што да загарадкі набліжаюцца дзеці, яна з нечаканай хуткасцю падляцела да іх, спыніўшыся ў самы апошні момант. Катарына ўскрыкнула і адскочыла ўбок, а Каспар заскакаў ад радасці.
— Во свінюка! — закрычаў ён са смехам, а калі жывёліна цікаўна прасунула вільготны лыч праз дошкі плота, прысеў на кукішкі і, сарваўшы шчаўіну, паднёс свінні пад самыя ноздры. Свіння ўздрыгнула і потым, зарохкаўшы, патрухала да сваіх малых, якія тут жа абступілі яе з усіх бакоў.
Катарына зазлавалася. Чаму яна сама так напужалася, а малы не? Як свіння на іх ляцела, дык магла абаіх адным цягам з ног збіць, хто ведае, ці вытрымала б загарадка.
Цяпер Каспар ускараскаўся на ніжнюю дошку плота і замахаў сваёй шчаўінай.
— Хадзі, свінка! — заверашчаў ён, а калі тая яго не паслухала, кінуў ёй лісціну ў загон.
Свінаматка тымчасам уляглася набок у гразь, а малыя, віскочучы, змагаліся за цыцкі. Калі яны праз нейкі час, з асалодаю смокчучы, сталі радком, Каспар заявіў: «Есці хачу», — злез з плота ды пайшоў вакол хлява на падворак, дзе стаяў фантанчык.
— Бабця! — гучна закрычаў ён.
Катарына, ідучы за ім, перасцерагла, каб цішэй, можа, бабуля спіць, ёй сёння нешта нядобра.
Каспар спыніўся, потым не менш гучна закрычаў: «Цётка!» — і рашуча пайшоў да дзвярэй дома. Катарына накінулася на яго, каб перастаў галёкаць, і потым разам з ім увайшла ў пярэднюю, дзе разулася сама і разула яго.
Бабуля, стоячы ўжо ў дзвярах на кухню, запыталася, ці паглядзелі свіней.
— Пяцёра малых, — хуценька адказала Катарына, а Каспар сказаў амаль адначасова:
— П’юць!
Потым дадаў:
— Есці хачу.
— Во як, — усміхнулася бабуля, — давай глянем, што мы тут маем, — і пайшла ўперад дзяцей на кухню. — Суп яшчэ ад абеду застаўся, можа, разагрэць?
Каспар расчараваўся. Ён быў галодны, бо ў абед амаль не еў супу, а супу ён не еў, бо супоў не любіў.
— Ну тады, — сказала бабуля, — давядзецца даць малому ласуну троху ігрушак. Падышла да паліцы, дзе былі розныя прыправы, і, дастаўшы з мяшочка жменю сушаных ігрушак, паклала іх на стол. Каспар тут жа абедзвюма рукамі пацягнуўся за імі, але бабуля, заўважыўшы напалоханы твар Катарыны, сказала, што гэта і для сястры, і цяпер ігрушкі схапіла ў абедзве рукі Катарына.
— Без сваркі, дзеці, — перасцерагла бабуля. — Хопіць абаім.
Катарына запыталася, ці можна палічыць, і, як бабуля кіўнула, палічыла, пасоўваючы кожную другую ігрушку да брата, да адзінаццаці, а потым ігрушкі скончыліся. Каспар тут жа заўважыў, што адзінаццатая засталася ў сястры, і пацягнуўся па яе, але Катарына, загарадзіўшы свае ігрушкі далонню, запыталася ў бабулі:
— Як падзяліць адзінаццаць на два?
— А во як, — сказала бабуля, узяла ігрушку і з’ела яе сама.
Дзеці нарэшце ўзяліся за свае ігрушкі, а бабуля вярнулася за стол, дзе ляжала горка бульбы, і працягнула абіраць яе. Шалупінне падала на стол, абабраную бульбу яна складвала ў місу.
— На вячэру, — сказала бабуля. — У суботу ў нас заўжды бульбяны фэнц.
Катарына ў захапленне не прыйшла. Калі шчыра, яна спадзявалася, што будзе як-небудзь вараная шынка або іншае мяса, як на Новы год, калі яны прыходзілі да бабулі ў госці. Усё адно
яна кіўнула, калі бабуля ў яе запыталася, ці любіць. Усё ж бульбяны фэнц лепей за той, што робіцца з адным сырам ды тварагом, перадусім, пах тварагу выклікаў у яе агіду.
Бабуля адрыгнула.
— He ведаю, што такое, — сказала яна. — Увесь час неяк блажыць.
— Страўнікавы цуд, — сказала Катарына.
— Што? — запыталася бабуля.
Страўнікавы цуд, паўтарыла Катарына, кропляў «Страўнікавы цуд» трэба ёй выпіць.
— Толькі валяр’янка ёсць, — адказала бабуля, — і яе ўжо выпіла, а што гэта за кроплі такія?
— Іх прыносіць апенцэлец, які ў зальчыку ў «Мойры» прадае кроплі з пігулкамі, — сказала Катарына.
Гэта быў заўжды асаблівы дзень, калі прыходзіў той маленькі чалавечак з вялікімі насіламі за спінай, тады набівалася поўная карчма людзей, усе яны чакалі, пакуль іх па адным прапусцяць да апенцэльца ў зальчык, і ў гэты дзень часта прыходзіла болей жанчын, чым мужчын, што асабліва падабалася Катарыне.
Ды ну, сказала бабуля, не трэба ёй ніякіх шарлатанскіх кропляў, а валяр’янка яшчэ і маці ейнай, і бабулі дапамагала, і, нібы ў пацверджанне, дастала пляшачку з кухоннай шафы. Калі яна адкрыла бляшанку з цукрам, раптам побач з ёю апынуўся Каспар і сказаў: «I я хачу». Бабуля сунула яму кавалачак, яшчэ адзін паклала сабе ў лыжку, потым накропала на яго
валяр’янкі і чакала, пакуль цукар разваліцца на карычневыя камячкі.
— А мне? — запыталася Катарына.
Ты ж ужо дарослая дзяўчынка, у школу ходзіш, — сказала бабуля. — Варта быць ужо разумнейшай.
Потым яна сунула лыжку ў рот і, не паморшчыўшыся, праглынула лекі.
Катарына абурылася. Толькі таму, што яна ўжо сама можа схадзіць да Барбары ды ўмее палічыць курэй, і свіней, і ігрушкі, ёй не даюць цукру, а малы, які нічога не ўмее, адно ў пасцель нарабіць ды свінні ў носе шчаўінай паказытаць, так што тая наўцёкі кідаецца, атрымлівае за гэта цукар. Часам яна не разумела дарослых.
— Ну добра, — бабуля заўважыла яе сапсаваны настрой. — Вазьмі адзін, — і працягнула ёй бляшанку.
Пачырванеўшы, Катарына засунула туды руку, выцягнула сабе кавалачак і прамармытала падзяку. Ёй не спадабалася, што бабуля здагадалася, пра што яна думала, а цукар, які раставаў у роце, падаўся не такім салодкім, як той, што далі пасля абеду.
— Яшчэ адзін, — заенчыў Каспар, але бабуля ўжо ставіла бляшанку на месца ў шафу.
— Еш свае ігрушкі, малеча, — сказала яна і зноў адрыгнула. Было выразна чуваць, як бурчыць яе страўнік.
Пахістаўшы галавой, яна прыціснула далонь да фартуха і зноў села.
Цётка ўвашла на кухню з маленькай Ганнай на руках.
— Як вы, мама? — запыталася яна.
— У мяне бурчыць сёння, — сказала бабуля.
— Пастаўлю гарбаты, — сказала Маргрэт. — Гарбата будзе на карысць, і сама тады вып’ю, і дзеці, пэўна ж, таксама, праўда, Дзідзі?
Катарына кіўнула, але Каспар устаў і пайшоў да дзвярэй у гасцёўню.
— Хачу пагуляць, — сказаў ён. — 3 лялечным домікам.
Катарына сачыла за ім з недаверам. Ці можна пакінуць яго з лялечным домікам сам-насам? Ён можа і разбіць якую ляльку або выпусціць з рук, а потым наступіць. Катарына зірнула на бабулю, што яна на тое, але бабуля, відавочна, нічога не мела супраць і не загадала Катарыне паглядзець за ім, так што яна засталася сядзець з жанчынамі.
— Патрымаеш мне Ганну? — запыталася цётка і падала Катарыне дзіця, не чакаючы адказу.
Катарына асцярожна абхапіла малую, якая спачатку ўпіралася нагамі і глядзела ўслед сваёй маме, калі тая нахілілася да заслонкі пліты і падклала два паленцы. Цётка сказала дачцэ, каб не баялася, яна ж тут, і гэта ж Дзідзі, яна цябе ўжо ўпільнуе. Потым зачарпнула карцом вады з чана і наліла ў рондаль, дастала з паліцы, дзе стаялі розныя прыправы, бляшанку з сушанымі зёлкамі і сыпанула жменю ў ваду. Калі яна паставіла рондаль на пліту, той зашыпеў, нібы
абураючыся такому нахабству, і пусціў белы дымок.
Загрукатала. Маргрэт паглядзела на свякроўку.
Тая засмяялася.
— Гэта не я, — сказала яна. — Гэта Платэнберг.
Маргрэт дастала з шуфлядкі нож і падсела за стол памагаць абіраць бульбу.
— Будзем спадзявацца, усё ўжо ў яе скончылася.
— Ага, — адказала бабуля. — Урэшце, не маладуха ўжо.
Катарына прыслухалася. Што гэта мае значыць: не маладуха ўжо? Яе мама хіба ўжо не маладая? He маладая, моцная ды здаровая?
— Як доўга можна нараджаць дзяцей? — запыталася яна і спалохалася свайго пытання. To ж, бадай, не лепей, чым запытацца, як паміраюць ад валляка. Але, на здзіўленне, атрымала сапраўдны адказ.
— Як нарадзіўся Фрыдалін, — сказала бабуля, — мне было сорак шэсць.
— А потым? — запыталася Катарына.
— Потым ужо нікога не было, — сказала бабуля.
Калі яна замаўчала, Катарына падумала, ці не задаць вырашальнага пытання, чаму потым ужо нікога не было, але не адважылася. Урэшце, і так было ж зразумела: калі табе сорак шэсць, то проста ўжо не той узрост, каб мець дзяцей,
і ўсё. Бадай, і напругі ўсёй гэтай не вытрываць, усіх гэтых стогнаў, пацення ды крахтання. Ці ўсё ж варта папытацца? Глыбока ўздыхнуўшы, Катарына запыталася:
— Калі прыйдуць Ёханэс з Фрыдалінам?
— Бадай, зараз, — сказала бабуля. — У суботу яны раней канчаюць.
Маленькая Ганна закапрызіла і ўпнулася нагамі Катарыне ў клубы. Катарына развярнула яе ад сябе, каб тая бачыла маму, якая сядзела насупраць разам з бабуляй ды абірала бульбу.
Маргрэт памахала Ганне, і Ганна заўсміхалася ды на нейкі час супакоілася. Калі неўзабаве малая зноў заенчыла ды зацерабіла нагамі, Маргрэт узяла бульбіну і пусціла яе цераз стол. Катарына злавіла яе і пакаціла назад да Маргрэт, а тая, сказаўшы: «Глядзі, што тут такое?» — паслала бульбіну назад. Ганна тут жа сціхла і на ўсе вочы сачыла за гульнёй.
Калі бульбіна зноў прыкацілася ад Катарыны да Маргрэт, бабуля схапіла яе ды паклала да кучы.
— Ежа — не цацка, — сказала яна.
Маргрэт пачырванела, глыбока ўздыхнула і села прама-праменька. Ганна замахала рукамі, паглядзела на кучу бульбы ды зноў заенчыла.
А во была ўжо супакоілася, — сказала Маргрэт.
— Можаш жа і пакласці яе, — сказала бабуля і, не паддаўшыся, працавала далей. Гара шалупіння расла, гара бульбы памяншалася.
Здалёк пачуўся покліч, на два галасы.
— Во і яны, — сказала бабуля, хацела падняцца, ды не хапіла сілы.
— Сядзі, — сказала Маргрэт, паднялася, адчыніла вакно і загукала ў адказ. Ганна зусім суцішылася ды паглядала то на маму, то на бабулю, то на бабулю, то на маму.
Катарына сказала, што хоча ў пакой да вакна, узнялася і асцярожна перадала Ганну цётцы. Тая таксама пайшла з ёю, і яны разам расчынілі вакно ды глядзелі ўніз на дарогу. Каспар таксама быў ушчаміўшыся, але, нікога не ўбачыўшы, вярнуўся да лялечнага доміка.