• Газеты, часопісы і г.д.
  • Каменны патоп  Франц Холер

    Каменны патоп

    Франц Холер

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 174с.
    Мінск 2017
    31.12 МБ
    — Чаму ты хочаш браціка? — запыталася Катарына.
    — Біць яго буду, — сказаў Каспар.
    — Пачакай, — сказала Катарына. — Падрасце, сам цябе паб’е.
    — He, — сказаў Каспар.
    — Паб’е, — сказала Катарына. — Паб’е яшчэ як.
    Раптам яна ўспомніла, што ў перадапошняй хаце на гэтай вуліцы жыве Клеафея, тут паслязаўтра будуць хрэсьбіны. Клеафея была яшчэ зусім маладая, выглядала ледзь не як старшакласніца. Як гэта яна ўмудрылася займець дзіця?
    — Хадзі, — сказала Катарына Каспару. — Можа, убачым малое.
    Катарына разам з Каспарам зрабіла пару крокаў да вакна, што ля дзвярэй, і, стаўшы на дыбачкі, зазірнула ў хату. Праз прыпацелую шыбіну яна ўбачыла Клеафею ў расшпіленай блузцы, тая акурат карміла грудзьмі дзіця. Катарына дзіву далася, якія вялікія грудзі, набрынялыя, выпіраюць з сукенкі. Каспар пачаў
    енчыць ды чапляцца, каб і яму паглядзець, тут Клеафея ўзняла вочы, і Катарына пусцілася наўцёкі, цягнучы за сабой брата.
    — Што ты бачыла? — запытаўся ён, калі зноў выйшлі на дарогу.
    — Клефу, — адказала Катарына.
    Зараз жа была развілка, ад якой ішла сцежка ў «Бляйген», і тут пачаўся дождж. Катарына спачатку нацягнула брату башлык на галаву, потым сабе.
    Сцежка вяла наўпрост да вялікага дома, прыбудаванага да адхону. He грукаючы, Катарына адчыніла дзверы, і вось яны ўжо ў калідоры.
    — Перачакаем тут? — запытаўся Каспар.
    — He, — сказала Катарына. — Проста тут сцежка вядзе праз дом.
    Яны ішлі праз цёмны калідор, дзе пахла сушанай мятай і мокрай адзежай, і Каспар пільнаваў, каб хаця не выпусціць Катарынінай рукі. Паабапал былі дзверы, але ўсе пазачыняныя. Ля дзвярэй віселі паліто і капелюшы, а ў падстаўках стаялі кіі ды парасоны. Па сходах дзеці падняліся на другі паверх. Сходы былі стромкія, прыступкі рыпелі. На другім паверсе яны апынуліся ў сенцах з чатырма дзвярыма. Ніводных адчыненых. На сцяне карцінка з Майсеем, які трымае ў руках дзве каменныя скрыжалі і з непакоем углядаецца ў неба, а з-за адных дзвярэй даносіцца жаночы голас:
    — Сёмы дзень ужо ліе.
    — Божа ж ты мой, Божа, — закрахтаў мужчынскі голас. — Так і да патопу недалёка, — і зайшоўся працяглым кашлем.
    Катарына спешна паднялася па наступных сходах наверх, і яны з Каспарам пабеглі праз цёмны калідор да верхняга выхаду. 3 акенца прыбіральні, расчыненага ў праход, смярдзела. Выйшаўшы на свежае паветра, яны апынуліся на каменных прыступках, ад якіх сцежка ішла далей ў «Бляйген», нібыта нідзе і не перарывалася.
    Парыў ветра дажджом секануў па іх тварах і таргануў дзверы, якія Катарына збіралася акуратна зачыніць, так што яны самі сабой, лязгнуўшы, замкнуліся.
    — Пачакаем, — сказаў Каспар і спыніўся.
    — He, — сказала Катарына. — Трэба ісці.
    Каспар заплакаў.
    — Чаго ты збіраешся чакаць? — запыталася Катарына. — Учора дождж цэлы дзень ішоў.
    Чатырохгадовы хлопчык глянуў праз вэлюм слёз на адхон, які здаваўся непераадольным.
    Сястра паспрабавала яшчэ раз:
    — У бабулі, пэўна ж, будзе гарачая гарбата.
    Каспар сеў на ганак. Слёзы на шчаках перамешваліся з кроплямі дажджу.
    Катарына не ведала, як тут даць рады.
    — Добра, — сказала яна ўрэшце. — Тады я пайду адна.
    Развярнулася і размашыстымі крокамі рушыла ўгару. Праз нейкі час спынілася і абярнулася назад.
    Каспар па-ранейшаму сядзеў на ганку.
    — Бывай! — памахала яму Катарына. — Перадам бабулі паклон.
    Але Каспар не паварушыўся.
    Сястра паныла вярнулася і стала проста перад ім.
    — Што зараз такое? — запыталася яна. — Ці ты пойдзеш, ці не?
    — Дамоў хачу, — сказаў Каспар.
    Грукат скалануў паветра. Каспар спалохана падхапіўся.
    — Ці чуеш? — сказала сястра. — I зноў во кавалак скалы, на нашу хату зваліўся.
    Каспар баязліва азірнуўся, працягнуў сястры руку, і яны няспешна пайшлі ўгару, пакуль не зніклі ў нізкіх пасмах туману.
    3
    Катарына ведала дарогу, ды, уласна, яе цяжка было не знайсці. Адзіная развілка непадалёк ад «Бляйгена», і там другая сцежка зноў спускаецца да царквы і да будынка школы, тут хай хоць з усяго свету туману нацягне, Катарына не зблытае, не пойдзе па той сцежцы, што ў вёску.
    Каспар змірыўся, болып не супраціўляўся і паслухмяна тэпаў побач з Катарынай, не выпускаючы яе рукі.
    Стаяў гучны шум — дождж калаціў па лісці ў лесе, да якога яны падымаліся; а яшчэ цішэйшы шум, затое ля самых вушэй — кроплі дажджу білі па башлыках ды палярынах. Да гучнага шуму дадаваўся і рокат Зэрнфа, што напаўняў усю даліну, а да цішэйшага — крокі іх чаравікаў па камяністай сцежцы.
    Дарогаю Катарына разважала, што гэта мела на ўвазе Рэгула, калі сказала, Ферэна, маўляў, выцягне малое, калі нават і нагамі наперад. Зноўку Катарына заўважыла, што ёсць нешта такое, чаго яна да канца не ведае, але, калі яна малявала сабе, як дзіця выходзіць з матчынага жывата, ёй больш падабалася ўяўляць, як малое спачатку высоўвае адну ручку, махае тым, хто сабраўся сустракаць яго, а потым, бадай, другую ручку высуне, а за ручкі можна ўжо і цягнуць. Бацька, бывала, падымаў яе, трымаючы адной рукой за абодва прыдалонні, такая пастава зда-
    валася Катарыне прыдатнай для нараджэння: складзеныя стралой рукі бароняць галаву, якую трэба было асабліва пільнаваць.
    Вядома, дзіця магло б спачатку высунуць і галоўку або азадак, але так маме, пэўна, куды мацней будзе балець, чым калі малое пракладзе сабе дарогу рукамі. А дзе, уласна, расхінаецца жывот? Усе вядомыя Катарыне дзюркі былі замалыя для цэлага дзіцяці. Найбольш верагоднай ёй бачылася сувязь з пупам. Трэба, не адкладваючы, пагаварыць пра ўсё са старэйшай сястрой, як вернуцца дамоў.
    Значыцца, так: вядома, што дзеці зазвычай нараджаюцца не нагамі ўперад, але вядома таксама, што Ферэна нават з такімі выпадкамі спраўляецца. Значыцца, нічога з мамай не здарыцца, і з новым дзіцём таксама, і заўтра іх ужо будзе тройчы па двое — шасцёра братоў ісясцёр.
    Ля нейкай адрыны Каспар спыніўся.
    — Сікаць, — сказаў ён.
    Катарына ўздыхнула:
    — Ніяк не дацерпіш да дому? — але брат захістаў галавой, не, пільна трэба, і вось яна памагла яму падняць палярыну ды расшпіліць штаны і не паспела прыбраць рукі, як з Каспаравай пісі шугануў жоўты струмень, трапіўшы ёй на пальцы.
    — Свінтус! — закрычала Катарына, з абурэннем выціраючы рукі аб мокрую траву. — Акуратна!
    Як жа нялёгка бывае з такім вось брацікам. А тут яшчэ адзін дадасца, або сястрычка. Будзем спадзявацца, не давядзецца і з тым новым ісці ў «Бляйген», праз чатыры гады, калі з’явіцца наступны. Тады пашлюць Каспара, са злосцю падумала Катарына, тады яму будзе чатыры плюс чатыры — восем, на год старэйшым будзе, чым яна цяпер. Падумаўшы, што малы некалі зробіцца старэйшым за яе, Катарына зазлавалася і не супакоілася, нават сказаўшы сабе: тады мне будзе сем плюс чатыры — адзінаццаць. Няма чаго яму рабіцца старэйшым за яе.
    — Усё? — запыталася Катарына, бо ён усё яшчэ стаяў, трымаючы струк абедзвюма рукамі, але нічога не выходзіла.
    Кіўнуўшы, Каспар засунуў струк назад у штаны, Катарына зашпіліла яму гузікі і потым зноў выцерла рукі аб траву.
    — Наступны раз кажы раней, — ганіла яна яго, і Каспар кіўнуў, нібыта быў недзе зусім у іншым месцы.
    Толькі калі Катарына дадала да свайго папярэджання слова «свінтус!», якога немагчыма было не пачуць, ён прамармытаў:
    — He свінтус я.
    — Свінтус! — запярэчыла Катарына. — На рукі мне насцаў.
    — He, — сказаў Каспар.
    Слухайце, ну куды гэта! Вось проста бярэ ды аспрэчвае тое, што толькі што во здарылася. Катарына ўзяла яго правую далонь, перавярнула
    і ўдарыла. Так рабіў настаўнік Віс, але дубцом або лінейкай.
    Каспар зароў:
    — Няможна біць!
    — Маніць няможна, — сказала яна. — Будзеш маніць, дык буду біць.
    Каспар не саступаў.
    — Я ў траву толькі пасікаў, — сцвярджаў ён.
    Без ніякай літасці Катарына ўзяла і левую ягоную руку і таксама ўдарыла, мацней, чым першы раз.
    Тут Каспар проста развярнуўся і пабег уніз па той самай сцежцы, па якой яны падымаліся.
    Раззлаваная Катарына пабегла за ім. Між двума невысокімі мурочкамі яна дагнала яго, схапіла за башлык, ён ірвануў галаву ўбок, яна не адпускала, спатыкнулася, павалілася на зямлю, і Каспар разам з ёю.
    Абое так напалохаліся, што ніводзін не заплакаў.
    Моўчкі падняліся, аправіліся, і толькі зірнуўшы на сястру, Каспар закрычаў.
    — Ёлупень, — зашыпела яна. — Ёлупень дурны ты!
    Але Каспар, паказаўшы на яе твар, замармытаў:
    — Кроў ідзе!
    Катарына схапілася за лоб, дзе ёй смылела, і, адняўшы руку, убачыла кроў на пальцах. Як валілася, зачапіла галавой адзін з муроў.
    Зноў давялося выціраць пальцы аб траву.
    — Праз цябе ўсё, — злосна сказала яна малому брату. Зноў памацала лоб, і пальцы зноў былі ў крыві.
    — He праз мяне! — усхліпваў ён.
    — Стой, дзе стаіш! — загадала Катарына. — Пайду па крываўнік, — і зрабіла колькі крокаў уздоўж муру, туды, дзе бачыла куст крываўніку.
    Сарваўшы колькі сцяблінак, прыціснула лісцё да лба.
    — Так, — сказала яна, вярнуўшыся да брата. — А зараз пойдзем да бабулі.
    Левай рукой прыціскаючы да лба халаднаватую зёлку, правай узяла за руку брата, і ён, ціха скуголячы, аддаўся свайму лёсу: відаць, наканавана яму было, каб старэйшая сястра пад такой страшнай залевай цягнула яго да бабулі, што жыве бясконца далёка адтуль, дзе быў дом. Там, дзе быў дом, збіралася з’явіцца на свет сястрычка. I там, дзе быў дом, падалі кавалкі скалы. Каспар усім сэрцам спадзяваўся, што яны заб’юць новую сястрычку, тады ўсё будзе па-ранейшаму.
    Калі яны мінулі адрыну, здалёк пачуўся покліч.
    Катарына спынілася.
    — Чуеш? — сказала яна Каспару. — Бабуля. Кліча нас. Давай адгукнемся.
    Яна набрала паветра і працягла гукнула, покліч рэзка абарваўся, як калі мама гукала ў вакно: «Хэйхо!» Толькі рассеяўся гук, як бабулін голас падобна загалёкаў у адказ.
    Катарына ўсміхнулася.
    — Бачыш? Яна нас пачула, — сказала яна Каспару, які няўцямна таропіўся ў вільготны туман. — А ты чаму не крычаў?
    — А дзе бабуля? — запытаўся Каспар.
    — Там, наверсе, у «Бляйгене», — сказала Катарына.
    Каспар не бачыў «Бляйгена», ён бачыў толькі надта стромкую сцежку, што вілася паўз луг, губляючыся між цёмнымі дрэвамі, такімі высокімі, што вершаліны хаваліся ў хмарах.
    — Хадзі, — сказала сястра. — Зараз ужо прыйдзем.
    Каспару нічога не заставалася, як паверыць, і ён зноў схапіў сястру за руку, што навобмацак была бы галька з ручая: наскрозь мокрая і наскрозь халодная.