Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
КАНФЕСІІ НА БЕЛАРУСІ
K A Н Ф E C I I Н A
Б Е Л A Р У С I
(канец XVIII — XX ст.)
Навуковы рэдактар доктар гістарычных навук У. I. Навіцкі
Мінск ВП “Экаперспектыва” 1998
УДК 2 (476)„17/19”
ББК 86.3(4Бен)
К 19
Рэцэнзент:
Загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, кандыдат гістарычных навук П. А. Лойка
Аўтары:
В. В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк, У. I. Навіцкі, A. М. Філатава
Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)/ К 19 В. В. Грыгор’ева, У. М. Завальнюк, У. I. Навіцкі, A. М. Філатава; Навук. рэд. У. I. Навіцкі. — Мн.: ВП “Экаперспектыва”, 1998. — 340 с.
ISBN 985-6102-17-0.
Аналізуюцца змены ў канфесіянальным становішчы Беларусі з канца XVIII ст. да сённяшняга дня. На падставе багатага матэрыялу, прац рускіх, польскіх, беларускіх даследчыкаў, выдадзеных у XIX — XX стст., аўтары імкнуліся праўдзіва паказаць нялёгкі гістарычны шлях розных канфесій, іх узаемаадносіны, уплыў на стан грамадства.
Для навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, усіх, хто цікавіцца гісторыяй нашай Бацькаўшчыны.
УДК 2 (476)„17/19”
ББК 86.3(4Бен)
ISBN 985-6102-17-0
© Калектыў аўтараў, 1998
ПРАДМОВА
Ідэалагічныя догмы, што панавалі ў савецкім грамадстве ў адносінах да рэлігіі, абумовілі спрошчаны падыход да асвятлення канфесіянальнай гісторыі, яе ролі ў развіцці гістарычнага працэсу на Беларусі. Усё здавалася вельмі простым: паколькі рэлігія — гэта “опіум для народа", царква магла адыгрываць толькі адмоўную ролю ў яго гісторыі. I толькі зараз мы пачынаем разумець, што і праваслаўная царква, і каталіцкі касцёл мелі вельмі вялікае значэнне ў гісторыі беларускага народа і што без вывучэння розных канфесій немагчыма намаляваць аб'ектыўную гістарычную карціну.
Канфесіянальная гісторыя Беларусі складаная і шматгранная. 3 X ст. на этнічна-беларускіх землях пачало распаўсюджвацца грэка-праваслаўнае хрысціянства, якое заставалася традыцыйнай рэлігіяй асноўнай масы беларускага насельніцтва на працягу некалькіх стагоддзяў. Праваслаўная царква ў пэўнай ступені была інтэгрыравана ў грамадска-палітычную структуру Вялікага княства Літоўскага, карысталася там прывілеямі і аказвала духоўны, сацыяльна-эканамічны і палітычны ўплыў на насельніцтва.
Час пранікнення каталіцтва на тэрыторыю Беларусі звычайна датуюць 1385 г. (Крэўская унія, абавязацельствы Ягайлы прыняць каталіцтва з усім народам княства Літоўскага). Як сцвярджаюць гісторыкі, гэтым падзеям папярэджваў этап з сярэдзіны XIII ст., калі разнастайныя сілы (Лівонскі ордэн, Рыжскае архіепіскапства, Польскае каралеўства) імкнуліся, праўда беспаспяхова, насадзіць каталіцтва ў Вялікім княстве Літоўскім. Адносіны паміж гэтымі дзвюма хрысціянскімі канфесіямі залежалі ад палітычных варункаў у той ці іншы час, адлюстроўвалі супрацьстаянне Усходу і Захаду, іх планы і прэтэнзіі на беларускіх землях.
Пераход тэрыторыі Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.), дзе пануючым веравызнаннем было каталіцтва, да Расіі, у якой вяршэнствавала праваслаўе, абвастрыў міжканфесіянальныя адносіны, што прывяло да ліквідацыі уніяцкай царквы ў 1839 г.
Канфесіянальная гісторыя Беларусі XIX ст. адлюстроўвала ўсе тыя супярэчнасці і праблемы, якія былі характэрныя для развіцця грамадства ў цэлым. Гэта быў час, калі адны канфесіі паступова страчвалі сваю магутнасць і ўплывовасць на жыхароў беларускіх губерняў, другія, наадварот, набіралі моц, трэція зыходзілі ў нябыт. Акрамя праваслаўнай, каталіцкай і уніяцкай канфесій на развіццё гістарычнага працэсу пэўны ўплыў аказвалі і тыя, што існавалі ў гэты час на Беларусі: стараверства, пратэстанцтва (евангеліка-рэфармацкая і евангеліка-лютэранская канфесіі), іслам, іудаізм.
Рэлігійная стракатасць насельніцтва Беларусі, варожыя адносіны паміж духавенствам розных канфесій давалі магчымасць уладам выкарыстоўваць сітуацыю ў сваіх мэтах. Барацьба паміж канфесіямі (галоўным чынам паміж каталіцкай і праваслаўнай), якая то затухала, то зноў абвастралася, ішла на працягу XIX — пачатку XX ст. I толькі падзеі 1905 — 1907 гг. крыху аслабілі яе. Што датычыць болып малалікіх •канфесій, дык яны ў большасці сваёй імкнуліся быць убаку ад гэтай барацьбы, хаця цалкам адысці ад падзей не заўсёды ўдавалася.
Нягледзячы на мэтазгоднасць вывучэння канфесіянальнай гісторыі, такога падзелу ў гістарыяграфіі Беларусі савецкага перыяду не існавала. Зразумела, нельга сцвярджаць, што роля рэлігіі ў гістарычным жыцці Беларусі зусім не з’яўлялася аб'ектам даследавання гісторыкаў. I хаця спецыяльных работ па тэме было вельмі мала, не лічачы атэістычнай літаратуры, у некаторых працах па гісторыіі Беларусі пытанні гісторыі канфесій не заўсёды ўдавалася абмінуць.
Значна больш увагі гісторыі царквы ўдзялялася гісторыкамі і краязнаўцамі ў дарэвалюцыйны час. I тут трэба мець на ўвазе, што не ўсе перыяды і не ўсе канфесіі станавіліся аб’ектамі даследаванняў ў роўнай ступені. I калі становішчу праваслаўнай царквы ў XIV — XVI стст. прысвечана даволі многа даследаванняў, то болып позняму перыяду, у прыватнасці 60-м гг. XIX — пачатку XX ст., — значна менш.
Абапіраючыся на фактаграфічны матэрыял, які змяшчаецца ў працах расійскіх, польскіх, беларускіх аўтараў, перыядычным друку, і крытычна яго ацэньваючы, вывучаючы архіўныя дакументы па праблеме, аўтары імкнуліся дасканала і па-магчымасці аб’ектыўна разгледзець канфесіянальную гісторыю Беларусі канца XVIII — XX стст.
Магчыма, аўтарам удалося не ўсё, але мы спадзяемся, што гэтг.е даследаванне дапаможа чытачу разабрацца ў лабірынце гістарычных падзей, скласці сваё ўражанне аб іх, заснаванае не на палітычных амбіцыях, а на канкрэтных гістарычных фактах.
ГЛАВА 1
ХРЫСЦІЯНСКІЯ КАНФЕСІІ
ПАСЛЯ ДАЛУЧЭННЯ БЕЛАРУСІ ДА РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ (1772 — 1860)
1.1. УНІЯЦКАЯ ЦАРКВА I ПОЛАЦКІ САБОР 1839 г.
У канцы XVIII ст. на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага пражывала, па ііадліках літоўскіх даследчыкаў, прыблізна 39 % уніятаў (ад агульнай колькасці насельніцтва), 38 % — каталікоў, 6,5 % — праваслаўных, 4 % — старавераў, 1,6 % — пратэстантаў (лютэран і кальвіністаў) і інш. Канфесійнае становішча тэрыторыі характарызавалася змешанымі шлюбамі і ў сувязі з гэтым пераходамі з адной канфесіі ў другую. Самым шматканфесійным было беларускае насельніцтва. Сярод яго былі каталікі, уніяты, праваслаўныя, кальвіністы (або рэфарматы) і нават невялікая колькасць старавераў. Багатая і сярэдняя частка шляхты была каталіцкай. Асноўная ж частка беларусаў (бедная засцянковая шляхта, мяшчане і сяляне) належала да уніяцкай канфесіі. Сярод сельскага насельніцтва уніятаў было каля 80 % [1. С. 60, 66],
У 1772 г., перад першым падзелам Рэчы Паспалітай, на яе тэрыторыі было восем уніяцкіх дыяцэзій (епархій). Уніяцкія цэрквы Вялікага княства Літоўскага ўваходзілі ў склад мітрапаліцкай Кіеўска-Віленскай, Пінскай і Полацкай дыяцэзій. У 1772 г. у Кіеўска-Віленскай дыяцэзіі было каля 1 804 388 прыхаджан і 2490 парафій (прыходаў); у Полацкай — адпаведна 765 154 і 598, Пінскай — 85 103 і 238 [2. Т. 19. С. 119],
На далучанай у 1772 г. да Расійскай імперыі тэрыторыі Беларусі царскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Уніяцтва з’явілася новай для імперыі канфесіяй, аб якой расійскаму грамадству было мала што вядома. Уніяты, як і каталікі, былі падпарадкаваны Папе рымскаму, і таму царскі ўрад глядзеў на іх як на блізкія веравызнанні. Гэта было відаць з першых указаў, якімі Кацярына II жада-
ла падпарадкаваць сабе як каталіцкую, так і уніяцкую іерархію.
Ва ўказе ад 16 жніўня 1772 г. яна падкрэслівала, што вышэйшае і ніжэйшае духавенства ўсіх веравызнанняў павінна прынесці прысягу на вернасць імператрыцы. 24 верасня Полацкі уніяцкі архіепіскап Ясон Юноша Смагаржэўскі аб’явіў аб гэтым сваёй пастве. А папярэдне, 15 верасня, ён прысягнуў сам. 14 снежня 1772 г. Кацярына II пацвердзіла, што Смагаржэўскі застаецца Полацкім уніяцкім архіепіскапам, яму пакідаецца тое ж утрыманне, якое ён меў раней, і што “каталіцкая і уніяцкая цэрквы ў разважаннях іх веры пакідаюцца пры сваіх дагматах і правілах” [2. Т. 19. С. 688; 3. С. 953, 273]. Тым не менш уніяцкая царква пастаянна адчувала прысутнасць дзвюх іншых хрысціянскіх канфесій. 3 аднаго боку, значную падтрымку атрымала праваслаўе, пануючае веравызнанне ў Расійскай імперыі. У сувязі з гэтым Беларускі праваслаўны епіскап Георгій (Каніскі) ужо 9 кастрычніка 1772 г. паведамляў Св.Сіноду, што уніяцкія свяшчэннікі і цэлыя прыходы просяць прыняць іх у праваслаўе. За 1772 — 1775 гг. у яго сабралося 35 такіх прашэнняў. 3 другога — каталіцкі епіскап С.Богуш-Сестранцэвіч імкнуўся падпарадкаваць сабе уніятаў і перавесці ў каталіцтва базільян (манахаў адзінага уніяцкага ордэна). I гэта нягледзячы на тое, што 16 ліпеня 1774 г. быў адноўлены дэкрэт Папы Урбана VIII аб забароне уніятам пераходзіць у каталіцтва ў абласцях, якія адышлі ад Расіі [3. Т. 20. С. 123, 127, 201; 3. С. 311].
Полацкі уніяцкі архіепіскап Ясон Смагаржэўскі нядоўга заставаўся на сваёй пасадзе. Калі ён згадзіўся на прапанову караля Станіслава Аўгуста стаць мітрапалітам Рэчы Паспалітай, а яго ўладу над уніятамі прызнаў і ўрад АўстраВенгерскай імперыі, Кацярына II звольнілаяго з пасады, загадаўшы пры гэтым не ўмешвацца ў духбўныя справы імперыі.
2 ліпеня 1780 г. быў выдадзены ўказ аб заснаванні кансісторыі для кіравання уніяцкімі цэрквамі ў Полацкім і Магілёўскім намесніцтвах. У яс склад увайшлі базільяне: правінцыял Беларускай базільянскай правінцыі Міляноўскі, ігумены кляштараў: Полацкаггі — Жаба, Пустынскага — Кірыят і Ануфрыеўскага — Лісоўскі, які ў 1785 г. стаў полацкім архіепіскапам [4. Т. 19. С. 189, 203; 2. С. 953]
Пачаўся перавод уніятаў у праваслаўе. У 1781 г. Беларускі праваслаўны епіскап Георгій паведаміў аб далучэнні да праваслаўя звыш 85 тыс. прыхаджан. Папа рымскі напісаў Ка-
цярыне II пісьмо, у якім выступіў у абарону уніяцкай царквы на Беларусі. У пачатку лютага 1781 г. папскі нунцый у Варшаве атрымаў адказ Кацярыны II, з якога выцякала, што для таго, каб выратаваць унію, Папа рымскі павінен стаць паслухмяным выканаўцам волі расійскай імператрыцы [4. С. 205, 206, 213 215],