Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Свае станоўчыя адносіны да гэтага пытання выказала і Кацярына II ў рэскрыпце да генерал-губернатара Ц.Туталміна. Разам з тым яна адзначала, што пераход павінен адбывацца павольна і каб уладальнікі і чыноўнікі рымска-каталіцкага веравызнання не чынілі ніякіх перашкод.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) тэрыторыя Мінскай, Ізяслаўскай і Брацлаўскай праваслаўнай епархіі значна павялічылася. Кацярына II прызначыла камісію для распрацоўкі мер па яе ўладкаванні. У склад камісіі ўвайшлі мітрапаліт Гаўрыіл, канцлер граф А.Безбародзька і генерал-губернатар Ц. Туталмін. Папраекце, распрацаваным камісіяй, з гэтай епархіі была вылучана адна самастойная епархія і адна вікарная. Кафедра епархіяльнага архірэя са Слуцка пераносілася ў Мінск. У праваслаўнае ведамства пераходзілі два мінскія базільянскія манастыры. Для 12 акруг было назначана 28 благачынных з ліку лепшых свяшчэннікаў Мінскай епархіі.
Мінскай духоўнай кансісторыі не хапала свяшчэннікаў і царкоўнай атрыбутыкі. Са Смаленскай епархіі было выклікана 60 свяшчэннікаў. Недахоп прывёў нават да некаторых адыходаў ад канонаў праваслаўнай царквы. Сярод былых уніяцкіх свяшчэннікаў былі ўдаўцы, якія ажаніліся ў другі раз з дазволу уніяцкага епіскапа. Праваслаўнаму ж свяшчэнніку дазвалялася ажаніцца толькі адзін раз. Некаторыя з далучаных свяшчэннікаў, якія заставаліся без месцаў і былі жанаты ў другі раз, звярнуліся ў епархію за ўладкаваннем. Св.Сінод
2 Зак. 899
33
вырашыў прадастаўляць ім месцы [45. С. 234 — 236, 246, 247, 251,252],
У Мінскай праваслаўнай епархіі ўскладніліся адносіны паміж праваслаўным і уніяцкім духавенствам. Апошняе пераконвала сваіх прыхаджан трымацца уніяцкай веры і распаўсюджвала чуткі, што справа далучэння ідзе не ад Кацярыны II, а ад архіепіскапа Віктара. Распаўсюджваліся таксамачуткі, што благачынныя — гэта “антыхрыставы апосталы”, што хутка адбудзецца канец свету, што землі зноў адыйдуць да Польшчы. Благачынныя сустракалі недавер з боку народа. “Поспеха больш не маю, — пісаў благачынны Вілейскай акругі, — у іншых прыходах і цэрквах абывацелі ні пад якім відам далучацца да праваслаўя не жадаюць... Большая частка уніятаў змешана з каталікамі”. У в.Саламарэчча, Мацкі Мінскага павета і суседніх вёсках благачынны пачуў ад прыхаджан наступныя выказванні: “У якой веры нарадзіліся, у той і памрэм; якую веру дзяды спавядалі — не ведаем, але сваю ламаць не будзем”. У некаторых месцах сяляне адмаўляліся называць свае прозвішчы для запісу ў метрычныя кнігі.
Дзейнасць благачынных па далучэнні уніятаў выклікала супраціўленне і мясцовай шляхты. Пінскі благачынны Сушчынскі далучыў, згодна з паданым яму прашэннем, Пінскі уніяцкі прыход, асвяціў па праваслаўным абрадзе мясцовую царкву, якая калісьці была езуіцкім касцёлам. Шляхта Пінскай акругі падала губернатару і генерал-губернатару калектыўную скаргу, у якой патрабавала вярнуць касцёл каталікам або пабудаваць ім новы. У ходзе расследавання высветлілася, што пасля канфіскацыі езуіцкіх касцёлаў у Рэчы Паспалітай, у сувязі са скасаваннем ордэна, будынак быў куплены і стаў маёмасцю уніяцкай царквы [45. С. 255 257],
Цікавыя звесткі аб спробах пераводу уніятаў у Магілёўскай губерні пакінуў Г.Дабрынін, які ў 1795 г. працаваў у Магілёве губернскім страпчым. Для правядзення агітацыі яму дастаўся Сенненскі павет. “Усіх цэркваў уніяцкіх ва ўсім Сенненскім павеце 33, якія ўсе мы наведалі, каля ўсялякай царквы збіралі прыхаджан, абвешчаных праз земскага спраўніка, каб па прыездзе не траціць часу, пры кожнай царкве чыталі ім загады, прадпісанні, пыгалі аб вольнай схільнасці іх да змянення веры, або, лепей сказаць, аднаго толькі перайменавання веры. Угаворвалі іх праз духоўнага дэпутата і не атрымалі ні адзінай душы, якая б пажадала
адысці ад уніяцкай і далучыцца да грэка-расійскай царквы” [46. С. 298],
Але справа далучэння ўсё ж ішла. У межах Мінскай губерні былі далучаны 34 прыходскія царквы, 8 прыпісных і 5 капліц з 3 свяшчэннікамі і каля 20 тыс. прыхаджан.
Разам з тым палітыка ўрада не заўсёды была паслядоўнай. Указ 6 верасня 1795 г. назначаў пажыццёвую пенсію тым уніяцкім свяшчэннікам, якія не перайшлі ў праваслаўе і заставаліся без прыходаў. Ён быў успрыняты народам як узнагарода духавенству, якое было верным уніі [45. С. 262, 263, 292],
Такім чынам, дзякуючы таму, што ў канцы XVIII ст. праводзілася палітыка па далучэнні уніятаў да праваслаўя, колькасць праваслаўных цэркваў, прыхаджан, свяпічэннікаў у беларускіх губернях павялічылася. Па звестках Беларускага (Магілёўскага) епіскапа Анастасія, яго епархія ў 1798 г. складалася з 385 цэркваў. У 1798 г. у епархіі былі заснаваны архімандрыі ў Магілёве, Полацку і Віцебску, а ў 1805 г. — у Оршы. На працягу 1795 — 1832 гг.у Магілёўскую (Беларускую) епархію ўваходзілі тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай губерняў. У 1803 г. у ёй было 380 прыходаў. У 1831 г. у епархіі налічвалася 365 061 праваслаўны [48. С. 1; 49. С. 1; 20. Ф. 1297, воп. 1, спр. 593, арк. 27].
Межы ж Мінскай епархіі часта зменьваліся. Першапачаткова яны вызначаліся трыма губернямі — Мінскай, Ізяслаўскай і Брацлаўскай (Украіна). Але ў сувязі з тым, што не было праведзена дакладнае размежаванне епархій, архіепіскапу Віктару былі падпарадкаваны ўсе праваслаўныя цэрквы і манастыры, якія яшчэ да трэцяга падзелу заставаліся ў межах Рэчы Паспалітай. Пасля апошняга падзелу да Расіі былі далучаны землі, на якіх не было і дзесятка праваслаўных цэркваў. Але тэрытарыядьна межы епархіі значна павялічыліся і заставаліся вялікімі і пасля стварэння Брацлаўскай і Валынскай епархій. Па ведамасці 1793 г. у межах Мінскай, Брацлаўскай і Ізяслаўскай епархіі было 329 цэркваў, 22 мужчынскія і 4 жаночыя манастыры. Пасля стварэння новых епархій засталося 200 цэркваў. У Мінскую епархію увайшла тэрыторыя Міншчыны, Віленшчыны, Ковеншчыны і Гродзеншчыны.
У межах Мінскай губерні было шэсць духоўных праўленняў: Слуцкае, Петрыкаўскае, Мазырскае, Тураўскае, Давыдгарадокскае і Пінскае. Раён улады духоўнага праўлення абмяжоўваўся межамі пратапопій, у склад якіх уваходзіла розная колькасць цэркваў — ад 3 да 114, на чале якіх стаяў
пратапоп, якому падпарадкоўвалася мясцовае духавенства. Духоўная семінарыя была заснавана ў 1785 г., у 1794/95 навучальным годзе колькасць вучняў была 54 чал. Па ведамасці 1795 г. агульная колькасць духавенства ў епархіі была: протаіерэяў — 4, свяшчэннікаў — 185, дыяканаў — 3, дзячкоў — 11, панамароў — 80. У большасці гэта былі свяшчэннікі, якія не мелі належнай царкоўнай адукацыі. Жалаванне з казны яны не атрымлівалі, даходаў за трэбы было мала, таму ім прыходзілася займацца земляробчай працай, каб пракарміць сям’ю.
У далейшым межы Мінскай епархіі працягвалі мяняцца ў сувязі са зменамі межаў заходніх губерняў у гады праўлення Паўла I. Указам ад 4 жніўня 1799 г. было вырашана сумясціць межы ўсіх епархій з межамі губерняў. Мінская епархія была перайменавана ў Мінскую і Літоўскую. У яе склад былі залічаны новыя губерні: Літоўска-Віленская і Літоўска-Гродзенская, якія не мелі ніводнай праваслаўнай царквы на сваёй тэрыторыі. Колькасць прыходаў у епархіі былаў 1799 г. — 268, у 1810 — 273. Да 1807 г. праваслаўныя цэрквы былі заснаваны ва ўсіх павятовых гарадах толькі Мінскай губерні.
Прыходскія цэрквы спачатку утрымліваліся выключна на добраахвотныя ахвяраванні. У 1798 г. Св.Сінод загадаў мінскаму епіскапу Іову ўвесці ў сваёй епархіі продаж свечак на ўтрыманне цэркваў. Але гэта былі мізэрныя грошы. Буйныя ж прыватныя ахвяраванні на праваслаўную царкву сустракаліся рэдка [45. С. 297 — 299, 306, 307, 309, 313, 326 — 329,397, 445,447, 448, 454, 553].
Такімі ж беднымі, як праваслаўныя цэрквы, былі і праваслаўныя манастыры. Толькі некаторыя з іх жылі больш-менш у дастатку. Так, Дзятлавічскі манастыр атрымліваў у год 600 руб. даходаў і лічыўся самым багатым у Мінскай епархіі. Большая ж частка толькі зводзіла канцы з канцамі.
Праваслаўныя манастыры падзяляліся па штатным разліку на лаўры, кафедральныя, 1,2,3 класаў, заштатныя, прыпісныя і скасаваныя. Усяго ў 1795 г. на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў існаваў 1 манастыр 1 класа, 2 — 2 класа, 28 заштатных, 3 скасаваных. 3 1797 г. манастыры 1 класа атрымлівалі ад дзяржавы 1753 руб. у год, 2 класа — 1095 руб., заштатныя грошай не атрымлівалі. Казна ім аказвала дапамогу 300 руб. у год. Норма манастырскіх уладанняў была 30 дзес. зямлі [45. С. 323; 66. С. 2, 4, 12, 13, 28].
11 студзеня 1798 г. Павел I зацвердзіў агульнае рашэнне Св. Сінода і Сената аб дазволе прыхаджанам карыстацца цар36
коўнай зямлёй, за што духавенства павінна было атрымліваць ад іх утрыманне (натурай або грашыма) ва ўстаноўленым аб’ёме. Выкананне гэтага ўказа было ўскладзена на кіраўнікоў губерняў. Справа была няпростай і выклікала непаразуменні. Памешчыкі забіралі сабе царкоўную зямлю, а духавенству давалі недастатковае ўтрыманне. У некаторых месцах прыхаджане выдзялялі людзей для апрацоўкі царкоўнай зямлі, але рабілася гэта несвоечасова. У выніку пытанне матэрыяльнага забеспячэння праваслаўных свяшчэннікаў так і не было вырашана. Таму ў 1801 г. рашэнне 11 студзеня 1798 г. было адменена. Духавенства, як і раней, павінна было само апрацоўваць царкоўную зямлю. Але гэта прывяло да новых сварак, таму што памешчыкі, якія забралі зямлю, узамен вярталі іншыя ўчасткі, дрэнныя і меншых памераў. Пачаліся доўгія судовыя цяжбы, бо ў большасці выпадкаў ніякіх дакументаў не было, а мясцовая адміністрацыя адстойвала інтарэсы памешчыкаў [48. С. 2, 5, 9, 10],
На пачатку XIX ст. галоўнай крыніцай матэрыяльнага забеспячэння праваслаўных свяшчэннаі царкоўнаслужыцеляў заставаліся царкоўныя надзелы пры цэрквах. У 1807 г. 273 цэрквам Мінскай епархіі належала зямлі 442,5 валокі, 890 моргаў, 462 дзес. і 243 прэнты, сенакоснай — 520,5 моргаў, на 8176 вазоў і на 600 коп. Мінімальны царкоўны зямельны надзел складаў 1/5валокі, максімальны — 349дзес. Землі гэтыя, як правіла, апрацоўвалі самі свяшчэннікі. Толькі пры некаторых з іх былі сяляне, якіх усяго па епархіі было 619 душ абодвух палоў. Указам ад 3 снежня 1798 г. царкоўныя дамы, якія не аддаваліся ў арэнду, былі вызвалены ад збору на ўтрыманне паліцыі [45. С. 459, 461 ].