Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

Канфесіі на Беларусі

(к. XVIII — XX ст.)

Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
111.35 МБ
Беднасць праваслаўных святароў і прыхаджан прывяла да таго, што ў пачатку XIX ст. колькасць праваслаўных цэркваў паменшылася. Гэта было звязана з пажарамі і адсутнасцю сродкаў на адбудаванне згарэлых будынкаў. Дзяржава дапамагала толькі ў выключных выпадках, як, напрыклад, пасля вайны 1812 г. Зменшылася і колькасць прыходаў, бо ў прыхаджан не было сродкаў на ўтрыманне святароў.
У пачатку 30-х гг. у Мінскай епархіі было больш за 230 тыс. прыхаджан. У гэты перыяд было мала выпадкаў далучэння да праваслаўя уніятаў або каталікоў. Напрыклад, у 1825 г. па Мінскай епархіі было далучана 14 чалавек, з іх 9 каталікоў і 1 уніят; у 1831 г. з 22 — 8 каталікоў і 8 уніятаў [45. С. 537,539, 557, 558,570].
3 красавіка 1833 г. была створана новая праваслаўная епархія — Полацкая, у складзе Віцебскай і Віленскай губер-
няў. Мінская ж засталася межах Мінскай і Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці. Ад Пскоўскай епархіі да яе адышла Курляндыя. У новых межах у Мінскую епархію у 1834 г. уваходзіла 277 цэркваў з 241 028 прыхаджанамі [45. С. 573],
У адноўленую Полацкую праваслаўную епархію быў назначаны епіскап Смарагд (Крыжаноўскі). Ён пачаў зноў праводзіць палітыку схілення не толькі уніятаў, але і каталікоў, да праваслаўя. У жніўні 1833 г. з Полацка ён вые'хаў у Віцебск, а потым пачаў аб’езд Віцебскай губерні і паведаміў Св.Сіноду аб далучэнні 3 тыс. чалавек з 3 цэрквамі. У Веліжскім павеце ён далучыў 700 каталікоў з касцёлам. “Гэта ўсё роўна, што з зубоў воўчых выхапленая, яшчэ жывая дабыча”, — пісаўепіскап [19. Ф. 797, воп. 87, спр. 9, арк. 7, 27, 28, 44]. Становішча праваслаўных у Віленскай губерні ён характарызаваў у 1834 г. як “абсалютную бесцаркоўшчыну і беспапоўшчыну”. Прыхаджане скардзіліся яму, што з-за празмернага аддалення цэркваў яны не мелі магчымасці выконваць свае абавязкі веруючых і таму вымушаны былі пераходзіць у каталіцтва або раскол [50. С. 429].
У выніку актыўнай дзейнасці епіскапа Смарагда ў Полацкай епархіі за 1833 г. было далучана з каталіцтва 790 чал., з уніяцтва — 29 460 з 22 цэрквамі і прыходамі; у 1834 г. з каталіцтва — 32, з уніяцтва — 20 990 з 16 цэрквамі; у 1835 г. з каталіцтва — 932 і з уніяцтва — 71 966 з 53 цэрквамі і 7 прыходамі [18. С. 125, 126].
Пасля канчатковага далучэння уніяцкай царквы да праваслаўнай у 1839 г. была створана новая Літоўская праваслаўная епархія. У 1840 г. у ёй адбыліся тэрытарыяльныя змены. Цэрквы Мінскай губерні, што належалі да былой уніяцкай Літоўскай епархіі, перайшлі да Мінскай праваслаўнай, а старажытнаправаслаўныя цэрквы апошняй, якія былі ў Гродзенскай губерні і Беластоцкай вобласці, — да Літоўскай праваслаўнай епархіі. Старажытнаправаслаўныя цэрквы Віленскай губерні з Полацкай епархіі перайшлі да Літоўскай. 3 6 красавіка 1840 г. архіепіскапам Літоўскім і Віленскім і архімандрытам Троіцкага Віленскага манастыра стаў Іосіф (Сямашка). У 1842 г. была створана Ковенская губерня і зноў адбыліся тэрытарыяльныя змены. 3 таго часу ў склад Літоўскай праваслаўнай епархіі ўваходзілі тэрыторыі Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай іуберняў [51. С. 5, 6, 50 — 52; 24. Ф. 572, воп. 1, спр. 133, арк. 8; 52. Ф. 1, воп. 13, спр. 506, арк. 10].
Пасля 1839 г. духавенства Літоўскай праваслаўнай епархіі, за невялікім выключэннем, складалася з былых уніятаў.
Архіепіскап Іосіф адмоўна ставіўся да прыняцця ў епархію духавенства з іншых месцаў, асабліва з велікарускіх губерняў. Ён звяртаўся за дапамогай туды толькі ў выключных выпадках. Калі ў 1850 г. Св.Сінод звярнуў увагу на тое, што ў епархіі былі вакансіі, і прапанаваў архіспіскапу прыслаць кандыдатаў з велікарускіх губерняў, той адмовіўся, сказаўшы, што гэтыя месцы будуць заняты выпускнікамі Літоўскай духоўнай семінарыі (былой уніяцкай, адчыненай у 1828 г.).
Большасць былога уніяцкага духавенства была слабаадукаванай. У справаздачы рэвізій цэркваў Літоускай епархіі у 1850 г. гаварылася, што духавенства не займалася далейшай адукацыяй, не мела падручнікаў. Нават Біблію мелі толькі некаторыя свяшчэннікі. Дзеці свяшчэннаі царкоўнаслужыцеляў дрэнна ведалі малітвы на царкоўнаславянскай мове. Таму 6 сакавіка 1855 г. Літоўская кансісторыя выдала загад, каб усе свяшчэннікі епархіі на працягу года навучылі дзяцей малітвам на царкоўнаславянскай мове, a 30 лістапада 1857 г. загадала вучыць усіх прыхаджан малітвам на гэтай мове [51. С. 96,97, 100, 101; 8. Т. 2. С. 345,346],
У першыя гады пасля далучэння духавенства Літоўскай епархіі акрамя даходаў ад прыхаджан карысталася яшчэ былымі уніяцкімі даходамі з нерухомай маёмасці і капіталаў, а таксама зямлёй, дзесяцінай і ануатай, мела фундушных сялян для працы. Царскі урад вырашыў забраць у духавенства ўсіх канфесій заходніх губерняў маёнткі і сялян, а замест гэтага назначыць жалаванне. Мітрапаліт Іосіф (Сямашка) выказаўся супраць. Ён лічыў, што ў гэтым выпадку свяшчэннікі трапяць у залежнасць ад памешчыкаў-каталікоў. На яго думку, калі ўз’яднаныя манастыры застануцца без сваіх маёнткаў, то яны будуць абмежаваны ў сродках [8. Гл. 1. С. 101], Тым не менш 25 снежня 1841 г. выйшаў загад аб перадачы нерухомых населеных маёнткаў праваслаўных манастыроў і духавенства ў нагляд і кіраванне Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў.
Праваслаўнае духавенства выказала сваю незадаволенасць. Полацкі праваслаўны архіепіскап Васілій (Лужынскі) з гэтай нагоды адзначыў, што аб абяцаных надзелах кіраўнікі губерняў “і думаць не жадалі. Дзесяткі гадоў манастыры і архірэйскі дом заставаліся без оных”. I гэта ў той час, калі каталіцкія кляштары і духавенства пасля перадачы сваіх маёнткаў атрымалі багатыя надзелы з тых жа маёнткаў [21. С. 189, 219, 220],
Загадам ад 20 ліпеня 1842 г. было ўведзена Палажэнне аб забеспячэнні праваслаўнага духавенства Заходняга края. Пры
ўвядзенні новых штатаў клас прыхода вызначаўся колькасцю прыхаджан. У прыходзе 1-га класа свяшчэннік атрымліваў па 180 руб. срэбрам у год, дыякан — 80, дзяк — 40, панамар — 32; а ў прыходзе 7 класа свяшчэннік — 100 руб., дыякан — 40. Акрамя таго, прычтам сельскіх прыходаў выдзялялася 33 дзес. зямлі.
Палажэнне 1842 г. выклікала непажаданыя адносіны паміж духавенствам і прыхаджанамі, якія павінны былі апрацоўваць зямлю свяшчэннікаў, будаваць для прычта дамы і цэрквы, дастаўляць паліва, чаго яны не рабілі, калі былі уніятамі. Св. Сінод прадпісаў епархіяльным архірэям, каб яны па меры ўвядзення Палажэння адмянялі ў сельскіх прыходах збіранне платы за самыя неабходныя адправы. Новае Палажэнне не палепшыла матэрыяльнае становішча праваслаўных свяшчэннікаў. У 1848 г. мітрапаліт Іосіф хадайнічаў аб назначэнні дадатковага жалавання для 19 прычтаў тых сельскіх цэркваў, прыхаджане якіх жылі паміж каталікамі і дзе свяшчэннікі аказаліся практычна незабяспечанымі. А ў 1859 г. ён жа хадайнічаў аб прыбаўцы жалавання свяшчэннікам 259 прыходаў [51. С. 176 179].
Даходы ад продажу свечак былі зусім мізэрныя. Гэта было звязана з тым, што ў уніятаў не было звычая ставіць свечы перад іконай. Таму і пасля далучэння ў многіх месцах Літоўскай епархіі працягвалі прытрымлівацца гэтай традыцыі. Так, у 1845 г. у Літоўскую духоўную кансісторыю было дастаўлена свечачнага збору са Свянцянскай благачыннай акругі 1 руб. 70кап., ад Слонімскай — 1 руб. 98кап., Скідзельскай — 1 руб. 20кап., Вілейскай — 6 руб., Друйскай — 2 руб. 40 кап. і г.д.
Пасля далучэння уніятаў Св.Сінод прадпісаў духавенству заходніх губерняў чытаць у цэрквах у нядзелю або ў святочныя дні казанні на простай, агульназразумелай мове. Мелася на ўвазе для беларусаў мова беларуская. Для выканання прадпісання мітрапаліт Іосіф прапанаваў духавенству Літоўскай епархіі, каб менш вопытныя свяшчэннікі звярталіся за дапамогай да больш адукаваных. Але аказалася, што свяшчэннікі лепш ведалі польскую мову. Таксама дрэнна абстаялі справы і з царкоўнаславянскай мовай. Рэвізія цэркваў Літоўскай епархіі ў 1850 г. паказала, што нават многія царкоўнаслужыцелі не ведалі малітваў на царкоўнаславянскай мове. У 12 благачынных акругах у сем’ях свяшчэннікаў і царкоўнаслужыцеляў таксама не
ўсе ведалі малітвы на гэтай мове. He мела поспеху і абучэнне прыхаджан гэтым малітвам [51. С. 445, 453, 456],
У 1842 г. Св.Сінод загадаў духавенству Літоўскай, Мінскай, Полацкай і Магілёўскай епархій пачаць вяртанне былых уніятаў у праваслаўе з каталіцтва. Гэта было звязана з тым, што пасля далучэння уніятаў да праваслаўнай царквы некаторая іх частка без дазволу царкоўных улад перайшла ў каталіцтва. Справа гэтая была даволі далікатная, аб чым неаднаразова папярэджваліся тыя, хто павінен быў яе выконваць. Ішла яна даволі марудна. У сакавіку 1853 г. дрысенскі благачынны протаіерэй Лапо змог вярнуць у праваслаўе толькі 49 чалавек з Забельскага, Свалнянскага і Асвейскага прыходаў. Калі ён паехаў зноў па прыходах, то звярнуўся да сялян з пытаннем, чаму яны адмаўляюцца пераходзіць у праваслаўе. Тыя адказалі, што іх затрымлівае ў каталіцтве іх памешчык-каталік Шадурскі.
Сяляне не жадалі пераходзіць у праваслаўе, нягледзячы на чуткі аб тым, што іх могуць выслаць у Сібір або адправіць у салдаты. У 1854 г. у сувязі з гэтым па Віцебскай губерні было праведзена сакрэтнае дазнанне. У ходзе яго высветлілася, што, нягледзячы на тое, што губерня ўжо даўно знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі, насельніцтва не перастала называць сябе палякамі, а праваслаўных — маскалямі. Памешчыкі ж размаўляюць або па-французску, або папольску [20. Ф. 26, воп. 1, спр. 125, арк. 31; спр. 128, арк. 1; ф. 2514, воп. 1. спр. 114, арк. 29].
Каб выправіць становішча і ўзмацніць праваслаўе ў беларуска-літоўскіх губернях, сенатар М.П.Шчарбінін унёс прапанову накіраваць туды праваслаўных місіянераў з унутраных губерняў Расіі. Мітрапаліт Іосіф выказаўся супраць гэтага. Ён пісаў: “Навошта гэта патрэбна? Для ўсілення праваслаўя, кажуць. Але гэта азначае няведанне ўз’яднаных. Няўжо яны прыйшлі ў праваслаўе з язычніцтва, магаметанства або з якой-небудзь ерасі... Забываюць і аб тым, што ўз’яднаныя складаюцца, галоўным чынам, з простага беларускага або мала-расійскага народа, які не разумее мову вучоных місіянераў. I яшчэ, ці можна дагэтуль рабіць розніцу паміж старажытнаправаслаўнымі і ўз’яднанымі свяшчэннікамі” [8. Т. 2. С. 633 — 635; 13. Ф. 1284, воп. 225, спр. 42, арк. 1].