Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
У пачатку 1837 г. Беларуская кансісторыя, па прапанове мітрапаліта І.Булгака, прадпісвала уніяцкаму духавенству паклапаціцца аб знішчэнні амбонаў і бакавых прастолаў. Пры гэтым дазвалялася пакінуць толькі тыя з амбонаў, якія былі добра ўсталяваны і лічыліся неабходнымі, і тыя з бакавых прастолаў, разбурэнне якіх стварала пагрозу для будынка. Указам Літоўскай кансісторыі ад 2 мая 1838 г. было загадана, каб арганы былі прададзены, а атрыманыя грошы накіраваны на патрэбы царквы. У некаторых цэрквах Беларускай епархіі яшчэ заставаліся арганы (Юхавіцкай Дрысенскага, Махіраўскай Полацкага паветаў, Талачынскай Магілёўскай губерні і інш.), але выкарыстоўваць іх было забаронена [16. С. 203 207; 21. С. 117; 24. Ф. 634, воп. 3, апр. 375, арк. 19],
1 студзеня 1837 г. грэка-уніяцкая калегія была выключана з нагляду міністра ўнутраных спраў і падпарадкавана обер-пракурору Св.Сінода. Літоўскаму уніяцкаму епіскапу Іосіфу было загадана правесці рэвізію Беларускай епархіі. Аб’ехаўшы многія прыходы епархіі, ён 31 мая 1837 г. даў Беларускай кансісторыі прадпісанні, каб у 6-месячны тэрмін іканастасы і прастолы былі зроблены ва ўсіх беларускіх цэрквах, а свяшчэннікаў, якія не выканаюць гэта, было загадана аддаваць пад суд і пазбаўляць прыходаў [ 16. С. 242, 243, 248].
23 лютага 1838 г. памёр мітрапаліт Іасафат Булгак. У апошнія гады яго становішча было даволі незразумелым. Ён быў старшынёй Грэка-уніяцкай калегіі, справамі якой ведаўепіскап І.Сямашка, архіепіскапам Беларускай уніяцкай епархіі, якой практычна кіраваў епіскап В.Лужынскі, праціўнікам уз’яднання, але ў той жа час і членам Сакрэтнага камітэта, мэтай якога было скасаванне уніі. Пасля яго смерці В.Лужынскі ўзначаліў Беларускую епархію, a I. Сямашка — Грэка-уніяцкую калегію.
Праваслаўным епіскапам Ісідорам (Нікольскім), які быў прызначаны ў Полацкую праваслаўную епархію замест архіепіскапа Смарагда, разам з уніяцкім архіепіскапам Васіліем (Лужынскі) былі дадзены распараджэнні, каб уніяцкія і праваслаўныя свяшчэннікі ў святочныя дні сустракаліся ў цэрквах для сумеснай службы. Праваслаўным свяшчэннікам было дазволена праводзіць ва уніяцкіх цэрквах богаслужэнні для сваіх прыхаджан. 13 сакавіка 1838 г. праваслаўнае духавенства на чале з благачынным Серабрэніцкім сабралася ў Нішчанскай уніяцкай царкве для літургіі. Уніяцкі свяшчэннік Сосна быў незадаволены дазволам праваслаўным свяшчэннікам весці службу ў яго царкве і таму выехаў у філіяльную Рыкаўскую царкву, пакінуўшы
ключ панамару. Памешчык Корсак распаўсюдзіў чуткі, што праваслаўныя свяшчэннікі прыдуць у царкву для таго, каб яе забраць і аддаць праваслаўным, што выклікала хваляванні уніяцкіх прыхаджан. 13 сакавіка яны сабраліся ў Нішчы, адабралі ў панамара ключы і адмовіліся адчыніць дзверы царквы. Па заявах некаторых з уніятаў, “праваслаўныя ўзялі сякеры, зламалі дзверы, а потым як праваслаўныя прыхаджане, так і духавенства здзекваліся над уніятамі”. Вінаватыя былі пазбаўлены месцаў, а свяшчэннік Сосна накіраваны ў Вярбілаўскі базільянскі кляштар [16. С. 264 — 266; 20. Ф. 1297, воп. 1, спр. 10706, арк. 1; спр. 10698, арк. 1,3],
Для высвятлення становішча ва уніяцкіх епархіях у маі 1838 г. у заходнія губерні, па найвысачэйшым загадзе, быў накіраваны камергер, надворны саветнік В. Скрыпіцын. Ён наведваў цэрквы, наглядаў за настроем духавенства, памешчыкаў і прыхаджан. Вярнуўшыся ў Пецярбург, у сваім дакладзе, які быў прадстаўлены обер-пракурору Св.Сінода, В.Скрыпіцын адзначаў, што ў Літоўскай і Беларускай уніяцкіх епархіях у 575 цэрквах зроблены іканастасы; богаслужэнне вялося даволі правільна; былі маскоўскія слўжэбнікі амаль ва ўсіх цэрквах. Настрой духавенства быў наступны: яны ведалі, што іх продкі былі раней праваслаўнымі, адны гатовы выканаць загады ўрада і далі падпіскі (у Беларускай епархіі 158 чал. з 582 свяшчэннікаў і 14 з 98 манахаў, у Літоўскай — 718 з 927 свяшчэннікаў і 42 з 98 манахаў), іншыя былі абыякавыя да свайго сана і месца і выконвалі загады кіраўніцтва “за гнев, а не за совесть”, трэція ненадзейныя. Сярод трэціх В. Скрыпіцын вылучыў пяць свяшчэннікаў: I. Ігнатовіча — свяшчэнніка з Галоўчынскай царквы Полацкага павета; А. Тамкаміда з Іказненскай царквы Дзісненскага павета; I. Малішэўскага з Зяленскай царквы таго ж павета; I. Тачынскага з Дварэцкай царквы Лепельскага павета і Мальчэўскага са Старабыхаўскай царквы Навабыхаўскага павета. Гэтых людзей Скрыпіцын рэкамендаваў обер-пракурору накіраваць у вялікарускія манастыры для вывучэння праваслаўнай абраднасці. Уніяцкіх прыхаджан ён падзяліў на благанадзейных (толькі уніяты Літоўскай епархіі — 633 прыходы), пакорлівых (усе паветы Мінскай губерні і амаль усе Віцебскай і Магілёўскай — 441 прыходы) і падазроных (паўночныя паветы Віцебскай губерні: Себежскі, Полацкі, Лепельскі і Дрысенскі; Дзісненскі Мінскай, Сенненскі, Мсціслаўскі Магілёўскай, Аўрычскі Валынскай і Радамысльскі Кіеўскай губерняў — 151 прыход).
Зрабіў апошнюю рэвізію і уніяцкі епіскап Васілій. На яго думку, значная частка епархіі была гатова да ўз’яднання. Але гэта, відаць, было не зусім дакладна. 16 верасня 1838 г. у с.Царкоўна Дрысенскага павета, дзе свяшчэннікам быў брат I. Ігнатовіча, адбыўся сход уніяцкага духавенства і народа. Раніцай браты Ігнатовічы і свяшчэннік Прыдруйскай царквы Г. Касецкі правялі святочную літургію, пасля якой I. Ігнатовіч звярнуўся з прамовай на польскай мове, у якой заклікаў сялян трымацца уніяцкай веры. Было падрыхтавана прашэнне да цара, якое падпісалі 111 свяшчэннікаў. Яны Прасілі, каб іх пазбавілі цяперашняга духоўнага кіраўніцтва, дазволілі адкрыць друкарню і, калі унія будзе ўсё ж скасавана, перайсці ў каталіцтва. Следства праводзіў полацкі ваенна-палявы начальнік падпалкоўнік Агатонаў. I. Ігнатовіч і А. Тамкавід былі арыштаваны і асуджаны на высылку. 3 31 снежня 1838 г. па 12 студзеня 1839 г. да адказнасці было прыцягнута 29 свяшчэннікаў, некаторыя з іх адпраўлены ў кляштары, частка пераведзена ў дзячкі [16. С. 274 — 277, 281,291].
Каб пазбегнуць хваляванняў у заходніх губернях, прымаліся ўрадавыя меры. У лістападзе 1838 г. у пісьме з міністэрства ўнутраных спраў да Віленскага ваеннага губернатара адзначалася неабходнасць захоўваць асцярожнасць пры пераўтварэнні грэка-уніяцкай царквы і збліжэнні яе з праваслаўнай. Такое ж указанне атрымаў ад обер-пракурора Св.Сінода М. А. Пратасава і віцебскі, смаленскі і магілёўскі генерал-губернатар П. Дзякаў. Асабліва ўважліва было загадана наглядаць за Себежскім, Полацкім, Лепельскім, Дрысенскім, Мсціслаўскім і Сенненскім паветамі, бо яны заставаліся пад моцным уплывам каталіцкага духавенства і памешчыкаў-каталікоў. 22 і 26 снежня 1838 г. адбыліся пасяджэнні Сакрэтнага камітэта, на якіх прысутнічалі шэф жандараў A. X. Бекендорф, міністр дзяржаўных маёмасцяў граф П. Д. Кісялёў, міністр унутраных спраў Д. Блудаў і обер-пракурор Св. Сінода М. А. Пратасаў. На першым пасяджэнні камітэт зацвердзіў наступныя прапановы: 1) грэка-уніяцкія епіскапы са старшым духавенствам складуць царкоўны саборны акт, у якім прызнаюць зноў сваё пачатковае адзінства з усходняй праваслаўнай царквой; 2) акт будзе падпісаны ўсімі, хто прысутнічаў пры яго складанні, a астатнія дадуць сваю пісьмовую згоду; 3) акт і водгукі будуць накіраваны імператару разам з прашэннем і ў той жа час будзе выдадзены найвысачэйшы ўказ аб падпарадкаванні грэка-уніяцкай калегіі не Сенату, а Св.Сіноду, і інш. На
другім пасяджэнні было вырашана ўвесці войскі ў заходнія губерні для таго, каб пазбегнуць хваляванняў пры ўз’яднанні уніятаў.
8 студзеня 1839 г. была зацверджана сакрэтная інструкцыя для генерал-губернатараў заходніх губерняў, у якой акрамя пытанняў, звязаных з далучэннем, генерал-губернатарам было загадана давесці да каталіцкіх епіскапаў і іх вышэйшага духавенства, што гэтыя меры тычацца толькі уніятаў, а не каталікоў [16. С. 297 -301; 22. С. 127; 23. С. 313; 20. Ф. 1297, воп. 1, спр. 11002, арк. 6 — 8; спр. 11018, арк. 3].
У студзені 1839 г. у Віцебскую губерню быў накіраваны 29-ы казачы полк палкоўніка Карнеева. A 13 студзеня з Пецярбурга выехаў у Полацк камергер В.Скрыпіцын, які павінен быў наглядаць за станам уніяцкага духавенства. Прыехаўшы ў Полацк, ён пачаў разбор справы “ста адзінаццаці”. Свяшчэннікаў, якія падпісалі прашэнне да цара, выклікалі ў Полацк. 24 студзеня ў Жыровічы да уніяцкага епіскапа Антонія (Зубко) з Пецярбурга прыбыў фельд’егер з падрыхтаваным актам аб уз’яднанні і пісьмом епіскапа І.Сямашкі. Антоній павінен быў сам падпісаць акт і пераканаць зрабіць гэта ўсё духоўнае кіраўніцтва епархіі, а потым прывезці яго ў Полацк. 3 лютага епіскап Іосіф прадпісаў Беларускай кансісторыі, каб свяшчэннікаў, якія не падпісалі прашэнне, выслалі ў кляштары.
12 лютага 1839 г. у Полацку ў прысутнасці уніяцкага вышэйшага духавенства быў падпісаны Саборны Акт з просьбай аб далучэнні уніяцкай царквы да праваслаўнай. Епіскап Іосіф забраў акт і паехаў у Пецярбург, а епіскапы Васілій і Антоній — у Віцебск, куды 12 сакавіка прыбыў 29-ы казачы полк. Казакоў размясцілі ў Сенненскім, Лепельскім, Полацкім, Дрысенскім і Себежскім паветах Віцебскай і ў некаторых паветах Мінскай губерні.
26 лютага 1839 г. епіскап Іосіф перадаў обер-пракурору Св.Сінода Пратасаву Саборны Акт. 1 сакавіка Акт паднеслі Мікалаю I, які перадаў яго на разгляд Св.Сіноду. Пастанова Св.Сінода “О прннятлн греко-уннатской церквн в полное н совершенное обіценне святых православно-кафолнческнх Восточныя церквн н в нераздельный состав церквн Всеросснйской” была зацверджана Мікалаем I, які напісаў на ёй: “Благодарю Бога н прпннмаю”. 17 сакавіка Сенатам быў выдадзены ўказ аб падпарадкаванні грэка-уніяцкай калегіі Св.Сіноду. 30 сакавіка пры поўным зборы Св. Сінода аб згодзе імператара было аб’яўлена епіскапу Іосіфу і выдадзена грамата да ўз’яднаных епіскапаў, духавенства і народа. Указ
быў пасланы ў епархіі, a 9 красавіка епіскап Васілій, пагаварыўшы з В.Скрыпіцыным, вырашыў аб’явіць яго вернікам і памінаць у богаслужэннях Св.Сінода замест Папы рымскага. “Усё гэта, — пісаў В.Скрыпіцын у Пецярбург, — не выклікала ніякага хвалявання або здзіўлення, народ па-ранейшаму старанна маліўся, рваўся да крыжа”. 10 красавіка было атрымана пісьмо обер-пракурора М.Пратасава, які загадваў захоўваць найстражэйшую асцярожнаць у справах і загадах.