Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Да лютэранскага насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў належалі латышы Віцебскай і Ковенскай губерняў і невялікая колькасць нямецкага насельніцтва. Лютэранскія кірхі былі ў Гродне, Мінску, Слуцку, Віцебску, Полацку, Магілёве. Лютэранскія пастары атрымлівалі ў год ад дзяржавы жалаванне: у Гродне — 450 руб., Мінску — 400, Магілёве — 114, Полацку — 400, Віцебску — 150 руб. Але згодна з указам ад 18 чэрвеня 1853 г. гэта жалаванне павінна было быць (пачынаючы з 1854 г.) выключана з дзяржаўных расходаў, і пастары атрымлівалі яго ад свайго духоўнага ведамства.
Лютэранскія кірхі былі беднымі, бо мелі невялікую колькасць прыхаджан, якія былі небагатымі. Так, Мінская кірха не мела ніякіх капіталаў. Пры ёй быў дом для пастара, які на сваё жалаванне (400 руб. срэбрам у год) павінен быў утрымліваць сям’ю, прыходскае вучылішча і прычэтнікаў. У 1840 г. полацкі лютэранскі пастар звярнуўся з просьбай да міністра ўнутраных спраў аб выдзяленні дапамогі ў суме 800 — 1000 руб., на рамонт старога будынка кірхі. 14 лютага 1843 г. міністр унутраных спраў паведаміў віцебскаму, магілёўскаму і смаленскаму генерал-губернатару, што ў сувязі з тым, што Полацкае евангелічнае таварыства складаецца толькі з часова пражываючых у Полацку пратэстантаў, ён не будзе хадайнічаць аб грашовай дапамозе [20. Ф. 295, воп. 1, спр. 447, арк. 6, 7; ф. 1297, воп. 1, спр. 12973, арк. 1, 8].
У справы лютэранскай царквы ўмешваліся і іншыя канфесіі, адбываліся, праўда нешматлікія, пераходы ў лютэранства. У асноўным гэта было звязана са змешанымі шлюбамі. У 1815 г. полацкі лютэранскі пастар Венцэль скардзіўся ў рымска-каталіцкую калегію ў Пецярбург на уніяцкіх святароў, якія, на яго думку, умешваліся ў справы лютэранскіх пастараў, хрысцілі, хавалі і заключалі шлюбы лютэранскіх прыхаджан. Указам рымска-каталіцкай калегіі ад 11
кастрычніка 1815 г. полацкаму уніяцкаму мітрапаліту І.Красоўскаму была загадана, каб белае і манаскае уніяцкае духавенства не смела “ўмешвацца ні ў якія духоўныя паслугі для асоб чужога веравызнання, пад спагнаннем у адваротным выпадку па ўсёй строгасці закону” [20. Ф. 2617, воп. 1, спр. 140, арк. 1].
Евангеліцка-рэфармацкая царква падпарадкоўвалася Літоўскаму евангеліцка-рэфармацкаму Сіноду (з 15 верасня 1840 г. ён быў перайменаваны ў Віленскі). На яго сходах, якія праходзілі раз у год, як правіла ў ліпені, збіраліся духоўныя і свецкія асобы з дваран-рэфарматаў. На працягу канца XVIII — першай паловы XIX ст. Сінод часцей за ўсё збіраўся ў Вільні. Паміж сходамі ўсе справы, акрамя судовых, вырашала Літоўская евангеліцка-рэфармацкая калегія ў Вільні. 24 чэрвеня 1831 г. быў зацверджаны штат Віленскай рэфармацкай калегіі з 17 асоб: свецкі прэзідэнт, віцэ-прэзідэнт духоўнага звання, тры духоўныя і тры свецкія куратары, генеральны сакратар, пратакаліст, рэгістратар, шэсць канцылярыстаў.
У пачатку XIX ст. евангеліцка-рэфармацкія зборы (храмы) беларуска-літоўскіх губерняў уваходзілі ў дыстрыкты (акругі): Занёманскі, Беларускі, Віленскі і Жмудскі. Дыстрыкты ўзначальвалі суперінтэнданты, галоўныя духоўныя кіраўнікі над міністрамі (пастарамі), якіх яны назначалі, наглядалі за паводзінамі духавенства і рэвізавалі зборы. Як і лютэранская, рэфармацкая царква падпарадкоўвалася Генеральнай евангеліцкай кансісторыі ў Пецярбургу. Справаводства ў рэфармацкай царкве ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. вялося ў асноўным на польскай мове [41. С. 269,270; 56. С. 49; 57. С. 49,50; 32. Ф. 40, спр. 833, арк. 13; спр. 1054, арк. 3, 8, 9; спр. 678, арк. 135 — 137].
Віленскі Сінод меў маёнткі і прыгонных, якія прыносілі яму даход. У сувязі з тым, што гэтыя маёнткі павінны былі пасля ўказа 1842 г. перайсці ў веданне Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, Віленская калегія 30 красавіка 1845 г. звярнулася да міністра ўнутраных спраў Л.А.Пярова з прашэннем, у якім паведамляла, што калегія знаходзіцца ў цяжкім стане, бо не мае дастаткова сродкаў на ўтрыманне духавенства, богаўгодных устаноў і Слуцкай гімназіі[13. Ф. 821, воп. 5, спр. 612, арк. 3, 4].
Рэфармацкія вернікі былі ў асноўным дваранскага паходжання, але, як і лютэранскія кірхі, іх зборы (храмы) былі беднымі, а колькасць прыхаджан невялікай. Так, у 1842 г. ва ўсёй Гродзенскай губерні было 287 рэфарматаў. 7 лістапада
1779 г., па дакладзе беларускага генерал-губернатара графа З.Р.Чарнышова, было выдзелена жалаванне духавенству рэфармацкага веравызнання ў г. Копысе у памеры 400 руб. у год. У 1810 г. у копыскім зборы было ўсяго 88 прыхаджан. Да збора была прыпісана в.Валасовічы з сялянамі, якую аддавалі ў арэнду за 400 руб. У 1846 г. у Слуцкім зборы было 75 прыхаджан і ў Загальскім — 61 [41. С. 263; 26. Ф. 2001, воп. 1, спр. 18, арк. 6, 7; 52. Ф. 1, воп. 20, спр. 929, арк. 36; 32. Ф. 40, спр. 783, арк. 1—2],
Дзеці рэфармацкага дваранства праходзілі навучанне ў Кейданскай (зачыненаў 1824 г.) і Слуцкай гімназіях. Колькасць вучняў-пратэстантаў у апошняй у 1840 г. была 48 чал. (з 280 чал. агульнай колькасці), у 1850 г. — 55 (з 253), у 1860 г. — 58 чал.(з 411). 29 жніўня 1850 г. беларускі суперінтэндант Ванькоўскі на пасяджэнні Віленскай калегіі адзначыў, што забарона прымаць у Слуцкую гімназію вучняў падатнага стану пазбавіла многіх выхаванцаў-рэфарматаў магчымасці набыць неабходныя веды аб правілах сваёй веры. Ён прасіў калегію аб дазваленні прымаць такіх вучняў у першыя тры класы гімназіі, не дапускаючы іх у вышэйшыя.
Сінод у канцы XVIII — першай палове XIX ст. мог накіроўваць вучняў, якія закончылі гімназію, на вучобу за мяжу: у Берлінскі, Франкфурцкі, Марбургскі, Гельдзебергскі універсітэты ў Германіі, Лейдзенскі і Франекежскі — у Галандыі, Эдынбургскі — у Шатландыі. Да 1844 г. існавалі тры стыпендыі Сінода ў Кёнігсбергскім універсітэце ў Прусіі. Яны былі заснаваны яшчэ ў канцы XVII ст. Людвікай Каралінай, маркграфіняй Брандэнбургскай з князёў Радзівілаў і складалі 3 тыс. талераў, забяспечаных маёнткамі ў Прусіі [58. С. 9; 59. С. 8; 13. Ф. 821, воп. 1, спр. 1210, арк. 1,2; 32. Ф. 40, спр. 624, арк. 55].
Пратэстанцкая канфесія ў беларуска-літоўскіх губернях была нешматлікай, не аказвала ўплыву на грамадскае і палітычнае жыццё тэрыторыі і таму не сутыкалася ні з якімі рэлігійнымі забаронамі з боку царскага ўрада.
Другой нешматлікай канфесіяй на Беларусі было стараверства, або раскольніцтва. Раскол у рускай праваслаўнай царкве ўзнік у другой палове XVII ст. Асноўную масу гэтага руху склалі сяляне і пасадскія людзі. Ён распаўся на дзве галоўныя часткі: папоўшчыну і беспапоўшчыну. Папоўцы зыходзілі з тэзіса, што без свяшчэнніка няма хрысціянства, і прымалі да сябе беглых свяшчэннікаў праваслаўнай царквы. Беспапоўцы ж адмаўлялі не толькі царкоўную іерархію, але
і асноўныя хрысціянскія таінствы, у тым ліку і шлюб. Кожны напрамак даволі варожа ставіўся адзін да другога і сам распадаўся на шмат кірункаў.
Стараверы з’явіліся ў Вялікім княстве Літоўскім у канцы XVII ст., калі частка насельніцтва збегла з Масковіі і заснавала ва ўладаннях мазырскага ваяводы Халецкага калонію ў раёне м.Ветка. У 1722 г. каля яго было ўжо 23 стараверскія слабады, якія разрасліся ў буйны гандлёвы цэнтр, у якім сканцэнтраваўся гандаль паміж Левабярэжнай Украінай і Беларуссю. Насельніцтва калоніі дасягнула 40 тыс. чалавек. Ростяго колькасці адбываўся дзякуючы пастаяннаму прытоку эмігрантаў з Расіі, якіх прываблівала вольнае жыццё веткаўцаў.
Прапаганда стараверства, што ішла з Веткі пачынаючы з 20-х гг. XVIII ст., пачала турбаваць вярхушку праваслаўнай царквы Расійскай імперыі. У 1735 г. у Ветку была паслана карная экспедыцыя. Адбылася так званая першая “выгонка”. Стараверскія малітоўныя дамы і скіты былі разбураны, і каля 14 тыс. чал. выселена, а ў 1764 г. адбылася другая “выгонка”, пасля чаго Ветка ўжо назаўсёды перастала быць буйным цэнтрам стараверства [60. С. 299 — 301; 61. С. 15, 17, 23],
3 пераходам земляў былога Вялікага княства Літоўскага да Расійскай імперыі на мясцовых старавераў былі распаўсюджаны ўказы, якія тычыліся старавераў унутраных губерняў. Яны нярэдка аказваліся супярэчлівымі. Так, калі ўказ ад 6 красавіка 1778 г. забараняў раскольнікам мець цэрквы, капліцы і званы пры іх, то ўказ ад 21 ліпеня 1788 г. дазваляў раскольнікам Беларускага, Малароскага і Екацерынаслаўскага намесніцтваў мець свае цэрквы і праводзіць у іх службу па старадрукаваных кнігах. Гэта ж пацвердзіў і ўказ ад 12 сакавіка 1798 г. [62. С. 6].
У сувязі з тым, што стараверы знаходзіліся ў падпарадкаванні Св.Сінода, неаднаразова ўзнікала пытанне аб іх далучэнні да праваслаўных епархій. У маі 1797 г. Лаўрэнцьеўскі, Чонскі скіты, а таксама мужчынскі і жаночы скіты Спасавай слабады былі далучаны да Екацерынаслаўскай праваслаўнай епархіі. А ў верасні 1798 г. веткаўскія стараверы падалі прашэнне Беларускаму праваслаўнаму епіскапу Афанасію (Братаноўскаму), у якім прасілі далучыць іх да Беларускай епархіі. Але пазней, пасля бунту, што адбыўся ў Ветцы ў кастрычніку 1798 г., веткаўскія стараверы адмовіліся ад свайго намеру. 7 сакавіка 1799 г. настаяцель Чонскага скіта Сяргей Юршаў прасіў перавесці яго скіт з
Наварасійскай у Беларускую праваслаўную епархію, што было ямудазволена [63. С. 3, 4 — 7].
У канцы XVIII ст. некаторая частка папоўцаў пайшла на пагадненне з праваслаўнай царквой, у выніку чаго ў 1800 г. было заснавана аднаверства. Яно прызнавала іерархію і дагматы праваслаўнай царквы. Св.Сінод накіроўваў у аднаверскія цэрквы сваіх свяшчэннікаў, якія вялі службу па старых абрадах і старадрукаваных кнігах. Але зберагалася стараверская сімволіка: васьміканцовы крыж, двухперсцевае знаменне. Стараверы таксама разлічвалі, што акрамя свяшчэннікаў у іх будзе і свой архірэй. Але праваслаўны мітрапаліт Платон не згадзіўся на гэта. Аднаверства разглядалася праваслаўнай царквой як сродак збліжэння старавераў з праваслаўем. Згодна з правіламі ўладкавання стараверскіх (аднаверскіх) цэркваў, якія былі прыняты 27 кастрычніка 1800 г., было вырашана веруючых гэтай царквы называць злучэнцамі, або аднаверцамі [60. С. 309 — 311; 62. С. 15; 64. С.29].
Стараверскія скіты жылі па сваіх законах і агульнаманастырскаму статуту не падпарадкоўваліся. Па візітацыі, што была праведзена ў 1802 г. у Беларускай праваслаўнай епархіі, вылучаліся наступныя стараверскія скіты: Лаўрэнцьеў (каля Гомеля), у якім манахаў і беглых было болып за 100 чал.; Іасафаў (каля Гомеля), таксама больш за 100 чал.; скіт каля в.Агародня, больш за 50 чал.; Пыханскі скіт з 20 чал.; Тырлоўскі скіт (каля Гомеля), да 40 чал.; жаночы скіт пры Спасавай слабадзе, больш за 50 чал.; скіт Чыстыя лужы, каля 10 чал.; Веткаўскі, да 100 чал.; хутар Абрамаўка (каля Веткі), да 40 чал. [63. С. 21 — 23].