Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
12 мая ў Віцебск прыбыў праваслаўны мітрапаліт Філарэт, a 14 мая ім і епіскапамі Ісідорам і Васіліем у Віцебскім Успенскім саборы былі праведзены святочныя богаслужэнні. 4 чэрвеня ў Полацку служыў епіскап Іосіф. Усе святочныя богаслужэнні прайшлі спакойна і не выклікалі сур’ёзных пратэстаў. Указам Св.Сінода ад 9 кастрычніка 1839 г. на былое уніяцкае духавенства распаўсюджваліся ўсе тыя пастановы, якія тычыліся і праваслаўнага духавенства [24. Ф. 605, воп. 1, спр. 3803, арк. 112].
Трэба адзначыць, што не ўсюды скасаванне уніі было ўспрынята спакойна. Дзе-нідзе адбываліся хваляванні. Супраціўленне некаторы час аказвалі базільянскія кляштары, асабліва віцебскія манашкі. Епіскап Васілій пісаў, што ён “ввнду упорства монахннь” лічыць за лепшае хутчэй скасаваць кляштар.
У 1840 г. пачалося размежаванне епархіі. Усяго ў Беларускай і Літоўскай уніяцкіх епархіях было далучана да праваслаўя больш за 1,5 млн уніятаў. Але станаўленне на іх месцы новых праваслаўных епархій праходзіла нялёгка. Як пісаў царкоўны гісторык Г.Шавельскі, “уз’яднаныя і старажытнаправаслаўныя цяпер знаходзіліся ў становішчы старых ворагаў, якіх толькі што прымусілі прымірыцца без моцнага жадання з іх боку” [ 16. С. 355, 360, 361,378].
3 першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. да Полацкага сабора 1839 г. уніяцкая царква прайшла вельмі цяжкі шлях. Яе з двух бакоў, калі са згоды царскага ўрада, а калі і не, цягнулі да сабе праваслаўе і каталіцтва. Унутраны раскол у царкве паміж белым духавенствам і манахамі базільянскага ордэна, удзел манахаў у паўстанні 1830 — 1831 гг. паскорыў вырашэнне яе лёсу царскім урадам, які спадзяваўся атрымаць у былых уніятаў падтрымку для правядзення русіфікацыі тэрыторыі. Беднае і слабаадукаванае уніяцкае духавенства, дробная шляхта і прыгонныя сяляне не маглі супрацьстаяць урадавай палітыцы і здрадзе вышэйшага духавенства.
1.2. АДНОСІНЫ ЦАРСКАГА ЎРАДА ДА КАТАЛІЦТВА
На тэрыгорыі Вялікага княства Літоўскага каталіцкія цэрквы і кляштары ўваходзілі ў склад Віленскай, Інфлянцкай, Жмудскай і Смаленскай дыяцэзій. К 1772 г. Віленская дыяцэзія складалася з 26 дэканатаў і 429 парафій з 621 касцёлам і капліцай; Інфлянцкая — з 30 парафій з 74 касцёламі; Смаленская — з 3 парафій з 6 касцёламі і капліцамі; Жмудская — з 10 дэканатаў і 100 парафій з 215 касцёламі і капліцамі. Колькасць каталіцкіх кляштараў па ваяводствах была наступнай: у Віленскім — 90 мужчынскіх і 10 жаночых, у Інфлянцкім — 16 мужчынскіх, у Троцкім — 34 мужчынскіх і 7 жаночых, у Брэст-Літоўскім — 37 і 4, у Віцебскім — 21 і 6, у Навагрудскім — 28 і 8, у Полацкім — 17 і 2, у Мсціслаўскім — 17 і 1, у Мінскім — 25 і 6, у Жмудскім — 17 і 3 адпаведна [25. С. 42,68,87,95,97].
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі адышлі каля 100 тыс. каталікоў. Указам ад 14 снежня 1772 г. Кацярына II абвясціла аб перадачы ў духоўнае кіраванне каталіцкаму епіскапу ўсіх рымска-каталіцкіх кляштараў і касцёлаў як на далучаных тэрыторыях, так і ў Расіі. Пскоўскі (у гэту губерню ў той час уваходзіла Полаччына) і магілёўскі губернатары павінны былі наглядаць, каб каталіцкія і уніяцкія епіскапы, канонікі, ксяндзы і іншыя духоўныя асобы не спакушалі праваслаўных да пераходу ў сваё веравызнанне. Гэтым жа ўказам загадвалася, каб папскія булы і распараджэнні былі абнародаваны каталіцкаму насельніцтву толькі пасля адабрэння імператрыцы [26. С. 199; 24. С. 17; 2. Т. 19. С. 688,689]..
У 1773 г. была зацверджана Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве. Узначаліў яе епіскап С.БогушСестранцэвіч. На ўтрыманне епіскапа і кансісторыі выдзялялася 10 тыс. руб. Маёнткі, якія належалі на далучанай тэрыторыі Віленскаму епіскапству, адыходзілі ў казну. У 1778 г. у Магілёве была адчынена каталіцкая семінарыя для 20 клірыкаў. У сувязі з гэтым усе кляштары былі абкладзены спецыяльным зборам, які ішоў на ўтрыманне клірыкаў [2. Т. 19. С. 846; 28. С. 10, 13; 29. С. 578 579],
17 студзеня 1782 г. быў выдадзены царскі ўказ аб заснаванні каталіцкага архіепіскапства ў Магілёве, які быў пацверджаны найвысачэйшай граматай ад 11 лістапада 1783 г., у якой гаварылася і аб заснаванні Магілёўскай каталіцкай кансісторыі [2. Т. 21. С. 338, 384,1054].
Пры Магілёўскім архіепіскапскім касцёле быў зацверджаны капітул (сабор) у складзе 12 канонікаў. Архіепіскапу дазвалялася, нягледзячы на агульную забарону, прадастаўляць касцёлы духавенству, якое прыязджала з-за мяжы, але агаворвалася, што яны павінны папярэдне прыняць прысягу нападданства [2. Т. 21. С. 417, 1054; Т. 22. С. 58].
Пасля другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння да Расійскай імперыі ў 1793 г. Міншчыны, а ў 1795 г. — Віленшчыны і Гродзеншчыны ўказам ад 6 верасня 1795 г. у Вільні была заснавана Інфлянская епархія на чале з епіскапам Я.Касакоўскім. На ўтрыманне яе кансісторыі выдзялялася 4 тыс. руб. Манаскія ордэны павінны былі залежаць не ад сваіх генералаў (якія жылі за межамі імперыі), а ад епархіяльных епіскапаў. 27 кастрычніка 1795 г. была зацверджана Пінская епархія на чале з епіскапам Цецішэўскім. У яе склад увайшлі Мінская і Віленская губерні [2. Т. 23. С. 763, 764],
Гэта далучэнне і тыя змены, якія адбываліся як у грамадстве, так і ў каталіцкай царкве, выклікалі пратэсты яе духавенства. Пад уплывам замежнай эміграцыі ў 1796 г. была створана тайная арганізацыя, так званая Віленская асацыяцыя. У Вільна прыбыў прыёр трынітарскага кляштара ў Берастэчку (Украіна) ксёндз А. Дамброўскі, які прывёз ад эмігранцкіх колаў розныя адозвы, лісты і дыпламатычныя ноты, якія тычыліся падрыхтоўкі паўстання. Ён стварыў у Вільна тайную арганізацыю, у склад якой увайшлі прыёр віленскіх дамініканаў ксёндз Ф.Цяцерскі, бенедыкцін ксёндз Зялкоўскі і інш. Ішла вярбоўка афіцэраў на службу ў замежныя легіёны і збіраліся сродкі для іх. Ксёндз А. Дамброўскі планаваў сабраць афіцэраў у м. Дзярэчыне і адтуль накіраваць іх за мяжу, але з-за неасцярожнасці члены арганізацыі былі арыштаваны і адпраўлены ў Пецярбург, дзе былі прадстаўлены на суд Сената. Іх пазбавілі шляхецтва, духоўнага сану, маёнткаў і адправілі ў Сібір на катаргу [30. С. 74, 82; 31. С. 202, 263, 264].
У 1798 г. зноў былі перагледжаны межы каталіцкіх епархій. Усяго па Расійскай імперыі іх было створана шэсць. Тры з іх — Магілёўская, Мінская і Віленская — ахоплівалі тэрыторыю Беларусі*. У 1804 г. у Магілёўскай епархіі было 159 парафій, 223 936 вернікаў, 78 ксяндзоў, 204 кляштары з 524
* Магілёўскае каталіцкае архіепіскапства акрамя касцёлаў і кляштараў Беларускай і Кіеўскай губерняў аб’ядноўвала і тыя касцёлы, якія да 1793 г. былі ў межах Расійскай імперыі.
манахамі і 44 манашкамі; у Мінскай — 86 парафій, 112 214 прыхаджан, 49 ксяндзоў, 156 кляштараў з 425 манахамі і 77 манашкамі; у Віленскай — 272 парафіі, 736 027 прыхаджан, 626 кляштараў з 1229 манахамі і 329 манашкамі [10. С. 13, 15, 16; 32. Ф. 3, спр. 1573, арк. 1].
Каталіцкая царква ў пачатку XIX ст. падпарадкоўвалася рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. У 1801 г. у яе склад уваходзілі: старшыня — магілёўскі архіепіскап, два члены — адзін з епіскапаў і прэлат і 6 засядацеляў — па адным з епархіі. У 1804 г. у склад калегіі былі ўведзены епіскап і тры засядацелі уніяцкага веравызнання. У 1805 г. калегія была падзелена на два дэпартаменты: для рымска-каталіцкіх і уніяцкіх спраў.
Адносіны паміж трыма хрысціянскімі канфесіямі — каталіцкай, праваслаўнай і уніяцкай — былі даволі складанымі. Адной з прычын, што спараджалі такое становішча, былі пераходы вернікаў з адной канфесіі ў другую. У канцы XVIII — пачатку XIX ст. даволі часта адбываліся пераходы з уніяцтва ў каталіцкае веравызнанне. Урад Аляксандра I неаднаразова прымаў указы, якія забаранялі каталіцкаму духавенству далучаць уніятаў да каталіцтва (5 мая, 4 і 6 ліпеня, 20 і 27 жніўня 1803 г.; 26 ліпеня 1806 г.; 26 кастрычніка 1807 г. [28. С. 273; 27. С. 196],
Стварала праблемы і знаходжанне ў Расіі езуітаў. Яшчэ ў 1773 г. Папа Клімент XIV распусціў ордэн езуітаў, але яны заставаліся на далучанай да Расійскай імперыі тэрыторыі Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Гэтым Кацярына II жадала даказаць Ватыкану, што яна ніколі не дазволіць, каб у яе дзяржаве распараджаўся Папа. У 1786 г. у Полацкай езуіцкай калегіі налічвалася 79 чалавек, у 1817 г. — 111; у Магілёўскай — 12 і 18; у Мсціслаўскай — 14 і 16; у Аршанскай — 20 і 30; у Дзінабургскай — 21 (у 1786 г.); у Чачэрскай рэзгунцыі — 2 і 11 [33. С. 38; 10. С. 17; 24. Ф. 604, воп. 1, спр. 2497, арк. 20 — 24].
У 1812 г. Полацкая езуіцкая калегія была пераўтворана ў акадэмію езуіцкага ордэна. Ёй надаваліся правы, якімі карысталіся універсітэты. Былі адчынены тры факультэты: тэалагічны, філасофскі і філалагічны. Акадэміі былі падпарадкаваны 13 езуіцкіх вучылішчаў у Полацку, Пецярбургу, Віцебску, Магілёве, Оршы, Мсціслаўі, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Раманаве (на Валыні), Саратаве. У акадэміі выдаваўся свой часопіс “Miesi?cnik Polocki”. Ha працягу 1818 — 1820 гг. выйшла 14 яго нумароў. Заснавальнікам часопіса быў філосаф В. Бучынскі, галоўным рэдактарам —
прафесар фізікі і доктар філасофіі Ю.Цытовіч [34. С. 20; 35. С. 166; 36. С. 198],
У 1815 г. езуіты былі высланы з Пецярбурга, ім быў забаронены ўезд і ў Маскву. А ў 1820 г. урадам было прынята рашэннеаб канчатковай высылцы езуітаў з Расіі. У віну ім паставілі тое, што яны далучалі да каталіцтва праваслаўных, іудзейскіх і уніяцкіх дзяцей і юнакоў, і тое, што вельмі цяжкім было становішча сялян, якія належалі ордэну [32. Ф. 43, спр. 3741, арк. 1],
Акрамя езуітаў адукацыяй моладзі займаліся і іншыя каталіцкія ордэны. Так, у пачатку XIX ст. на Беларусі трымалі школы: піары ў Лідзе, Шчучыне, Любяшове, Лужках; дамініканцы — у Гродне, Навагрудку, Забелах; канонікі рэгулярныя — у Слоніме, Лыскове; місіянеры, францысканцы — у Пінску і інш. [28. С. 288].
У 1814 г. было створана Расійскае біблейскае таварыства, якое ўзначаліў обер-пракурор Св.Сінода і міністр духоўных спраў і народнай асветы князь А.М.Галіцын, актыўны ўдзел у яго працы прыняў і каталіцкі мітрапаліт С.БогушСестранцэвіч. Камітэт таварыства збіраў сродкі на выданне і распаўсюджванне Бібліі на тэрыторыі ўсёй імперыі. Была звернута ўвага на недахоп кніг на польскай мове, у сувязі з чым было вырашана друкаваць Новы запавет у перакладзе Я.Вуйка. Галоўны надзор за выданнем узяў на сябе С. Богуш-Сестранцэвіч. Гэта выклікала незадаволенасць Папы рымскага. 3 верасня 1816 г. з’явіўся зварот Папы Пія VII да каталікоў на імя С.Богуша-Сестранцэвіча: “Нас засмучае тваё акружное пасланне, у якім заахвочваецца пераклад Бібліі і яго распаўсюджванне ў народзе, ад гэтых спраў можна чакаць больш шкоды, чым карысці”.