• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    Таму ў ліку шматлікіх адозваў, якія распаўсюджваліся сярод насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў напярэдадні і падчас паўстання, былі і такія, што звярталіся да былых уніятаў. Гэта і “Do duchowienstwa prawoslawnego wysnania” i “Polska i kosciol unicki”, выдадзеная ў Парыжы; некалькі рукапісных адозваў “Былому уніяцкаму духавенству” і інш.
    Адозвы каталіцкага духавенства непакоілі мясцовыя ўлады і праваслаўных іерархаў. Асабліва вялікую ўвагу надаваў гэтаму літоўскі мітрапаліт І.Сямашка. Думаецца, гэта нездарма. Каму, як не яму, былому уніяцкаму архірэю, які меў ад прыроды праніклівы розум і глыбокую назіральнасць, была зразумела пагроза, якую таілі ў сабе гэтыя адозвы. Каб нейтралізаваць іх уплыў на мясцовае праваслаўнае духавенства, якое ў сваю чаргу магло непажадана паўплываць на сваю паству, Сямашка склаў “асобае прадпісанне”, якое было разаслана ўсім благачынным цэркваў і манастыроў Літоўскай епархіі.
    Благачынныя павінны былі данесці змест прадпісання да кожнага праваслаўнага святара. У абавязкі святароў ставілася перасцерагаць сваю паству ад змовы з паўстанцамі і данасіць аб усім свайму кіраўніцтву і непасрэдна мітрапаліту, каб той мог своечасова прыняць меры. Мітрапаліт асабіста адклікаўся на кожнае праяўленне паўстанцкага настрою. Так, калі ў маі 1863 г. у Літоўскай духоўнай семінарыі была знойдзена пракламацыя народнага жонду, Сямашка наведаўся туды. Ён выступіў з прамовай перад семінарыстамі і прапа-
    наваў ім даць адказ, сам жа ў гэты час чакаў на кватэры ў рэктара. Частка адказаў, напісаных у духу праваслаўя і рускай дзяржаўнасці, была надрукавана ў “Лнтовскнх епархпальных-ведомостях”.
    Былыя уніяцкія вернікі, як і былыя уніяцкія святары, што сталі праваслаўнымі, не падтрымалі паўстання. Чаму? Што тычыцца духавенства, то, думаецца, тут паўплывала тое, што і ўлады, і ў першую чаргу вышэйшае праваслаўнае духавенства вельмі пільна сачылі за падзеямі, не прапускаючы ніводнага выпадку хістання ці слабасці. Калі два маладыя святары з Гродзенскай губерні — Бялевіч (с.Гавейнавічы) і Жаброўскі (с.Мілавіды) — пад прымусам падпісалі за непісьменных сялян прысягу народнаму жонду, на іх адразу ж было накладзена спагнанне. Адзіным “непатрыятычным учынкам” сярод духавенства Літоўскай епархіі, адзначалі сучаснікі падзей, быў учынак святара Нарачанскай царквы Скабалановіча. Ён і.дзве яго дачкі, ахрышчаныя і выхаваныя ў каталіцтве, былі западозраны ў сувязях з паўстанцамі і забеспячэнні іх харчаваннем. Свяшчэннік быў змешчаны ў Гродзенскі манастыр, а яго дачок Мураўёў саслаў у Гомель.
    Што да сялянскай масы, то тут трэба прыняць да ўвагі той індыферэнтызм, які быў характэрны для яе і на які звяртала ўвагу шмат сучаснікаў, пакінуўшых свае назіранні. Галоўнае ж, што адсоўвала рэлігійныя матывы ў дзеяннях сялян на другі план, было, відаць, тое, што іх думкі былі на той час болып заняты сваім эканамічным становішчам.
    Такім чынам, галоўнымі дзеючымі асобамі ў паўстанні 1863 г. былі дзве хрысціянскія канфесіі — каталіцкая і праваслаўная, іх вернікі і свяіпчэннаслужыцелі. Што ж тычылася іншых канфесій і іх духоўных асоб, як хрысціянскіх, так і нехрысціянскіх, то ў большасці сваёй яны імкнуліся не ўмешвацца ў вышэйазначаныя падзеі. Праўда, не ўсе і не заўсёды. Цікава, што стараверы, нягледзячы на іх здавалася б непрымірымыя адносіны з царскім урадам і афіцыйным праваслаўем, не прынялі бок паўстанцаў. Яны заставаліся вернымі “іістннно русскому духу”, а мабыць, сыграла сваю ролю і некаторае паслабленне, што было даравана ўрадам Аляксандра II v 1858 г.
    Падчас паўстання ідэйныя кіраўнікі старавераў — стараверы Рагожскіх могілак і беспапоўцы Прэабражэнскай багадзельні — прыслалі цару “верноподданіческіе адреса”. Цар прыняў іх у Белай зале Зімняга палаца і сказаў: “Я рады бачыць вас і ўдзячны за спачуванне агульнай справе.
    Мне хацелі вас ачарніць, але я гэтаму не паверыў і ўпэўнены, што вы — такія ж падданыя, як і ўсе іншыя. Вы — мае дзеці, а я — ваш бацька і малю Бога за вас так жа, як і за другіх” [18. С. 370],
    “Клапатлівы бацька” дазволіў адчыніць шэраг стараверскіх малітоўных дамоў, што былі апячатаны. Напрыклад, 9 верасня 1863 г. выйшаў указ “О распечатаннн моленной в д.Кублнчнзна”. Тэкст указа паведамляў: "... прымаючы ва ўвагу палітычныя падзеі і той удзел, які прымала ў іх раскольніцкае насельніцтва Заходніх губерняў, дазволіць распячатаць маленную у вёсцы Кублічызна, не прыдаючы гэтаму віду ўрадавай меры” [19. С. 599].
    Іншых пазіцый прытрымліваліся яўрэйскае насельніцтва, што спавядала іудаізм, і іх духоўныя настаўнікі. Яшчэ падчас падзей у Варшаве ў 1861 г. варшаўскі рабін Беруш Майзель заклікаў да яднання з палякамі. Яўрэі горада на чале са сваімі рабінамі выходзілі на дэманстрацыі, вялі агітацыю сярод рабочых, перапраўлялі нелегальна зброю і г.д. Калі ў 1863 г. пачалося паўстанне ў Літве і Беларусі, паўстанцы, каб схіліць на свой бок яўрэйскае насельніцтва, выпусцілі пракламацыю на польскай і яўрэйскай мове. У ёй гаварылася: “Калі мы з дапамогай Усявышняга вызвалім краіну ад маскоўскай няволі, мы разам будзем радавацца міру. Вы і дзеці вашыя будзеце карыстацца ўсімі грамадзянскімі правамі, без абмежаванняў, бо народны ўрад не будзе запытваць аб веры і паходжанні, а толькі аб месцы нараджэння” [20. С. 220]. Гэта спакушала ў рады паўстанцаў яўрэйскую моладзь, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Бывалі выпадкі, калі яўрэі распаўсюджвалі сярод сялян адозвы ксяндзоў, даносілі паўстанцам аб руху рускіх войскаў. Аднак гэта былі адзінкавыя выпадкі. У цэлым жа яўрэйскае насельніцтва не прымала ўдзелу ў паўстанні, а на Беларусі і ў Літве нават і не спачувала яму.
    Што тычыцца мусульманскага насельніцтва і іх духоўных настаўнікаў, то яны захоўвалі сяброўскі нейтралітэт, пазбягаючы актыўных дзеянняў [21. С. 138].
    Паўстанне закончылася паражэннем. He ўдалося рэалізаваць мару, якая захоўвалася ў пэўнай часткі насельніцтва былой Рэчы Паспалітай з канца XVIII ст., — мару аб адраджэнні яе былой славы і моцы. Вынікам паўстання сталі вялікія змены ў канфесіянальнай палітыцы, якія тычыліся практычна ўсіх канфесій і асабліва каталіцтва і праваслаўя.
    2.2.	ПАЛІТЫКА РУСІФІКАЦЫІ НАСЕЛЬНІЦТВА ПРАЗ ПРАВАСЛАЎНУЮ ЦАРКВУ
    Пасля таго як было падаўлена паўстанне 1863 г., палітыка царызму на беларускіх землях прыняла жорсткую накіраванасць на зацвярджэнне тут рускіх дзяржаўных асноў. Ажыццяўлялася яна пад сцягам “заходнерускага адраджэння”. He апошняя роля ў ажыццяўленні гэтай палітыкі адводзілася праваслаўнай царкве. Праваслаўе ў рускім грамадстве асэнсоўвалася як аснова рускай народнасці, галоўная артэрыя яе духоўнага развіцця. I менавіта праваслаўная царква, яе святары павінны былі пераканаць беларусаў у тым, што іх родная зямля спрадвеку — рускі край, а самі яны апалячаныя рускія, якіх зараз трэба вярнуць і да праваслаўнай царквы, і да рускай народнасці. Для гэтага яна мела шырокія магчымасці. Калі яшчэ на пачатку XIX ст. ішоў працэс завяршэння ўвядзення праваслаўнай царквы ў апарат кіраўніцтва, дык у канцы стагоддзя яна ўжо мела там даволі трывалыя пазіцыі. Клерыкалізацыя закранула ўсю унутраную палітыку самадзяржаўя. Праваслаўная царква аказвала вялікі ўплыў на ўсе бакі жыцця расійскага грамадства, з’яўляючыся апорай самадзяржаўя. Яе статус падтрымліваўся з дапамогай спецыяльных законаў.
    Нягледзячы на тое, што царызм абвясціў роўнасць усіх веравызнанняў у Расіі, на справе атрымлівалася інакш. Пануючая роля належала праваслаўю, што было зацверджана ў заканадаўчых актах. Згодна са зборам законаў 1857 г. праваслаўнае веравызнанне прызнавалася першынствуючым і пануючым у Расійскай імперыі. За спакушэнне з праваслаўя ў іншае хрысціянскае веравызнанне законы жорстка каралі: пазбаўлялі ўсіх асобых правоў і прывілеяў, адпраўлялі ў ссылку ў Томскую ці Табольскую губерні; тых, хто не быў вызвалены ад цялесных пакаранняў, каралі розгамі і аддавалі ў арыштанцкія роты грамадзянскага ведамства тэрмінам на 1 — 2 гады. У выпадку прымянення насілля пры спакушэнні з праваслаўя віноўныя пазбаўляліся ўсіх правоў і маёмасці і высылаліся ў Сібір на пасяленне [22].
    He менш жорстка караліся і асобы, якія садзейнічалі спакушэнню праваслаўных праз казанні або сачыненні. У такіх выпадках прадугледжваліся наступныя меры. Калі гэта было ўпершыню, то вінаваты пазбаўляўся некаторых асобных правоў і прывілеяў і падвяргаўся зняволенню ва ўціхамірвальным
    доме тэрмінам на 1 -2 гады. У другі раз яго чакала зняволенне да 4 — 6 гадоў, у трэці — пазбаўленне ўсіх асабістых і па стане правоў і адпраўка ў ссылку ў Томскую ці Табольскую губернію з заключэннем на 1 — 2 гады. Тых, хто не быў вызвалены ад цялесных пакаранняў, каралі розгамі і аддавалі ў арыштанцкія роты на 2 — 4 гады. “Адна пануючая царква, — сцвярджаў закон, маючы на ўвазе царкву праваслаўную, — мае права ў межах дзяржавы пераконваць тых, хто не належыць да яе, да прыняцця яе веры” [23. С. 70]. Закон катэгарычна забараняў пераход з праваслаўнага веравызнання ў іншае: “Як народжаным у праваслаўнай веры, так і тым, хто перайшоў з іншай веры, забараняецца адступаць ад яе, прымаць іншую веру, нават і хрысціянскую”.
    Рабіліся захады, каб зацвердзіць пазіцыі праваслаўнай царквы не толькі заканадаўча. Па ўсёй Беларусі будаваліся і рамантаваліся праваслаўныя храмы, пераводзіліся з унутраных губерняў святары. Грошы, якія былі для гэтага патрэбны, выдзяляліся галоўным чынам з ліку кантрыбуцыі, сабранай са шляхты, што была звязана з паўстанцамі і лічылася польскай [24. С. 144]. Пад праваслаўныя цэрквы прыстасоўваліся зачыненыя пасля паўстання касцёлы. Аднак гэтага было мала, каб ажыццявіць шырокую праграму замацавання праваслаўя на беларускіх землях. У цыркуляры генерал-губернатара К. П. Каўфмана ад 27 снежня 1865 г. адзначалася, што ніякія сумы, выдзеленыя ўрадам на царкоўнае будаўніцтва, не могуць задаволіць, калі самі прыхаджане не будуць утрымліваць цэрквы на свае ахвяраванні. “Дзяржаўныя сродкі, — адзначалася ў цыркуляры, — не могуць распаўсюджвацца на ўсе выключна цэрквы Заходняга краю, а толькі на тыя з іх, што па прычыне малалюднасці і беднасці прыхаджан не могуць быць узведзены без знешняй дапамогі” [12. Ф. 43, Воп. 5. спр. 9, арк. 507].