• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    У другой палове XIX ст. далейшае развіццё атрымалі праваслаўныя жаночыя навучальныя ўстановы духоўнага ведамства. Яны падзяляліся на дзве катэгорыі: жаночыя вучылішчы духоўнага ведамства і епархіяльныя жаночыя вучылішчы. Першыя пачалі стварацца ў 1843 г., калі цар Мікалай Паўлавіч у якасці вопыту загадаў усталяваць на два гады ўзорнае трохкласнае вучылішча для дзяўчын духоўнага звання (Царскасельскае вучылішча). Менавіта з гэтага часу бярэ пачатак “асобная сістэма выхавання” дзяўчын духоўнага звання (маюцца на ўвазе асобы праваслаўнага веравызнання). Да гэтага пры жаночых манастырах існавалі спецыяльныя навучальныя (а хутчэй выхаваўчыя) установы. Яны не мелі ні спецыяльнай праграмы навучання, ні агульнай сістэмы выхавання.
    На Беларусі жаночыя вучылішчы духоўнага ведамства пачалі стварацца ў 60-я гг., гэта значыць у тыя часы, калі тут актыўна праводзілася палітыка па зацвярджэнні народнай адукацыі як рускай і праваслаўнай. Адукацыі жанчын, будучых маці, удзялялася асаблівая ўвага. Вось што пісаў літоўскі мітрапаліт Іосіф у сувязі з адкрыццём у 1861 г. Віленскага вучылішча: “Спадзяюся, што яны (выпускніцы вучылішча)
    будуць добрымі жонкамі і маці, якія патрэбны ў тутэйшым краі для рускіх праваслаўных святароў. Вельмі шкада, што мае намаганні ў гэтым накірунку не змаглі здзейсніцца па крайняй меры гадоў дзесяць таму назад” [25. С. 205].
    Палітыка русіфікацыі, якая ўзмацнілася пасля паўстання 1863 г., у даным кірунку выявілася ў тым, што ў беларускіх губернях ствараецца яшчэ некалькі такіх устаноў: у 1863 г. — у Магілёве, у 1864 г. — у Полацку і Мінску. Існавала (з 1860 г.) і вучылішча ў м. Парычы. Яно было арганізавана жонкай генерал-лейтэнанта М.Пушчына для дачок праваслаўнага духавенства. Усе гэтыя ўстановы называліся спачатку вучылішчамі для дзяўчын духоўнага звання. Але пасля таго, як у выніку рэформы духоўная адукацыя стала ўсесаслоўнай, яны былі ў 1874 г. перайменаваны ў жаночыя вучылішчы духоўнага ведамства.
    Аб тым, якая вялікая ўвага надавалася выхаванню дачок праваслаўных свяшчэннікаў беларускіх губерняў, гаворыць той факт, што з 13 жаночых вучылішчаў духоўнага ведамства, якія існавалі ва ўсёй Расійскай імперыі, пяць былі на Беларусі. Кожны год у іх у сярэднім іх навучалася: у Полацкім — 113, у Парычскім — 105, у Віленскім — 87, у Магілёўскім — 85, у Мінскім — 80 вучаніц [25. С. 205]. У праграму навучання ўваходзілі: Закон Божы, царкоўныя спевы, свяшчэнная гісторыя, вучэнне аб богаслужэнні, руская і царкоўнаславянская мова, чытанне, арыфметыка, чыстапісанне, усеагульная гісторыя, руская гісторыя, геаграфія Расіі, усеагульная геаграфія, маляванне ўзораў для шыцця і рукадзелле. Вучэбны курс уключаў таксама выкладанне паняццяў аб фізічным выхаванні дзяцей, доглядзе за хворымі, лекавых раслінах. Для практычнага навучання вядзенню гаспадаркі пры вучылішчах меліся сад, дапаможная гаспадарка. Рэвізіі, што праводзіліся час ад часу, паказвалі, што справы ў многіх вучылішчах ішлі нядрэнна. Так, у 1872/73 вучэбным годзе аб рабоце Магілёўскага вучылішча дзяўчын духоўнага звання паведамлялася: “Пры выкладанні прадметаў настаўнікі галоўным чынам непакоіліся аб тым, каб выхаванкі з разуменнем засвойвалі матэрыял. Законавучыцель, выкладаючы катэхізіс, патрабаваў, каб вучаніцы сваімі словамі пераказвалі новы ўрок, і толькі калі быў перакананы, што яны зразумелі змест, дазваляў вучыць на памяць. Па гісторыі, акрамя пераказу, патрабавалі ведання храналагічных датаў, падзей. Рускую мову, арыфметыку выкладалі такім чынам: выконвалі практыкаванні, задачы, а потым самі выводзілі правілы. Па
    геаграфіі патрабаваліся веданне карт, чарцяжоў” [28. Ф. 802, воп. 15, спр. 2, арк. 4].
    Побач з жаночымі вучылішчамі духоўнага ведамства існавалі епархіяльныя жаночыя вучылііпчы. Яны пачалі стварацца яшчэ ў 40-я гг., але ў той час болып паходзілі на прыюты для сірот, чым на навучальныя ўстановы. У 1868 г. быў зацверджаны агульны статут з праграмай навучання для гэтых вучылішчаў. Статут указваў, што епархіяльныя вучылішчы ствараюцца для адукацыі дачок праваслаўнага духавенства (дазвалялася прымаць і з другіх саслоўяў пры ўмове ўнясення адпаведнай платы). Вучылішчы гэтыя падпарадкоўваліся Св.Сіноду, але існавалі на мясцовыя епархіяльныя сродкі і на добраахвотныя ахвяраванні ўстаноў і асоб. Непасрэднае кіраўніцтва вучылішчамі было ўскладзена на епархіяльныя вучылішчныя саветы.
    Некаторыя змены ў кіраўніцтве вучылішчамі адбыліся ў 1882 г.: было ўстаноўлена, што ўсе служачыя, акрамя начальніцы, зацвярджаюцца на пасаду епархіяльным архірэем. Кандыдатаў на пасаду начальніцы зацвярджаў Св.Сінод па прадстаўленні епархіяльнага архірэя. У праграму навучання ўваходзілі агульнаадукацыйныя прадметы, a таксама рукадзелле і вядзенне хатняй гаспадаркі. Скончыўшыя вучылішчы атрымлівалі званне хатніх настаўнікаў па тых прадметах, па якіх мелі добрыя поспехі, без асобных іспытаў. Усяго ў Расійскай імперыі на пачатку 80-х гг. было створана 49 епархіяльных жаночых вучылішчаў, у тым ліку ў беларускіх епархіях — 2 (Віленска-Марыінскае ў Вільні і Спаса-Ефрасіннеўскае ў Полацку) [28. Ф. 802, воп. 16, спр. 153, арк. 4],
    Высокі адукацыйны ўзровень праваслаўных святароў даваў падставу царскім уладам прыцягваць іх да настаўніцкай працы. Адразу ж пасля падаўлення паўстання 1863 г. урадам былі прыняты меры, каб паставіць народную адукацыю пад кантроль праваслаўя. Да гэтага, яшчэ на пачатку 60-х гг., у працэсе абмеркавання праекта статута агульнаадукацыйных навучальных устаноў і праекта агульнага плана стварэння народных вучылішчаў, выказваліся розныя думкі аб тым, якой павінна быць народная школа на Беларусі. Мясцовая шляхта лічыла, аб чым сведчаць шматлікія запіскі, якія дасылаліся ў той час у Міністэрства народнай асветы, што яна павінна быць, як і раней, польскай. Вось, напрыклад, як абгрунтоўвалася гэтая думка ў “Запісцы Мінскага губернскага прадвадзіцеля дваранства аб рэформе народнай адукацыі”, паданай міністру народнай асветы 19 мая
    1862 г.: “Што тычыцца мовы, то можна цвёрда сказаць, што мова, да якой дзіця прывыкла з маленства, на якой прамаўляе свае першыя малітвы незалежна ад веравызнання, якая выключна выкарыстоўваецца дома і ў грамадстве, менавіта гэтая мова павінна быць мовай для выкладання ў вучылішчах. Такой мовай для нашай губерні з’яўляецца польская. Яна нам пакінута папярэднімі правіцелямі, і хаця і была выведзена з вучэбных устаноў у 1834 г., але да гэтага часу заставалася жывой у жыцці нашым грамадскім” [5. С. 70-71],
    Расійская грамадская думка ў большасці сваёй прытрымлівалася афіцыйнага кірунку, лічачы, што народная школа ў губернях так званага Паўночна-Заходняга краю павінна быць рускай. Некаторыя ўсё ж прызнавалі існаванне “мясцовага дыялекту, сялянскай мовы”, якую павінны ведаць настаўнікі. Але пасля падаўлення паўстання аб гэтым ужо ніхто не разважаў. Для генерал-губернатара М.Мураўёва ўсё было дасканала проста: разам з чыста рускім нацыянальным характарам школе беларускіх губерняў трэба надаць характар праваслаўны. Надзеі ў гэтым плане ўскладаліся на праваслаўныя царкоўныя школы, што пачалі шырока распаўсюджвацца па ўсёй Расіі ячшэ ў 40-я гг., пасля таго як у 1839 г. выйшаў царскі ўказ, якім праваслаўнае духавенства запрашалася да стварэння царкоўных школ. У тым жа годзе Св.Сінодам былі выдадзены “Правнла касательно первоначального обучення поселянскнх детей”, якія давалі духавенству практычныя рэкамендацыі ў гэтай справе і сталі перпіымі правіламі царкоўна-прыходскіх школ.
    На Беларусі праваслаўныя царкоўныя школы пачалі актыўна стварацца з канца 50-х гг. У 1857 г. І.Сямашка звярнуўся з распараджэннем да праваслаўных святароў, якім яны абавязваліся вучыць дзяцей сваіх прыхаджан малітвам і грамаце. Больш таго, каб прыходскія свяшчэннікі не адмаўляліся ад гэтых абавязкаў, іх прымушалі даваць адпаведныя распіскі [29. С. 9, 10]. Чаму спатрэбіліся такія захады? Відаць, таму, што вярхі праваслаўнага духавенства Беларусі непакоіла тое, што іх уплыў на сялянскія масы быў усё яшчэ недастатковы. Каталіцкае духавенства ўсё яшчэ мела вялікі ўплыў у краі. У 1857 г. было дазволена выкладаць польскую мову ў казённых, у 1858 г. — у прыватных навучальных установах. Мясцовая беларуская шляхта пачала актыўна ствараць невялікія школы для сялянства. Прыходскія вучылішчы і вучылішчы дзяржаўных маёмасцяў не адпавядалі тым намерам, якія на іх ускладаліся, ні сваёй колькасцю, ні зместам навучання. На
    пачатак 60-х гг. у Віленскай навучальнай акрузе (уключала на той час Віленскую, Гродзенскую, Мінскую і Ковенскую губерні) налічвалася 96 прыходскіх вучылішчаў і 109 вучылішчаў палаты дзяржаўных маёмасцяў. “Але толькі школы, што адкрывала праваслаўнае духавенства, — лічылі царскія чыноўнікі, — давалі адукацыю ў руска-праваслаўным накірунку, ... вучылішчы прыходскія і палатскія з іх настаўнікамі, у значнай большасці палякамі, служылі мэтам хутчэй польскім, чым рускім, а вучылішчы, што адчынялі памешчыкі, ставілі мэтай выхаваць народ у накірунку, варожым праваслаўю і рускай народнасці” [30. С. 56]. Таму і надавалася такая вялікая роля стварэнню царкоўных школ на Беларусі. На пачатак 60-х гг. у 450 прыходах Літоўскай епархіі іх было 250. У Полацкай епархіі (па звестках епархіяльнага назіральніка) царкоўныя школы былі ва ўсіх прыходах. Праўда, былі гэтыя школы нешматлюдныя, не мелі правільнай пастаноўкі вучэбнага працэсу, былі бедна абсталяваны. Здаралася, што ў школе быў толькі адзін падручнік, які разрывалі на лісткі для чытання. Дзе-нідзе наогул не вучылі пісаць, бо не было сродкаў на набыццё паперы і чарніла. Свецкі друк змяшчаў артыкулы, у якіх выказваўся недавер педагагічным здольнасцям свяшчэннікаў і нават самому факту існавання царкоўных школ, а самі яны называліся “потемкннскнмн деревнямн”. У 1865 г. дырэкцыя народных вучылішчаў Магілёўскай губерні прызнала не адпавядаючай рэчаіснасці лічбу аб колькасці царкоўных школ, што дало епархіяльнае кіраўніцтва. Тагачаснаму епіскапу Яўсевію прыйшлося даваць тлумачэнні гэтаму факту. На яго думку, справа заключалася ў тым, што дырэкцыя народных вучылішчаў зыходзіла з колькасці школьных будынкаў. Але царкоўныя школы амаль не мелі спецыяльных памяшканняў. Дзяцей вучылі або ў дамах свяшчэннікаў, або ў каго-небудзь з сялян. Таму цяжка было кантраляваць не толькі вучэбны працэс, але і колькасць такіх школ.