Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Дзейнасць Сенчыкоўскага і яго прыхільнікаў прынесла свае вынікі: ужо на пачатку 70-х гг. у 32 з 52 касцёлаў Мінскай губерні гучала руская мова [41. С. 153], Але, як і ўсё прымусовае, гэтая акцыя мела часовы поспех. Ужо на пачатку 80-х гг. большая частка ксяндзоў адмовілася ўжываць рускую мову замест польскай. Вось што з гэтай нагоды пісалася ў 1882 г. у “Лнтовскнх епархнальных ведомостях”: “Зараз з 32 касцёлаў засталося толькі два (Бабруйскі, што ў крэпасці, дзе настаяцелем ксёндз Сенчыкоўскі, і Цімкавіцкі ў Слуцкім павеце, настаяцель магістр багаслоўя Людвіг Кулакоўскі). 3 45 ксяндзоў, што давалі падпіску аб богаслужэнні на рускай мове, толькі гэтыя двое яе і выконваюць. Зрэдку яшчэ 3 — 4 чалавекі (у прысутнасці афіцыйных асоб) служаць па-руску, астатнія — па-польску” [42. С. 71],
I гэта было зразумела, бо з самага пачатку большасць ксяндзоў згаджалася ўвесці рускую мову не па сваёй волі. Справа была не толькі ў польскім патрыятызме ксяндзоў, а і ў тым, што было вядома нямала здарэнняў фізічнай расправы над ксяндзамі, якія абвінавачваліся ў “маскальстве”. Пагаршалася і матэрыяльнае становішча гэтых святароў, бо мясцовая шляхта адмаўлялася іх падтрымліваць. Трэба дадаць і тое, што 11 ліпеня 1877 г. быў выдадзены дэкрэт Кангрэгацыі інквізіцыі, які не адабраў увядзення рускай мовы ў дадатковае набажэнства. He дапамагала і матэрыяльная падтрымка ўрада: вядома, што настаяцелям тых прыходаў, дзе набажэнства вялося на рускай мове, выдавалася дадатковае жалаванне. Напрыклад, у 1891 г. у Мінскай губерні на гэтыя мэты было выдзелена больш за 60 тыс. руб. Дадатковае жалаванне атрымалі дэкан Мінска і настаяцель Св.Троіцкага касцёла прэлат Макарэвіч, бабруйскі дэкан і
настаяцель бабруйскага касцёла Аляхновіч, барысаўскі дэкан Лукашэвіч, слуцкі дэкан Урачэнскі, ігуменскі дэкан Байчынскі, настаяцель ігуменскага касцёла Бертовіч, настаяцель уздзенскага касцёла Кушалеўскі, настаяцель капыльскага касцёла Герачынскі, настаяцель клецкага касцёла Юргевіч, капелан мінскага дабрачыннага таварыства канонік Гаўронскі і 14 арганістаў.
Чым далей, тым мацней рабіўся ўціск з боку рымскакаталіцкага кіраўніцтва на арганістаў і тых, хто ўжываў рускую мову ў дадатковым набажэнстве. Сенчыкоўскаму забаранілі ўваход у вучылішча арганістаў і нават не дазвалялі сустракацца са сваімі выхаванцамі, абвінаваціўшы яго ў гомасексуалізме. Неўзабаве вучылііпча было наогул зачынена, а яго выхаванцы не маглі знайсці сабе месца для працы. У выніку склалася такое становішча, што на канец 90-х гг. з 47 парафіяльных касцёлаў Мінскай губерні 18 засталіся без настаяцеляў, кожны другі — без вікарнага.
Настойлівыя просьбы каталікоў, захады Рыма, незадаволенага такім становішчам, прывялі да пагаднення паміж Папай і расійскім царом. Яно было заключана ў красавіку 1897 г. Сутнасць пагаднення заключалася ў наступным: назначыць з захаваннем кананічных формаў на вакантныя пасады настаяцеляў, якія 6 адпраўлялі набажэнства на лацінскай мове.
Адной з мер, накіраваных на змяншэнне ўплыву каталіцкай царквы на масавае насельніцтва, было закрыццё школ пры касцёлах. Згубіўшы магчымасць займацца адукацыяй народа, каталіцкія ксяндзы забаранялі сваім вернікам адпраўляць дзяцей у царкоўна-прыходскія школы праваслаўнага духоўнага ведамства. У 1902 г. Віленскі рымска-каталіцкі епіскап звярнуўся да каталіцкага духавенства сваёй епархіі са спецыяльным цыркулярам, якім заклікаў духоўных асоб і вернікаў “словам і справай” абараняць святую веру ад царкоўна-прыходскіх школ і школ граматы. “Школы гэтыя, — адзначалася ў дакуменце, — варожыя каталіцкай веры, і па сваіх мэтах і праграмах выхоўваюць погляд на каталікоў як на ворагаў дзяржаўнасці”. Тым не менш нейкая частка сялян-каталікоў аддавала сваіх дзяцей вучыцца ў праваслаўныя царкоўныя школы. Так, у 1894 г. у Мінскай губерні сярод вучняў царкоўна-прыходскіх школ і школ граматы дзеці каталікоў складалі 2,1 % [43. С. 57],
Канфесіянальная палітыка царскага ўрада, пераходы вернікаў з каталіцтва ў праваслаўе, якія назіраліся на працягу 60 — 90-х гг. XIX ст., садзейнічалі таму, што доля
каталікоў у агульнай колькасці насельніцтва змяншалася, няглядзячы на іх абсалютны рост. Гэты працэс назіраўся ва ўсіх беларускіх губернях. Так, на пачатку 60-х гг. у Віленскай губерні пражывала 607 459 чал. каталіцкага веравызнання, што складала 74,1 % ад агульнай колькасці насельніцтва. У Гродзенскай губерні гэтыя лічбы складалі 273 121 (30,5 %) чал., у Магілёўскай — 43 013 (4,66 %), у Віцебскай 230 193 (29,1 %), у Мінскай 179 398 (18,1 %) чал. У 1897 г. колькасць каталіцкіх вернікаў у Віленскай губерні павялічылася да 935 847 чал., але іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва губерні знізілася да 58,8 % (па беларускіх паветах гэтыя лічбы адпаведна склалі 393,2 тыс. чал. і 46,1 %). У Віцебскай губерні пражывала 357 309 каталікоў, або 23,99 % ад агульнай колькасці насельніцтва (па беларускіх паветах — 65,9 тыс. чал., або 9,6 %); у Гродзенскай — 386 519 чал., або 24,1 % (па беларускіх паветах — 152,5 тыс. чал. і 13,6 %); у Мінскай — 217 959 чал., або 10,1 %, у Магілёўскай — 50 159 чал., або 2,9 %.
Такім чынам, колькасць каталіцкіх вернікаў пераважала ў канцы стагоддзя толькі ў Віленскай губерні цалкам. Што тычыцца асобных паветаў, то такая перавага захоўвалася не толькі ў гэтай губерні. У 1897 г. каталікі складалі большасць у Віленскай губерні: у Віленскім павеце — 65,5 %, у Лідскім — 62,5, у Ашмянскім — 56,7, у Свянцянскім — 78,0, у Трокскім — 83,8 %; у Віцебскай губерні: у Люцынскім павеце — 63,4 %, Рэжыцкім — 64,0 %; Гродзенскай губерні: у Сакольскім павеце — 69,3 % [27. С. 3, 4, 8, 9, 17, 18].
У канцы XIX — пачатку XX ст. на Беларусі існавалі Віленская рымска-каталіцкая епархія (аб’ядноўвала Віленскую і Гродзенскую губерні) і Магілёўская архіепархія (уваходзілі Мінская, Віцебская і Гродзенская губерні). Да 1869 г існавала асобна Мінская рымска-каталіцкая епархія, якая потым была аб’яднана з Віленскай, а з 1883 г. касцёлы і кляштары Мінскай епархіі сталі падпарадкоўвацца непасрэдна Магілёўскай архіепархіі.
Усе рымска-каталіцкія епархіі Расійскай імперыі падзяляліся на тры класы. Магілёўская архіепархія належала да першага класа, Віленская епархія — да другога. Архіепіскап Магілёўскі знаходзіўся ў Пецярбургу. Ён узначальваў рымска-каталіцкую духоўную калегію і з’яўляўся мітрапалітам усіх рымска-каталіцкіх цэркваў Расійскай імперыі. Епархіі падзяляліся на дэканаты, якія ў свой час складаліся з парафій.
Падрыхтоўку каталіцкіх святароў вялі дзве рымскакаталіцкія духоўныя семінарыі: Магілёўская і Віленская.
Магілёўская, што лічылася архіепархіяльнай, знаходзілася ў Пецярбурту. Паступалі ў гэтыя навучальныя ўстановы людзі розных саслоўяў. Напрыклад, у 1881 г. у Магілёўскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю паступіла 17 чал., у тым ліку з сялян — 7,з дваран — 5, з чыноўнікаў — 3, з мяшчан — 1. Неаднародным быў і нацыянальны склад семінарыстаў, хаця як у адной, так і ў другой пераважалі выхаванцы польскай нацыянальнасці [28. Ф. 821, воп. 150, спр. 390, арк. 34],
2.4. СТАРАВЕРСТВА, ПРАТЭСТАНТЫЗМ
Стараверства ў другой палове XIX — пачатку XX ст. было прадстаўлена беспапоўцамі (федасееўскі, філіпонаўскі, паморскі толкі) і папоўцамі. Пражывала і невялікая колькасць беглапапоўцаў. Жылі яны ва ўсіх беларускіх губернях, акрамя Гродзенскай, прычым колькасць іх пастаянна павялічвалася. Так, калі на пачатак 60-х іт. у Віцебскай губерні пражываў 37 121 старавер, то к 1897 г. іх колькасць складала ўжо83022чал. [27. С. 3,4, 17, 18].
У Віцебскай губерні пражывалі папоўцы, што падпарадкоўваліся белакрыніцкай іерархіі (г.Віцебск), беспапоўцы федасееўскага толку (Віцебскі, Дзвінскі, Люцынскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Невельскі, Лепельскі паветы), беспапоўцы паморскага і старапаморскага толку (г.Віцебск, Дзвінскі, Полацкі паветы), невялікая колькасць беглапапоўцаў (Віцебскі павет). Па даных перапісу 1897 г., у колькасных адносінах найбольшая колькасць старавераў пражывалаў Рэжыцкім (31 561), Дзвінскім (25 956), Віцебскім (6622), Полацкім (5953), Невельскім (5290) паветах.
У Віленскай губерні пражывалі беспапоўцы федасееўскага і паморскага толку. Найбольшая іх колькасць назіралася ў Дзісненскім (9484), Свянцянскім (7974), Віленскім (4989), Трокскім (2051) паветах.
Большасць старавераў Мінскай губерні належала да беспапоўскага федасееўскага толку. Пасяленні іх размяркоўваліся наступным чынам: у Бабруйскім павеце — 9116 чал., Барысаўскім — 3051, Ігуменскім — 995, Рэчыцкім — 251, Мінскім — 19, Мазырскім — Ібчал. Сярод гарадоў Мінскай губерні больш за ўсё старавераў жыло ў Бабруйску — 595 чал., у Барысаве — 131 чал., у Рэчыцы — 83 чал., у Мазыры — 20 чал. У Навагрудскім, Пінскім, Слуцкім паветах, а таксама ў гарадах Мінску, Ігумене, Навагрудку, Пінску,
Слуцку, Докшыцах і Нясвіжы старавераў не было наогул [43.С.40].
Галоўным месцам пражывання старавераў у Магілёўскай губерні быў Гомельскі павет. Яны належалі да папоўцаў белакрыніцкай іерархіі. Жылі тут і аднаверцы, беспапоўцы, невялікая колькасць беглапапоўцаў. У 1896 г. у губерні налічвалася 24 774 стараверы, 17 162 з іх (69, 3 %) — у Гомельскім павеце. Потым ішлі Сенненскі (4124), Рагачоўскі (1584), Магілёўскі (991), Аршанскі (334), Чавускі ( 217), Чэрыкаўскі (184), Быхаўскі (178) паветы. У Горацкім, Клімавіцкім, Мсціслаўскім паветах старавераў не было наогул [44. С. 29].
У адпаведнасці з колькасцю старавераў, што пражывалі на тэрыторыі той ці іншай губерні, дзейнічалі малітоўныя дамы, дзе стараверы чынілі свае рэлігійныя адправы. Найбольшая колькасць малітоўных дамоў знаходзілася ў Віцебскай (47), Віленскай (6), Мінскай (10), Магілёўскай (23) губернях [45].
Галоўным заняткам старавераў, што пражывалі ў беларускіх губернях, было земляробства. Сваёй зямлі яны за невялікім выключэннем не мелі, а бралі яе ў арэнду. 22 мая 1876 г. былі зацверджаны “ Правнла об устройстве еднноверцев н старообрядцев, водворенных на владельческнх землях в губерннях северо-западных н белорусскнх”. У іх адзначалася, што ва ўладаннях, якія належаць уласнікам, гарадам або розным установам, дзе аднаверцы і стараверы пасяліліся да 17 чэрвеня 1863 г., участкі, якія яны займаюць, пакідаюцца ім у пастаянную бестэрміновую арэнду на тых жа ўмовах, на якіх яны карысталіся імі да гэтага часу. Іх стараверы маглі выкупаць [46. С. 572, 573].