Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Пачынаючы з 1864 г. колькасць царкоўных школ пачынае змяншацца. Гэта тлумачыцца тымі працэсамі, што адбываліся ў цэлым у расійскім грамадстве. Буржуазныя рэформы, распачатыя ў Расіі, закранулі ўсе бакі яе жыцця. У сістэме адукацыі адным з вынікау гэтых рэформаў было наданне ёй свецкага характару. К пачатку 80-х гг. царкоўныя школы захавалі даволі трывалыя пазіцыі толькі ў Магілёўскай епархіі. Тут дзейнічала 898 школ, у той час як у Мінскай епархіі — 184, Полацкай — 20. У Літоўскай епархіі (па да-
ных на 1883 г.) засталося толькі 14 царкоўных школ. Здарылася гэта не таму, што царскі ўрад жадаў адціснуць духавенства праваслаўнага веравызнання ад справы народнай адукацыі. Меркавалася аб’яднаць намаганні розных ведамстваў гіраз губернскія і павятовыя вучылішчныя саветы, якія павінны былі кіраваць усімі пачатковымі навучальнымі ўстановамі. У губернях гэтыя саветы ўзначальвалі епархіяльныя архірэі. Прадстаўнікі духавенства ў абавязковым парадку ўваходзілі ў склад павятовых вучылішчных саветаў. Меркавалася, што дзякуючы гэтаму справа народнай адукацыі будзе знаходзіцца пад кантролем праваслаўнага духавенства. Палажэнне аб народных вучылішчах прадугледжвала, што адукацыя і выхаванне народа будзе ажыццяўляцца ў кірунку, заснаваным на рэлігійных пачатках (арт. 1) і толькі пры непасрэдным удзеле духавенства ў якасці настаўнікаў (арт. 15, 16) і назіральнікаў за ўсімі народнымі школамі. Заставалася стабільнай палітыка царскага ўрада і ў беларускіх губернях: народная адукацыя тут можа развівацца толькі як руская і праваслаўная па сваім характары. “Адукацыя народа, — пісаў М.Мураўёў папячыцелю Віленскай вучэбнай акругі І.Карнілаву, — павінна садзейнічаць зацвярджэнню ў народзе праваслаўя, для гэтага ўсе польскія школы павінны падпарадкавацца непасрэдна праваслаўнаму духавенству і кожны прыходскі свяшчэннік павінен быць найбольш блізкім і пільным блюсціцелем правільнага ў данным накірунку навучання” [31. С. 78]. I такая палітыка праводзілася ў жыццё. У 1867 г. сярод настаўнікаў пачатковых школ Мінскай губерні было 102 святары, дыяканы і дзячкі, 65 семінарыстаў. А ўсяго ў пачатковых школах пяці губерняў выкладала 580 святароў, 93 дыяканы і прычэтнікі, 116 выхаванцаў духоўных семінарый [32. С. 51]. Але гэтага было яўна недастаткова. 3 цягам часу праваслаўныя святары, занятыя сваімі непасрэднымі абавязкамі, адыходзілі ўсё далей ад справы навучання вернікаў. He ўнесла істотных змен і стаўка на семінарыстаў з унутраных расійскіх губерняў, якіх Мураўёў запрасіў у Беларусь.
Такім чынам народныя вучылішчы, якія прыйшлі на змену царкоўным школам, не змаглі ў поўнай меры спрыяць русіфікатарскай палітыцы царызму на беларускай зямлі. Недастаткова было надаць ім патрэбны змест шляхам увядзення адпаведных прадметаў навучання. Важна было і тое, хто іх даводзіў да розуму і сэрца вучняў. Выхаванцамі настаўніцкіх семінарый, адчыненых на Беларусі для
падрыхтоўкі настаўнікаў народных вучылішчаў, часцей за ўсё былі мясцовыя жыхары, якія вучылі любіць родную старонку, і далёка не заўсёды ідэі, якія яны неслі вучням, былі даспадобы ўладам.
3 пачатку 80-х іт. пачынаюць адраджацца царкоўныя школы. Моцным штуршком да гэтага сталі новыя правілы для царкоўна-прыходскіх школ, зацверджаныя 13 чэрвеня 1884 г. За дзесяць гадоў пасля прыняцця новых правілаў колькасць школ павялічылася: у Літоўскай епархіі — амаль у 100 pasoy (з 14 у 1883 г. да 1399 у 1893 г.), у Мінскай — у 7 (са 184 да 1316), у Магілёўскай — амаль у 2 разы (з 898 да 1582), у Полацкай — у 30 разоў (з 20 да 621) [25. С. 115].
Працэс адраджэння царкоўных школ у беларускіх губернях ішоў больш інтэнсіўна, чым ва ўсіх іншых губернях Расіі. Статыстычныя даныя сцвярджаюць, што ў 1893 г. усе епархіі, у склад якіх уваходзілі беларускія губерні, знаходзіліся ў ліку пяці першых па колькасці школ у разліку на 100 цэркваў. I яшчэ адна асаблівасць. Ва ўсіх епархіях, куды ўваходзілі беларускія губерні, сярод царкоўных школ значна пераважалі школы граматы. Так, у 1893 г. у Літоўскай епархіі налічвалася 1399 царкоўных школ, у тым ліку 139 царкоўна-прыходскіх і 1260 школ граматы; у Мінскай — 172 і 1144; Магілёўскай— 311 і 1271; Полацкай — 143 і 476 адпаведна [25. С. 21, 119].
Больш хуткі рост школ граматы ў параўнанні з царкоўнапрыходскімі школамі тлумачыцца беднасцю сялян беларускіх губерняў, адсутнасцю неабходных сродкаў на народную адукацыю ў вясковых святароў. Невялікія школы граматы, якія не патрабавалі ад сялян значных грашовых і іншых матэрыяльных затрат, успрымаліся імі лепш. Што да духавенства, то яно лічыла, што ііры суцэльнай непісьменнасці беларускага сялянства ўсялякая школа, нават і не вельмі задавальняюча пастаўленая, ужо крок наперад.
Разважаючы аб ролі царкоўных школ у развіцці сістэмы народнай адукацыі Беларусі, нельга не ўспомніць ісціну, якую прапаведваў Ф.Бэкан, што чыстыя веды ёсць сіла, але, калі гэтая сіла паварочваецца на службу палітыцы, яна можа прынесці вялікае зло. Так атрымалася і з царкоўнымі школамі. Распаўсюджваючы пісьменнасць сярод беларускага сялянства, яны разам з тым былі паслухмянай зброяй у руках царскага ўрада пры правядзенні русіфікатарскай палітыкі.
Моцнай апорай праваслаўя заўсёды былі брацтвы, якія мелі шматвяковую гісторыю. Аднак у гады царавання Каця-
рыны II практычна спынілі сваю дзейнасць нават тыя, якія працягвалі існаваць у Рэчы Паспалітай нягледзячы на розныя палітыка-канфесіянальныя варункі. У другой палове XIX ст. было вырашана зноў звярнуцца да іх, каб і далей выкарыстоўваць у мэтах распаўсюджвання і замацавання праваслаўнай веры. Ідэя была высунута прыхільнікамі М.Мураўёва і атрымала яго падтрымку. У 1864 г. былі зацверджаны асноўныя правілы заснавання праваслаўных царкоўных брацтваў. У 1880 г. у Расійскай імперыі існавала 63 праваслаўныя брацтвы. У перыяд 80 — 90-х гг. узнікла ячшэ 76 [33. С. 155, 201]. Значная колькасць гэтых брацтваў знаходзілася натэрыторыі Беларусі. Сярод іх царкоўнае брацтва ў імя свяціцеля Мікалая і прападобнай княжны Ефрасінні ў Полацку. Брацтва было ўтворана ў 1867 г. У 1877 г., адзначаючы дзесяцігоддзе свайго існавання, братчыкі падводзілі вынікі сваёй дзейнасці. У склад брацтва ўваходзіла 123 члены (адзін ганаровы папячыцель брацтва, восемь членаў савета, дзевяць членаў-заснавальнікаў, 53 ганаровыя члены, 56 братчыкаў). За дзесяць гадоў было сабрана больш за 21 тыс. руб., на якія падрыхтавана 20 народных настаўнікаў, аказвалася дапамога жаночай бясплатнай школе ў Полацку, утрымлівалася багадзельня на 10 — 12 чал. Брацтва штогод аказвала дапамогу бедным вучням Полацкага духоўнага вучылішча, выплачвала стыпендыі семінарыстам Полацкай настаўніцкай семінарыі [34. С. 72, 117], Дзейнічалі і іншыя брацгвы: віцебскае св.роўнаапостальнага князя Уладзіміра, магілёўскае богаяўленскае, віленскае Свята-Духава і інш. У справаздачы Св.Сінода за 1873 г. ім давалася наступная ацэнка: “Існуючыя ў заходніх епархіях брацтвы працягваюць з улікам сваіх сродкаў служыць справе праваслаўя, садзейнічаць добраўпарадкаванню праваслаўных храмаў, падтрымліваюць школы і вучэбна-выхаваўчыя ўстановы і аказваюць матэрыяльную дапамогу тым членам праваслаўнай царквы, якія маюць у гэтым патрэбу” [35. С. 35].
Аднак актыўнай дзейнасці сярод вернікаў брацтвы праводзіць не маглі па прычыне сваёй беднасці. Некаторым з іх аказвалася дапамога з боку імператрыцы і іншых членаў імператарскай сям’і, выдзяляліся сродкі Св.Сінодам. Напрыклад, у 1873 г. Св.Сінод вылучыў васьмі брацтвам заходніх губерняў у падтрымку школ па 250 руб. Полацкаму брацтву ў імя свяціцеля Мікалая і прападобнай Ефрасінні было выдзелена 450 руб. на ўтрыманне стыпендыянтаў у Полацкай настаўніцкай семінарыі. У 1877 г. гэтая сума была павялічана ўдвая.
У мэтах узмацнення ўплыву праваслаўя на неправаслаўнае насельніцтва ў беларускіх губернях ствараюцца місіянерскія таварыствы. Распачаўся гэты працэс адразу пасля прыняцця 21 лістапада 1869 г. статута праваслаўнага місіянерскага таварыства. Сваю задачу члены таварыства бачылі ў тым, каб “ні мячом і крывёю, ні страхам, пагрозамі і насіллем, а спосабам апостальскім, сілай навукі, сілай любві, сілай лагоднага слова і пераканання распаўсюджваць евангельскую навуку ў межах сваёй айчыны..." [36. С. 244] .
У епархіях пачалі стварацца аддзяленні місіянерскага таварыства, галоўнае ўпраўленне якога ў 1868 г. было перанесена з Санкт-Пецярбурга ў Маскву дзеля таго, каб яно знаходзілася пад кіраўніцтвам маскоўскага мітрапаліта Інакенція, які добра ведаў гэтую справу. Аддзяленні называліся камітэтамі місіянерскага таварыства. 15 сакавіка 1870 г. быў створаны Віцебскі камітэт місіянерскага таварыства, 11 мая — Мінскі [12. Ф. 295, воп. 1, спр. 146, арк. 1 — 3 ]. Дзейнасць членаў камітэта была слабай і звычайна зводзілася, як гэта адзначалася ў справаздачы Віцебскага камітэта за 1874 г., да ўнясення ім у казну патрабуемых трох рублёў. Грошы ішлі на пакрыццё канцылярскіх расходаў, выплату жалавання справаводу. Пры неабходнасці аказвалася грашовая падтрымка місіям у маштабе Расійскай імперыі. Напрыклад, у 1874 г. Віцебскі камітэт адправіў архімандрыту Уладзіміру, начальніку алтайскай місіі, 442 руб. 44 кап., што складала амаль 80 % усіх гадавых расходаў камітэта. Акрамя таго, галоўным у сваёй дзейнасці камітэты місіянерскіх таварыстваў лічылі працу сярод старавераў з мэтай схіліць іх да праваслаўя.
Гэтым жа мэтам — зацвярджэнню праваслаўных пазіцый у беларускіх губернях — служылі і праваслаўныя манастыры. У справаздачы обер-пракурора Св.Сінода за 1866 г. адзначалася: “У заходніх епархіях працягваецца паступовае развіццё чыста праваслаўных устаноў, якія павінны служыць рассаднікамі веры, набожнасці і рускіх асноў сярод тутэйшага праваслаўнага насельніцтва” [26. С. 9]. Словы гэтыя патрабуюць некаторага тлумачэння. Паступовае развіццё ішло не ў напрамку стварэння новых манастыроў. Наадварот, іх стала значна менш. Калі ў першай палове XIX ст. у беларускіх губернях было больш за 60 праваслаўных манастыроў, то на пачатак XX ст. іх засталося толькі 37. Прычым некаторыя з іх былі заснаваны або адноўлены ў другой палове XIX — пачатку XX ст. (Мінскі Спаса-Праабражэнскі жаночы, Бялыніцкі Раство-Багародзічны мужчынскі,