Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Ідэя аднаўлення Рэчы Паспалітай зноў яскрава зайграла, калі ў 1812 г. Напалеон распачаў вайну супраць Расіі. Французскі імператар і яго военачальнікі падагравалі ідэю палякаў і прапольскі настроенай часткі насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў, каб выкарыстаць сітуацыю ў сваіх мэтах. Уступіўшы 26 чэрвеня ў Мінск, маршал Даву ласкава прыняў прадстаўнікоў горада і заверыў іх ад імя Напалеона ў тым, што “яго непераможная армія прыйшла для вяртання палякам айчыны і яе незлічоныя атрады або пакрыюць гэтую зямлю сваімі трупамі, або вернуць палякам айчыну ва ўсім яе аб’ёме” [14. С. 7]. 28 чэрвеня адбылося ўрачыстае набажэнства ў касцёле, на якім прысутнічаў маршал Даву і ўвесь генералітэт. Урачыстыя сустрэчы французскіх войскаў арганізоўваліся каталіцкім духавенствам і прадстаўнікамі павятовых гарадоў Мінскай губерні. Але надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай з дапамогай французскай зброі не апраўдаліся.
Царскі ўрад памілаваў тых, хто сустракаў французаў “хлебам-соллю”, пакінуўшы іх на сваіх пасадах. Але і памяркоўнасць царскіх улад не змагла згасіць ідэю аб адраджэнні дзяржаўнасці, якая вылілася амаль праз два дзесяцігоддзі ў паўстанне супраць існуючага ладу. I зноў у першых радах паўстанцаў ішло каталіцкае духавенства. Яго ўдзел у паўстанні праяўляўся па-рознаму: ад учынення ўрачыстых набажэнстваў і заклікаў далучацца да паўстанцаў да непасрэдных актыўных дзеянняў у паўстанцкіх атрадах. Так, настаяцель Радашковіцкага касцёла ксёндз Паразінскі заклікаў сваіх прыхаджан дапамагаць паўстанцам фуражом і харчаваннем. Вікарны таго
ж касцёла ксёндз Вайткевіч удзельнічаў у нападзенні паўстанцкага атрада на пошту, раздаваў зброю. У цэлым па Мінскай губерні ў паўстанні 1831 г. удзельнічалі 38 прадстаўнікоў каталіцкага духавенства [15. С. 160, 161].
Пасля падаўлення паўстання царскі ўрад распачаў рэпрэсіўныя меры. Асабліва адчувальнымі яны былі ў адносінах да каталіцкіх кляштараў, бо падчас паўстання яны станавіліся кіруючымі цэнтрамі. У выніку ў 1832 г. на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў былі скасаваны 194 каталіцкія кляштары [8. Ф. 821, воп. 150, спр. 89, арк. 3]. Прымаліся і іншыя меры, накіраваныя на абмежаванне ўплыву рымска-каталіцкага духавенства на мясцовае насельніцтва. Напрыклад, у сувязі з тым, што падчас паўстання ксяндзы выкарыстоўвалі казанні для агітацыі за ўдзел у паўстанні, выказваючыся супраць расійскіх улад, было ўведзена цэнзарства казанняў. Прамаўляць іх можна было толькі па спецыяльных кіраўніцтвах вядомых польскіх прапаведнікаў Белабрэжскага і Філіпецкага. Свае ж асабістыя тэксты ксяндзы павінны былі прадстаўляць цэнзарам. Цэнзары назначаліся штогод па два чалавекі на кожны дэканат, іх прозвішчы друкаваліся ў царкоўных каляндарах (рубрыцэлях). Праўда, трэба адзначыць, што к канцу 50 — пачатку 60-х гг. большасць абмежаванняў ужо перастала выконвацца. I таму няма нічога дзіўнага ў тым, што і ў наступным вызваленчым паўстанні, якое адбылося ў 1863 г., каталіцкае духавенства зноў прыняло самы актыўны ўдзел.
Але дзейнасць каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў была не такой аднароднай, як гэта падавалася ў расійскай гістарыяграфіі і савецкай атэістычнай літаратуры. Мы ўжо ведаем з папярэдніх глаў, што сярод іх былі тыя, хто дапамагаў уладам праводзіць русіфікацыю касцёла, і тыя, беларусы па паходжанні, хто не жадаў адрачыся ад сваёй роднай, нібыта не існуючай мовы. Праўда, іх было вельмі мала.
Асэнсаваны рух беларускага нацыянальнага адраджэння сярод каталіцкага духавенства датуецца пачаткам XX ст. Але ён зараджаўся і выспяваў у складаных абставінах XIX ст. Адзін з актыўных дзеячаў беларускага нацыянальнага руху ксёндз Адам Станкевіч бачыць яго вытокі яшчэ ў першай палове XIX ст. А першым яго дзеячам, праўда “падсвядомым”, лічыць ксяндза Магнушэўскага. “У ім былі астаткі таго хрысціянства, якое яшчэ не было спольшчаным і якое яшчэ дазваляла яму бачыць праўду ў беларускім
народзе” [16. С. 4], Гэта, на думку Станкевіча, галоўнае, што прывяло ксяндза Магнушэўскага на ніву беларускага адраджэння. Клапоцячыся аб асвеце беларускіх дзяцей, Магнушэўскі адкрыў для іх школу. Менавіта тут і вучыўся беларускі сялянскі паэт Паўлюк Багрым.
Да ліку першых дзеячаў беларускага адраджэння А.Станкевіч адносіць і уніяцкага святара М.Баброўскага. Гэта вельмі цікавы факт, які сведчыць аб імкненні Станкевіча разглядаць праблему не з пункту гледжання палітычных, вузкагрупавых пазіцый, а бачыць яе вачыма беларуса. Здавалася б, што станоўчага мог знайсці каталіцкі ксёндз у дзейнасці уніяцкага святара, які “шмат папрацаваў над справай уз’яднання уніятаў”. Аказваецца, мог. Як сцвярджае Станкевіч, прафесар Віленскага універсітэта Баброўскі пад канец жыцця (памёр у 1848 г.) атрымаў прыход у Шэрашаве і гаварыў казанні заўсёды па-беларуску.
На пачатку XX ст. беларускі нацыянальны рух прымае свядомы характар. I сам гэты рух, і тое, што ў ім прынялі ўдзел даволі шырокія колы грамадства, сведчыць аб тым, што ні спаланізаваць, ні русіфікаваць цалкам беларускі народ не ўдалося. Родная мова працягвала жыць у сялянскім асяроддзі, нягледзячы на ўсе намаганні выціснуць яе адтуль. Жыла яна ў нейкай ступені і ў касцёле: “Праз увесь XIX пераломны для Беларусі век мова беларуская зберагла сабе хоць дужа скромнае месца, каб у наступным веку XX здабыць сабе ў тым жа касцёле месца больш пачэснае, а прынамсі, каб ужо свядома і адкрыта выступіць на арэну змагання за сваё жыццё, за свае слушныя, святыя справы ў святыні” [16. С. 4]. I калі ў XIX ст. беларуская мова (асабліва ў касцёлах заходніх беларускіх губерняў) чулася зусім зрэдку, дык на пачатку XX ст. гэта становіцца ўжо больш звыклай справай. У адным з нумароў “Гомана” за 1918 г. сустракаем успаміны, датаваныя 1908 — 1909 гг. аб тым, як вяліся казанні па-беларуску ў Гродзенскім павеце. “Ад першых слоў казання, — успамінае нехта Р., — мы ўсе чыста здзівіліся: ксёндз прамаўляў народу па-беларуску. Гэта было для нас такой навіной, што толькі другі сказ прамоўцы пераканаў нас, што чуем добра”. Гэта быў ксёндз Я.Бурба.
Цікава, што цэнтрам, дзе сярод каталіцкага духавенства зараджаўся і выспяваў рух за беларускае адраджэнне, стаў Пецярбург. Гэта тлумачыцца тым, што менавіта тут, у Пецярбургскай духоўнай акадэміі і Духоўнай каталіцкай семінарыі, рыхтаваліся галоўным чынам кадры для касцёлаў беларускіх губерняў. Імёны верных сыноў касцёла і беларускага народа
малаввдомыя, і гэта невыпадкова. Іх лёс не цікавіў ні польскіх, ні расійскіх даследчыкаў. Што ж тычылася беларускіх гісторыкаў савецкага часу, то іх адносіны да гісторыі царквы да апошняга часу былі адмоўнымі, дакладней кажучы, яна не існавала ў іх уяўленні наогул.
Вось толькі некалькі імёнаў ксяндзоў, якія шмат працавалі на ніве беларускага адраджэння.
Біскуп С.Дзенісевіч нарадзіўся на Магілёўшчыне, скончыў Мінскую духоўную семінарыю, потым духоўную акадэмію у Пецярбургу. Як ксёндз працаваў у многіх месцах Беларусі. У 1905 — 1908 гг. — прэлат і адміністратар Магілёўскай архідыяцэзіі. У 1906 г. Дзянісевіч выдаў на беларускай мове “Elementarz dla dobrych dzietok katolikou” ca сваімі каментарыямі. Да піянераў як рэлігійнага, так і наогул народнага беларускага адраджэння адносіцца ксёндз Ф.Будзька. Яшчэ ў час вучобы ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі ён спрабаваў тлумачыць польскія рэлігійныя кніжкі па-беларуску. Менавіта за сваю адданасць роднай мове нейкі час не мог атрымаць сан ксяндза, нягледзячы на тое, што скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію. I толькі дзякуючы дапамозе з боку Дзенісевіча гэтае пытанне вырашылася станоўча. У 1917 г. ксёндз Будзька купіў невялікі фальварак каля Полацка, дзе пабудаваў капліцу. Ён марыў стварыць тут самастойную беларускую парафію.
Вялікія заслугі у справе беларускага адраджэння мае ксёндз А.Астрамовіч. Яго вершы пад псеўданімам Андрэй Зязюля можна было сустрэць у выданнях “Наша ніва”, “Беларус”, “Вольная Беларусь”, “Крыніца”.
Паступова дзейнасць асобных ксяндзоў беларусаў прывяла іх да згуртавання. У 1917 г. у Мінску адбыўся з’езд каталіцкага беларускага духавенства. На ім прысутнічала 30 ксяндзоў. На з’ездзе абмяркоўваліся наступныя пытанні: беларускі рух і яго адносіны да жыцця касцёльнага і да працы каталіцкай (дакл. ксёндз А.Станкевіч), палітычна-народная дзейнасць каталіцкага духавенства ў Беларусі (дакл. ксёндз В.Гадлеўскі), аб асветніцкай дзейнасці (дакл. ксёндз Ф .Абрантовіч) і інш.
Імкненне беларусаў-каталікоў аб’яднаць свае намаганні ў складаны для Беларусі час прывяло да стварэння арганізацыі “Хрысціянская дэмакратычная злучанасць” (ХДЗ). Змоманту свайго стварэння і да канца 1918 г. яна дзейнічала ў Пецярбургу, пазней у Мінску і іншых месцах. Выдаваўся штотыднёвік “Крыніца”. На яго старонках шмат увагі ўдзялялася гісторыі беларускага народа, яго традыцыям, мове. Амаль праз кожны
нумар праходзіла думка аб тым, што беларуская мова павінна заняць належнае месца ў касцёле. “Усюды, па ўсім свеце, дзе толькі тлумачаць людзям Хрыстову навуку, — пісаў у 1919 г.. ксёндз М.Краскоўскі, — робяць гэта на той мове, на якой гэтыя людзі гавораць і якую разумеюць... Адна толькі Беларусь выпала з-пад сусветнага права і сыны яе мусяць у касцёле замест Бога хваліць — прыглядацца і дзівіцца, як ксёндз па-польску трашчыць навуку...” [17].
Нацыянальны аспект дзейнасці праваслаўнага духавенства на першы погляд здаецца на дзіва простым: паколькі праваслаўная царква становіцца часткай дзяржаўнага апарата, то яна павінна праводзіць дзяржаўную палітыку, гэта значыць палітыку русіфікацыі. Але не будзем такімі катэгарычнымі. I адзначаючы, якую вялікую ролю адыгрывала праваслаўная царква і яе святары ў гэтай далёка не пачэснай справе, больш уважліва і пільна прыгледземся да іх дзеянняў. Мы не станем гаварыць аб вялікай ролі праваслаўных святароў як асветнікаў у другой палове XIX — пачатку XX ст., бо цяжка правесці тую мяжу, дзе станоўчая роля ў павышэнні пісьменнасці селяніна-беларуса пераходзіла ў адмоўную — выхаванне беларускай моладзі ў расійскім духу, што адмоўна адбівалася на яе нацыянальнай самасвядомасці. Але абысці краязнаўчую дзейнасць праваслаўнага духавенства і наогул выхаванцаў праваслаўнай царквы нельга.
Асаблівае месца сярод краязнаўцаў Віцебшчыны займае выхаванец Пецярбургскай праваслаўнай духоўнай акадэміі Д.Даўгяла (1868 — 1942). З’яўляючыся членам Віцебскага епархіяльнага царкоўна-археалагічнага старажытнасховішча, ён шмат зрабіў у справе збірання і вывучэння дакументаў па гісторыі царквы, напісаў шэраг цікавых прац [18].