Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Хаця ў другой палове XIX — пачатку XX ст. вострых рознагалоссяў па межканфесіянальных пытаннях ужо не было (маюцца на ўвазе ўзаемаадносіны паміж іудзеямі і хрысціянамі), аднак гэтая праблемаяшчэ заставалася. Тым больш што мясцовыя ўлады прытрымліваліся думкі, што яўрэйства — гэта “дзяржава ў дзяржаве”, шкодная і небяспечная як для Расіі, так і для ўсяго хрысціянскага свету. Менавіта гэтая думка праходзіла праз “Кннгу Кагала”, выдадзеную у 1869 г. (потым адбылося яшчэ некалькі яе выданняў) Віленскай навучальнай акругай. Кніга была складзена хрышчоным яўрэем з Мінска Я.Брафманам і ўяўляла сабой шэраг актаў (з каментарыямі) Мінскага кагалу канца XVIII — пачатку XIX ст. [9. С. 241; 19. С. 200].
У 1897 г. была створана сусветная арганізацыя сіяністаў. Сваёй мэтай яна ставіла заснаваць у Палесціне — на радзіме продкаў, сімвалам якой абвяшчалася гара Сіён, — яўрэйскую дзяржаву. Распаўсюдзіліся ідэі сіянізму і сярод яўрэяў, што жылі на тэрыторыі Беларусі. Ужо ў 1898 г., па звестках дэпартамента паліцыі, толькі ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях налічвалася 54, а ў 1900 г. — 92 сіянісцкія гурткі. У 1902 г. у Мінску адбыўся Усерасійскі з’езд сіяністаў. У той час урад у адносінах да сіянісцкага руху займаў пазіцыю чакання і разлічваў на тое, што ён будзе садзейнічаць змяншэнню ў Расійскай імперыі колькасці яўрэйскага насельніцгва. Але паступова ідэі чыстага сіянізму (Базэльская праграма) сталі адыходзіць на задні план, а на першы пачала ставіцца праграма непасрэднай працы на месцах “в стране нзгнання”. Гэта мяняла адносіны ўрада да сіяністаў, тым больш што ўрадавыя колы пераконваліся, што абяцаны “массовый нсход” яўрэяў не адбываецца, а сам сіянізм дужэе і набывае новыя кірункі і цячэнні. Таму 24 чэрвеня 1903 г. быў падпісаны сакрэтны цыркуляр, які забараняў ўсялякую дзейнасць сіяністаў, не скіраваную на тэрміновы выезд яўрэяў з Расіі, a
1 чэрвеня 1907 г. указам Сената арганізацыі сіяністаў наогул былі забаронены.
У гады першай сусветнай вайны многія традыцыйныя цэнтры яўрэйскай духоўнай культуры былі разбураны. Сярод бежанцаў, што хваляй хлынулі на ўсход, было нямала яўрэяў. Вайна прымусіла царскі ўрад у жніўні 1915 г. часова адмяніць рысу аседласці. Яўрэйскае насельніцтва з заходніх абласцей усталёўвалася на новых месцах, галоўным чынам у гарадах Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Сюды ж эвакуіраваліся і многія духоўныя ўстановы, каб распачаць дзейнасць на новым месцы і ў новых гістарычных абставінах.
4.2. МУСУЛЬМАНСТВА
У 1793 і 1795 гг. у склад Расійскай імперыі ўвайшлі Міншчына, Віленшчына і Гродзеншчына, на тэрыторыі якіх пражывала нешматлікае мусульманскае насельніцтва — татары. У 1794 г. Кацярына II абяцала, “не толькі пакінуць іх у свабодзе выконваць свае богаслужэнні і пры ўсім тым, што ў Літве яны маюць, але і забяспечыць іх стан” [18. С. 21].
Адносна колькасці татар, што пражывалі на Беларусі, у гістарыяграфіі няма адзінства. Розныя даследчыкі называюць розныя лічбы. Так, польскі гісторык Т.Корзан лічыў, што на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага у другой палове XVIII ст. пражывала каля 50 тыс. татар-мусульман. Сустракаюцца лічбы 30 і 40 тыс. Польскі даследчык Е.Сабчак прывёў лічбу 21,5 тыс. Усе яны, на наш погляд, значна перабольшаныя. Рэвізія 1795 г. адзначыла, што ў Слонімскай і Віленскай губернях татарскае насельніцтва складала 2332 чал. Гэтыя лічбы больш стасуюцца з лічбай 3152 (колькасць татар, якія пражывалі на тэрыторыі заходніх губерняў ў 1855 г., па звестках міністра ўнутраных спраў).
Праўда, неабходна ўлічваць тое, што ў пачатку XIX ст. невялікая колькасць мусульман з заходніх губерняў эмігрыравала ў Хоцін (Турцыя). Іх эміграцыя была звязана з чуткамі, што царскі ўрад мае намер перавесці татар у праваслаўную веру. Невялікая эміграцыя была і ў 60-я гг. Так, напрыклад, у 1868 г. са Слоніма ў Турцыю выехала 16 сямей, але з-за няведання мовы, звычаяў частка іх вярнулася назад [19. С. 228 230; 1. С. 64; 21. С. 29; 22. С.З; 21. С. 332; 22. С. 58; 23. С. 45; 24. С. 35],
Татары беларуска-літоўскіх губерняў спавядалі іслам суніцкага кірунку (па-арабску “суна” — звычай, сінонім
тэрміна “хадзіс” — паданне пра Мухамеда). Суніты лічаць законнымі спадкаемцамі Мухамеда трох халіфаў — АбуБекіра, Амара і Асмана — і таму прызнаюць толькі тыя паданні (суны), у якіх гаворыцца пра іх. Вучэнне сунітаў мае чатыры кірункі. Татары заходніх губерняў трымаліся вучэння Абу-Ханіфа (памёр у 767 г. н.э.) [25. С. 157].
У XVII — XVIII стст. мусульманскія абшчыны Рэчы Паспалітай былі самастойнымі. Пры неабходнасці вырашэння спрэчных пытанняў у рэлігійных справах яны звярталіся да муфтыя Атаманскай імперыі (Турцыя) або Крыма [26. С. 296].
У Расійскай імперыі пытанне аб падпарадкаванні мусульман заходніх іуберняў вышэйшаму канфесіянальнаму органу ставілася некалькі разоў. У 1803 г. літоўскія татары адмовіліся падпарадкоўвацца арэнбургскаму муфтыю, спасылаючыся на асаблівасці свайго становішча ў выніку прывілеяў, якія былі ім дадзены каралямі Рэчы Паспалітай. Згодна з імі пытанне аб канфесіянальным падпарадкаванні наогул не ўзнімалася [27. С. 192],
Становішча змянілася ў 30-я гг., калі па палажэнні аб Таўрычаскім магаметанскім духоўным праўленні ад 23 снежня 1831 г. яму пачалі падпарадкоўвацца мусульмане заходніх губерняў. У яго склад уваходзілі муфтый (галава праўлення з ліку вышэйшага духавенства), кадзій-эскер (намеснік муфгыя) і павятовыя кадзіі. Мусульмане заходніх губерняў ніколі не мелі сваіх прадстаўнікоў у духоўным праўленні. Яны звярталіся туды выключна для зацвярджэння выпісак з метрычных кніг, па пытаннях, звязаных з асобамі кандыдатаў на пасаду мулы і яго памочнікаў, іншы раз па шлюбных справах.
У 1891 г. было пачата пераўтварэнне Таўрычаскага магаметанскага духоўнага праўлення. Меркавалася забраць татар заходніх губерняў з гэтага праўлення і падпарадкаваць іх мул агульнаму грамадзянскаму кіраванню. Але, разгледзеўшы гэтую справу, вырашылі пакінуць іх пад кіраўніцтвам праўлення [10. Ф. 821, воп. 8, спр. 686, арк. 95],
У канцы XVIII ст. мусульманская канфесія ў беларускалітоўскіх губернях мела сетку мячэцяў. Вакол іх групаваліся татарскія абшчыны і пачалі фарміравацца мусульманскія прыходы. У Лідскім павеце дзейнічала Некрашунская мячэць, у Ашмянскім — Даўбуцішская, у Навагрудскім — Лоўчыцкая і Навагрудская, у Гродненскім — Багонінская і Крушнянская, у Брэсцкім — Студзянкоўская і г.д. 3 канца XVI ст. існавала мячэць у Мінску. Функцыі мусульманскай
абшчыны былі даволі простыя. Яна выконвала рэлігійныя і грамадскія адправы. Сход прыхаджан выбіраў патранат мячэці з ліку найболыл паважаных вернікаў. Яны клапаціліся аб усіх справах абшчыны, выбіралі мулу і мязіма (муэдзіна). У сувязі з тым, што ў мусульман гэтых губерняў не было вучылішчаў для навучання духавенства, гэтую пасаду займаў чалавек, які быў знаёмы з рэлігійнымі рытуаламі і абрадамі, умеў чытаць Каран.
У адрозненне ад хрысціянства ў ісламе няма пасрэднікаў паміж Богам і чалавекам. Адсутнічае і духавенства ў хрысціянскім разуменні, якое можа адпусціць грахі вернікам ад імя Бога. У выніку мусульманін сам павінен адказваць за свае грахі. Мула выконваў рэлігійныя і судовыя функцыі ў сваім прыходзе [27. С. 193; 30. С. 3].
Паводле указа ад 14 снежня 1837 г. выбранне мул і іншых мусульманскіх асоб па прыходах павінна было адбывацца па жаданні не менш 2/3 прыхаджан, якія лічыліся старэйшынамі сям’і. У выбарах не маглі ўдзельнічаць асобы, якія не належалі да прыхода, а таксама малодшыя члены сям’і (сыны, што жылі разам з бацькамі, самыя меншыя браты, пляменнікі і г.д.). Прыгавор грамадства аб выбранні мулы падпісваўся мясцовымі ўладамі, а затым прадстаўляўся ў Таўрычаскае духоўнае праўленне, якое звярталася за канчатковым зацвярджэннем да губернскага праўлення [16. Ф. 3211, воп. 1, спр. 80, арк. 2].
Духоўныя асобы Таўрычаскай магаметанскай акругі і мулы заходніх губерняў, пакуль знаходзіліся на пасадзе, былі вызвалены ад падаткаў і павіннасцяў. У заходніх губернях на працягу XIX ст. усе мулы былі з дваранскага саслоўя. Так, з Навагрудскай гарадской паліцыі 12 лютага 1849 г. паведамлялі ў Мінскае губернскае праўленне, што мула Навагрудка выбраны ад дваран і па паходжанні таксама дваранін [16. Ф. 299, воп. 1, спр. 3520, арк. 4].
Будаўніцтва і ўтрыманне мячэці было справай сходу прыхаджан. Мячэці будаваліся на землях (вакуфах), падараваных заможнымі прыхаджанамі, а грошы для будаўніцтва храма збіралі з мусульманскіх сямей.
На заходнія губерні быў распаўсюджаны ўказ ад 26 жніўня 1755 г., згодна з якім мусульманскі прыход павінен мець не менш чым 200 душ мужчынскага полу, толькі тады яму было дазволена будаваць новую мячэць. Прыхаджане павінны былі мець дастаткова сродкаў на будаўніцтва, а таксама на ўтрыманне духавенства. Згодна з указам ад 13 снежня 1817 г. мячэць павінна была будавацца сярод сялення, у месцы, якое з усіх бакоў было адчынена, і па плане, узгодненым з
грамадзянскімі ўладамі [27. С. 193; 10. Ф. 821, воп. 8, спр. 686, арк. 17; 16. Ф. 299, воп. 5, спр. 85, арк. 1].
Вясной 1809 г. татары-мусульмане, якія жылі ў м.Мір, звярнуліся да князя Дамяніка Радзівіла з просьбай выдзеліць зямлю і дазволіць пабудаваць мячэць. Князь выдзеліў ім зямлю ў м.Мір “напрадмесці Мінскім, на Татарскай вуліцы”. Мячэць была пабудавана ў 1809 г. на сродкі сходу. У 1815 г. была пабудавана мячэць у Ляхавічах, у сярэдзіне XIX ст. — ва Уздзе і Смілавічах, у 1803 — 1804 гг. — у Слоніме (на 500 кв. саж. зямлі, атрыманай ад памешчыка Бажымоўскага). У 1846 г. у Слоніме жыло 170 мусульман. Да гэтага прыхода адносіліся мусульмане Ружан, Быцені, Дзярэчына, Косава. У 1816 г. быў створаны відзаўскі магаметанскі прыход, а ў 1857 г. у Відзах была ўзведзена драўляная мячэць. У 1868 г. гэты прыход налічваў 243 прахаджаніна [27. С. 194; 31. С. 18; 32. С. 43].
Крыніцы даходаў мячэцяў былі розныя. Так, татары Даўбуцішскага сходу павінны былі плаціць мячэці асобны налог, які ў 1802 г. увёў мула Якуб Лебедзь. Акрамя таго, на карысць мячэці збіраліся пасашковыя па два злотых ад кожнай працоўнай сахі. Мячэці плацілі пасашковыя 176 татарскіх сох. Даходы павялічваліся і за кошт спадчынных дараванняў. Так, у 1805 г. Ян Крычынскі даў муэдзіну Даўбуцішскай мячэці Якубу Радкевічу пісьмо, якім завяптчаў у вечнае карыстанне свае пабудовы, палі і агароды. У 1891 г. такое ж пісьмо на 0,5 дзес. зямлі даў мячэці ад сябе і свайго брата Эміяз Юшынскі. У 1889 г. Аміна Мурза-Мурзічова з Багдановічаў запісала на мячэць у Навагрудку каля 10 дзес. зямлі, а ў 1913 г. Бекір Шабановіч пакінуў мячэці ў Мураўшчызнечастку сенажаці [31. С. 57; 23. С. 203].