Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
Ход канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў знаходзіўся пад кантролем вышэйшай партыйнай інстанцыі — Цэнтральнага Бюро КП(б)Б. 20 чэрвеня 1922 г. гэтае пытанне было разгледжана на яго пасяджэнні сумесна з прадстаўнікамі мясцовых партыйных арганізацый. Аб выкананні ленінскай устаноўкі “прывучыць” святароў сведчыў даклад з Мазыра: “Забіранне каштоўнасцяў прайшло гладка. У адной толькі воласці было супраціўленне на чале з папом. Поп прыгавораны да смяротной казні” [6. Ф. 4, воп. 21, спр. 474, арк. 40].
Вынішчэнне святароў адбывалася з дазволу дзяржаўнага кіраўніцтва рэспублікі. Ілюстрацыяй гэтаму з’яўляецца прыведзены вышэй прыклад. 23 красавіка 1922 г. на імя старшыні ЦВК БССР А.Чарвякова прыйшла тэлеграма, у якой паведамлялася, што ў Буйновіцкай воласці Мазырскага павета “пры адабранні царкоўных каштоўнасцяў узбуджаны святаром натоўп не дазваляе забіранне каштоўнасцяў. Камісія там чакае ўказанняў”. Яны хутка з’явіліся і прадпісвалі: “Святара зараз жа арыштаваць і даставіць у Мінск для аддання падсуд...” [14. С. 51], Аб далейшым яго лёсе чытачу вядома. На адзначаным пасяджэнні мясцовыя партыйныя кіраўнікі не жадалі раскрываць і паказваць свае варварскія аперацыі супраць духавенства. А яны вызначаліся жудаснымі вынікамі. У Бабруйскім павеце загінулі 22 служыцелі культу, у Мінскім — 49, у Магілёўскім — 61. Цяжка нават уявіць, што толькі ў 1922 г. у БССР быў расстраляны 201 прадстаўнік праваслаўнага духавенства [15. С. 51].
Праз абарваныя жыццё і кроў святароў, якія выступалі ў абарону святыняў ад рабавання, папаўнялася дзяржаўная
казна. Па даных, прадстаўленых міністрам фінансаў БССР Талунцісам, да 22 жніўня 1922 г. з храмаў Беларусі было адабрана: золата — 21 залатнік 28 доляў; срэбра — 30 пудоў 19 фунтаў 11 залатнікоў 5 доляў; брыльянтаў — 45 штук агульнай вагой 42 632 караты: жэмчугу — 12 залатнікоў; каштоўных камянёў — 52; медзі ў манетах — 33 фунты 27 залатнікоў 5 доляў [14. С. 51]. Па афіцыйных даных паступленні ў казну ад гэтай акцыі склалі 4 млн залатых рублёў. Няма ніякіх сумненняў у тым, што ўлады паказалі толькі частку вартасці канфіскаванага.
Наступленне бальшавікоў на рэлігійныя арганізацыі суправаджалася разгортваннем унутрыцаркоўнай барацьбы. Яна адлюстроўвала адносіны вышэйшых іерархаў да новага рэжыму. На гэтай глебе адбыўся раскол на “ціханаўцаў і абнаўленцаў”. Патрыярх Ціхан з часткай іерархаў не падтрымалі “бязбожную ўладу”, за што падвергліся рэпрэсіям. У сакавіку 1922 г.У.Ленін настойвае на тым, каб “усе сувязі гэтага дзеяча былі як мага падрабязней назіраемы і ўскрываемы... Абавязаць Дзяржынскага і Уншліхта асабістарабіць аб гэтым даклад у Палітбюро кожны дзень” [8. С. 192]. Яго ўказанні садзейнічалі ўсталяванню жорсткага кантролю за дзеяннямі патрыярха. 6 мая 1922 г. Ціхан быў арыштаваны.
Сярод абнаўленцаў, якія падтрымлівалі бальшавіцкую ўладу, было тры асноўныя плыні. Яны не без “дапамогі” ДПУ вялі паміж сабой барацьбу за лідэрства. Гэта “жывая царква” начале з протаіерэем У.Красніцкім (1880 — 1936), “Саюз суполак стараапостальскай царквы”, якую ўзначальваў протаіерэй А.Увядзенскі (1888 — 1946), і “Саюз царкоўнага адраджэння” пад кіраўніцтвам епіскапа Антонія (А.А.Граноўскі, 1865 — 1927). Пакуль Ціхан, які знаходзіўся пад арыштам, чакаў вырашэння лёсу, аднаўленцы займаліся сваімі справамі. У красавіку — маі 1923 г. яны правялі Сабор. Асудзіўшы “контррэвалюцыйнае” духавенства і паслаўшы тэлеграму У.Леніну, абнаўленцы пазбавілі Ціхана сана патрыярха. На чале царквы быў пастаўлены Вышэйшы царкоўны савет (ВЦС) з 18 чал. Пасля гэтага 16 чэрвеня 1923 г. Ціхан быў вызвалены з-пад хатняга арышту.
Сабор выказаўся за пераход царквы на “новы” стыль календара, пабудову царкоўнага кіравання на калегіяльнай аснове. Скасоўваўся культ святых мошчаў, прывілеяваны стан манаства. Беламу духавенству дазвалялася займаць пасады епіскапаў, другі раз жаніцца. Але прыхільнікі Ціхана не ўспрымалі новаўвядзенні і заставаліся вернымі старым царкоўным канонам.
У 20-я гг. рух абнаўленцаў пачаў распаўсюджвацца на Беларусі, асабліваў Магілёўскай епархіі. Тут 17 — 19 мая 1924 г. адбыўся Першы беларускі абласны царкоўны Сабор, які аб’яднаў абнаўленцаў на чале са Св.Сінодам і мітрапалітам Магілёўскім і Беларускім у Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву (БАПЦ). У новае аб’яднанне ўвайшлі каля 500 прыходаў, што складала амаль палову ад іх агульнай колькасці. Мітрапалітам абралі былога епіскапа Віцебскага і Полацкага Серафіма, але ён хутка выехаў у Ніжні Ноўгарад. Таму рашэннем пленума Сінода ў жніўні 1924 г. абавязкі мітрапаліта стаў выконваць архіепіскап Таганрогскі Уладзімір. Такім чынам, на Беларусі дзейнічалі два мітрапаліты. Уладзімір прызваў Мельхісэдэка супрацоўнічаць з абнаўленцамі, але той адмовіўся ад прапановы і праводзіў ранейшую палітыку.
Абнаўленцы, падтрымліваемыя ўладамі, якія дабіваліся расколу царквы знутры, не карысталіся павагай у вернікаў, асабліва ў Мінску. Народ бачыў у іх агентаў бальшавіцкага рэжыму, аўтарытэт якога з кожным днём усё больш губляўся. Аб гэтым сведчаць абставіны прыбыцця ў 1923 г. у Мінск абнаўленчага епіскапа Сергія (Іванцова). Пасля адпраўлення некалькіх набажэнстваў у Свята-ПятроПаўлаўскім кафедральным саборы вернікі болып не пусцілі яго ў сваю святыню, пасля чаго Сергій выехаў з Беларусі.
У выніку жорсткай антырэлігійнай палітыкі і агульнага крызісу абнаўленства Беларуская аўтаномная праваслаўная царква страчвала свае пазіцыі і ў снежні 1934 г. пастановай Св.Сінода праваслаўных цэркваў СССР была ліквідавана. Яе парафіі вярнуліся пад уладу Маскоўскай патрыярхіі [16. С. 641].
Мітрапаліт Мельхісэдэк не ішоў на кантакты з абнаўленцамі, праводзіў палітыку, накіраваную на беларусізацыю царквы. Як стала вядома зараз, 27 студзеня 1921 г. ўрад БНР накіраваў патрыярху Ціхану мемарандум, у якім прасіў зрабіць захады, каб:
1) ва ўсіх прыходах Беларусі прыходскія святары ў казаннях, катэхізацыі і наогул ва ўсім дадатковым набажэнстве карысталіся абавязкова беларускай мовай;
2) ва ўсіх беларускіх епархіях епіскапскія кафедры былі замешчаны епіскапамі-беларусамі, якія валодаюць беларускай мовай;
3) для беларускіх епархій былі выдадзены зборнікі, богаслужэбнікі, малітоўнікі і Новы Запавет на беларускай
мове, як гэта было зроблена яшчэ ў 1914 г. былым Св.Сінодам для Украіны.
Трэба адзначыць, што Ціхан з’яўляўся прыхільнікам ідэі ўзнаўлення саборнасці праваслаўнай царквы, што прадугледжвала шырокую аўтаномію.і самакіраванне ў прыходах, а таксама ўвядзенне нацыянальных моў у царкоўнае жыццё. Працуючы епіскапам Алеуцкім, а з 1905 па 1907 г. — архіепіскапам Нью-Йорка, ён дазволіў весці дадатковае набажэнства на англійскай мове, бо шмат хто з прыхаджан-амерыканцаў не разумеў па-руску. Надаючы асаблівую ўвагу паднятым у мемарандуме пытанням, Ціхан перадаў яго на абмеркаванне Св.Сінода і Вышэйшай царкоўнай рады. У пісьме на імя старшыні Рады Міністраў БНР патрыярх паведамляў, што пасля абмеркавання было пастаноўлена:
1) дазволіць прэасвяшчэнным беларускіх епархій (Літоўскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Полацкай і інш.) у выпадку пастуіілення ад большасці прыхаджан просьбаў аб ужыванні беларускай мовы ў так званым дадатковым богаслужэнні, у пропаведзях, катэхізацыі і інш. у тых храмах карыстацца беларускай мовай;
2) прапанаваць прэасвяшчэнным тых жа епархій прыступіць, калі акажацца магчымым, да выдання на беларускай мове пропаведзяў, богаслужэбнікаў і Новага Запавету.
Што датычыць пажадання ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі аб замяшчэнні беларускіх кафедраў у Беларусі асобамі, якія валодаюць беларускай мовай, то выканаць данае пажаданне не ўяўлялася магчымым, бо прыйшлося б змясціць некаторых епіскапаў, якія хоць і не валодалі беларускай мовай, але добрасумленна працавалі дзеля праваслаўнай справы ў Беларусі [17. С. 116, 117].
Пастанова была паслана ў беларускія епархіі, што выкарыстаў у сваёй дзейнасці Мельхісэдэк. Але з боку органаў ДПУ прымаюцца меры, каб пазбавіць яго магчымасці кіравання царквой. Для збору “кампрамату” пачаўся жорсткі кантроль за кожным крокам мітрапаліта. Сабраная інфармацыя штотыднёва перадавалася ў Маскву. Яна сведчыла аб тым, што Мельхісэдэк актыўна працаваў на ніве адраджэння рэлігійнага жыцця, рабіў першыя крокі на шляху беларусізацыі царквы. “Мясцовым рэакцыйным духавенствам на чале з Мельхісэдэкам прымаюцца ўсе меры да ўзмацнення свайго ўплыву на масы вернікаў шляхам арганізацыі звышштатных набажэнстваў, — паведамлялі работнікі ДПУ, — дзе распяваюцца перакладзеныя на беларускую мову цар-
коўныя песні і ўсялякімі абяцанкамі стараюцца заахвоціць правінцыяльных папоў” [18. С. 40],
Каб не дапусціць удзелу Мельхісэдэка ў рэлігійным жыцці, улады абвінавачваюць яго ва ўтойванні каштоўнасцяў ў час праводзімай у 1922 г. кампаніі рабавання царквы. Мітрапаліту таксама інкрымінуюць агітацыю і прапаганду з мэтай звяржэння савецкай улады. Выдуманых абвінавачванняў было дастаткова для таго, каб у жніўні 1924 г. узбудзіць супраць яго крымінальную справу. Перад следчымі ставіцца задача “папрацаваць” так, каб кампрамату хапіла для абвяшчэння вышэйшай меры пакарання. Але знайсці ў дзеяннях Мельхісэдэка што-небудзь крымінальнае не ўдаецца. Таму “справа” накіроўваецца ў Маскву, адкуль дазваляюць не прымяняць “вышэйшую меру сацыяльнай абароны”.
Тым часам 10 жніўня 1925 г. пачаўся судовы працэс, які працягваўся сем дзён. У абарону Мельхісэдэка і яго паплечнікаў дружна выступілі вернікі, грамадскасць сталіцы. Яны прысутнічалі ў зале пасяджэнняў суда, а тыя, каму не хапіла месца ў памяшканні, выказвалі сваю падтрымку, стоячы на вуліцы. У выніку немагчымасці абвінаваціць падсудных у інкрымінуемых ім ’’злачынствах” іх вымушаны былі апраўдаць. У лістападзе альбо ў пачатку снежня 1925 г. мітрапаліта выклікалі ў Маскву, і болып на Беларусь ён не вярнуўся. У сталіцы ён быў арыштаваны, а затым сасланы ў Краснаярск. Пасля падпісання дэкларацыі аб прызнанні Сергіеўскай царквы Мельхісэдэк атрымаў епіскапскую кафедру ў Краснаярску з тытулам архіепіскапа. У маі 1931 г. ён загадкава памёр у Маскве ў час падрыхтоўкі да правядзення службы [19. С. 262; 18. С. 43],
Пасля смерці 7 красавіка 1925 г. патрыярха Ціхана месцаахоўнікам патрыярхавага пасаду стаў адзін з яго бліжэйіпых паплечнікаў мітрапалітП. Круціцкі (П.Ф.Палянскі, 1862 — 1937). У снежні 1925 г. ён быў арыштаваны і сасланы ў Сібір, дзе, як зараз стала вядома, 10 кастрычніка 1937 г. абарвалася яго жыццё. Архірэйскі сабор РПЦ, які праходзіў у лютым 1997 г., прылічыў мітрапаліта Пятра да ліку свяшчэннамучанікаў . Раней, у 1988 г., быў кананізаваны патрыярх Ціхан.