• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    Пачатак калектывізацыі азнаменаваўся масавай хваляй рэпрэсій духавенства, галоўным чынам сельскіх святароў. У вёсцы пачалася вакханалія над вернікамі і царкоўнаслужыцелямі. Вось што паведамлялі пільныя чэкісты ў запісцы “Аб скажэннях, дапушчаных у царкоўных пытаннях па Беларусскай ССР”, накіраванай у партыйныя органы 12 красавіка 1930 г.: “У працэсе раскулачвання на месцах устаноўлены масавыя з’явы самачынных арыштаў прадстаўнікоў культа. Арышты праводзяцца ўсімі, каму ўгодна, — сельсаветамі, брыгадзірамі, асобнымі партыйцамі, камсамольцамі і г.д.” [6. Ф. 4, воп. 14, спр. 33, арк. 4], 3 усёй рашучасцю “класаваму” ворагу даваўся бой. Многіх ссылалі ў Сібір, на Салаўкі, чым давалі хоць маленькі шанец выжыць. Прыгавораных да вышэйшай меры пакарання расстрэльвалі на месцы. Такі лёс напаткаў святара з в. Языль Старадарожскага раёна У.Хрышчановіча. Разам са святаром былі расстраляны псаломшчык В.Капачэня, стараста Я.Палаўчэня, член царкоўнага савета С.Капачэня. Актыўныя прыхаджане С.Жук, Я. і Л.Палаўчэня, У.Насовіч, І.Корзун, В.Сасіноўская былі заключаны ў канцлагер. Такая трагічная гісторыя прыхода высвечвала жорсткасць адносін бальшавіцкай улады да простых людзей, “злачынствам” якіх з’яўлялася толькі вера ў Бога [24. С. 4].
    Органы ДПУ БССР рабілі ўсё для таго, каб справамі пацвердзіць правільнасць сталінскага тэзіса аб абвастрэнні класавай барацьбы. Адзін за другім праходзяць гучныя працэсы. У 1930 г. “ствараецца” Саюз вызвалення Беларусі (СВБ), у 1933 — Беларускі нацыянальны цэнтр (БНЦ). Апошняму прыпісвалі мэту звяржэння савецкай улады шляхам узброенага паўстання пры ваеннай падтрымцы Полыпчы. Па гэтай справе быў рэпрэсіраваны 161 чал.
    На агульным фронце барацьбы з ворагамі савецкай улады без увагі чэкістаў не маглі застацца прадстаўнікі рэлігійных арганізацый. Для нагнятання “царкоўнай” істэрыі ў пачатку 30-х гг. органы ДПУ стварылі гучную справу пад назвай “Аб
    контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанцкай арганізацыі ў Магілёўскім, Чавускім, Слуцкім, Віцебскім, Бешанковічскім і іншых раёнах БССР”. На зашыфраванай чэкісцкай мове яна атрымала назву “Справа “Езуіт”. Акрамя зрыву гаспадарча-палітычных кампаній “выкрытыя” арганізацыі абвінавачваліся ў падрыхтоўцы паўстання супраць улады вясной 1933 г. Па ёй праходзілі 79 чал., у тым ліку 5 епіскапаў, 48 святароў і дыяканаў, 12 іншых царкоўнікаў, 8 кулакоў, некалькі быўшых жандараў.
    Роля стваральніка і кіраўніка слуцкай філіі царкоўнапаўстанцкай арганізацыі адводзілася мясцоваму епіскапу Мікалаю (Шамяціла). Ён абвінавачваўся ў актыўнай контррэвалюцыйнай агітацыі, расстрэле сумесна з белапалякамі камуністаў. Абвінавачванняў у свой адрас епіскап не прызнаваў, як і іншыя “сябры слуцкай філіі арганізацыі”. Болып таго, калі падышла чарга падпісаць вынікі допыта, ён зрабіў заяву, занесеную ў пратакол: “Зараз цара і кулака няма. Але святароў савецкая ўлада ніколі не знішчыць. Калі адных арыштуюць, то знізу, з месцаў, будуць вырастаць новыя асобы духавенства... Наша цяперашняе жыццё безвыходнае, народ грабяць, расце злачыннасць. Таму прыйдзе час і савецкая ўлада звернецца за дапамогай да духавенства для рэлігійнамаральнага выхавання людзей. Веру нельга знічтожыць ніякай зброяй” [25].
    Збыліся прароцкія словы епіскапа. Загубленым жыццём некалькіх пакаленняў святароў прыбліжаліся новыя адносіны да царквы. Але яму самому не ўдалося дажыць да такіх светлых часоў. 9 чэрвеня 1933 г. Шамяціла быў прыгавораны да васьмі гадоў лагераў, а праз сорак дзён ён памёр у шпіталі КДБ.
    Палітыка рэпрэсій святароў і вернікаў суправаджалася закрыццём храмаў. Толькі на працягу 1930 г. па “просьбе насельніцгва” былі закрыты 573 царквы. Яны пераабсталёўваліся ў кулыурна-асветныя ўстановы, а пасля адпаведнай пастановы СНК БССР, прынятай у жніўні 1934 г., выкарыстоўваліся як склады, зернесховішчы. Вернікі не мірыліся з палітыкай руйнавання святыняў, выступалі ў іх абарону. У рэспубліцы на гэтай глебе назіраліся выпадкі сапраўдных бунтаў. Напрыклад, 12 сакавіка 1930 г. пасля арышту святара і царкоўнага старасты сакратар партячэйкі в. Сухарэвічы Лупалаўскага раёна Магілёўскай акругі разам з чатырма камсамольцамі прыйшлі ў мясцовую царкву здымаць іконы і рыхтаваць яе для пераабсталявання пад клуб. Хутка ў храм сабралася большая частка вяскоўцаў і запатрабавала пакінуць святыню.
    Пакуль сакратар партячэйкі выклікаў міліцыю з раённага цэнтра, сярод вернікаў пачалася перастрэлка. Цяжка быў паранены ветэрынарны ўрач. Толькі пасля арышту 10 чал. удалося разагнаць натоўп [6. Ф. 4, воп. 14, спр. 33, арк. 9].
    Выступленні вернікаў не маглі абараніць святыні. На 20 снежня 1936 г. у Беларусі была закрыта 1371 царква. Сярод дзейнічаўшых засталіся 74 храмы. Як бачна, да гэтага часу цалкам была парушана “сталінская” Канстыіуцыя, 124 артыкул якой прадастаўляў права на свабоду веравызнання. Жудасную карціну ўяўлялі сабой многія гарады. Так, у Мінску з 20 цэркваў закрылі 15, у Віцебску з 17 — 16, у Магілёве з 18 — 15. Былі тут і свае рэкорды. У Шклоўскім раёне, дзе было 25 цэркваў, не засталося ні адной.
    Акрамя закрыцця храмаў улады станавіліся на шлях вандалізму — іх разбурэння. 3 твару беларускай зямлі знікалі шэдэўры архітэктуры, рэлігійныя помнікі. Рабілася гэта з мэтай пазбавіць беларускі народ сваёй рэлігійна-нацыянальнай гісторыі, народных традыцый, выхаваць новыя пакаленні людзей-бязбожнікаў. Прыклад у гэтай агіднай справе падавала сталіца. У 1929 г. у Мінску разбурылі царкву пры вучылішчы сляпых, якая была ўзведзена ў 1909 г. з дапамогай мінскага ўрача І.Здановіча. На яе месцы пабудавалі Дом урада.
    У 1925 г. закрываецца Свята-Пятро-Паўлаўскі кафедральны сабор, заснаваны ў 1613 г. У другой палове мая 1936 г. ён быў узарваны. Месца на Саборнай плошчы, дзе знаходзіўся храм (зараз плошча Свабоды), расчышчалі некалькі гадоў, каб зрабіць тут звярынец.
    Улады не маглі змірыцца са становішчам, у якім апынуўся нядаўна пабудаваны Дом урада. 3 аднаго боку знаходзіўся касцёл св.Сымона і св. Алены, а з другога — праваслаўны Свята-Казанскі (прывакзальны) каменны храм. Трэба было выпраўляць становішча. Таму, каб не “псаваць” пейзаж, праз тыдзень пасля разбурэння кафедральнага сабора вырашылі сцерці з зямлі і гэты храм. Для выканання важнага спецыяльнага задання ў Мінск запрасілі будучага генерала П.Грыгарэнку, які ў 70-я гг. набыў шырокую вядомасць савецкага дысідэнта. У сярэдзіне 30-х гг. аб ім хадзіла слава як аб вядучым спецыялісце па падрыве храмаў. Зразумела, попыт на іх у той час у краіне быў вельмі вялікі. Паглядзець на вынікі працы прафесіянала прыйшлі першы сакратар ЦК КП(б)Б М.Гікала (1897 1938), старшыні СНК і ЦВК БССР М.Галадзед (1894 — 1937) і А.Чарвякоў, якія размясціліся на балконе Дома урада. Грыгарэнка не падвёў прысутных. Пасля выбуху, які прагрымеў раніцай, на месцы красаўца-храма
    засталася гара развалін. Расчышчанае месца, дзе ўзвышаўся сабор, назвалі плошчай імя Мяснікова [22. С. 24].
    У рэспубліцы праводзілася вялікая работа па разгортванні антырэлігійнай прапаганды. Па рашэнні ЦК КП(б)Б гэтыя пытанні былі ўключаны ў план вывучэння ў сетцы партыйнай і камсамольскай палітасветы. He абыходзіў тэму барацьбы з “царкоўнай ідэалогіяй” рэспубліканскі і мясцовы друк, асабліва напярэдадні рэлігійных свят. Тады старонкі газет і часопісаў пачыналі стракацець такімі артыкуламі, як “Каму патрэбны вялікдзень?”, “Паходжанне тройцы”, “Паходжанне і класавая сутнасць каляд” і інш.
    Састаўной часткай антырэлігійнай прапаганды з’яўлялася работа па ўкараненні новых савецкіх абрадаў, свят. Яна накіроўвалася на тое, каб адарваць насельніцтва ад царквы, рэлігійна-нацыянальных традыцый, якія складваліся вякамі. Мясцовыя ўлады пачалі з галоўнага — замест хрышчэнняў і вянчанняў сталі ўкараняць акцябрыны, чырвоныя вяселлі. Яны вельмі дасканала рыхтаваліся, але пераўтвараліся ў чарговае палітычнае мерапрыемства з прысутнасцю мясцовых партыйных і савецкіх кіраўнікоў, спяваннем “Інтэрнацыянала”. У 1925 г. у БССР у сярэднім у месяц праходзіла 300 акцябрын, 80 чырвоных вяселляў [26. С. 70].
    Такая запалітызаванасць новых актаў, адарванасць ад сямейных, народных традыцый, гістарычных каранёў не выклікала вялікай цікавасці ў насельніцтва, таму многія маладыя бацькі жадалі ахрысціць дзіця ў царкве. Сярод іх сустракаліся камсамольцы, камуністы, якія за адпраўленне рэлігійных абрадаў караліся выключэннем з партыі, камсамола. На такой жорсткай меры пакарання настойваў У .Ленін, аб чым сведчаць выказванні будучага правадыра Саюза ваяўнічых бязбожнікаў (СВБ) Е.Яраслаўскага (М.Губельман, 1878 — 1944). У 1921 г. ён накіраваў у газету “Правда” артыкул, у якім прапаноўваў строга караць камуністаў, якія адпраўлялі рэлігійныя абрады. Ва ўмовах разгортвання НЭПа, калі ў грамадстве ўсталёўваліся некаторыя дэмакратычныя свабоды, рэдакцыя засумнявалася ў правільнасці такой пастаноўкі пытання і вырашыла пазнаёміць са зместам артыкула Леніна. Прачытаўшы рукапіс, ён налажыў рэзалюцыю: “Друкаваць абавязкова. А такіх камуністаў гнаць вон з партыі” [27. С. 77],
    У Беларусі гэтая ленінская ўстаноўка цвёрда выконвалася на працягу ўсіх гадоў знаходжання камуністаў на чале ўлады. 3 далёкіх 20-х гг. бярэ пачатак традыцыя выключэння з партыі абвінавачаных у правядзенні рэлігійных абрадаў. 3
    кожным годам дысцыпліна станавілася ўсё больш жорсткай, як і колькасць выключаных па гэтай прычыне з радоў УКП(б). Калі ў 1926 — 1927 гт. да адказнасці былі прыцягнуты 55 чал., з іх 31 выключаны з партыі, то ў 1928 г. гэтыя паказчыкі склалі адпаведна 108 і 74 чал. [28. С. 26].
    Надзеі на размыванне не толькі рэлігійных, але і нацыянальных традыцый ускладаліся на новыя масавыя святы, якія распрацоўваліся партыйнымі ідэолагамі. Напрыклад, замест праваслаўнага свята Пакровы стаў укараняцца Дзень ураджая. Але новыя рьггуалы, абрадавыя формы не прыжываліся ў народзе, таму што ў іх не выкарыстоўвалася багатая спадчына традыцыйнай абраднасці беларусаў, не захоўвалася культурная пераемнасць.
    Ударнай сілай у сістэме глумлення над царквой з’яўлялася дзейнасць Саюза ваяўнічых бязбожнікаў (СВБ), разгорнутая ў краіне ў 1925 г. У Беларусі такая арганізацыя пачала стварацца пазней, калі 30 сакавіка 1926 г. у адпаведнасці з пастановай сакратарыята ЦК КП(б)Б пачаў працаваць часовы орган — бюро па стварэнні таварыства [6. Ф. 4, воп. 7, спр. 101, арк. 251]. Калі на 1 студзеня 1930 г. у радах СВБ БССР налічвалася 42 200 чал., то ў 1932 г. іх колькасць дасягнула 217 тыс., якія аб’ядноўваліся ў 3 тыс. ячэек. У рады гэтай арганізацыі ўцягваліся піянеры і школьнікі ва ўзросце ад 14 гадоў. У 1932 г. налічвалася 102 тыс. юных бязбожнікаў [29. С. 204],