Канфесіі на Беларусі
(к. XVIII — XX ст.)
Выдавец: Экаперспектыва
Памер: 340с.
Мінск 1998
У выніку ўнутрыцаркоўнай барацьбы намеснікам патрыярхавага месцаахоўніка стаў мітрапаліт Сергій (І.М.Старагародскі, 1867 — 1944), хаця ў спісе на гэту пасаду ён не значыўся. Хутка быў утвораны Сінод, прызнаны ўладамі. 29 ліпеня 1927 г. Сергій апублікаваў сваё пасланне аб змене царкоўнай
палітыкі і прызнанні савецкай улады. Нягледзячы на тое, што на ім стаялі подпісы яшчэ восьмі архірэяў, гэты дакумент атрымаў вядомасць як “Дэкларацыя мітрапаліта Сергія”. Усе, каму дорагі інтарэсы Рускай царквы, адзначалася ў пасланні, абавязаны паказаць, што “мы, царкоўныя дзеячы, не з ворагамі нашай Савецкай дзяржавы... а з нашым народам і ўрадам” [10. С. 225]. Пасля апублікавання звароту на Беларусі знайшліся яго паслядоўнікі, якія атрымалі назву “сергіеўцы”.
Ва ўмовах барацьбы паміж абнаўленцамі і сергіеўцамі з новай сілай паўстае ідэя ажыццяўлення аўтакефаліі, якая пасля 1922 г. не атрымала наступнага развіцця. Таму 9 — 10 жніўня ў Мінску прайшоў з’езд прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай епархіі, духавенства і міран пад старшынствам бабруйскага епіскапа Філарэта (Х.Раменскага). У ліпені 1922 г. ён удзельнічаў у абвяшчэнні аўтаноміі Беларускай праваслаўнай царквы. У сакавіку 1923 г. Філарэт быў узведзены ў сан архірэя. У той жа час адбылася хіратонія яшчэ двух протаіерэяў: Мікалая (Шамяцілы), які атрымаў прызначэнне ў Слуцк, і Іаана (Пашына), які адправіўся на жыхарства ў Петрыкаў з замацаваннем за ім кафедры ў Мазыры. Усе яны лічыліся вікарнымі Мінскай епархіі, але Філарэту, як бліжэйшаму да Мельхісэдэка епіскапу, належала першынство гонару.
З’езд абвясціў аб стварэнні самастойнай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ). У яго адозве да вернікаў гаварылася: “Прайшло сумнае пяцігоддзе, на працягу якога пытанне Беларускай мітраполіі не толькі не пасунулася да пажаданага канца, але ўскладнілася рознымі абставінамі царкоўнага жыцця, пакуль нарэшце падзеі апошніх гадоў не прывялі беларускую царкву ў стан параліча. I тады жыццё зноў высунула тую ідэю аўтакефаліі, якую да гэтага часу падаўлялі царкоўныя веянні і плыні, нічога супольнага не маючыя з сапраўднымі інтарэсамі царквы. Беларускі з’езд, які толькі што закончыўся, увачавідкі паказаў, як глыбока гэта ідэя пранікла ў свядомасць епархіі і з якім аднадушшам яна была санкцыяніравана яго саборным розумам — з’ездам. Інакш не можа і быць. У тую пару, калі сувязі, якія раней злучалі царкоўную акругу з вышэйшым адміністрацыйным цэнтрам, ужо аджылі, калі гэтыя сувязі прыносяць ёй не карысць, а шкоду, гэтая акруга павінна шукаць апорнага пункту ў самой сабе, у свабоднай канцэнтрацыі сваіх жывых сіл, у арганізацыі свайго адміністрацыйнага ладу” [20. С. 40 — 41].
Кананічнае зацвярджэнне Беларускай аўтакефальнай царквы Сусветным патрыярхам не адбылося ў сувязі з тым, што з ім падтрымлівалі сувязі толькі абнаўленцы. Хаця гэта не спрыяла паляпшэнню яе дзейнасці, але тым не менш БАПЦ праіснавала ў рэспубліцы да 1937 г., калі ў ліпені ўсе святары-аўтакефалісты былі рэпрэсіраваны.
Нягледзячы на праводзімую ўладамі палітыку расколу, рэпрэсій святароў, ідэалагічнага ўціску, праваслаўная царква працягвала жыць. Абрабаваная, без маёмасці, не прызнаная законам, яна абвяргала марксісцкае вучэнне аб рэлігіі як аб класавай з’яве, абумоўленай эканамічнымі фактарамі. Таму ў канцы 20-х гг. сярод паргыйна-ідэалагічнай эліты разгарнуліся спрэчкі аб далейшых адносінах да рэлігіі і царквы. Адны прызывалі весці барацьбу з “контррэвалюцыйнымі элементамі” на культурным фронце. Яркімі прадстаўнікамі гэтага кірунку з’яўляліся А.Рыкаў, М.Бухарын, А.Луначарскі і інш. Прыхільнікам “культурнай” барацьбы з рэлігіяй супрацьстаялі другія ідэолагі “ваяўнічага бязбожжа”. Яны настойвалі на выкарыстанні бязлітасных метадаў, лічачы, што барацьба з рэлігіяй з’яўляецца адной з формаў класавай барацьбы. На такіх пазіцыях стаяў і сам І.Сталін. Таму гэты кірунак у канцы 20-х гг. узяў верх. Пачалася новая хваля канфрантацыі дзяржавы з царквой, якая працягвалася да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гэта нанесла вялікую шкоду духоўнаму жыццю грамадства, непапраўныя людскія страты сярод свяшчэннаслужыцеляў, вернікаў, якія былі закатаваны ў гулагаўскіх засценках.
Непасрэдным повадам для наступу на царкву з’явіўся хлебанарыхтоўчы крызіс 1928 г. Надзвычайныя меры партыйна-ўрадавых структур выклікалі незадавальненне ў часткі сялянства, асабліва серадняцкай і заможнай, якая была найболып блізкай да рэлігійных арганізацый. 13 красавіка 1928 г. на сходзе актыву маскоўскай партыйнай арганізацыі І.Сталін выступіў з дакладам “Аб работах Красавіцкага аб’яднанага Пленума ЦК і ЦКК”. Ён правёў прамую аналогію з падзеямі 1921 г., калі духавенства “перашкаджала” канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў у карысць галадаючых. “Бацька народаў” заклікаў “звязаць шырокую масавую антырэлігійную кампанію з барацьбой за кроўныя інтарэсы народных мас і павесці яе такім чынам, каб яна, гэта кампанія, была зразумелай для мас, каб яна, гэта кампанія, была падтрымана масамі” [21. Т. 11. С. 50]. Крыху раней, у верасні 1927 г., у гутарцы з амерыканскай рабочай дэлегацыяй Сталін падкрэсліў немагчымасць партыі быць нейтральнай “у адносінах да рэакцый-
нага духавенства, якое атручвае сумленне працоўных мас” [21. Т. 10. С. 133].
Годам “вялікага пералому” становіцца 1929 год, калі канчаткова згортваецца НЭП, пачынаецца калектывізацыя. У грамадскую думку ўсё болып настойліва ўкараняецца “тэорыя” абвастрэння класавай барацьбы ў працэсе пабудовы сацыялізму. Прадстаўнікам царквы адводзіцца месца актыўнай контррэвалюцыйнай сілы, якая выступае супраць мерапрыемстваў дзяржавы. Сталін патрабуе ўзмацнення антырэлігійнай прапаганды. У палітычнай справаздачы ЦК XV з’езду УКП(б) ён заявіў: “У нас маецца яшчэ такі мінус, як аслабленне антырэлігійнай работы” [21. Т. 10. С. 324]. У сталінскім разуменні гэта азначала ўзмацненне эканамічнага ўціску, фізічнага тэрору, знішчэння як прадстаўнікоў духавенства, так і вернікаў.
Далейшы наступ дзяржавы на рэлігію, пералом у антырэлігійнай палітыцы азнаменавала пастанова ЦВК РСФСР “Аб рэлігійных аб’яднаннях”, прынятая 8 красавіка 1929 г. На доўгія гады яна лягла ў аснову дзейнасці мясцовых савецкіх органаў па кантролі за рэлігійнымі арганізацыямі. Пастанова забараніла ўсялякую царкоўную дзейнасць па-за сценамі храмаў. Яна разглядалася як прапаганда, на якую мелі права толькі атэісты. Рэлігійным аб’яднанням забаранялася праводзіць спецыяльныя дзіцячыя, юнацкія, жаночыя, малітоўныя і іншыя сходы, ствараць групы для навучання рэлігіі. За межамі цэркваў дзейнасць духавенства абмяжоўвалася наведваннем хворых і паміраючых. На ўсе іншыя дзеянні патрабаваўся спецыяльны дазвол мясцовых Саветаў.
Нягледзячы на тое, што царква не атрымала права юрыдычнай асобы, усе рэлігійныя аб’яднанні на працягу года павінны былі прайсці рэгістрацыю. Мясцовым уладам давалася права адмаўляць у рэгістрацыі. У такім выпадку прыход закрываўся, а культавы будынак адбіраўся. Больш таго, мясцовыя органы мелі права кантраляваць склад “дваццатак”, выключаць выбраных прыходам непажаданых асоб. Рэлігійным аб’яднанням забаранялася ўсялякая дабрачынная дзейнасць, нават у адносінах да свяшчэннаслужыцеляў і іх сем’яў, якія мелі патрэбу ў дапамозе.
Разам з драконаўскім заканадаўствам прымаліся меры эканамічнага ўдушэння рэлігійных абшчын. Яны разглядаліся як “даходныя” прыватныя прадпрыемствы і абкладваліся непамернымі падаткамі. Так, святар адной з цэркваў у Чэрвеньскім раёне быў абкладзены на суму ў 1972 руб., у той
час як яго даходы не перавышалі 50 руб. [6. Ф. 4, воп. 14, спр. 33, арк. 11],
Духавенства прымушалі падпісвацца на аблігацыі дзяржаўных пазык, здаваць грошы ў розныя фонды. У многіх выпадках нявыплата падатка або адказ ад той ці іншай падпіскі прыводзілі да арышту святароў і вернікаў, закрыцця прыходаў.
Пачатак 30-х гг. азнаменаваўся новай кампаніяй рабавання цэркваў. Яна пачалася канфіскацыяй званоў згодна з дырэктывай старшыні СНК СССР А.Рыкава ад 8 кастрычніка 1930 г. Улічваючы неабходнасць забеспячэння каляровымі металамі прамысловасці, электрабудаўніцтва і транспарту, прапаноўвалася ў кастрычніку — снежні 1930 г. і ў студзені — чэрвені 1931 г. атрымаць не менш 25 тыс. т лому, у тым ліку па РСФСР — не менш 20 тыс. т, па УССР — 4 і па БССР — не менш 1 тыс. т. У сувязі з паступаўшымі з месцаў запатрабаваннямі 23 кастрычніка А.Рыкаў зрабіў тлумачэнне да ранейшай дырэктывы. “Я лічу залішнім выданне ў агульнасаюзным парадку спецыяльнага закона, — тлумачыў старшыня СНК, — і звярнуўся да старшынь СНК саюзных рэспублік з указаннем, каб яны далі неабходныя дырэктывы ведамствам, абл. (край) выканкамам і гарадскім саветам” [10. С. 286]. А.Рыкаў паставіў задачу як мага хутчэй ажыццявіць гэту задачу, таму што было вырашана выкарыстоўваць званы “для чаканкі мелкай разменнай манеты, якая да таго часу чаканілася з імпартнай медзі, не прыдаючы гэтаму палітычнага значэння і залішняй агалоскі” [10. С. 285],
Распачаўшы дэмантаж званоў, улады знішчалі апошнія каштоўнасці, якія засталіся ў храмах. Лом накіроўваўся на перапрацоўку на Маскоўскі электраліцейны завод. Гэта кампанія працягвалася да канчатковага спусташэння храмаў. Адзін з апошніх, вялікі звон Свята-Пятро-Паўлаўскага кафедральнага сабора ў сталіцы, быў зняты ў 1934 г. Зроблены напалову з срэбра, вагой 320 пудоў 16 фунтаў, ён быў дастаўлены ў Мінск са Слуцка ў 1870 г. Звон з’яўляўся падарункам слуцкіх князёў Свята-Троіцкаму Слуцкаму манастыру [22. С. 24], Яго стваральнікі не маглі сабе ўявіць, што ў 30-я гг. XX ст. лёс наканаваў звону быць пераплаўленым у савецкіх мартэнах.
Па меры дэмантажу званоў на беларускіх абшарах сціхаў перазвон. Права на яго забарону прадастаўлялася выканаўчым камітэтам гарадскіх і раённых Саветаў. У большасці мясцін адмена перазвона і канфіскацыя званоў праходзіла
без супраціўлення вернікаў і духавенства. Гэта было характэрна, напрыклад, для Віцебска, дзе 30 чэрвеня 1933 г. мясцовыя ўлады забаранілі царкоўны перазвон у сувязі з тым, што ўжо ў той час прыхаджане і царкоўны актыў горада баяліся адкрыта асуджаць афіцыйную палітычную лінію. Больш таго, некаторыя служыцелі культу нават адзначалі ў гэтым станоўчыя моманты. Ва ўмовах эканамічнага ўдушэння не трэба было траціць грошы на ўтрыманне званароў [23. С. 15], Вось чаму доўгія гады не цешыў слых вернікаў перазвон.