• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесіі на Беларусі (к. XVIII — XX ст.)

    Канфесіі на Беларусі

    (к. XVIII — XX ст.)

    Выдавец: Экаперспектыва
    Памер: 340с.
    Мінск 1998
    111.35 МБ
    Палітыка фарсіраванай пабудовы сацыялістычнага грамадства накладвала адбітак на дзейнасць гэтай арганізацыі. 3 прыняццем другога пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі 5 мая 1932 г. СВБ СССР абвясціў сваю пяцігодку. У 118 пунктах праграмы намячаліся меры поўнага знішчэння рэлігіі на ўсіх абшарах краіны. На 1932 г. планавалася закрыццё застаўшыхся рэлігійных устаноў, у першую чаргу рыхтаваўшых кадры духавенства; на 1933 г. — ліквідацыя манастыроў, вынішчэнне абраднасці ў сямейным жыцці, забарона ўсялякіх рэлігійных публікацый, прапаганда атэізму праз кіно; на 1934 г. — дэпартацыя духоўных асоб, якія не адракліся ад святарства; на 1935 г. — пераўтварэнне культавых будынкаў у культурна-асветныя ўстановы; на 1936 г. — умацаванне заваяваных пазіцый у рэлігійнай барацьбе. На 1937 г. намячалася святкаванне перамогі канчатковага знішчэння ўсялякіх слядоў рэлігіі на ўсёй тэрыторыі СССР.
    Аднак ваяўнічым бязбожнікам не ўдалося за кароткі тэрмін пераўтварыць абшары вялікай краіны ў рэлігійную “пустыню”. Нягледзячы на руйнаванне храмаў, рэпрэсіі святароў,
    моцны антырэлігійны ўціск, значную частку насельніцтва складалі веруючыя. А6 гэтым сведчыў праведзены 6 студзеня 1937 г. усесаюзны перапіс насельніцтва. Ён паказаў, што сярод насельніцтва ва ўзросце ад 16 гадоў веруючых налічвалася 57 %, альбо 56 млн чал. [30. С. 99 — 101]. Гэта з’явілася адной з прычын таго, што вынікі перапісу былі “рэпрэсіраваны”, не надрукаваны. Больш таго, у крытычным становішчы апынулася сама арганізацыя СВБ СССР. Калі ў 1932 г. у яе радах налічвалася 5 млн сяброў, то ў 1937 г. — каля 2 млн. На грані развалу знаходзілася беларуская арганізацыя. У сярэдзіне 30-х гг. яе дзейнасць была парушана павальнымі арыштамі штатных работнікаў і актывістаў. 3 27 членаў Цэнтральнага савета (ЦС) СВБ 26 было выведзена з яго складу, у тым ліку 9 як “ворагі” народа. 3 абвінавачваннем у шпіянажы быў арыштаваны і расстраляны сакратар ЦВК БССР, старшыня Цэнтральнага савета СВБ М.Ляўкоў. Ён праходзіў па справе выдуманай арганізацыі “Аб’яднанае антысавецкае падполле” (ААП). Такое становішча прывяло да распаду многіх пярвічных арганізацый. У 1937 г. СВБ налічваў каля 35 тыс. чал. [6. Ф. 4. воп. 3, спр. 433, арк. 96].
    У кастрычніку 1937 г. ЦК КП (б)Б з мэтай карэннага пералому ў дзейнасці СВБ, актывізацыі антырэлігійнай прапаганды прыняў рашэнне аб стварэнні рэспубліканскага Аргбюро Саюза ваяўнічых бязбожнікаў. На яго ўскладаліся наступныя задачы: у двухмесячны тэрмін правесці перарэгістрацыю членаў і разгарнуць работу па ўцягненні новых, аднавіць распаўшыяся ячэйкі на месцах, правесці раённыя, гарадскія, акруговыя канферэнцыі і рэспубліканскі з’езд СВБ. Перад СНК БССР была пастаўлена задача пры разглядзе каштарыса СВБ на 1938 г. прадугледзець павелічэнне штатаў цэнтральнага апарату, утрыманне штатных сакратароў СВБ ва ўсіх акруговых, гарадскіх і раённых пагранічных цэнтрах, водпуск сродкаў на выдавецкую работу і на дзейнасць курсаў антырэлігійнікаў [6. Ф. 4, воп. 3, спр. 433, арк. 101, 102].
    28 кастрычніка 1938 г. бюро ЦК КП(б)Б, разгледзеўшы пытанне “Аб узмацненні антырэлігійнай прапаганды і агітацыі ў Беларусі”, прыняло меры, накіраваныя на ўзмацненне дзейнасці Аргбюро ЦС СВБ БССР. Было прынята рашэнне накіраваць на пастаянную работу ў Цэнтральны савет не менш як 5 членаў партыі і ў якасці пазаштатных інструктараў 15 камсамольцаў. Для арганізацыі антырэлігійнай работы ў школах і дамах сацкультуры пры Наркамасветы і
    аддзелах народнай адукацыі ўводзіліся пасады штатных інструктараў, метадыстаў-антырэлігійнікаў.
    У сувязі з устаноўкамі ЦК КП(б)Б прайшла ўсебеларуская нарада культпрапаў райкамаў і гаркамаў КП(б)Б, якая абмеркавала пытанні ўзмацнення атэістычнага выхавання, аказання дапамогі арганізацыям СВБ. На працягу 1939 г. ва ўсіх раёнах адбыліся канферэнцыі, якія абралі раённыя саветы гэтай арганізацыі. На пачатак 1940 г. налічвалася 2857 ячэек, якія аб’ядноўвалі 90 913 чал. На працягу 1940 г. шэрагі арганізацый папоўнілі яшчэ больш за 12 тыс. чал. [31. С. 122, 123]. У сакавіку 1940 г. была створана лектарская група ЦС СВБ БССР у складзе 75 чал. Яна аб’яднала лепшыя інтэлектуальныя сілы з ліку вучоных, выкладчыкаў ВНУ. У яе ўвайшлі 3 акадэмікі, 7 прафесараў, 10 дацэнтаў, 30 выкладчыкаў, якія закончылі аспірантуру. Да канца года члены групы 803 разы выступілі перад насельніцтвам. Акрамя таго, толькі ва ўсходніх абласцях сіламі раённых і абласных саветаў СВБ было прачытана больш за 14 тыс. лекцый па атэістычнай тэматыцы.
    Разгортванне антырэлігійнай прапаганды было немагчыма без наяўнасці адпаведных кадраў. Добра ўсведамляючы гэта, ЦК КП(б)Б у 1937 — пачатку 1941 г. узмацніў работу па падрыхтоўцы кадраў атэістаў шляхам правядзення семінараў ікурсаў. У 1940 г. у Мінску двойчы былі арганізаваны месячныя курсы для гэтай катэгорыі ідэалагічнага актыву. Па 320-гадзіннай праграме прайшлі падрыхтоўку 103 слухачы. У тым жа годзе прэзідыум АН БССР стварыў групу па навуковым даследаванні праблем атэізму, куды ўвайшлі відныя вучоныя. Сярод іх былі акадэмікі С.Вальфсон (1844 — 1941), М.Нікольскі (1877 — 1959), Ц.Годнеў (1893 — 1982) і інш. [31. С. 124],
    Разгортванне атэістычнай прапаганды суправаджалася ўзмацненнем новай хвалі рэпрэсій супраць святароў, якая пачалася ў 1937 г. Пад дыктоўку Масквы партыйныя ідэолагі разам з органамі НКУС стваралі вобраз новага ворага — “царкоўнікаў усіх колераў і адценняў”, якія аб’ядноўваліся з “трацкістамі, бухарынцамі, іншымі дыверсантамі” і ажыццяўлялі свае контррэвалюцыйныя мэты. Аб узмацненні варожай дзейнасці служыцеляў культу канстатавалася ў пастанове бюро ЦК КП(б)Б “Аб становішчы антырэлігійнай прапаганды ў Беларусі”, прынятай 7 кастрычніка 1937 г. [6. Ф. 4, воп. 3, спр. 443, арк. 101, 102].
    Прадстаўнікі духавенства абвінавачваліся ў тым, што “варожа” растлумачвалі Канстытуцыю, збіралі сродкі і подпісы
    сярод насельніцтва для адкрыцця старых і нават будаўніцтва новых цэркваў, прымалі захады па развале калгасаў, узмацненні свайго ўплыву на моладзь.
    Устаноўка на неабходнасць барацьбы з рэлігійнымі арганізацыямі, якая закладвалася ў пастанове ЦК КП(б)Б, садзейнічала актывізацыі работы органаў НКУС па “выкрыцці” шпіёнскіх арганізацый, у якіх удзельнічалі і прадстаўнікі духавенства. У ліпені — верасні 1937 г. з мэтай расправы над астатнімі дзеячамі БАПЦ фабрыкуецца справа “Беларуская аўтакефальная царква”. Паводле версіі НКУС гэта “шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя” пачала фарміравацца яшчэ ў 1918 г. у час акупацыі Мінска немцамі. Да арыштаў нібыта ў Асіповіцкім, Барысаўскім, Клічаўскім, Смілавіцкім, Чавускім раёнах дзейнічалі 13 контррэвалюцыйных груп. Усяго было арыштавана больш за 200 чал., у тым ліку 2 архіепіскапы, 30 святароў. Кіраўніком арганізацыі абвясцілі епіскапа Філарэта (Х.Раменскага). Яго блізкімі паплечнікамі нкусаўцы вызначылі 12 чал., сярод іх архіепіскапа Афанасія (Х.Вячорку), святароў Мінскай аўтакефальнай царквы Марыі Магдаліны С.Кульчыцкага, А.Кіркевіча, М.Рубановіча і рэгента П.Вяршынскага, святара Дзяржынскай царквы С.Садоўскага, дыяканаў Я.Бараноўскага, У.Лобача і інш. “Удзельнікаў” арганізацыі абвінавацілі ў “контррэвалюцыйнай агітацыі супраць калгасаў”, у тым, што яны “па ўказаннях Раменскага праводзілі на практыцы унію з рымска-каталіцкай царквой, прыцягвалі да царквы антысавецкі актыў каталікоў”. Рашэннем асобай тройкі НКУС БССР ад 25 кастрычніка 1937 г. да вышэйшай меры пакарання былі прыгавораны 11 кіраўнікоў арганізацыі. 1 лістапада таго ж года прыгавор быў прыведзены ў выкананне [32. Т. 1. С. 367].
    У сакавіку 1938 г. была раскрыта “шпіёнска-паўстанцкая арганізацыя” пад кіраўніцтвам мітрапаліта П.Блінова. Па даных НКУС, яна мела контррэвалюцыйныя групы ў Аршанскім, Лепельскім, Магілёўскім, Мазырскім, Слуцкім і Талочынскім раёнах, у якіх прымалі ўдзел мясцовыя святары. Па інфармацыі наркама ўнутраных спраў А.Наседкіна, датаванай 26 чэрвеня 1938 г. і дасланай у ЦК КП(б)Б, толькі за 1937 г. і пяць месяцаў 1938 г. было асуджана 3247 служыцеляў культу, у тым ліку адзін мітрапаліт, 5 архіепіскапаў, 420 святароў і манахаў.
    Такім чынам, вынікам канфрантацыйнай палітыкі супраць праваслаўнай царквы з’явілася тое, што да пачатку 40-х гг. ва ўсходняй частцы Беларусі гвалтоўна былі закрыты ўсе цэрквы.
    Засталіся дзейнічаць толькі два храмы, дзе час ад часу праводзіліся набажэнствы [33. С. 140], Але галоўнай стратай царквы сталі служыцелі культу. Каля 2000 духоўных асоб загінулі ў гулагаўскіх лагерах ці былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны на месцы [20. С. 42 ].
    Уціск адчулі на сабе і суполкі старавераў, тым больш што асобныя іх кіраўнікі варожа адносіліся да бальшавіцкай улады. Закрываліся іх цэрквы, малельныя дамы (в. Падлазчыкі Віцебскага раёна і інш.) [34. С. 36]. Але адміністрацыйныя меры былі малаэфектыўнымі, таму што стараверы назапасілі каштоўны вопыт выжывання ў час рэлігійных праследаванняў яшчэ з дарэвалюцыйных часоў.
    Бальшавікі прадоўжылі традыцыі, закладзеныя царскім урадам, па правядзенні непрымірымай барацьбы з каталіцкай царквой. Пачаўся новы этап шматгадовай канфрантацыі з Ватыканам. Гэта было звязана з тым, што Папа Бенедыкт XV асудзіў Кастрычніцкую рэвалюцыю, а ў жніўні 1918 г. праз магілёўскага мітрапаліта Эдварда дэ Ропа звярнуўся да савецкага ўрада з хадайніцтвам аб лёсе царскай сям’і Раманавых. Папскі прастол выказаў сваю вялікую заклапочанасць праследаваннямі праваслаўнага духавенства і ў сувязі з гэтым 12 сакавіка 1919 г. выразіў свой пратэст У. Леніну [35. С. 35].
    3	вялікай незадаволенасцю Масква сустрэла мемарандум Папы ад 9 мая 1922 г., накіраваны Генуэзскай канферэнцыі. “У гістарычны час, калі абмяркоўваецца пытанне аб тым, каб ізноў дапусціць Расію ў сям’ю цывілізаваных народаў, — адзначалася ў ім, — Святы Прастол выражае пажаданне аб ахоўванні інтарэсаў рэлігіі, якая з’яўляецца асновай усялякай цывілізацыі” [36. С. 458]. Прапаноўвалася ўнесці ў пагадненне паміж дзяржавамі тры ўмовы, якія тычыліся рэлігійных пытанняў у Расіі. Гэта гарантыя поўнай свабоды сумлення ўсіх расійскіх грамадзян, як прыватнага, так і публічнага адпраўлення рэлігійных культаў, вяртанне рэлігійным абшчынам нерухомай маёмасці, якая належала ім да рэвалюцыі [36. С. 458 — 459].